Вы тут

Пачым капуста з паляндвіцай? Сельскагаспадарчыя кірмашы сёлета хутка развітаюцца з намі


Сезон восеньскіх сельскагаспадарчых кірмашоў сканчаецца ў беларускай сталіцы і за яе межамі. Традыцыйныя восеньскія кірмашы стартавалі ў Мінску ў сярэдзіне верасня, на іх сельгасвытворцы з усіх куткоў краіны прапанавалі жыхарам сталіцы сваю прадукцыю. Сёлета ў Мінску працуюць 15 гандлёвых пляцовак ва ўсіх раёнах горада. Месцы гандлю размешчаны, у прыватнасці, каля «Чыжоўка-Арэны», у парку Дружбы народаў і іншых папулярных месцах. Якую прадукцыю можна набыць там, па якіх цэнах — даведаўся карэспандэнт газеты «Звязда».


Вопытныя фермеры кажуць: вырасціць прадукцыю — палова справы, галоўнае — выгадна рэалізаваць. Традыцыйныя сезонныя сельскагаспадарчыя кірмашы — выдатная для гэтага магчымасць. У кожным раёне для гандлю вызначаюць прыдатныя лакацыі, а ў сталіцы выбіраюць агульнагарадскую — самую вялікую пляцоўку — на Ташкенцкай, 19. Старт гандлю далі 18 верасня, фінішаваў марафон па закупках 14 лістапада.

Свой багаты ўраджай прадаўцы прывозяць з розных куткоў краіны, апетытныя экзэмпляры з задавальненнем прэзентуюць усім пакупнікам.

Амаль кіламетровы кірмаш разгарнуўся на вуліцы Чкалава, 7. Гандлёвыя шэрагі здаваліся бясконцымі. Трэба як мінімум паўгадзіны, каб ахапіць увесь асартымент: прайсціся, разглядзець, параўнаць.

На вуліцы Ясеніна, 9 шмат тавараў ручной працы: брошкі, кольцы, шкарпэткі, шапкі, апрацоўчыя дошкі, посуд і шмат чаго іншага. Праўда, гандаль у такіх прылаўках ідзе сціпла. Выключэнне — прапанова з ахоўнымі маскамі на твар. Незвычайныя з вышыўкай, каляровым прынтам і ўдалым кроем разыходзяцца як гарачыя піражкі з печкі.

Не саступае ў маштабах і сезонны кірмаш, што разгарнуўся на праспекце Ракасоўскага, 114. Яркія гарбузы, прамяністы мёд, традыцыйная бульба і далікатэсныя каўбасы. Дарэчы, такога асартыменту вясковых мясных ласункаў, як на гэтых сельгаскірмашах, не ўбачыш нідзе.

— Я ў мінулым швачка, — пакуючы чарговую прададзеную павязку, распавядае прадавец Галіна. Жанчына з Мінска, ёй прыкладна 60 гадоў. — Выручка за дзень хоць і невялікая, сярэдняя кошт масак — 3 рублі, але за дзень набягае прыемная дабаўка да пенсіі. Каля 50 рублёў. Запас масак вялікі, але калі скончацца, у мяне і фартухі ёсць, і рукавічкі.

Самы папулярны прадукт кірмашоў — бульбачка. Вось і на Ясеніна расклалі важкія мяшкі гародніны. Знайсці можна і па 70 капеек за кілаграм. Прадаюць звычайна сеткамі. У іх месціцца прыкладна 30 кілагрмаў. Але часцей за ўсё за бульбу просяць 1 рубель 20 капеек. Прыемны бонус — з некаторымі прадаўцамі можна дамовіцца, каб важкую куплю прывезлі да вас дадому.

На кірмашы поспехам карыстаюцца і буракі, бяруць кілаграмамі: на боршч, тушэнне і кансервацыю.

Стабільным попытам карыстаюцца і разнастайныя марынады: агуркі, часнок, аджыка, таматы.

На Прытыцкага, 27 практычна перакрывае тратуар вялізная чарга да двух намётаў. Выглядае вельмі апетытна: хатні тварог — 6 рублёў за кілаграм, сыр — 16 рублёў, сметанковае масла — 9 рублёў 50 капеек.

У другом намёце з цяжкасцю спраўляецца з ажыятажам прадавец мясных далікатэсаў: каўбаса «пальцам пханая» (24 рублі за кілаграм), падвэнджанае сала са скуркай і мясной праслойкай (17 рублёў за кілаграм).

