Вы тут

Ёлачныя цацкі школьніка з Мінска карыстаюцца попытам не толькі на радзіме


У маіх сяброў ёсць прыгожая традыцыя. Штогод перад Новым годам яны набываюць новую цацку на ёлку. Разглядаючы іх калекцыю, звярнула ўвагу на каларытнага ватнага хлопчыка з самалёцікам у руцэ. Што прыемна здзівіла, зрабіў яго школьнік — Мацвей Маршак.


Пра «Дынама-Мінск» і сабаку Мані

Калі Мацвей быў у першым класе, мама знайшла для сына цудоўнага рэпетытара па маляванні і рукадзеллі. За 10 гадоў заняткаў з Аленай Несцяронак хлопец паспрабаваў шмат розных тэхнік — выразаў з дрэва, ляпіў з гліны, валіў з воўны... Калі ўпершыню зрабіў цацку з ваты, зразумеў, што падабаецца менавіта надаваць форму фігурцы, назіраць, як яна мяняецца на вачах.

— Мацвей з пяці гадоў займаецца хакеем, у яго штодзень трэніроўкі, — кажа мама Мацвея Любоў Маршак. — Цяпер сын гуляе за каманду «Дынама-Мінск». Хоць ён вучыцца ў спартыўным класе, мы ніколі не рабілі стаўку на прафесійны спорт. Заўсёды яму казала: сёння ты добры гулец, а заўтра атрымаў траўму — цябе адразу ж спішуць з рахунку. Таму трэба займацца чымсьці дадаткова, усё ў жыцці спатрэбіцца.

Гады тры таму Любоў дала сыну пачытаць кнігу Бадо Шэфера «Сабака, якога завуць Мані». Там на прыкладзе казачных герояў расказваецца, як, пачынаючы з дзяцінства, зарабляць, зберагаць і памнажаць грошы. Мацвей, пасля таго як прачытаў яе, задумаўся, як бы яму зарабіць на кішэнныя выдаткі. Мама параіла сыну працягнуць рабіць ёлачныя цацкі з ваты. Бо заўважыла, што гэта яму падабаецца.

Спачатку многае не атрымлівалася. Раз за разам тэлефанаваў сваёй настаўніцы. Пытаўся, напрыклад, як варыць клейстар з крухмалу. Бо на электрапліце не атрымлівалася так, як у яе на газавай.

— Набліжаўся год Мышы, і мы прыдумалі, што Мацвей будзе ствараць мышыную армію, — распавядае Любоў. — Калі рабіў чарговае мышаня ў мундзіры, засунуў яго ў мікрахвалеўку падсушыць. І будучы воін, у аснове якога быў каркас з дроту, узарваўся. Памятаю, прыходзіць увесь у слязах, паказвае чорную фігурку без галавы. Маўляў, «я яго два тыдні рабіў — і ўсё ў сметніцу». Я тады супакоіла сына, сказала, што «дрэнны досвед таксама досвед. Затое цяпер будзеш ведаць, што так рабіць нельга».

Пра Чырвоную плошчу і Шчаўкунка

Калі ў Мацвея назапасілася з дзясятак ёлачных цацак, якраз праходзіў традыцыйны навагодні «Млын». Мама яму прапанавала паспрабаваць іх там прадаць. І каб усяліць у сына ўпэўненасць, нават падгаварыла адну жанчыну: дала ёй грошы і папрасіла, каб яна купіла Мацвееву цацку. Сама ў гэты час адышла.

— Калі я вярнулася, у яго рэальна купілі яшчэ адну цацку, — згадвае Любоў Маршак. — А потым падышоў настаўнік гісторыі з Расіі, які быў праездам у Беларусі, і замовіў у Мацвея шмат мышэй у мундзірах напалеонаўскіх войскаў. І нават даў задатак. Хлопец быў у шоку, што хтосьці можа плаціць грошы за яго работы. Гэта яго вельмі стымулявала. Таму, вярнуўшыся дадому, пачаў рабіць цацкі з большым імпэтам.

Неўзабаве Любоў павезла сярэдняга сына Елісея ў Маскву на спаборніцтвы па танцах. Мацвей паехаў разам з імі.

— Прапанавала яму: давай на Чырвонай плошчы паспрабуем пастаяць з тваімі цацкамі. Не паспелі адкрыць чамаданчык, як ён апусцеў. Першым купілі Мышынага караля, затым Шчаўкунка і цэлую армію мышэй.

З таго часу Мацвей і робіць ёлачныя цацкі. Прычым не толькі дома. Куды б ні ехалі (на лецішча ці ў адпачынак на мора), бярэ з сабой вату і фарбы, каб не сядзець без справы.

