Вы тут

Ураджэнцы Беларусі ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце


Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт заснаваны ў 1724 годзе — указам Пятра I ад 28 студзеня (8 лютага) 1724 г. У 1758 — 1765 гг. рэктарам Акадэмічнага ўніверсітэта быў Міхайла Ламаносаў. Існуе і іншая версія, згодна якой сучасны СПбДУ — правапераемнік Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, які быў створаны ў 1819 годзе ў выніку змены назвы і наступнай рэарганізацыі Галоўнага педагагічнага інстытута, які ў сваю чаргу вядзе гісторыю ад Настаўніцкай семінарыі, якая заснавана была ў 1786 годзе. Значыць, СПбДУ заснаваны 8 (20) 1819 года... У любым выпадку гэта — адна са старэйшых навучальных устаноў Расіі. І мы паспрабуем згадаць хаця б некаторых ураджэнцаў Беларусі, чый лёс звязаны з Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэтам... 


Мікалай Арсенцьевіч Карнатоўскі нарадзіўся 3 (16) лютага 1902 у паселішчы Хомск (сучасны Драгічынскі раён, Берасцейшчына). Памёр у Ленінградзе ў сакавіку 1977 г. Гісторык, прафесар, спецыяліст па гісторыі Грамадзянскай вайны ў СССР. Доктар гістарычных навук. У 1949 г. працаваў дэканам гістарычнага факультэта Ленінградскага ўніверсітэта, загадваў кафедрай асноў марксізма-ленінізма. Перш, чым прыйсці да гэтай навуковай, педагагічнай вышыні, наш суродзіч ваяваў на франтах Грамадзянскай вайны. Удзельнічаў у баях на Заходнім фронце. У 1925 годзе ў РСЧА займаў пасаду ваеннага камісара кавалерыйскага палка. Быў цяжка паранены ў Туркестане. У 1928 годзе закончыў Ваенна-палітычны інстытут імя Талмачова. Пазней — гэта Ваенна-палітычная Акадэмія імя У.І. Леніна. Да 1940 года Мікалай Арсенцьевіч працаваў навковым супрацоўнікам Ленінградскага Гістпарта. У 1940 годзе абараніў доктарскую дысертацыю. І адразу стаў прафесарам Ленінградскага ўніверсітэта... Дэканскі перыяд у лёсе Карнатоўскага быў нядоўгім. У верасні 1949 г. быў абвінавачаны ў трацкізме. Арыштаваны. І асуджаны да 25 гадоў пакарання. Рэабілітавалі М. Карнатоўскага ў 1954 годзе. З 1964 года наш зямляк — выконваючы абавязкі кафедрай гісторыі КПСС. А з 1968 г. — прафесар кафедры гісторыі савецкага грамадства гістарычнага факультэта Ленінградскага ўніверсітэта. Асноўныя працы М. Карнатоўскага прысвечаны гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі, Грамадзянскай вайны і ўсталявання савецкай улады ў розных рэгіёнах Расіі. І ў наш час была выдадзена такая грунтоўная кніга М. Карнатоўскага, як «Барацьба за Чырвоны Петраград» (у 2004 годзе — у «Издательстве АСТ»). Адзін з артыкулаў Мікалая Арсенцьевіча — «Літоўска-Беларуская ССР» (публікацыя ў выданні «Учёные записки Ленинградского государственного университета» у 1941 годзе). 

У 1941 годзе гістарычны факультэт Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта закончыў ураджэнец Віцебска Іосіф Давідавіч Амусін (1910 — 1984). У 1946 — 1949 гг., дарэчы, Амусін і працаваў ва ўніверсітэце. Асістэнтам. І адначасова быў аспірантам Інстытута ўсходазнаўства АН СССР. У 1949 малады вучоны абараніў кандыдацкую дысертацыю, у 1965 годзе — доктарскую. Іосіф Амусін лічыцца адным з буйнейшых спецыялістаў па гісторыі яўрэйскага народа, даследчыкам кумранскіх рукапісаў (світкаў Мёртвага мора). Аўтар артыкулаў па гісторыі Старажытнай Грэцыі. З асноўных прац нашага земляка — «Рукапісы Мёртвага мора» (Масква, 1960), «Знаходкі ля Мёртвага мора» (Масква, 1964), «Грашова-вагавая сістэма ў Старажытнай Палесціне ў першай палове I тысячагоддзя да н.э.» (Максва, 1970), «Кумранская абшчына» (Масква, 1983). 