З веданнем справы гандлюе пажылы мужчына, што прадае журавіны. Цуд-ягада, па яго словах, зберажэ ад усяго і ў першую чаргу ад ковіду. Тавар прывезлі аж з Браслаўскіх азёр, прадаюць па 8 рублёў 50 капеек за кілаграм. Чаргі няма, але настойлівы маркетынг час ад часу прыцягвае ахвотных аздаравіцца.

— Частку засахару і адпраўлю ў маразілку, а другую пушчу на кампот, — дзеліцца планамі Пятро. Ён, вядома, часты госць кірмашоў. Любіць прыцаніцца, параўнаць якасць прадуктаў. — Уважліва глядзець трэба не толькі за цэнамі, але і за грамоўкай. Крыху далей журавіны прадаюць у латках па 6 рублёў. Пытаеш — і высвятляецца, што ў латку 600 грамаў. Атрымліваецца, што больш выгадна браць журавіны за 8 рублёў 50 капеек за кілаграм.

На сонцы пераліваецца мёд: вадкі лугавы (9 рублёў за 700 грамаў) або грэчкавы (14 рублёў за кілаграм), разнатраўе (15 рублёў за кілаграм), у сотах (кавалачак з выгляду на 300 грамаў за 4 рублі 80 капеек). Побач размясціліся і арэхі. Дарэчы, хатні грэцкі можна знайсці па 5 рублёў за кілаграм, кедравы — 20 рублёў за кілаграм.

Асартымент кірмашовых прылаўкаў цешыць вока, ёсць усё: ад сезоннай гародніны да дзіўных сувеніраў ручной работы і вязаных шапак.

Яўген прывез велізарны асартымент прадукцыі: памідоры, яблыкі, агуркі, квяцістая капуста, сліва, баклажаны, шынкі, зеляніна, перцы, рэдзька, буракі, бульба. Словам, чаго там толькі няма! Сам мужчына жыве на Магілёўшчыне, а прадукцыю вырошчвае ў Гродзенскай вобласці. Дапамагаюць родныя.

— Аграрным бізнесам займаюся амаль чвэрць стагоддзя! Ведаю, якога тавару трэба ўзяць пабольш, а якога — паменш. Цяпер добра бяруць капусту, моркву на квашанне... вядома, у пашане бульба. Памідоры і агуркі ў асноўным закупляюць на салаты, у невялікіх аб'ёмах. Цяпер на іх цэннік падняўся: усё ж грунтавыя віды адышлі, амаль усе — з цяпліцы, — уводзіць у курс справы Яўген.

Самы вялікі сталічны кірмаш традыцыйна праходзіць каля «Чыжоўка-Арэны». Тут за 12 выхадных дзён рэалізавалі больш за 500 тон плодаагародніннай прадукцыі, свой тавар прывезлі каля 3700 прадаўцоў. Вядома, лідар продажаў — бульба. Жыхары сталіцы папоўнілі свае запасы на 200 тон гэтай гародніны, на 55 тон морквы, 55 тоны яблыкаў, 50 тоны буракоў, 44 тоны капусты.

Кірмаш каля «Чыжоўка-Арэны» ў адрозненне ад іншых раённых (а іх усяго, нагадаю, дзевяць) праходзіць па два выхадныя дні запар, а не толькі па суботах. Ужо на падыходзе да яго бачыш людзей з тачкамі, што цягнуць пакупкі. Хтосьці грузіць у багажнікі машын, іншыя з цяжкасцю зацягваюць пару пудоў у асноўным агародніннай «здабычы» ў грамадскі транспарт.

Частка кірмашу — шэрагі райпо з усёй краіны, іншых дзяржарганізацый, якія гандлююць у асноўным мясам і мяснымі прадуктамі. Цэны адрозніваюцца. Напрыклад, «Мінскі холадакамбінат» прадае філе індычкі па 15,59 рубля, паляндвіцу — па 12,78 рубля, курынае філе — па 9 рублёў, галёнку — па 5,46 рубля, тушку качаняці — па 6,58 рубля, свіную печань — па 2,27 рубля, а набор для булёну — па 2,19 рубля.

У Баранавіцкім райпо паляндвіца каштуе 14,90 рубля, каўбаса свіная — 13 рублёў, каўбаса курыная з салам — 11,50 рубля, свініна духавая — 11,10 рубля, ялавічына духавая — 15,60 рубля, грудзінка — 10,90 рубля, рэбры — 9,50 рубля, рулька — 4,50 рубля.

