Вы тут

Любоў да прафесіі маладому следчаму перадалася ад бацькі


Талачынскім раённым аддзелам Следчага камітэта кіруе Валерый Герасіменка, а ў Віцебскім гарадскім аддзеле сілавога ведамства служыць яго сын Уладзіслаў. Карэспандэнт «Звязды» сустрэўся з прадстаўнікамі працоўнай дынастыі і даведаўся, наколькі важна любіць справу, якой прысвяціў жыццё.


Хацеў быць урачом

І гэта нягледзячы на тое, што ў школе Валерый Герасіменка, старэйшы з дынастыі, марыў вывучыцца на медыка. Але пры паступленні ў ВНУ не хапіла ўсяго бала. Адслужыўшы ў арміі, зноў паспрабаваў наблізіцца да медыцыны, але, як высветлілася, за час службы крыху забыўся галоўныя для будучага медыка прадметы, у прыватнасці хімію.

Тым часам учарашняму вайскоўцу прапанавалі паступіць у магілёўскую школу міліцыі. Пагадзіўся. Вучыўся два гады. У выніку разам з чырвоным дыпломам атрымаў спецыяльнасць юрыста.

— З самага першага дня службы ў міліцыі пачаў займацца следствам, — згадвае Валерый Герасіменка. — Прайшоў шлях ад следчага да намесніка начальніка РАУС. Потым перайшоў у Следчы камітэт. З 2013-га ўзначальваю аддзел.

У Валерыя двое дзяцей. Сыну ў лістападзе споўніцца 22 гады. Бацьку не можа не радаваць той факт, што ён — яго калега.

Парада ад вопытнага следчага

Усё часцей і ў глыбінцы даводзіцца раскрываць злачынствы, здзейсненыя ў сферы высокіх тэхналогій.

— Тэлефануюць быццам бы з банка і пачынаюць казаць аб тым, што з карткі грамадзяніна спрабавалі зняць грошы або здзейснілі нейкую іншую аперацыю (версій у махляроў шмат), — распавядае вопытны следчы. — Яны вельмі тонкія псіхолагі: так спрытна могуць весці размову, што чалавек перастае кантраляваць адказы і можа выдаць усё, што дазволіць невядомым скрасці грошы.

Валерый Герасіменка рэкамендуе ў такіх выпадках наогул спыніць размову. «На картцы ёсць нумар тэлефона, па якім можна патэлефанаваць і параіцца са спецыялістам, — кажа следчы. — А лепш за ўсё прыйсці ў найбліжэйшае аддзяленне банка і распавесці, што да вас тэлефанавалі махляры».

Улічваючы, што праз раён пралягаюць дзве трасы, ёсць нямала працы ў следчых і па раскрыцці дарожна-транспартных здарэнняў.

Неаднойчы супрацоўнікі раённага аддзела былі прызнаныя найлепшымі следчымі і настаўнікамі. «Кожны з маіх паважаных калег варты таго, каб пра яго напісалі асабіста», — упэўнены Валерый Герасіменка.

Між іншым, у вольны ад службы час яго падначаленыя даглядаюць месцы памяці, прысвечаныя вызваліцелям раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Акрамя таго, следчыя рэгулярна дапамагаюць сем'ям, у якіх выхоўваюцца прыёмныя дзеці.

Разважанні пачаткоўца

Пра свайго бацьку 21-гадовы следчы Уладзіслаў Герасіменка гаворыць вельмі цёпла. З дзяцінства памятае, што ён позна прыходзіў з работы. Ганарыцца: у тым, што па вуліцах можна спакойна хадзіць, а гарадок сёння ўтульны для тутэйшых і гасцінны для прыязджых, ёсць заслуга і яго продка. Менавіта дзякуючы яму і вырашыў звязаць свой прафесійны лёс з праваахоўнымі органамі.

Сёлета Уладзіслаў паспяхова скончыў Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў. Аднак ужо за гэты кароткі час паспеў расследаваць некалькі злачынстваў. Найбольш запомнілася тое, якое мае дачыненне да захоўвання і распаўсюджвання наркотыкаў непаўналетнімі. Таксама малады чалавек раскрыў крадзеж тэлефона.

— Самае цяжкае ў працы следчага — вялікая нагрузка і шмат папер, якія трэба запаўняць, — прызнаецца Уладзіслаў Герасіменка.

Малады чалавек нярэдка працуе гадзінамі і пасля завяршэння працоўнага дня. Па яго словах, падчас следства нельга дапусціць памылкі, таму неабходна зрабіць правільныя захады да расследавання.

— Вядомы прынцып пра тое, што трэба сем разоў адмераць і адзін адрэзаць, — гэта пра нашу прафесію, — разважае следчы.

На дадзены момант хлопец з'яўляецца слухачом інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Следчага камітэта Беларусі. Па яго перакананні, калі чалавек першы раз парушыў закон і не ўчыніў цяжкага злачынства, найбольш эфектыўна будзе пакараць яго не пазбаўленнем волі. «Ёсць вялікая верагоднасць, што чалавек гэта ацэніць і ў будучыні стане паважаць закон», — мяркуе Уладзіслаў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота з архіва УСК па Віцебскай вобласці

Загаловак у газеце: Прафесія ў спадчыну

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

Байцы 174-га стралковага палка загінулі пры вызваленні вёскі Шылін.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

Вольга Шпілеўская: Журналістыка — гэта маё жыццё!

Вольга Шпілеўская: Журналістыка — гэта маё жыццё!

Журналіст ўзначаліла прадстаўніцтва Міжнароднай тэлерадыёкампаніі «Мір» у нашай краіне.

Грамадства

«Чырвоная лінія» для дзвюх жанчын. Ці могуць свякрухі і нявесткі жыць дружна?

«Чырвоная лінія» для дзвюх жанчын. Ці могуць свякрухі і нявесткі жыць дружна?

Адносіны са сваёй маці і свякрухай — гэта дзве зусім розныя гісторыі.