У Мацвея выпрацаваўся свой стыль. Летась на «Млыне» ўжо майстры-»ватнікі» з вопытам падыходзілі да школьніка, пыталіся пра яго тэхніку. Бо яна адрозніваецца ад класічнай, якую паказвала яму настаўніца. Яна вучыла рабіць больш лёгкія фігуркі, а ў хлопца яны цвёрдыя, шчыльныя.

Ёлачныя цацкі Мацвея сёння разлятаюцца па ўсім свеце, як гарачыя піражкі. Фігуркі з ваты ўжо знайшлі гаспадароў у Кітаі, Фінляндыі, Германіі, Ізраілі. Днямі паступіў вялікі заказ з Грузіі. Нават у навагоднім кірмашы хлопец сёлета не ўдзельнічаў. Бо ў яго ўжо ўсё распісана на студзень і люты, цяпер бярэ заказы на сакавік.

— Мне вельмі пашанцавала: у нас вялікая і дружная сям'я. Калі б не падтрымка мамы, таты і двух малодшых братоў, наўрад ці я дасягнуў бы такіх поспехаў. Адчуваю іх любоў і як яны за мяне рады. Перад Новым годам асабліва шмат заказаў, таму прашу тату дапамагчы з дастаўкай па Мінску. Ні разу ён мне не адмовіў. А мама дапамагае адпраўляць цацкі па пошце.

Пра дарагі тэлефон і рыжага клоўна

Бацькі заўважылі, што за апошнія гады ў Мацвея змянілася ўяўленне пра каштоўнасці. Спачатку ён хацеў дарагі тэлефон. А потым, калі з'явілася магчымасць яго купіць, сказаў, што не ўяўляе, як гэта — усе свае грошы аддаць за тэлефон. Дагэтуль ходзіць са старым.

— Раней у мяне да грошай было іншае стаўленне. Калі ж стаў зарабляць, зразумеў, што зусім не хачу гульнявы камп'ютар, пра які марыў і думаў, што абавязкова куплю, — кажа Мацвей. — Я заканчваю 11 клас, цяпер больш думаю пра вучобу. Таму адкладваю на адукацыю. Канчаткова пакуль не вызначыўся з выбарам прафесіі, можа, гэта будзе архітэктура ці дызайн.

У вольны час, якога ў хлопца не так шмат, Мацвей любіць гатаваць, пячы тарты. Прычым выбірае не надта простыя рэцэпты: равіёлі са шпінатам і крэветкамі, медавік... Вельмі любіць чытаць перад сном, запісаны ў чатыры бібліятэкі.

— Адно з апошніх захапленняў — фота, — дадае хлопец. — Мама, яна фатограф, часам бярэ мяне з сабой на вяселлі другім фатографам. Мне падабаецца лавіць жывыя эмоцыі.

У канцы размовы я папрасіла Мацвея распавесці пра зімовыя традыцыі, якія ёсць у іх сям'і.

— 1 снежня ў нас заўсёды ўжо стаіць вялікая ёлка. Упрыгожваем яе цацкамі, зробленымі сваімі рукамі. У нас іх ужо цэлая калекцыя. Сярод іх і мае цацкі, якія не прадаюцца. Мама, напрыклад, з першага погляду палюбіла рыжага клоўна, і я ёй яго падарыў.

Мацвей прызнаўся, што вельмі любіць дарыць падарункі, асабліва калі яны зроблены сваімі рукамі ці куплены за ўласныя грошы.

— І братоў песціць, — дадае Любоў. — Неяк вечарам служба дастаўкі прывезла вялізны набор Lego. Гэта Мацвей вырашыў зрабіць сюрпрыз малодшаму брату Архіпу.

— Перад Новым годам, — працягвае Мацвей, — мама робіць адвэнт-каляндар для малодшых братоў, я ўжо ў такім не ўдзельнічаю. Там заданне на навагоднюю тэму і невялікі падаруначак. Мне цікава за гэтым назіраць, заўсёды пытаюся, што сёння выпала. Таксама мама абавязкова пячэ пернікавых чалавечкаў і пернікавы дамок. Збіраемся сям'ёй каля ёлкі і ўпрыгожваем іх глазурай. Штогод тата пераадзяваецца ў касцюм Дзеда Мароза, які бяром напракат. Ён у нас гумарыст, умее галасы мяняць. Я люблю, калі да нас на Каляды і Новы год прыязджаюць бабуля з дзядулем, мы збіраемся ўсе за вялікім сталом, атрымліваецца вельмі шумна і весела. Вось ужо 13 гадоў запар мама бярэ білеты ў цырк на навагоднюю праграму 31 снежня. І адразу з'яўляецца святочны настрой.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК.

Фота з архіва сям'і Маршак.

Загаловак у газеце: Цуды з ваты

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.