Вы тут

У Зэльвенскім раёне непатрэбным будынкам даюць шанц на другое жыццё


Зруйнаваць калісьці ўзведзенае, а цяпер кінутае жыллё ці недароблены будынак, якіх хапае ў беларускіх вёсках, — здаецца, самы просты варыянт. Нават калі такая маёмасць не замінае, дык выгляд псуе і тэрыторыю займае, вось і стараюцца яе пахаваць. Аднак часта пад бульдозер ідуць моцныя будынкі, якія маглі б служыць яшчэ дзесяцігоддзямі. Толькі вось няма каму і за што іх даглядаць... Тым не менш некаторым шанцуе — у іх з'яўляюцца новыя гаспадары з цікавымі ідэямі выкарыстання плошчаў без разбурэння. З тым, як працуюць органы мясцовага самакіравання на Зэльвеншчыне і якія змены ў адпаведны закон прапануюць, разбіраліся дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце, наведваючы раён.


Цяпер у вёсках часта можна сустрэць такую карціну. Поле пачынаецца амаль побач з хатай, якую яшчэ даглядаюць, бо суседскую сядзібу,  што была нікому не патрэбная, ужо зааралі пад поле.

Не руйнаваць, а аддаваць

Уласнікаў сядзіб сельвыканкамы просяць падтрымліваць парадак на падворках або адмовіцца ад дома, калі нашчадкі не збіраюцца яго даглядаць.

— У 2019 годзе ў Сынкавіцкім сельсавеце Зэльвенскага раёна знеслі 23 домаўладанні, а летась — сем. Многія гаспадары адмовіліся ад спадчынных хат, і з іх згоды гаспадарчыя пабудовы пазносілі, а землі ўвялі ў севазварот, — расказаў Пётр ТАЛАЙ, старшыня Сынкавіцкага сельскага Савета дэпутатаў.

За паўтара года ў раёне былі складзены 1116 прадпісанняў і тры пратаколы. Знесена 193 пустыя і старыя дамы і ўцягнута ў сельгасабарот 36 гектараў зямлі. Яшчэ 147 дамоў, на якія ёсць адпаведныя дакументы, таксама можна руйнаваць. Пры гэтым некаторыя хаты разбіраюць нашчадкі, пасля таго як атрымліваюць прадпісанне, адзначыў Дзяніс АЛЬШЭЎСКІ, старшыня Зэльвенскага райвыканкама.

Адно з добрых пачынанняў — выкарыстанне непатрэбнай маёмасці. Замест руйнавання будынкаў ім знаходзяць прымяненне. Так, напрыклад, на базе маёмасці, што не выкарыстоўвалася і якую задарма перадалі для работы прыватнікам, рэалізоўваецца праект па вырошчванні шампіньёнаў. Па вясне тут запрацавалі дзве секцыі, плануецца адкрыць яшчэ шэсць.

— Мы шмат страчваем на тым, што загнаныя ў межы па распараджэнні маёмасцю, якую яшчэ можна выкарыстоўваць і аддаваць інвестару на нармальных умовах. Аднак кошт у адну базавую велічыню і пры гэтым вялізны ўзровень адказнасці, а таксама аўкцыёны не надта прывабліваюць людзей. Таму варта даць магчымасць распараджацца такой маё-
масцю мясцовым Саветам, — прапануе старшыня райвыканкама.

Хаты краязнаўства

Некаторыя будынкі ў раёне не зносяць, а прадаюць згодна з сёлетнім Указам № 116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустымі дамамі». У вёсцы Сынкавічы, напрыклад, адзін дом прадалі з аўкцыёну. А яшчэ ў кожным з сямі сельсаветаў збіраюцца зрабіць з такіх дамоў па музеі сельскага побыту — гэткай своеасаблівай хаце краязнаўства, дзе будуць сабраныя рэчы былых гаспадароў разабраных сядзіб.

Унутранае старадаўняе ўбранства музея сельскага побыту, створанага ў звычайнай хаце.

— Такім чынам мы захоўваем напамін пра культуру і традыцыі і нават саму памяць мінулага беларускай вёскі. Такія музеі ў будучыні могуць вырасці ў музеі вёсак, — ухваліў ініцыятыву Валянцін Семяняка, старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце.

Першы такі музей сёлета зрабілі ў вёсцы Ярнева — у хаце, пабудаванай яшчэ ў 1932-м. Папярэднімі яе гаспадарамі была сям'я з чатырма дзецьмі. Іх фотакарткі дагэтуль вісяць на сценах. Жывая цяпер толькі адна з дачок — Ніна Максімаўна Лях, якая падарыла хату сельсавету.

Цяпер тут спалучаюцца рэчы былых гаспадароў і тыя, што знайшлі ў іншых хатах. Руская печ з ляжанкай, дзе і спалі, і грэліся, і лячыліся. Калыска, падвешаная пад столь. Дзяжа для хлеба, які пяклі штодзень. Калаўрот, каб прасці ніці ды потым ткаць з іх адзенне, старадаўні сяннік (матрац, напханы сенам)...

Вядома, не ўсім хатам так пашанцавала. У вёсцы Шулякі, напрыклад, з 2015 да 2018 года знеслі 12 пустых домаўладанняў. Штогод у раёне ўводзіцца ў севазварот да 30 гектараў зямлі, выслабанай з-пад зруйнаваных сядзіб.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Знішчыць нельга выкарыстаць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Балоты непарыўна звязаныя з культурай і гісторыяй беларускага народу. 

Спорт

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Міністр спорту і турызму пра жыццё беларускага спорту. Шчыра і аб’ектыўна.

Грамадства

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

На першым месцы — спадчынны фактар.  

Здароўе

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Праз які час праводзіць рэвакцынацыю ад COVІD-19 і ці патрэбна яна ўвогуле?