У пярэдадзень XXXI Мінскай міжнароднай выстаўкі-кірмаша пісьменніцкая газета Беларусі «Літаратура і мастацтва» па традыцыі ў некалькіх нумарах знаёміць з мастацкімі перакладамі паэтычных і празаічных твораў.
З вялікай падборкай пераўвасабленняў паэзіі добрага сябра беларускай літаратуры і ўвогуле Беларусі калмыцкага паэта Міхаіла Хонінава знаёміць Таццяна Сівец. «Калмыцкая мова — вайстрэшая за мячы./ Мова продкаў маіх як звон над зямлёй гучыць./ І той, хто яе пачуе, ці ўдзень/ ці ў глухой начы,/ Спеў прыгадае мудрага джангарчы» Джангарчы — выканаўцы калмыцкага эпасу «Джангар»... Таццяна Сівец не ўпершыню звяртаецца да перакладаў з творчай спадчыны М. Хонінава, дзве кнігі якога, дарэчы, пабачылі свет на беларускай мове. Адна з іх — цалкам ў пераўвасабленні Аляксея Пысіна. Нагадаем, што за партызанскія подзвігі ў Беларусі Міхаіл Ванькаевіч быў адзначаны ордэнам Чырвонага Сцяга. У горадзе Беразіно, на Міншчыне, ёсць вуліца Міхаіла Хонінава.
Паэт у свой час быў адзначаны званнем «Ганаровы грамадзянін Беразіно».
На старонцы «Дыпламатыя перакладу» газета «Літаратура і мастацтва» друкуе і вершы башкартастанскіх паэтаў Гульназ Кутуевай, Зульфіі Хананавай, Святланы Чураевай (іх творы пераклалі Іна Фралова і Віктар Шніп).
Вершы Фёдара Цютчава, Ганны Ахматавай, Аляксандра Твардоўскага, Юліі Друнінай, Булата Акуджавы пераклаў Іван Карэнда. І сёння як ніколі трывожна і балюча гучаць словы выдатнага паплечніка беларускай літаратуры, сябра Аркадзя Куляшова і Васіля Быкава галоўнага рэдактара часопіса «Новый мир» Аляксандра Трыфанавіча Твардоўскага: «Я ведаю, няма маёй віны/ У тым, што шмат хто не прыйшоў з вайны...»
Традыцыйная старонка «Дыпламатыя перакладу», праект, гісторыя якога ўжо налічвае многія гады, цалкам магла б стаць асновай кніжнай, выдавецкай серыі. Сёння не лішнім поруч з народнай дыпламатыяй, культурнай дыпламатыяй весці і літаратурную. Дыпламатыя мастацкага перакладу — трывалы мост для яднання літаратур і культур, ды і ўвогуле краін і народаў.
Сяргей ШЫЧКО
Прэв’ю: pexels.com
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».