Вы тут

«Сімбіёз шансона і балалайкі»


Іх дзяцінства прайшло ў шматдзетных сем'ях. Ён нарадзіўся ў Смаргоні, а яна — на Мастоўшчыне. Маім героям пашанцавала, бо кожнага з іх у свой час падтрымалі бацькі, заўважылі іх прагу да музыкі, паспрыялі ў жаданні развівацца ў гэтым кірунку. Менавіта любоў да сцэны аднойчы падарыла маладым людзям сустрэчу, пасля якой яны ўжо ніколі не расставаліся. Аляксандр і Святлана Варанішчы — творчая сямейная пара, якая жыве ў Гродне і выступае з аўтарскімі праграмамі не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Як кажа сама Святлана, у іх узаемадапаўняльны дуэт: ён — інструменталіст, знакаміты балалаечнік-віртуоз, а яна — выканальніца народнага шансона.


Аляксандр упершыню пазнаёміўся з балалайкай у пяць гадоў, калі... малатком разбіў гітару бацькі. Дарэчы, тата суразмоўніка ў маладосці іграў на розных інструментах. Дык вось тады ў краме не аказалася гітары, і Уладзімір Аляксандравіч набыў балалайку. Герой і цяпер памятае тое адчуванне, калі ўзяў у рукі інструмент і пачаў спрабаваць нешта на ім іграць. «Напэўна, — згадвае Аляксандр, — мне тады спадабалася яго гучанне». Пасля маці адвяла яго ў музычную школу. Галіна Браніславаўна хацела, каб сын навучыўся іграць на скрыпцы, як іх суседка. Аднак на пытанне настаўніка, куды хлопчык хоча запісацца, ён рашуча адказаў: «На балалайку». Аляксандр удзячны маці за тое, што яна не стала пярэчыць і дазволіла самому вырашаць свой лёс. «З тых часоў я прапагандую балалайку, хачу даказаць, што не толькі частушкі на ёй іграюць, а можна сыграць усё. Цяпер яна — мой асноўны інструмент, хоць я ўмею іграць практычна на ўсіх», — расказвае музыкант і дадае, што менавіта балалайка — яго прызванне.

Віртуоз выконвае не толькі народныя творы, яму падабаецца класіка, рок, усё — ад эпохі барока і да сучаснасці. Музыкант расказвае, што валодае так званай дробнай тэхнікай на балалайцы. «У мяне «фішка» — нават быў рэкорд падчас навучання ў лідскім музычным вучылішчы: я выканаў на балалайцы «Палёт чмяля» за 48 секунд, і да гэтай пары, напэўна, ніхто мяне не перайграў». Пасля вучобы будучы артыст адслужыў у арміі. Паступіў у гродзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы на факультэт мастацтваў і дызайну, дзе атрымаў спецыяльнасць дырыжора, выканаўца і выкладчыка.

Святлана звязана з музыкай таксама з маленства. Яна прыгадвае, як станавілася каля люстэрка, брала расчоску і ўяўляла, быццам бы трымае мікрафон, спявала песні, рабіла дзённікі, запісвала тэксты. Тады дзяўчынка не бачыла сябе ні ў якай іншай прафесіі, акрамя спявачкі. «Пасля ўжо зразумела, што для гэтага трэба ведаць ноты». Музычную школу не заканчвала, бо там, дзе я вырасла, яе не было», — канстатуе артыстка. Святлана ўдзельнічала ва ўсіх школьных мерапрыемствах, і калі надышоў час паступаць, выбрала гродзенскі педагагічны каледж. Вучылася на музычным аддзяленні, атрымала спецыяльнасць дырыжора, харавіка і музычнага кіраўніка. Аднак гэтага дзяўчыне было мала — вырашыла ісці ва ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Паступіла на той жа факультэт мастацтва і дызайну, што і Аляксандр, пасля перавялася на факультэт народнай творчасці, бо, як гаворыць сама спявачка, інструмент для яе быў не настолькі важны, як вакал. «Вывучаючы акадэмічныя спевы ў каледжы, пасля два гады ва ўніверсітэце, я пачала спасцігаць народную манеру выканання, іншымі словамі, фарміравала крыху іншую падачу ў голасе», — дзеліцца Святлана.