У 1897 годзе гістарычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта закончыў ураджэнец Друі, што на Віцебшчыне, Уладзімір Мікалаевіч Беняшэвіч (1874 — 1938). Пасля і працаваў ва універсітэце: у 1906-1922 і 1934-1937 гадах. У 1906 — 1909 гг. У. Беняшэвіч — прыват-дацэнт кафедры усеагульнай гісторыі гісторыка-філалагічнага факультэта. Наступныя 13 гадоў — прафесар гісторыка-філалагічнага факультэта. Адначасова выкладаў на кафедры царкоўнай гісторыі. Працаваў і бібліятэкарам Рускага археалагаічнага таварыства. У 1920-1930-я гг. нашага суродзіча неаднойчы арыштоўвалі. У тым ліку ў 1930-1933 гг. — па так званай «акадэмічнай справе». У 1937 годзе быў ізноў арыштаваны. У 1938 г. Беняшэвіча расстралялі. Адной з нагод стала публікацыя артыкула Уладзіміра Мікалаевіча ў нацысцкай Германіі. Быў членам-карэспандэнтам Страсбургскай, Баварскай, Прускай акадэмій навук. Адзнакай навуковых здабыткаў У. Беняшэвіча стала прысуджэнне ўраджэнцу Друі знакамітай Увараўскай прэміі — заўважым, двойчы: у 1905 і 1914 гг. Вядомы гісторык-візантывіст, спецыяліст ў галіне царкоўнага прав аўдзельнічаў у многіх археаграфічных экспедыцыях ў Малой Азіі. У пачатку XX стагоддзя ў бібліятэцы Сінайскага манастыра знайшоў тры лісты Сінайскага кодэкса — грэчаскага спіса бібліі, складзенага ў IV стагоддзі.

Леў Мікалаевіч Шчэрба... Акадэмік-мовазнаўца, вядомы рускі і савецкі лінгвіст, вучоны, які прыўнёс у развіццё псіхалінгвістыкі, лексікаграфіі і фаналогіі бясцэнны ўклад... Адзін з заснавальнікаў тэорыі фанемы. Глыбокі спецыяліст па агульнаму мовазнаўству, славянскіх і французскай мовах. Нарадзіўся на Міншчыне, у Ігумені (сёння — Чэрвень, раённы цэнтр). Вырас у Кіеве. Закончыў 2-ую Кіеўскую гімназію з залатым медалём. У 1898 годзе паступіў на прыродазнаўч ыфакультэт Кіеўскага ўніверсітэта. А ў 1899 годзе, калі бацькі пераехалі ў Пецярбург, перавёўся на гісторыка-філалагічны факультэт Імператарскага Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Вучань легендаранга І. А. Бадуэна дэ Куртэнэ. У 1903 годзе закончыў Пецярбургскі ўніверсітэт з залатым медалём за сачыненне «Псіхічны элемент у фанетыцы». У 1906 — 1908 гг. жыў у Еўропе. Вывучаў граматыку, параўнальна-гістарычнае мовазнаўства і фанетыку ў Лейпцыгу, Парыжы, Празе, даследваў тасканскія і лужыцкія дыялекты. З 1909 года наш зямляк — прыват-дацэнт Пецярбургскага ўніверсітэта. Таксама выкладаў на Вышэйшых жаночых курсах, у Псіханеўралагічным інстытуце, на курсах для настаўнікаў глуханямых і настаўнікаў замежных моў. Чытаў курсы па ўводзінах у мовазнаўства, параўнальнай граматыцы, латыні, старажытнагрэчаскай, выкладаў вымаўленне французскай, англійскай, нямецкай моў. У 1909 годзе стварыў у Пецярбургскім універсітэце лабараторыю эксперыментальнай фанетыкі, якая зараз носіць яго імя. У 1915 годзе абараніў доктарскую дысертацыю, прысвечаную ўсходжнелужыцкай мове. З 1916 года — прафесар кафедры параўнальнага мовазнаўства Петраградскага ўніверсітэта. У Ленінградскім універсітэце наш зямляк выкладаў да 1941 года. 

