Вы тут

«Сустрэчы. Янка Купала» — у Капыльскім краязнаўчым музеі


Адным з прыкметных мерапрыемстваў у праграме XXVIII Дня беларускага пісьменства ў Капылі стала прэзентацыя кнігі Льва КЛЕЙНБАРТА «Сустрэчы. Янка Купала» у Капыльскім краязнаўчым музеі. 


 

Знаёмства з кнігай, рукапіс якой чакаў выдання доўгія дзесяцігоддзі, супала з супольнай выстаўкай Літаратурнага музея Янкі Купалы і Капыльскага краязнаўчага музея, прысвечанай 145-годдзю з дня нараджэння Льва Максімавіча Клейнбарта, рускага літаратуразнаўца, журналіста, ураджэнца Капыля. 

Дырэктар Купалаўскага музея Алена ЛЯШКОВІЧ расказала, як рыхтавалася да выдання кніга, азначыла ролю Л. Клейнбарта ў станаўленні творчай асобы народнага песняра Беларусі. Вучоны сакратар музея Галіна Варонава звярнула ўвагу на асобныя старонкі «Сустрэч...». Леў Клейнбарт спрыяў выданню ў Санкт-Пецярбургу кнігі Янкі Купалы «Шляхам жыцця». 
На выстаўцы, якая так і называлася «Сустрэчы» (дарэчы, яна будзе працаваць у Капылі да 30 верасня), можна было пазнаёміцца з многімі цікавымі экспанатамі, у тым ліку — і з кнігай Л. Клейнбарта «Маладая Беларусь» (1928). У свой час якраз дырэктар Капыльскага музея Валянціна ШУРАКОВА — яна і расказала пра гэта на адкрыцці выстаўкі і прэзентацыі — пазнаёмілася з родзічамі рускага літаратуразнаўцы, сустрэлася з імі, пабывала ў Кіеве, дзе змагла забраць архіў Льва Максімавіча ў аднаго са спадчыннікаў. 

 

Выступіў у музеі і лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар ШНІП. Ён прачытаў «Баладу Льва Клейнбарта (15. 10. 1875 — 20. 11. 1950)», дзе ёсць і такія радкі: «З лёдам ламаюцца сцежкі і крыгі/ Глуха трашчаць і паўзуць па Няве./ Зноўку з Купалам гаворыш пра кнігі,/ Пра Беларусь маладую. Жывеш/ Сонцам, што ў вокны людзям заглянула/ І асвяціла душу і жытло./ Помніш, Капыль, шмат гадоў прамінула,/ Толькі яго не прапала цяпло...»

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.