Вы тут

Цэнтр прыцягнення і месца сілы


Якое шчасце патэлефанаваць у невялічкую вёску, якая размясцілася на мяжы Лідскага і Шчучынскага раёнаў, і пачуць голас сваёй старэнькай бабулі. Яна заўсёды спытаецца, як справы (дома і на рабоце), як расце мой сынок, яе праўнук, раскажа пра сябе. І ніколі не паскардзіцца на здароўе (хоць ёй пайшоў ужо 89-ты год), не скажа, што ёй нечага не хапае або штосьці не задавальняе. «Лепш за ўсіх», — заўсёды аптымістычна адказвае на пытанне «Як справы?» бабуля Тэня.


Праўда, найлепшымі яе справы мала калі былі. Колькі памятаю, бацькава маці заўсёды хадзіла з дапамогай кіёчкаў. Хворыя ногі ў яе былі з маладосці. У свой час на аперацыю на суставах не пагадзілася, потым было позна — узрост. Добра, што з мужам пашанцавала. Мой дзед быў вельмі клапатлівым гаспадаром, меў, як кажуць, і хлеб, і да хлеба. Але дзеля гэтага дзед Іван працаваў з ранку да вечара. А тут яшчэ і жаночая работа клалася на яго плечы: карову даіў ён, грады палоў сам, нават у ягады хадзіў...

А, між іншым, бабуля Тэня ў свой час не хацела выходзіць за яго замуж. Па-першае, дзядуля быў нашмат старэйшы за яе, па-другое, звычайны селянін — нічога асаблівага, як цяпер любіць казаць моладзь. Аднак тады моцна не пыталіся: бацька нявесты даў згоду, а гэтага было дастаткова. І не прагадаў: жылі душа ў душу. Нажылі траіх дзяцей, дапамагалі гадаваць унукаў, дачакаліся праўнукаў.

Вось ужо 11-ты гадок мінуў, як дзеда Івана не стала. Пайшоў на той свет ціха, раптоўна — такой смерці заслугоўваюць толькі шчаслівыя людзі. З дзедавым сыходам наша вялікая сям'я страціла нешта вельмі важнае.

Гора моцна падкасіла бабулю. Страціўшы сваю другую палавінку, яна асунулася, на яе добрым твары з таго часу рэдка калі з'яўлялася ўсмешка. Неўзабаве і свае кіёчкі змяніла на каляску: упала, таму хадзіць стала яшчэ цяжэй. Бабулю Тэню не маглі пакінуць адну — з горада ў вёску да яе перабралася старэйшая дачка. Зімуюць, наадварот, у цётчынай гарадской кватэры. Адразу бабуля вельмі сумавала, а сёлета ўвогуле ўсіх здзівіла: «Не хачу вяртацца ў вёску і ўсё!» Угаварылі, прыехалі — дома, як кажуць, і сцены грэюць. Неўзабаве будуць зноў на зімоўку збірацца. І кожны раз ёй, маёй кволай бабулечцы, думаецца: ці вернецца яна ў сваю хатку, ці пабачыць зноў свой вялікі каштан, які калісьці пасадзіў яе «паважаны» (менавіта так яна часцяком называла дзеда Івана).

Апошнім часам яна пачала забывацца: перапытвае па некалькі разоў адно і тое ж, не згадае нават таго, што ела на сняданак або з кім пяць хвілін таму размаўляла па тэлефоне. Але яна не паказвае выгляду, што яе гэта моцна турбуе: мінулае помніць выдатна, што рэгулярна пацвярджае падчас сваіх аповедаў.

Мы ўсе вельмі клапоцімся аб нашай бабулі. Асабліва дочкі, якія робяць усё дзеля таго, каб ёй было добра. Мой бацька, які ад роднай вёскі жыве ўсяго за тры кіламетры, пры любой магчымасці едзе да мамы. У яе на падворку любяць адпачываць унукі і праўнукі, а ў халодныя вечары дзівосная асалода — прытуліцца плячамі да печы і слухаць бабчыны аповеды. Усе разумеюць: цэнтр прыцягнення нашай сям'і — гэта яна, месца сілы — яе заўсёды ўтульная і цёплая хата. Сюды спяшаешся ў любую вольную гадзіну. Але так было да пандэміі. Цяпер застаецца толькі тэлефанаваць. І такое шчасце, калі на тым канцы провада чуеш яе спакойны ціхі голас, які заўсёды спытае: «Веранічка, як справы?»...

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.