Вы тут

Вольга ГЛУХОЎСКАЯ: «Беларуская “Акадэмкніга” працуе з многімі расійскімі выдаўцамі»


Гэтую кнігарню ў цэнтры Мінска па адрасе праспект Незалежнасці, 72 ведаюць многія пакаленні мінчан. Дарэчы, і не толькі. Разумеючы, што тут можна знайсці практычна любую навінку навуковай, адукацыйнай літаратуры, выдадзеную ў Маскве, Ленінградзе, Новасібірску і нават Уладзівастоку, у ранейшыя часіны ў «Акадэмкнігу» ехалі з усіх гарадоў Беларусі… Увазе чытачоў — гутарка з яе дырэктарам.


— Вольга Мікалаеўна, сетка крам кніжнага гандлю ў Савецкім Саюзе была адной з самых багатых на навуковую кнігу, на асветніцкія выданні… Сёння не ва ўсіх постсавецкіх рэспубліках і, відаць, далёка не ва ўсіх буйных гарадах Расіі засталіся крамы сеткі «Акадэмкніга». Як у Беларусі ўдалося захаваць такі суб’ект кніжнага гандлю?

— Пасля развалу Савецкага Саюза перад «Акадэмкнігай», як і перад многімі іншымі арганізацыямі Беларусі, паўстала пытанне пра самавызначэнне. У пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя крама перажывала складаны час, з’явіліся думкі пра перапрафіліраванне ці закрыццё. Аднак кіраўніцтва кнігарні знайшло магчымасць захаваць сваю дзейнасць, і новым нашым заснавальнікам стала Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Хачу адзначыць, што і сёння РУП «Акадэмічная кніга» з’яўляецца цалкам дзяржаўнай крамай. А, працуючы пад кіраўніцтвам нашых аўтарытэтных акадэмікаў, ні пра якую змену ў напрамку дзейнасці супрацоўнікі і не думалі. «Акадэмкніга» стала самым папулярным месцам набыцця кніг для студэнтаў, выкладчыкаў, работнікаў Акадэміі навук. Сёння «Акадэмічную кнігу» ведаюць не толькі жыхары Мінска, але і кнігалюбы ўсёй Беларусі. Даволі часта мы чуем прыемныя водгукі пра нашу працу і ад замежнікаў.

— «Акадэмкніга» ўваходзіць у структуру Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у якой ёсць і сваё выдавецтва — «Беларуская навука»… Вы, наколькі я разумею, базавая крама для гэтага выдавецтва?

— Мала таго, што сапраўды з’яўляемся базавай для акадэмічнага выдавецтва, сталі яшчэ і «добрымі сябрамі». Супрацоўнікі аддзела маркетынгу, рэдактары часта цікавяцца меркаваннем нашых спецыялістаў пра свае выданні, пра попыт на іх, атрымліваюць праз нас зваротную сувязь з пакупнікамі. Часта праводзім сумесныя прэзентацыі і выстаўкі-продажы, што вельмі станоўча і рэзультатыўна адлюстроўваецца на нашай працы.

— Па-ранейшаму ў «Акадэмкнігу» ў пошуку літаратуры, неабходнай для навуковай працы, ідуць вучоныя, акадэмічныя і ўніверсітэцкія даследчыкі з розных галін ведаў. Але ж беларускія выдавецтвы, вядома, не адлюстроўваюць усю палітру навуковых выданняў, кніжнай навуковай праблематыкі на рускай мове… Як паспяваеце рэагаваць на запыт такога пакупніка?

— Праца супрацоўнікаў нашай крамы выбудавана так, што рэагуем на запыт любога кліента. Ёсць магчымасць асабіста ці дыстанцыйна пакінуць заяўку на любое выданне, якое выйшла ў Беларусі або Расіі, і спецыялісты пастараюцца яе выканаць.

— З Мінска, з Беларусі можна ўяўляць, што адбываецца ў кнігавыдавецкім свеце Расійскай Федэрацыі?

