Вы тут

Сям'я як апора дзяржавы


Усё часцей даводзіцца чуць размовы ў кантэксце таго, што дзяржава павінна зрабіць для сем'яў, для паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі. А ці задумваўся хтосьці з нас, што кожная сям'я павінна зрабіць для краіны, для яе лепшай будучыні?! Пра гэта ў тым ліку гаварылі падчас круглага стала «Моцная сям'я — моцная дзяржава: адзінства ў краіне пачынаецца з яднання ў сем'ях», які напярэдадні Дня маці адбыўся ў прэс-цэнтры Дома прэсы.


— Яднанне ў краіне пачынаецца з яднання ў сям'і, — заявіла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, член прэзідыума Беларускага саюза жанчын Лілія АНАНІЧ. — Сям'я — гэта не простая ячэйка грамадства. Сям'я — найважнейшы яго інстытут: у сям'і закладваюцца маральныя каштоўнасці, захоўваецца пераемнасць пакаленняў, адбываецца выхаванне грамадзянскасці, пазнанне Радзімы — малой і вялікай. У сучасных умовах, калі ў поўным аб'ёме мы бачым нападкі на інстытут сям'і і назіраем прапаганду нетрадыцыйных каштоўнасцяў, вельмі важна нам, беларусам, умацоўваць сям'ю.

Як падкрэсліла парламентарый, дзяржава шмат сіл і сродкаў укладае ў сям'ю. Толькі ў 2021 — 2025 гадах на яе падтрымку запланавана вылучыць каля 16 мільярдаў рублёў. «У нас самая развітая сістэма дапамогі сем'ям, — акцэнтавала ўвагу Лілія Ананіч. — Толькі дзіцячых дапамог існуе 11 відаў. Вялікі пакет падтрымкі рэалізуецца праз сістэму адукацыі, праз ахову здароўя — усё робіцца дзеля таго, каб умацоўваўся інстытут сям'і, а разам з тым і дэмаграфічная бяспека. І мы бачым плён. За апошнія гады колькасць шматдзетных сем'яў павялічылася практычна ў два разы».

— Сёння ажыццяўляецца выклік тым каштоўнасцям, тым жыццёвым асновам, які існавалі на нашай зямлі на працягу стагоддзяў, — перакананы намеснік міністра інфармацыі Ігар БУЗОЎСКІ. — Наколькі мы правільна думаем, пакажа час. Аднак поўнасцю аддаваць усё на водкуп староннім сілам, прымаць рашэнні адносна мэтазгоднасці тых традыцый, якія ў нас існавалі на працягу стагоддзяў, напэўна, будзе глупствам пры любым раскладзе. Трансляцыя фарміравання духоўна-маральных каштоўнасцяў, якая сёння адбываецца на ўсіх сусветных платформах, ужо прымушае нас не проста напружвацца, а прымаць пэўныя меры па абароне. Калі верыць міжнародным даследаванням, базавыя каштоўнасці фактычна застаюцца непарушныя. І сям'я сярод іх — на першых пазіцыях.

Як паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена СІМАКОВА, падрыхтоўка моладзі да сямейнага жыцця — задача, якая не можа сыходзіць на задні план, яна заўсёды павінна быць у прыярытэце. «У сувязі з гэтым у школах развіваецца такая форма выхаваўчай работы як «Бацькоўскія ўніверсітэты», — адзначыла прадстаўнік Мінадукацыі — Сёння перад педагогамі стаіць задача не толькі прыцягваць бацькоў да выхаваўчага працэсу, а і павышаць іх адукацыйны ўзровень у пытаннях выхавання дзяцей. Ёсць магчымасць «узброіць» бацькоў уменнямі і навыкамі найлепшых выхаваўчых практык, ведамі псіхалогіі развіцця дзіцяці, асаблівасцямі яго фарміравання і паводзін на кожным узроставым этапе».

Многія з прысутных пагадзіліся, што сёння казаць аб адукацыі ў адрыве ад выхавання немагчыма. Мала хто ведае, што ў нашай краіне апошнім часам удасканальваецца і такая форма сям'і, як замяшчальная сям'я, якая з'яўляецца альтэрнатывай інтэрнатным установам. «Сямейнае заканадаўства нашай краіны, дзяржаўная сямейная палітыка замацавала механізм перадачы дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у сем'і сваякоў, прафесіянальныя сем'і прыёмных бацькоў, — удакладніла Алена Сімакова. — У сучаснай Беларусі больш за 13 тысяч дзяцей выхоўваецца ў апякунскіх, прыёмных сем'ях, у дзіцячых дамах сямейнага тыпу. Штогод колькасць такіх дзяцей зніжаецца. У нас адпрацаваныя практычныя крокі па ўладкаванні кожнага асірацелага дзіцяці ў сямейныя формы. Сёння ў нашай краіне няма такой формы ўладкавання, як школа-інтэрнат для дзяцей-сірот. У той жа час яшчэ ў пачатку стагоддзя такіх інтэрнатаў было 29».

Пасля круглага стала былі падведзены вынікі штогадовага рэспубліканскага конкурсу сярод сродкаў масавай інфармацыі «Моцная сям'я — моцная дзяржава». Сёлета на конкурс былі прадстаўлены 104 работы ад 86 рэдакцый. Як адзначылі члены журы, найвялікшую цікавасць выклікалі журналісцкія творы, якія ўбачылі свет у рэгіёнах.

Вераніка КАНЮТА

Фота Аліны МАЗАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.