Вы тут

Сяргей Рачкоў: Не выключана вяртанне ЗША ў Афганістан пасля пэўнай паўзы


Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў падзяліўся з карэспандэнтам «Звязды» сваім бачаннем сітуацыі, якая склалася сёння ў Афганістане, і прагнозам развіцця падзей ў гэтай краіне на перспектыву.


— Сяргей Анатольевіч, наколькі змена свецкай улады ў Афганістане на рэлігійна-радыкальную можа ўплываць на наш, беларускі, парадак дня? 

— Ведаеце, здаецца краіна геаграфічна знаходзіцца далёка ад Беларусі, але толькі гэаграфічна. 

Па-першае, мы звязаны з ёй тым, што ў нас значная частка беларусаў 10 гадоў служыла ў складзе абмежаванага кантынгенту войск у Афганістане. Мы, як і шэраг краін Савецкага Саюза, панеслі страты — загінулі нашы маладыя хлопцы і мы памятаем аб іх: штогод на Востраве мужнасці і смутку ўскладаем вянкі, кветкі, праводзім жалобны мітынг у памяць аб тых, хто загінуў і аб тых, хто сумленна аддаў свой доўг. Таму існуе маральна-духоўная, гістарычная сувязь.

Другі момант. Мы з’яўляемся актыўным членам АДКБ і мы не можам (нягледзячы на тое, што ў нашай Канстытуцыі закладзены тэзіс аб нейтралітэце Рэспублікі Беларусь) накіроўваць свае ўзброеныя сілы за межы нашай краіны. Але тым не менш у нас ёсць пэўныя абавязацельствы перад краінамі — членамі гэтага ваенна-палітычнага саюза. Таму не дарэмна Прэзідэнт паставіў пытанне аб тым, што на пазачарговай сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ неабходна вызначыцца з пазіцыяй гэтай структуры па сітуацыі ў Афганістане. Гэта сведчыць аб тым, што на самай справе сітуацыя можа сур’ёзна паўплываць не толькі на краіны, якія мяжуюць з Афганістанам — Таджыкістан, Узбекістан, Туркменістан — але на Рэспубліку Беларусь і Расійскую Федэрацыю. Бо калі падзеі будуць развівацца па сцэнарыі, што ў Афганістане будзе ўводзіцца шарыят, будзе жорсткае абыходжанне з грамадзянамі, працягвацца рэзкае падзенне эканамічных умоў жыцця (а гэта рэальнасць, і не выключана, што ў хуткім часе там можа быць голад) — зыход людзей з гэтай краіны будзе аб’ектыўна абгрунтаваны, і яны пойдуць на Захад, у тым ліку праз Расію і Беларусь. І тады мы сутыкнёмся з сур’ёзнай праблемай афганскіх бежанцаў. Дарэчы, ужо зараз на польскай мяжы вымалёўваецца пэўная неспрыяльная сітуацыя. 
І трэці аспект. Ці спыніцца Талібан і разам з ім спячыя ячэйкі Ігіл, якія існуюць у гэтай краіне, і тэарэтычна «спяць» і ў суседніх дзяржавах? То-бок гэта пытанне схаванай тэрарыстычнай пагрозы. 

Таму мы павінны ўспрымаць гэтую сітуацыю не толькі праз прызму ганьбы і правалу палітыкі ЗША і НАТА ў гэтай краіне. Хаця гэта добры ўрок для многіх краін, якія імкнуцца арганізаваць сваё жыццё праз знешняе кіраванне. Мы ў нашай краіне не дапусцім, каб было арганізавана знешняе кіраванне ні кім. 
Аднак схаваная тэрарыстычная пагроза існуе, і мы павінны да яе быць вельмі ўважлівыя. Вядома, любой пагрозе, калі яна перарасце са схаванай у адкрытую і гарачую форму, — мы будзем супрацьдзейнічаць. Але будзем рабіць гэта на сваёй тэрыторыі. 

— Вы закранулі тэму палітыкі ЗША і ганебных уцёкаў з Афганістана, відавочна, што Злучаныя штаты панеслі каласальную паразу менавіта ў гэтым рэгіёне, а як Вы лічыце, ці будзе спроба рэваншу?

— Афганістан мае важнае геастратэгічнае становішча. Чаму Савецкі Саюз увёў туды ў 1979 годзе абмежаваны кантынгент савецкіх войск? Таму што была пагроза ўстаноўкі з боку ЗША балістычнай ракеты «Першынг», якія закраналі б тэрыторыю СССР, існавала такая версія. 

Акрамя таго, краіна багатая на мінеральныя рэсурсы: па ацэнках, якія рабілі геолагі Савецкага Саюза, а потым прадстаўнікі Злучаных штатаў Амерыкі — мінеральных рэсурсаў у Афганістане на трыльёны долараў: золата, жалезная руда, ліцій, рэдказямельныя металы. Прагноз такі, што па запасах ліція краіна можа пераўзысці запасы Балівіі (якая зараз лідзіруе па разведаных запасах). Але тут ёсць складанасць — гэта найскладанейшыя праекты, і ўсе гэтыя мінеральныя рэсурсы знаходзяцца ў цяжка дасягальных месцах, таму патрабуюцца вялікія інвестыцыі для таго, каб іх здабываць. Але тым не менш (зноў жа па адпаведных паведамленнях), талібы штогод мелі з паставак золата і шэрагу мінеральных рэсурсаў да 400 мільёнаў долараў.

Зараз усе звярнулі ўвагу на пазіцыю Кітая і Расійскай Федэрацыі ў адносінах да змены ўлады ў Кабуле — яна нейтральна-станоўчая, нягледзячы на тое што Талібан прызнаны ў Расійскай Федэрацыі тэрарыстычнай арганізацыяй. Мы, дарэчы, у Беларусі не давалі ніякіх ацэнак, не ўключалі ні ў якія спісы, дэманструючы тым самым, што гэтая краіна далёка ад нас. 

А як павядзе сябе ЗША ў далейшым? Мяркую, што Злучаныя штаты Амерыкі ўсё роўна будуць працягваць уважліва сачыць за сітуацыяй у Афганістане. Я ўпэўнены, што там захаваюцца іх дарадцы (ваенныя дарадцы ў тым ліку) і ў патрэбны момант, калі ў гэтай краіне вельмі заўзята павядуць Кітай і Расійская Федэрацыя, пасля пэўнай паўзы не выключана актыўнае вяртанне ЗША. 

Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Пад натхненнем чырвонага кастрычніка мы вырашылі адправіцца на пошукі цікавых месцаў і містычных гісторый.

Калейдаскоп

Рука, якая трымае калыску, кіруе светам. Тэст да Дня маці

Рука, якая трымае калыску, кіруе светам. Тэст да Дня маці

Мама - гэта галоўны чалавек у жыцці. Мама - гэта дабро і адданасць.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. На гэтым тыдні планавыя мерапрыемствы могуць сарвацца, а вось тое, што будзе атрымлівацца спантанна, пройдзе выдатна. 

Грамадства

Даведаліся аб цэнах на галоўныя восеньскія ягады, спосабах іх захоўвання і «прафесійных рызыках» пры зборы журавін

Даведаліся аб цэнах на галоўныя восеньскія ягады, спосабах іх захоўвання і «прафесійных рызыках» пры зборы журавін

У разгары сезон журавін. Менавіта цяпер самы час назапасіць гэтых ягад на доўгі перыяд халадоў і прастуд.