— Крама працуе з многімі расійскімі выдавецтвамі. Тэндэнцыя, якую назіраем апошнім часам, — скарачэнне выдавецтваў, асабліва звязаных з навуковымі выданнямі, ці аб’яднанне некалькіх у адно буйное прадпрыемства. Адзначаецца і скарачэнне колькасці кніг, якія выдаюцца, змяншаюцца іх тыражы. Канешне ж, у такім разе растуць цэны: ролю адыгрываюць затраты на паліграфічныя паслугі, паперу. І пры гэтым хацелася б заўважыць, што ў Беларусі вялікая колькасць кніг, у тым ліку і ў выдавецтве «Беларуская навука», выходзіць пры фінанасвай падтрымцы дзяржавы.

Што, безумоўна, робіць выданні больш даступнымі і прывабнымі для пакупнікоў.

— Ці гандлюеце навуковай літаратурай на англійскай, нямецкай і іншых мовах?

— Сёння вялікая колькасць кніг у Беларусі выходзіць на некалькіх мовах адразу. Самыя распаўсюджаныя — беларуская, руская, англійская, кітайская і іншыя. У нашай краме шырока прадстаўлена мастацкая літаратура на мове арыгінала. Яна карыстаецца попытам у тых, хто вывучае замежныя мовы.

— Ведаю, што ў «Акадэмкнізе» часта праводзяцца прэзентацыі, аўтограф-сесіі. Наколькі ахвотна пагаджаюцца на правядзенне мерапрыемстваў пісьменнікі, аўтары кніг? І што даюць такія сустрэчы для вырашэння асноўнай задачы крамы — прадаць кнігі?

— Сучасная «Акадэмічная кніга» — гэта больш, чым крама. На мой погляд, нам удалося стварыць аўтарытэтную пляцоўку, дзе змогуць сустрэцца і пагутарыць, абмяняцца думкамі пісьменнікі і чытачы, вучоныя, журналісты, выдаўцы. Далёка не кожны аўтар адразу прымае нашу прапанову аб правядзенні таго ці іншага мерапрыемства. У некага зусім іншыя планы, нехта хацеў бы правесці сустрэчу ў іншым месцы. Нехта баіцца, што не зможа сабраць пэўную колькасць удзельнікаў сустрэчы. На прэзентацыях, акрамя рэалізацыі кніг, нашай важнай мэтай з’яўляецца бліжэй пазнаёміць чытача з пісьменнікам, зрабіць магчымым дыялог і непасрэднае стасаванне, каб не крытык і літаратуразнаўца, а якраз сам аўтар змог растлумачыць сэнс і ідэю сваёй творчасці. Праз сацыяльныя сеткі чытачы прызвычаіліся кантактаваць з аўтарамі кніг, сачыць за іх творчым і асабістым жыццём, а нашы сустрэчы яшчэ больш умацоўваюць і развіваюць гэтыя стасункі.

— Якое месца ў дзейнасці «Акадэмкнігі» займае рэклама? Якімі навацыямі маглі б пахваліцца?

— Асноўным месцам нашай рэкламы з’яўляюцца сацыяльныя сеткі. Гэта незатратная і аператыўная магчымасць расказаць пра кніжныя навінкі і акцыі. Практыкуем і рэкламу ў газетах, на радыё, на парталах нашых партнёраў. Сёлета адкрылі ўласную інтэрнэт-краму, што дазволіла прадаваць кнігі і за межы Беларусі. Вялікую ўвагу надаём ратацыі плакатаў пра нашы найлепшыя выданні, якія размяшчаюцца на вітрынах. Іх колькасць набліжаецца да 20. Гэта адзін з самых эфектыўных відаў рэкламы ў кніжнай краме, асартымент якой перавышае 40 000 назваў кніг у адначассе.

— Вы шмат гандлюеце і мастацкай літаратурай... Гэтая частка работы носіць сістэмны характар?

— Так, у краме ёсць аддзел мастацкай літаратуры. Але асноўная ўвага ў ім — дзіцячым кнігам і кнігам беларускіх аўтараў. Увогуле, самым важным кірункам у сваёй дзейнасці супрацоўнікі крамы бачаць папулярызацыю  беларускіх аўтараў і кніг на беларускай мове, хаця іх прысутнасць у асартыменце значна саступае кнігам расійскіх выдавецтваў і на рускай мове.

