Вы тут

Бежанцы чакаюць больш кардынальнага вырашэння іх лёсу. Рэпартаж «Звязды»


Жыццё ў вымушаных насельнікаў транспартна-лагістычнага цэнтра ў Брузгах паціху наладжваецца. Цяпер яны могуць разлічваць на душ. Для гэтага па распараджэнні абласных уладаў у аўторак пастаўлены дзве палаткі, што дазволіць людзям памыцца. Да ўчарашняга дня такой магчымасці не было, а некаторыя знаходзяцца ў паходным стане некалькі тыдняў. Аднак бежанцы чакаюць і больш кардынальных вырашэнняў іх лёсу, асабліва ад прадстаўнікоў еўрапейскіх місій.


Асабліва ажыўлена тут каля палявой кухні: можна набраць кіпеню, падагрэць ежу. Як падказалі вайскоўцы, кухня прывезена амаль адразу пасля засялення бежанцаў у лагістычны цэнтр і мае даволі добры попыт. На дварэ пахаладала, пайшоў снег. Да кухні часта падыходзяць жанчыны, каб разагрэць ежу сваім дзецям. Побач высіцца куча паколатых дроў. Агонь падтрымліваюць пастаянна. Мыццё бялізны пакуль адбываецца на вуліцы, памытыя рэчы вывешваюцца на металічнай агароджы. Для патрэб мігрантаў устаноўлены дзве цыстэрны з вадой, якая паступае сюды па шлангу з лагістычнага цэнтра. Непадалёку ад імправізаванай кухні днямі можна было бачыць, як аднаму з бежанцаў брыюць нагала галаву.

На тэрыторыю лагера прывезена каля 30 біяпрыбіральняў. Таксама тут размешчаны вялікія кантэйнеры для смецця. За чысцінёй тэрыторыі сочаць самі насельнікі лагера.

З самага ранку ўсе атрымліваюць сняданак — гарачую гарбату і іншыя прадукты: малако, ёгурты, фруктовыя сокі, хлеб. Дзецям выдаюцца кандытарскія вырабы. Многія з іх выходзяць з палатак з каробкамі пячэння, некаторыя не могуць утрымаць ласункі ў руках, таму для рэчаў задзейнічаюць капюшоны.

І ўсё ж відавочна, што настрой людзей далёкі ад ідэальнага. З гэтым пагаджаюцца і студэнткі-валанцёры з філалагічнага факультэта ГрДУ Дзіяна Касьян і Крысціна Макаўчык, якія працуюць тут у якасці перакладчыкаў некалькі дзён. Яны шмат размаўлялі з бежанцамі, якія валодаюць англійскай мовай, у асноўным гэта мужчыны, маладыя і сярэдняга ўзросту. Тым не менш, на англійскай мове, па іх словах, наогул размаўляе невялікі працэнт бежанцаў.

Дапамога перакладчыкаў стала больш запатрабаваная, калі прыехалі аўталаўкі і фудтрак. Зняцце моўнай перашкоды значна паскарае абслугоўванне. Некаторыя бежанцы праз перакладчыкаў звярталіся па медыцынскую дапамогу. Жанчына пад 60 гадоў з цукровым дыябетам расказала, што ў яе засталася толькі адна таблетка. Але як знайсці цяпер тую жанчыну, невядома, кажуць дзяўчаты. Некаторыя бежанцы дагэтуль звяртаюцца з траўмамі, якія атрымалі падчас вадамётнай і газавай атакі з польскага боку 16 лістапада. Многія скардзяцца, што баляць вочы, сталі дрэнна бачыць з-за ўздзеяння газу.

Адзін з бежанцаў расказаў, што ў яго пяцёра дзяцей, усе яны босыя, прасіў дапамагчы іх абуць. Дарэчы, па словах валанцёраў, тут даволі шмат цяжарных жанчын і маленькіх дзяцей. Каб палепшыць зносіны, у лагер з Масквы прыехаў перакладчык з курдскай мовы.

Ад доўгага знаходжання ў такіх складаных умовах у некаторых не вытрымліваюць нервы. Назіраліся сутычкі паміж мігрантамі, адна з іх нават скончылася шпіталізацыяй. Бежанцы, па словах валанцёраў-перакладчыкаў, настроеныя на тое, каб трапіць у Еўрасаюз. Яны нават не хочуць ад'язджаць з лагістычнага цэнтра. У дзіцяці адной з бежанак паднялася высокая тэмпература, але тая ўсё роўна адмовілася ехаць у бальніцу: пайшла нібыта ўзяць рэчы, але так і не вярнулася. Замежныя грамадзяне вельмі насцярожана ставяцца да сітуацыі, калі медыкі пытаюцца ў іх пашпарт — папросту адмаўляюцца яго паказваць. Усе бежанцы не пакідаюць надзеі трапіць праз «зялёны» калідор у Германію.