У суседнім халадзільніку: бараніна — 16,59 рубля, індычка — 9,59 рубля, грудзінка бескасцёвая — 11,49 рубля, карэйка — 15,99 рубля, рэбры — 7,99 рубля.

Сенненскае райпо прапануе па акцыі фарш з мяса птушкі — па 9,55 рубля, фарш «Мінскі» — 9,98 рубля, курыная каўбасу з салам — па 11,50 рубля і галубцы — па 6,99 рубля. Без акцыі ёсць ялавічына для смажання — 18,72 рубля, «кулінарная» — 14,07 рубля, свініна для гарачага — 12,66 рубля, «апетытная» — 14,42 рубля, для адбіўных — 15,97 рубля, для шашлыку — 14,36 рубля, «па-сялянску» — 8,80 рубля.

У суседнім радзе цэны яшчэ больш «жорсткія»: мужчына з Віцебску прадае ўжо гатовае да ўжывання мяса і сала: кумпяк — 19 рублёў, карэйка —17 рублёў, руляда — па 20 рублёў, сальцісон — па 11 рублёў, сала — па 16 і 18 рублёў. Косткі — па 3 рублі, «пальцам пханая» —13 рублёў, паўтуша свіная — па 14 рублёў.

У яшчэ аднаго прадаўца свайго мяса набор не менш шырокі: кумпяк вэнджаны — 20 рублёў, карэйка салёная — 17 рублёў, паляндвіца — 25 рублёў, каўбаса хатняя — 24 рублі, сала (вэнджанае і салёнае) — па 19 рублёў, грудзінка — 16 рублёў, крывянка — 11 рублёў, сальцісон па акцыі — 9 рублёў.

Са слоў палешука, у сезон сям'я трымае да 20 свіней, так што дома яшчэ ёсць будучыя кумпякі і каўбасы. «Пару галоў яшчэ бегае на падворку, чакае свайго часу. Зямлі ў нас, калі ўсе ўчасткі сабраць, каля гектара, але на іх мы на продаж гародніну практычна не вырошчваем — усё на корм ідзе», — расказвае Руслан, які жыве ў Мінску і дапамагае вясковым сваякам з рэалізацыяй.

Нятанна сёння прыкупіць і гародніну. Практычна ўся яна па параўнанні з леташнім сезонам падаражэла. А калі ўспомніць цэны 3-4-гадовай даўнасці, калі складана было знайсці хоць што-небудзь з хадавой гародніны з цэннікам вышэй за рубель, то становіцца ясна, як змянілася «баршчовая» інфляцыя. Мяркуйце самі: бульба на кірмашы каштавала тады 25—35 капеек, буракі і морква — 30—50 капеек, цыбуля — 35—60 капеек, капуста — 25—35 капеек, памідоры — ад 80 капеек да 2,5 рубля, перац — ад 1 да 2,5 рубля, агуркі — 2-3 рублі, яблыкі — ад 40 капеек да 2,5 рубля, грушы — ад 80 капеек да
2 рублёў, журавіны — 3,4-4 рублі, мёд — 6—14 рублёў.

Сёння практычна ўсе цэны пачынаюцца ад рубля. Бульбачка — 0,7—1,2 рубля, капуста — 1—1,2 рубля, морква — 0,8—1 рубель, буракі — 0,8—1 рубель, цыбуля — 0,8—1,2 рубля, памідоры — 2—4,5 рубля, перац — 2—4,5 рубля, агуркі — 4-5 рубля, яблыкі — 0,8—2,5 рубля, грушы — 1,5—6 рублёў, журавіны — 8-9 рублёў, мёд — 9—18 рублёў, часнок — 3,5—8,5 рубля, пекінская капуста — 2—2,5 рубля, квяцістая — 1,5—4 рублі, кавун — 0,7—1 рубель, чарнасліў — 3 рублі, вінаград — 3—4,5 рубля.

Пытаемся ў прадаўца: «Чаму так падаражэла капуста?»

«У мінулым годзе шмат яе насадзілі, цана ўпала. У гэтым многія не сталі адводзіць пад яе шмат месца, вось і здарыўся дэфіцыт. Таму і каштуе не 25 капеек, а рубель», — тлумачыць малады чалавек. Цікава: а як тады растлумачыць падаражанне іншай гародніны?

