Вы тут

Мэр Мінска Уладзімір Кухараў правёў стрым са студэнтамі


Любімы від спорту мэра сталіцы — футбол, а самы яскравы ўспамін з яго студэнцкага жыцця звязаны з выездам на першым курсе разам з аднакурснікамі на бульбу. Пра гэта старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў расказаў падчас анлайн-сустрэчы са студэнтамі сталічных ВНУ.


М-стрым — Мінскі маладзёжны стрым — новы фармат стасункаў Мінгарвыканкама і сталічнай моладзі. Мяркуецца, што такія сустрэчы стануць рэгулярнымі. І першы блін не выйшаў камяком. У М-стрыме ўзялі ўдзел студэнты дзевяці сталічных ВНУ — Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Беларусі, Інстытута пагранічнай службы, Акадэміі МУС, Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і Міжнароднага ўніверсітэта МІТСО. Маладых людзей цікавілі як перспектывы азелянення горада, развіцця спартыўнай інфраструктуры, актуальныя для сталічнага рынку спецыяльнасці і важныя для паспяховай пабудовы кар'еры прафесійныя якасці, так і пытанні, якія датычацца міграцыйнага крызісу і будучага рэферэндуму.

Адказваючы на пытанне курсанта Універсітэта грамадзянскай абароны МНС аб новай рэдакцыі чацвёртага раздзела Канстытуцыі і замацавання статусу Усебеларускага народнага сходу ў ім, старшыня Мінгарвыканкама падкрэсліў важную ролю гэтага прадстаўнічага органа, які вырашае актуальныя пытанні развіцця дзяржавы. «Яго ўдзельнікі — вопытныя, кампетэнтныя спецыялісты, якія добра ведаюць сітуацыю ў краіне. Сёння вельмі важная кансалідацыя народа, а замацаванне статусу Усебеларускага народнага сходу ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дапаможа ўсіх згуртаваць», — падзяліўся Уладзімір Кухараў сваім меркаваннем.

Студэнтаў цікавіла таксама, якім СМІ аддае перавагу мэр Мінска.

— Лічу, што трэба чэрпаць інфармацыю з розных крыніц, таму я штодня праглядаю розныя віды сродкаў масавай інфармацыі. Гэта дазваляе адчуваць і нават прадбачыць праблемныя сітуацыі, заўсёды быць у курсе таго, што адбываецца, — канстатаваў старшыня Мінгарвыканкама. Імкнуся, наколькі дазваляе час, чытаць газеты і інтэрнэт-рэсурсы. Рэгулярна праглядаю навіны і з тэлеграм-каналаў. Часам абмяркоўваем нейкія прачытаныя матэрыялы. Калі ёсць праблемныя пытанні, імкнёмся іх аператыўна вырашыць.

Акрамя таго, кіраўнік адміністрацыі горада адзначыў, што праз СМІ Мінгарвыканкам забяспечвае зваротную сувязь з гараджанамі, інфармуючы аб тэндэнцыях развіцця горада, яго жыцця і не толькі...

Студэнтка Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта пацікавілася ў мэра, ці плануецца будаўніцтва ў Студэнцкай вёсцы, дзе пражывае сёння 7,5 тысячы студэнтаў, новых сацыяльных і спартыўных аб'ектаў?

— А што хочуць, каб там было, самі студэнты? — пытаннем на пытанне адказаў Уладзімір Кухараў. — Мяркую, што моладзь павінна ініцыіраваць і ўносіць свае прапановы. Што яшчэ трэба зрабіць, каб палепшыць умовы для пражывання, самаразвіцця і актыўнага адпачынку ў Студэнцкай вёсцы? Мы гатовы вас выслухаць. Калі ёсць ідэі, заўсёды адгукаемся на іх. Так, напрыклад, на стадыёне «Трактар» па ініцыятыве Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі з'явіцца маладзёжная пляцоўка. У наступным годзе прапануем усім студэнтам узяць удзел у рэканструкцыі гэтага аб'екта. Плануецца, што яшчэ адна зона для моладзі — крытая пляцоўка для экстрэмальных відаў спорту — будзе пабудавана каля «Мінск-Арэны».

Адказваючы на пытанне студэнткі БДТУ аб планах па азеляненні сталіцы, Уладзімір Кухараў расказаў, што зімой у парку Уга Чавеса пачнуць фарміраваць кроны высаджаных дрэў. У будучыні ў парку з'явяцца пешаходныя дарожкі, месцы адпачынку, дзіцячая пляцоўка. Маштабная рэканструкцыя працягваецца і ў парку імя Паўлава. Акрамя таго, у горадзе з'явіцца некалькі новых алей. Старшыня Мінгарвыканкама запрасіў будучых «зялёных дызайнераў» да ўдзелу ў распрацоўцы праектаў па азеляненні і кветкавым афармленні праспекта, вуліц і паркаў сталіцы.

Уладзімір Кухараў адзначыў, што ўмовы надвор'я сёлета дазваляюць займацца зімовымі відамі спорту: у сталіцы заліта ўжо 50 каткоў, з дапамогай снежных пушак створана лыжная траса ў Вяснянцы. «Будзем ствараць такія ж трасы і ў іншых раёнах сталіцы», — паабяцаў моладзі старшыня Мінгарвыканкама.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота: прэс-служба БДПУ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.