Дарэчы, сярод выкладчыкаў філалагічнага факультэта Санкт-Пецярбургскага універсітэта — і другі наш зямляк: ураджэнец Віцебска Ілля Захаравіч Серман (1913 — 2010). Літаратуразнаўца, педагог, мемуарыст, доктар філалагічных навук. У 1939 годзе закончыў філфак Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Ваяваў на Волхаўскім фронце. Пасля кантузіі зволены ў запас. Працаваў выкладчыкам у ВНУ Ташкента. У 1944 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю — «Раман Ф. М. Дастаеўскага «Злачынства і пакаранне». Вярнуўся пасля вайны ў Ленінград. У 1949 годзе быў арыштаваны на 25 гадоў за антысавецкую прапаганду. Амнісціраваны ў 1954, рэабілітаваны — у 1961 годзе. З 1956 года працаваў у Інстытуце рускай літаратуры (Пушкінскім Доме). Абараніў доктарскую дысертацыю — «Руская паэзія XVIII стагоддзя (ад Ламаносава да Дзяржавіна)». Чытаў курс лекцый у Ленінградскім дзяржаўным універсітэце. Асноўныя кнігі: «Паэтычны стыль Ламаносава» (1966), «Дзяржавін» (1967), «Рускі класіцызм: Паэзія. Драма. Сатыра» (1973) і інш. 

У 1909 годзе на фізіка-матэматычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта паступіў ураджэнец пухавіцкай Блоні, што на Міншчыне, Глеб Анатольевіч Бонч-Асмалоўскі (1890 — 1943). Антраполаг, археолаг, этнограф, геолага, доктар гістарычных навук. У 1933 — 1941 гг. быў рэпрэсіраваны. Паступіўшы ва ўніверсітэт у 1909 г., змог закончыць вучобу ў ім толькі пасля Першай Сусветнай вайны, Грамадзянскай вайны, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі — у 1923 годзе. Яшчэ ў студэнцкія гады зацікавіўся побытам Асеціі. У 1910 — 1912 гг. у складзе экспедыцыі Рускага музея збіраў на Каўказе этнагарфічныя матэрыялы па хеўсурам. Летам 1915 г. зволіўся з універсітэта і пайшоў на ваенную службу. У час вайны — разведчык на фронце. Ар=трымаў кантузію. Лячыўся ў Петраградзе. І на фронт болей ужо не вярнуўся. У 1918 — 1919 — удзельнік антыўрангелеўскага падполля ў Крыме. У 1920-1921 гг. ураджэнец Блоні займаў пасаду загадчыка Крымскага камітэта па справах музеяў, які займаўся нацыяналізацыяй і вопісам прадметаў мастацтва, кінутых у перыяд рэвалюцыі ў Крыме. Стварыў Паўднёвабярэжнае кнігасховішча на базе бібліятэкі Крымскага горнага клуба. Надалей менавіта гэтая праца дапамагла захаваць унікальныя выданні з калекцый нацыяналізаваных палацаў і маёнткаў. У снежні 1921 г. вярнуўся ў Петраград, каб усур’ёз заняцца археалогіяй... У 1924 — 1930-я гады — асістэнт кафедры антрапалогіі Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1926 — 1927 і 1934 гг. кіраваў раскопкамі на Гомельшчыне і Смаленшчыне... Пасля вяртання з высылкі (судзімасць знялі ў лютым 1941 г.) працаваў старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі матэрыяльнай культуры АН СССР і пазаштатным прафесарам Ленінградскага ўніверсітэта... 

З кагорты выкладчыкаў Ленінградскага ўніверсітэта — ураджэнец Бабруйска Саламон Давыдавіч Кацнельсон (1907 — 1985). У навуцы застаўся вядомы як вучоны ў галіне скандынавістыкі, германістыкі, параўнальна-гістарычнага мовазнаўства, лінгвістычнай тыпалогіі, філасофіі мовы, гісторыі мовазнаўства. У шэрагу яго прац выказаны наватарскія для свайго часу ідэі, якія адыгралі ролю ў развіцці семантычнай і граматычнай тыпалогіі... У 1923 годзе Саламон закончыў школу, чатыры гады працаваў настаўнікам. У 1928 годзе паступіў на педагагічны факультэт 2-га Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў слесарам у Маскве і Магнітагорску. Закончыўшы ўніверсітэт (1932), стаў супрацоўнікам Навукова-даследчага інстытута нацыянальнасцяў. У 1934 годзе паступіў у аспірантуру Інстытута мовы і мышлення АН СССР у Ленінградзе пад кіраўніцтвам акадэміка М. Мара. Тэма кандыдацкай дысертацыі — «Да генезіса намінатыўнага сказу» (абаронена ў 1935 годзе). У 1936 г. кандыдацкай дысертацыя пабачыла свет у выглядзе асобнай манаграфіі. Доктарская дысертацыя — «Намінатыўны лад мовы. I. Атрыбутыўныя і прэдыкатыўныя адносіны» (1939). У Вялікую Айчынную вайну ўраджэнец Бабруйска служыў у Палітупраўленні Ленінградскага фронта. Быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, баявымі медалямі. Пасля вайны вярнуўся да выкладчыцкай дзейнасці. Працаваў у Інстытуце мовы і мышлення і Ленінградскім універсітэце. У час славутай дыскусіі 1950 года быў выключаны са складу выкладчыкаў універсітэта. Вымушаны быў шукаць працу за межамі Ленінграда. На працягу трох гадоў займаў пасаду прафесара Іванаўскага педагагічнага інстытута. З 1957 года — ізноў у горадзе на Няве. З 1971 года загадваў сектарам індаеўрапейскіх моў у Інстытуце мовазхнаўства АН СССР. Асноўныя працы нашага земляка — «Да генезіса намінатыўнага сказа» (1936), «Гісторыка-граматычныя даследванні. Частка 1» (1949), «Змест слова, значэнне і вызначэнне» (1965), «Параўнальная акцэнталогія германскіх моў» (1966)...

