Вы тут

Стала вядома, калі ў Мінску ўключаць ацяпленне


Нагадаем, ацяпленне ў нашай краіне ўключаюць паэтапна. У нас вылучаюць 3 групы спажыўцоў цяпла — сацыяльныя аб’екты, жылы фонд і адміністрацыйныя будынкі. Першым цяпло атрымліваюць медустановы, школы і сады, а таксама музеі, архівы і бібліятэкі. Затым ацяпленне ўключаюць у жылых дамах, а ў апошнюю чаргу батарэі пачынаюць грэць на прамысловых прадпрыемствах. У перыяд уключэння на ўзмоцнены рэжым пераводзяць працу аварыйных службаў.


Як правіла, ацяпленне «запускаюць» у Беларусі ў сярэдзіне кастрычніка, аднак пры вызначаных пагодных умовах гэта можа здарыцца і раней. Да прыкладу, у 2013 годзе ў нашых кватэрах стала цяплець 30 верасня, у 2014-ым — 3 кастрычніка, у 2016-ым — 6 кастрычніка, а ў мінулым годзе — 12 кастрычніка.

Па нарматывах, у жылых дамах і інтэрнатах батарэі пачнуць грэць, калі сярэднесутачная тэмпература на вуліцы не перавышае 8 градусаў цяпла на працягу 5 сутак. Рашэнні аб пачатку ацяпляльнага сезона ў рэгіёнах краіны з мінулага года мясцовыя ўлады прымаюць самастойна без узгаднення з Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Як стала вядома нашай рэдакцыі, Мінскія цеплавыя сеткі і жыллёвы фонд сталіцы гатовы да пачатку ацяпляльнага сезона. Канчатковае рашэнне з нагоды таго, калі ўключаць ацяпленне ў Мінску, будзе прымаць кіраўніцтва Мінгарвыканкама. Пра гэта паведамілі ў ГА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка».

«Магчыма, гэта будзе наступны тыдзень, ёсць такія планы, але пакуль канкрэтнай даты па ўключэнні ацяплення няма», — заявіў супрацоўнік вытворчага аддзела Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі.

Тым часам намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Дараховіч адзначыў, што два мінулыя ацяпляльныя перыяды ў сталіцы былі самымі працяглымі: яны не толькі пачыналіся рана, але і завяршаліся позна, каб забяспечыць камфорт жыхарам горада. Сёлета падыход застанецца ранейшым: як толькі ўсталююцца неабходныя ўмовы надвор’я, пачнуць грэць батарэі. Гарадскія ўлады актыўна сочаць за сітуацыяй і доўгатэрміновым прагнозам надвор’я.

«Цяпер пашпарты гатоўнасці цеплавога абсталявання атрыманы, усе падрыхтоўчыя работы выкананы, сістэмы ацяплення запоўненыя сеткавай вадой, распрацаваны графікі падачы цяпла на аб’екты. Яны складзеныя з улікам таго, што падключыць усіх спажыўцоў неабходна, як і ў мінулым годзе, у трохдзённы тэрмін, а не ў пяцідзённы, як гэта было ранней», — патлумачыў Аляксандр Дараховіч.

У Беларусі, дарэчы, набірае папулярнасць абаграванне дамоў электрычнасцю. Адзначым, жыхары нашай краіны па поўных тарыфах плацяць за ўсе паслугі ЖКГ, акрамя цеплазабеспячэння і газазабеспячэння. Цалкам жа аплачваць ацяпленне мы пачнем прыкладна ў 2026 годзе.

Калі мацяр’ял ужо рыхтаваўся ў нумар, стала вядома, што ў Мінску пачнуць уключаць ацяпленне ў дзіцячых дашкольных, школьных, лячэбна-прафілактычных і ўстановах сацыяльнага забеспячэння, музеях, дзяржаўных архівах, бібліятэках і гасцініцах ужо з 20 верасня.

Як раней інфармаваў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Дараховіч, сталічныя ўлады адсочваюць тэмпературныя паказчыкі і доўгатэрміновы прагноз надвор’я. Па правілах у сацыяльныя ўстановы (аховы здароўя, адукацыі, культуры і некаторыя іншыя) падача цяпла падаецца пры сярэднясутачнай тэмпературы на працягу пяці дзён 10 градусаў цяпла і ніжэй. З улікам таго, што ў Мінск прыйшлі ўжо стабільныя халады, вырашана ў бліжэйшыя тры дні ўключыць у такіх установах ацяпленне.

У філіяле Госэнергогазнадзора па Мінску і Мінскай вобласці растлумачылі, што ўключэнне не можа рабіцца за адзін раз. Напрыклад, у сацыяльных ўстановы сталіцы цяпло будзе прыходзіць на працягу 2-3 дзён, у жылфонд — яшчэ даўжэй. Да гэтага трэба паставіцца з разуменнем: у трубах ўзнікае падвышаны ціск, пры аднамомантавым уключэнні ёсць рызыка парываў і аварыйных сітуацый. Жыхарам старых дамоў, калі ў іх пачнецца этап запуску сістэм ацяплення, раяць звяртаць увагу на стан унутрыдамавых прыбораў, батарэй.

Сяргей КУРКАЧ

Прэв'ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.