На тэрыторыі лагера бежанцы не толькі атрымліваюць гуманітарную дапамогу, але і самі могуць штосьці набыць. Некалькі дзён таму сюды пачала прыязджаць аўталаўка, арганізаваная Гродзенскім аблспажыўсаюзам. Паколькі попыт на тавары быў высокі, а чэргі вялікія, вырашылі адправіць яшчэ адну машыну. Цяпер людзей абслугоўваюць дзве аўталаўкі. Прадстаўнікі гандлёвай арганізацыі паведамілі, што карыстаюцца попытам чыпсы, газіраваныя напіткі, чай, цукар і нават семкі, кандытарскія вырабы. Таксама купляюць вільготныя сурветкі, шампуні, мыла. Запатрабаваная тут і вермішэль хуткага гатавання. Працуе фудтрак з шаўрмой. Вялікага ажыятажу, як было ў першы дзень работы выязнога гандлю ў Брузгах, ужо няма. Людзі ведаюць, што аўталаўка прыязджае кожны дзень і працуе да 22 гадзін. Гродзенскі аблспажыўсаюз плануе прывозіць уласныя вырабы, напрыклад, піражкі з начынкай. Аб'ём асартыменту фарміруецца з улікам першага дня гандлю. Да аўталавак далучыўся і «Культгандаль». Апошні прывёз цёплыя рэчы, абутак і нават валёнкі. Праўда, для жыхароў усходніх краін гэты абутак невядомы, таму попыту на іх пакуль няма. Затое купляюць шкарпэткі і тэрмабялізну. Многія карыстаюцца пунктам абмену валют.

Беларусы бяруць удзел у дабрачынных акцыях па падтрымцы бежанцаў. З Ваўкавыска, напрыклад, прыбыў аўтобус з прадстаўнікамі пярвічных структур грамадскіх арганізацый буйных прадпрыемстваў горада на чале са старшынёй раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Наталляй Зіневіч. На яе думку, сітуацыя павінна вырашыцца на карысць бежанцаў, якія дастаткова напакутаваліся за гэты час. Добра, што ў іх цяпер ёсць дах над галавой і яны не заспетыя ў лесе марозам і снегам.

— Думаю, яны заслужылі атрымаць тое, што хочуць, а мы, у сваю чаргу, таксама не застаёмся ўбаку, перыядычна збіраем гуманітарную дапамогу: адзенне, прадукты, сродкі гігіены — тое, што неабходна людзям. Сёння мы вырашылі прыехаць самі. Калі на свае вочы бачыш гэтых людзей, немагчыма заставацца раўнадушнымі. Хацелася б, каб міжнародная грамадскасць звярнула на іх увагу і садзейнічала ў вырашэнні сітуацыі, — выказала спадзяванне Наталля Зіневіч.

Міжнародныя гуманітарныя арганізацыі неаднаразова наведвалі лагер бежанцаў. Нагадаем, у рамках місіі СААЗ прывезены гуманітарны груз — антысептыкі, маскі, вільготныя сурвэткі, зубная паста, вадкае мыла, туалетная папера, папяровыя ручнікі. Усяго дастаўлена 600 набораў, частка якіх ужо прывезена ў лагер. Груз будзе падвозіцца сістэматычна, паведаміў прадстаўнік СААЗ у Беларусі Алег Дубовік. Таксама чакаецца падвоз медыкаментаў. З умовамі пражывання бежанцаў азнаёміўся дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Ханс Клюге. Ён станоўча ацаніў меры, якія прымаюцца беларускімі ўладамі для арганізацыі быту, харчавання і медыцынскага абслугоўвання бежанцаў.

Як расказаў старшыня Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў, бежанцам раздалі 2,5 тысячы коўдраў. За тыдзень знаходжання ў лагістычным цэнтры імі атрымана 15,5 тон малака, 53,6 тон прадуктовых набораў, якія ўключаюць хлеб, мясныя кансервы, кандытарскія вырабы. Кожны дзень раздаецца не менш за 5 тон прадуктаў. Ёсць неабходны запас на складах. Таварыства Чырвонага Крыжа падтрымлівае сувязь са многімі партнёрскімі арганізацыямі, якія гатовыя падвозіць патрэбныя рэчы. Напрыклад, у панядзелак абласны прафсаюз прывёз дзіцячыя наборы. Трэба сказаць, што мікрааўтобусы з «гуманітаркай» ідуць пастаянна. На працягу толькі аднаго дня іх прыйшло каля дзясятка. Зранку — гэта стала сістэматычнай з'явай — дзецям разам з салодкімі пачастункамі раздаюць цацкі, размалёўкі. Таксама ў палатцы з гуманітарнай дапамогай можна атрымаць падгузкі, іншыя сродкі гігіены.

Такім чынам, бежанцы забяспечаныя жыццёвым мінімумам, які неабходны чалавеку. Але такая сітуацыя не можа доўжыцца бясконца. Ад міжнародных арганізацый чакаюць больш канкрэтных крокаў па яе вырашэнні. У сувязі з гэтым пэўныя спадзяванні ўскладаліся на візіт экспертаў Еўракамісіі, якая пабывала ў лагеры бежанцаў 23 лістапада. Група тэхнічных экспертаў азнаёмілася з тым, як жывуць людзі ў транспартна-лагістычным цэнтры. Неабходны каментарый быў дадзены з боку абласных уладаў, падрабязна расказана аб тым, як кормяць людзей, якія ўмовы для іх ствараюцца, як наладжана медыцынскае абслугоўванне. У прыватнасці, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк паведаміў, што ёсць і гарачае харчаванне, для дзяцей і жанчын выдзелена асобная палатка, кругласутачна дзяжураць дзве брыгады хуткай дапамогі. Штодзень у медыкаў кансультуецца ад 40 да 70 чалавек. На дадзены момант у бальніцах Гродна знаходзяцца трое дзяцей і двое дарослых бежанцаў. Есць сярод іх адзін выпадак каранавіруснай інфекцыі. Праўда, ён выяўлены не ў самім лагеры — хворага даставілі ў медустанову са Шчучынскага раёна. Людзям аказваецца і псіхалагічная дапамога.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

КПП «Брузгі», Гродзенскі раён.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.