У Пінску нарадзіўся Барыс Восіпавіч Кастэлянец (1912 — 1999) — літаратурны крытык, літаратуразнаўца. У 1930-я гг. вучыўся ў Ленінградскім інстытуце філасофіі, лінгвістыкі і гісторыі (ЛІФЛІ), які быў выдзелены з ЛДУ і пасля ізноў у яго ўвайшоў. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1940 года. Удзельні Вялікай Айчыннай вайны. Ваяваў на Карэльскім фронце. У 1945 годзе — на 2-м Беларускім фронце. Аўтар каментарыяў да твораў Ал. Грыгор’ева, І. Буніна, Ю. Тынянава. Выдаў кнігі «А. С. Макаранка» (1954), «Творчая індывідуальнасць пісьменніка» (1960), «Педагагічная паэма» А. Макаранкі" (1963), многіх артыкулаў пра творчасць сучасных пісьменнікаў. 

Юрый Вайцяхоўскі, які нарадзіўся на Віцебшчыне, у Лынтупах, закончыў спярша геолага-разведвальны факультэт Ленінградскага горнага інстытута (1982), а затым у 1994 годзе закончыў механіка-матэматычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Вядомы ў Расіі і за яе межамі вучоны-геолаг, матэматык, гісторык навукі, доктар геолага-мінералагічных навук, ён у 2007 — 2017 гг. узначальваў Геалагічны інстытут Кольскага навуковага цэнтра Расійскай Акадэміі навук. Юрый Вайцяхоўскі займаўся даследваннямі геалогіі і мінералогіі медна-нікелевых руд месцанараджэння Карык’яўр на Кольскім паўвостраве. Сярод здабыткаў вучонага — новыя накірункі, якія спалучаюць геалогію і матэматыку. З 2018 года Ю. Вайцяхоўскі загадвае кафедрай мінералогіі, крысталаграфіі і петраграфіі ў Санкт-Пецярбургскім горным універсітэце. Ураджэнец Лынтупаў — арганізатар Усерасійскай навуковай школы «Матэматычныя даследванні ў крысталаграфіі, мінералогіі і петраграфіі». 

У Жлобіне нарадзілася Неаніла Арцёмаўна Крынічная (1938 — 2019). Расійскі фалькларыст. Доктар філалагічных навук (1991). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Карэлія. Заслужаны дзеяч навукі Расійскай Федэрацыі. Даследчык легендаў і міфалагічных апавяданняў. Доўгі час загадвала Сектарам фальклора Інстытута мовы, літаратуры і гісторыі Карэльскага навуковага цэнтра Расійскай Акадэміі навук. Асноўныя навуковыя зацікаўленні — даследванне неказачнай прозы (легенды , паданні і міфалагічныя аповеды). У 1961 годзе наша зямлячка закончыла філалагічны факультэт Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. А ў 1967 годзе — аспірантуру пры Петразаводскім дзяржаўным універсітэце. Тэма доктарскай дысертацыі — «Руская народная гістарычная проза: пытанні генезіса і структуры». Асноўныя кнігі ўраджэнкі гомельскага Жлобіна (дарэчЫ, сярэднюю школу Неаніла Арцёмаўна закончыла ў Маларыце, на Берасцейшчыне): «Народныя гістарычныя песні XVII ст.» (1974), «Руская народная гістарычная проза: Пытанні генезіса і структуры» (1987), «Персанажы паданняў: станаўленне і эвалюцыя вобраза» (1988), «Паданні Рускай Поўначы» (1991)...