Хэлаўін прайшоў, вось чаму за гарбузы просяць куды менш, чым тыдні два таму, — 0,5—1,5 рубля за кілаграм. Шампіньёнамі гандлюе на здзіўленне ўсяго некалькі чалавек, цана — ад 5,5 да 7 рублёў.

Пекінскую капусту можна купіць за 2—4 рублі, цыбулю чырвоную і белую — за 1,5—2 рублі, радыска ідзе за 7,50 рубля, гранаты можна набыць і паштучна — за 2 рублі, і на вагу — 4-5 рублёў за кілаграм.

На вагу прадаюць і гарбату — амаль усе варыянты па 5-6 рублёў, але ёсць і па 9 рублёў — «Ройбуш» — «чайны хмызняк, без кафеіну». «Маскоўская гарбатная кампанія», — тлумачыць паходжанне тавару прадавец. Пасля чаго назвы не выклікаюць здзіўлення («Пырскі шампанскага», «Імператарскі», «Кацярына Вялікая»...).

На суседнім прылаўку — фундук (садовы і лясны) — па 15 рублёў, фісташка з соллю — 35 рублёў, арахіс — 8 рублёў, гарбузовыя семкі — 16 рублёў, а побач выразны да немагчымасці цэннік — «Семкі чорныя — 3,5 рубля». Чамусьці толькі ў адным месцы на кірмашы прадаюць яйкі — Д1 — 2,30 рубля, Д0 — 2,70 рубля за дзясятак.

Крыху воддаль Кацярына з Сенніцы прадае саленні і салёныя грыбы — хоць і дорага, але асартымент уражвае. Баравікі — 49 рублёў за кілаграм, грузды — 30 рублёў, рыжыкі — 45 рублёў, апенькі — 27 рублёў, маслякі — 30 рублёў. «Даражэй за райпоўскія, таму што ў мяне кожны грыб прамыты, якасна пасолены. Займаюся я імі не першы год і езджу па розныя віды ў розныя раёны Мінскай вобласці ў розны час. Па рыжыкі — аж пад Старыя Дарогі, па баравікі — ва Уздзенскі», — распавяла жанчына.

Тут жа прадаюць жывую рыбу: сом — 9,00—9,80 рубля, шчупак — 7,70—8,20 рубля, амур — 6,37—6,90 рубля, карп — 4,95—6,50 рубля, таўсталобік — 4,50—4,90 рубля, карась — 1,65—3,74 рубля.

Праз дзясятак метраў можна ў адным месцы купіць і свойскае мяса, і хлеб хатняй выпечкі (па 2 рублі) — з сялянскай гаспадаркі з Баранавіцкага раёна. «Без цукру», — удакладняецца на цэтліку.

Не сказаць, каб «салодкімі» былі цэны на кансервы беларускіх вытворцаў — іх перакупнік спрабуе прадаць даражэй, чым яны каштуюць у сеткавых крамах. Напрыклад, свініну — за 3,80 рубля, а ялавічыну — за 3,20 рубля.

А вось чаго ў «сеткавіках» не купіш — дык гэта эксклюзіўных хатак (за 100—130 рублёў) і ляжанак (20—30 рублёў) для катоў-сабак. Гэтай незвычайнай справай Мікіта займаецца нядаўна, усяго год таму. «Кот з'явіўся. Зрабіў яму домік, людзі сталі прасіць зрабіць ім такія ж, і я ўцягнуўся. Зараз аформіўся як рамеснік, раблю домікі, — часцей на заказ. Варыянты афармлення любыя. Цяпер вось «авакада» дарабляю», — адзначыў мужчына.

Непадалёк раскладзеныя лазневыя венікі: дубовы каштуе 5 рублёў, ядлаўцовы — 4 рублі, можна прыкупіць невялікія вязаначкі палыну і святаянніку — усяго па 2 рублі. «Павесіш у лазні, і, калі пойдзе пара, водар будзе шыкоўны», — нахвальвае тавар прадавец.

Ну а калі адпачыць хочацца адразу пасля блукавання па гандлёвых радах, то можна і шашлыку (свіны — 4,90 рубля, курыны і з перапёлкі — па 4 рублі за 100 грам) з глінтвейнам (18 %, 5 рублёў за 300 грам) спажыць, «не адыходзячы ад касы».

Ну вось і ўсё. Восеньскія кірмашы з намі развіталіся сёлета. Хто пабываў на іх і закупіўся, думаем, добра выгадаў — а лішняя капейка ніколі ў гаспадарцы не бывае. Ну а хто паленавўся, што ж — ёсць у нас Камароўка.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.