Вы тут

Донарскія крэслы ў падарунак атрымаў Гарадскі цэнтр трансфузіялогіі ад Асацыяціі кітайскіх кампаній


Сталічны цэнтр трансфузіялогіі атрымаў у падарунак донарскія крэслы. Яны будуць выкарыстоўвацца выязной брыгадай медыкаў падчас збору крыві. Зручныя крэслы мусяць зрабіць умовы для донараў максімальна камфортнымі. Падарунак перадала Асацыяцыя кітайскіх кампаній і прымеркавала яго да Дня народнага адзінства.


Фота: СТВ

Першы намеснік міністра аховы здароўя, старшыня Беларускага саюза жанчын Алена Богдан адзначыла, што Беларусь і Кітай звязваюць добрыя сяброўскія адносіны. Падчас пандэміі краіны працягнулі адна адной руку дапамогі. Кітай ужо паўтара года накіроўвае ў Беларусь у якасці сяброўскай падтрымкі сродкі аховы, неабходнае абсталяванне і якасную вакцыну. Такая дапамога асабліва важная ва ўмовах санкцыйнага ціску.

— Гэты падарунак — адна з тых добрых спраў, якія робіць Беларускі саюз жанчын да Дня народнага адзінства, — расказвае Алена Богдан. — Мы перад сабой ставілі амбіцыйную задачу, каб кожная наша арганізацыя ў гэтыя дні зрабіла добрую справу. У Асацыяцыі кітайскіх кампаній працуюць і беларускія грамадзяне, нашы жанчыны, якія з’яўляюцца актыўнымі ўдзельніцамі Беларускага саюза жанчын. Гэта і іх унёсак у нашу агульную справу.

Вольга Клімовіч, галоўны трансфузіёлаг г. Мінска, кіраўнік Гарадскога цэнтра трансфузіялогіі, адзначыла, што падчас пандэміі служба крыві актыўна ўдзельнічала ў аказанні дапамогі хворым, у прыватнасці ў нарыхтоўцы антыковіднай плазмы. У сталіцы штогод нарыхтоўваецца каля 50 тон донарскай крыві. Штодзённая патрэба ў ёй пацыентаў мінскіх клінік — каля 50 літраў, таксама патрабуецца 40 доз трамбацытаў, больш за 20 доз плазмы. Кожны дзень у Гарадскі цэнтр трансфузіялогіі прыходзіць каля 200 донараў. І каля 4 тон крыві ў год нарыхтоўвае выязная брыгада.

— Стандарт міжнароднай донарскай службы — гэта калі мы выязджаем да донараў, а не яны прыходзяць да нас. Выязная брыгада, якая працуе на базе Гарадскога цэнтра трансфузіялогіі, штодзённа выязджае на прадпрыемтсвы і ў арганізацыі для збору донарскай крыві. Спецыяльныя донарскія крэслы неабходныя, каб забяспечыць максімальны камфорт, — кажа Вольга Клімовіч.

Яна адзначыла, што патрэба ў донарскай крыві не змяншаецца, а, наадварот, з кожным годам расце, бо ў Беларусі павялічваецца колькасць высокатэхналагічных аперацый. Таксама донарская кроў і яе кампаненты запатрабаваны падчас аказання акушэрскай, гінекалагічнай, стаматалагічнай дапамогі.

Як адзначыў прадстаўнік камітэта дабрачыннасці Асацыяцыі кітайскіх кампаній Фан Чжыі, гэта першае супрацоўніцтва з Гарадскім цэнтрам трансфузіялогіі. Аднак кітайскія кампаніі, якія працуюць у Беларусі, дапамагаюць беларускай медыцыне ўжо больш за 10 гадоў.
— Крэслы — сціплы падарунак, але гэта немаленькі сімвал нашых сяброўскіх адносін, — падкрэсліў Фан Чжыі.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.