Вы тут

Хатняя энцыклапедыя


Марынаваная капуста

З бураком хуткага гатавання

Дадатковую пікантнасць гародніне надасць цёрты свежы корань імбіру.

Фота: pixabay.com

Спатрэбіцца: капуста — 2 кг, бурак сярэдняга памеру — 1 шт., часнок — 4 зубкі, кавалачак свежага кораня імбіру — па жаданні, соль — 1 ст. л., цукар — 8 ст. л., 9 %-ны воцат — 7 ст. л., алей — 8 ст. л.

Капусту нашаткаваць, буракі дробна нарэзаць, здрабніць часнок і корань імбіру, усё змяшаць і пералажыць у слоік. Для марынаду змяшаць ваду, соль і цукар і давесці да кіпення. Дадаць алей і зноў закіпяціць. Зняць з агню, уліць воцат, змяшаць і заліць марынадам гародніну. Накрыць слоік вечкам і пакінуць марынавацца на 4-5 гадзін.


З перцам

Перац падорыць капусце яркі смак і водар. Па жаданні такой загатоўцы можна дадаць вастрыні, паклаўшы молаты чырвоны перац.

Спатрэбіцца: капуста — 1 кг, балгарскі перац — 0,5 кг, часнок — 6 зубкоў, зерне гарчыцы — 4 ч. л., молаты чырвоны перац (па жаданні) — 0,5 ч. л., соль — 100 г, цукар — 200 г, воцат — 150 мл.

Капусту нашаткаваць, перац дробна нарэзаць, змяшаць з соллю і пакінуць на 8-10 гадзін. У воцаце размяшаць цукар і давесці да кіпення, затым астудзіць. З гародніны зліць вадкасць, якая вылучыцца, дадаць здробнены часнок, гарчыцу і востры перац, змяшаць і раскласці па чыстых слоіках. Заліце марынадам і закруціце. Прыкрыйце коўдрай да поўнага астывання.


Па-грузінску

Асаблівы смак марынаванай па гэтым рэцэпце капусце надасць свежая каляндра.

Спатрэбіцца: капуста — 1 качан (1,5 — 2 кг), морква — 1 шт., часнок — 5 зубкоў, востры перац — 1 шт., соль — 2 ст. л., цукар — 8 ст. л., воцат — 200 мл, вада — 1—1,5 л, пучок каляндры, лаўровы лісток і чорны перац гарошкам — на смак.

Капусту нарэжце кавалкамі або нашаткуйце, моркву і перац парэжце кружкамі, зубкі часныку разрэжце напалавіну. Усе змяшайце, дадайце здробненую каляндру, лаўровы ліст і перац. Для марынаду змяшайце ваду, соль, цукар і воцат і давядзіце да кіпення. Заліце марынадам гародніну, накрыйце вечкам, прыцісніце і астудзіце. Прыбярыце ёмістасць з гароднінай у цёмнае прахалоднае месца на 4 дні. Затым раскладзіце па слоіках і захоўвайце ў халадзільніку або склепе.


Шарлотка з капустай

Спатрэбіцца: мука — 200 г, кефір — 150 мл, маянэз — 100 мл, яйка — 3 шт., сода — 0,5 ч. л., капуста белакачанная — 0,5 кг, морква (невялікая) — 1 шт., соль — на смак.

Змяшаць яйкі, кефір, маянэз, соль, соду і муку — атрымліваецца цеста як на аладкі. Капусту здрабніць і абсмажыць на патэльні з морквай, пасаліць і апырскаць воцатам ці сокам лімона. Калі капуста стане мяккай, начынка гатовая.

Дно формы заслаць паперай або прамазаць алеем і пасыпаць мукой. Выкласці на дно частку цеста, менш за палову, разраўнаваць. Пакласці роўным пластом капусту, зверху заліць рэштай цеста.

Паставіць у папярэдне разагрэтую духоўку, выпякаць да залацістага колеру.


Беражлівая чыстка дывана

Чыстка дываноў — адзін з самых затратных і цяжкіх відаў прыборкі. Бо для эфектыўнага выніку даводзіцца набываць спецыялізаваныя хімічныя сродкі, якія неабходна выкарыстоўваць строга па інструкцыі. Аднак калі ў вас дыван з кароткім ворсам, існуе далікатны спосаб яго чысткі, які можна выкарыстоўваць у любым доме. Гэта метад сухой чысткі з выкарыстаннем харчовай соды і кухоннай солі.

Гэтыя два простыя інгрэдыенты дакладна знойдуцца ў кожным доме. Прыгатаваць сумесь для чысткі дываноў вельмі лёгка. Для гэтага варта ўзяць адну частку харчовай соды і адну частку кухоннай солі, а затым змяшаць іх. Засталося ўзброіцца пыласосам і выйсці на «поле бою».

Перш за ўсё неабходна сумессю соды і солі добра пасыпаць увесь дыван — так, каб крупінкі патрапілі ў варсінкі, можна нават злёгку ўцерці іх, выкарыстоўваючы спецыяльную шчотку або свае ступні і далоні. Пасля гэтых маніпуляцый ужытыя рэчывы варта пакінуць на дыване для большага ўздзеяння на бруд і пыл. Дастаткова паўгадзіны, але лепш, калі ёсць магчымасць вытрымаць цэлую ноч.

Калі час выйдзе, застанецца прапыласосіць дыван з асаблівай дбайнасцю, каб уся соль і сода былі выцягнутыя з ворсу. Калі паглядзець у кантэйнер, можна ўбачыць, што сухі сродак пашарэў і напоўніўся пылам.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.