Знаёмства з лёсамі нашых суродзічаў, якія прыхінуліся да сцен старэйшай на постсавецкай прасторы вышэйшай навучальнай установы, падказвае цэлы шэраг гісторыка-краязнаўчых праблематык, звязаных з даследваннем знакамітых жыцця, творчасці, навуковай дзейнасці ураджэнцаў Беларусі, ушанаваннем іх памяці на тэрыторыі тых ці іншых куточкаў Беларусі. Напрыклад, у Чэрвені (учарашні Ігумен, дзе нарадзіўся акадэмік-мовазнаўца Леў Шчэрба) ёсць вуліцы, названыя ў гонар класікаў рускай літаратуры — Пушкіна, Някрасава, Гогаля, Караленкі, Горкага, Тургенева... І нават — у гонар Дзям’яна Беднага, Анатоля Васільевіча Луначарскага. Толькі тры вуліцы — у гонар беларускіх пісьменнікаў: Купалы, Коласа, Багдановіча. Чаму б не назваць адну з вуліц імем Льва Шчэрбы? Мо нават перайменаваць вуліцу Карла Маркса..? Мы шмат гаворым, пішам пра месца і ролю сям’і Бонч-Асмалоўскіх у гісторыі Беларусі, у гісторыі Расіі. А вось сапраўднай мемарыялізацыі памяці прадстаўнікоў гэтага роду, за выключэннем таго, што ў Блоні ў іх сядзібным доме існуе музей, на вялікі жаль, яшчэ не адбылося. Ды і музей усё ж раённы, а не персанальны Бонч-Асмалоўскіх... Несумненна, веданне пра Бонч-Асмалоўскіх у сённяшніх жыхароў Пухавіччыны магло б стаць шырэйшым, калі б у Мар’інай Горцы з’явілася вуліца Бонч-Асмалоўскіх. Ці — Анатоля Бонч-Асмалосўкага альбо Глеба Бонч-Асмалоўскага... І такіх краязнаўчых, тапанімічных, мемарыяльных крокаў у дачыненні да імёнаў беларусаў, ураджэнцаў Беларусі, звязаных з Санкт-Пецярбургам, Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэтам павінна быць ажыццёўлена шмат. 

Дададзім, што ва ўніверсітэце ў горадзе на Няве вучыліся, працавалі і такія знакамітыя асобы, як перакладчык Давід Вейс (нарадзіўся ў гродзенскай Індуры ў 1878 годзе), палітычны дзеяч Павел Аляксюк (нарадзіўся ў Гродна ў 1892 годзе), славуты савецкі ваеначальнік Аляксей Антонаў (нарадзіўся ў Гродна), заолаг, заснавальнік школы медыцынскіх энтамолагаў Уладзімір Беклямішаў (нарадзіўся ў Гродна ў 1890 годзе), легендарны астраном Іван Жангаловіч (нарадзіўся ў 1892 годзе ў Гродна), рускі педагог, пісьменнік, географ Дзмітрый Сямёнаў (нарадзіўся на Віцебшчыне ў 1835 годзе), публіцыст Іасафат Агрызка (нарадзіўся ў Мінскай губерні ў 1826 годзе), расійскі прадпрымальнік, грамадск дзеяч Вікенцій Паклеўскі-Козел (нарадзіўся ў Віцебскай губерні ў 1853 годзе), літаратуразнаўца, фалькларыст, педагог, выдавец Браніслаў Эпімах-Шыпіла (нарадзіўся ў 1859 годзе на Лепельшчыне)... Згадкі пра гэтых людзей маглі б стаць прадметам разгляду і ў сістэме выхаваўчай, краязнаўчай працы ў агульнаадукацыйнай школе. Конкурсы школьных сачыненняў, даследванняў, прысвечаныя знакамітым землякам, — хіба не выдатная падстава для развіцця свядомасці, выхавання гонару ў школьнікаў за сваю, уласную гісторыю, багатую на асоб..? 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на панядзелак (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на панядзелак (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Якую вакцыну выбраць для паўторнай прышчэпкі ад каранавіруса?

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў. 

Грамадства

Як правільна аднаўляцца пасля COVID-19?

Як правільна аднаўляцца пасля COVID-19?

Нават у лёгкай форме перанесеная каранавірусная інфекцыя не праходзіць для арганізма бясследна.