— Не спрабавалі займацца выязным гандлем?

Ці ёсць для гэтага магчымасці непасрэдна ў крамы? Маюцца якія-небудзь умовы ўвогуле, каб і такім чынам прапагандаваць кнігу?

— Крама выкарыстоўвае кожную магчымасць як мага бліжэй прыйсці да чытача. Мы імкнёмся практычна заўсёды адгукацца на прапановы аб супрацоўніцтве, прымаем удзел у абслугоўванні прэзентацый, навуковых семінараў і канферэнцый. Практыкуем паездкі ў іншыя гарады Беларусі для арганізацыі кніжнага гандлю. Магчымасці ў крамы не такія і вялікія, але ёсць энтузіязм, жаданне, таму ў нас практычна не бывае невырашальных задач.

— А што вы асабіста чакаеце ад выдавецтваў, ад пісьменнікаў? Якой кнігі, на ваш погляд, не хапае ў гандлі? Якой не хапае вам як чытачу?

— Ад выдаўцоў і пісьменнікаў чакаем як мага болей новых карысных, разумных кніг. Хацелася б бачыць найчасцей новыя кнігі на беларускай мове, прысвечаныя гісторыі і сучаснасці нашай краіны, хаця ў ідэальным варыянце хацелася б бачыць гэтыя выданні і на рускай, і на беларускай мовах. Вялікі абсяг працы чакае нашых перакладчыкаў, таму што ў продажы патрэбны і класіка, і дзіцячая літаратура, і кнігі сучасных аўтараў — у арыгінале і на беларускай мове.

Думаю, што ўсё ж не хапае кніг па вывучэнню беларускай для зусім маленькіх, якія толькі пачынаюць вучыцца чытаць. Як і па гісторыі краіны, адрасаваных маленькім чытачам.

— І ўсё ж якія вашы асабістыя чытацкія прыхільнасці?

— Занятасць на працы і тое, што я з’яўляюся мамай траіх дзяцей, часу на чытанне мне не асабліва пакідаюць. Шмат што паспела прачытаць, калі вучылася на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Зараз болей увагі аддаю чытанню твораў сучасных пісьменнікаў, паколькі з многімі з іх — спецыфіка маёй працы — патэнцыяльна магу яшчэ і сустрэцца. Канешне, дома разам чытаем шмат дзіцячых кніг. Пераканана, што прывіць дзецям любоў да кнігі і звычку чытаць папяровае выданне можа толькі сям’я.

— Сёння часта гавораць пра тое, што засталіся галоўныя чытачы — дзеці… Ці згодны з гэтым?

Наколькі ўважліва вы як гандлёвы работнік сочыце за дзіцячым кнігавыданнем?

— Вядома, шмат увагі ў рабоце аддаём менавіта дзіцячай літаратуры, хаця наша крама ўсё ж для дарослых чытачоў. У пакупнікоў склаўся пэўны стэрэатып, улічваючы нашу назву. Але па школьную літаратуру многія прыязджаюць да нас з іншых раёнаў горада, і не толькі з Мінска, паколькі ў краме заўсёды можна атрымаць кваліфікаваную кансультацыю па любой літаратуры і выбраць патрэбны дапаможнік. Вядзецца работа і з аўтарамі дзіцячых кніг. Ладзяцца прэзентацыі, аўтограф-сесіі, майстар-класы, старты продажаў новых выданняў. Наш клопат — вырасціць, выпеставаць новага разумнага і эрудзіраванага чытача, а гэта зрабіць можна толькі праз любоў да роднай літаратуры і праз творчасць класікаў і мэтраў беларускай літаратуры.

— Дзякуй, Вольга Мікалаеўна! Поспехаў вам, новых і новых пакупнікоў «Акадэмкнізе»!

Гутарыў Мікола БЕРЛЕЖ

Фота Кастуся Дробава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.