Менавіта калі дзяўчына пераводзілася з адной спецыяльнасці на іншую, трапіла на адзін курс з Сашам — так і адбылося іх знаёмства. Маладыя людзі адразу пасябравалі і прасядзелі за адной партай увесь час навучання. Святлана ўспамінае, як пісала для свайго суседа курсавыя, перапісвала за яго канспекты, пакуль віртуоз Варанішча гастраляваў. Студэнтам ён ездзіў выступаць у Маскву на перадачу «Аншлаг», іграў на «Славянскім базары», даваў сольныя канцэрты.

«Мяне заўсёды не было, яна ўсё рабіла за мяне», — смяецца Аляксандр і прыгадвае, як потым разам працавалі ў ансамблі танца, музыкі і песні «Белыя росы», у абласной Гродзенскай філармоніі пачыналі сольную праграму, з якой ездзілі па гарадах.

Паміж сужэнцамі няма месца для творчага саперніцтва. На іх думку, яны дапаўняюць адно аднаго ў творчасці: Аляксандр іграе не толькі сольна — акампаніруе Святлане, яна ж спявае ў дуэце, сольна, выконвае не толькі ролю артысткі, але і стыліста, і касцюмера, з нядаўняга часу пачала выступаць як вядучая мерапрыемстваў. Артыстка расказвае, што паралельна з вучобай ва ўніверсітэце займалася эстраднымі спевамі пры гарадскім цэнтры культуры. «Карацей, мне трэба было паспрабаваць усё, — згадвае яна. — І на цяперашні момант для сябе я сфарміравала такі жанр, як народны шансон, — сінтэз народнага, эстраднага, дзесьці акадэмічнага вакалу, так бы мовіць, стварыла такі сімбіёз», — тлумачыць вакалістка. У такім жанры і падачы Святлана выконвае свае аўтарскія песні. Яны ў асноўным пра жыццё і каханне. Вядомы стэрэатып, што жанр шансона — для абмежаванага кола людзей, спявачка імкнецца змяніць, надаючы кожнаму свайму твору пэўнае эстраднае адценне.

У пары ёсць і сольныя, і сумесныя нумары. Дуэт сям'і Варанішчаў нарадзіўся ў 2018-м з іх кампазіцыі «Балалаечнік». Якраз у год нараджэння сына Уладзіслава Святлана натхнёна пачала пісаць свае аўтарскія кампазіцыі, у дэкрэце з'явілася дзевяць песень. Аляксандр успамінае, як Уладзіку было два годзікі, калі ён выйшаў упершыню з імі на сцэну. «Гэта было выступленне ў санаторыі. Сыночак вытрымаў цэлую гадзіну», — усміхаецца малады бацька.

Цяпер песні сямейнага дуэта можна пачуць на радыёстанцыях і ўбачыць на ТБ «Шансон» — найбольш вядомыя з іх «Трэці тост», «Ты і я», «Мілы мой», «Неба», «Сям'я Варанішчаў, альбо Песня нас знойдзе». Апошняя была створана ў 2018 годзе, а ў 2020-м гэта кампазіцыя дапамагла пры ўдзеле ў гарадскім сямейным конкурсе «Брэнд маёй сям'і», дзе музыканты занялі першае месца.

У пары ёсць свой дом за горадам, дзе, дарэчы, размяшчаецца і студыя, там яны любяць праводзіць час, пачынаючы з ранняй вясны і да позняй восені. «Цяпер канцэртаў няма, дома займаюся музыкай гадзіну-дзве, зараз вось жонка прыехала, рыхтуе новую песню, — расказвае Аляксандр, — трэба ёй бэк-вакал напісаць, а яна мяне будзе рыхтаваць», — усміхаецца артыст. Святлана дадае, што ў сярэднім спевамі займаецца гадзіну, каб не стаміўся голас, спыняецца на асноўных момантах, таму пара рэпеціруе з перапынкамі. А ўвогуле, лічыць яна, нават для рэпетыцый неабходна натхненне.

Паўтара года таму Аляксандр ездзіў на «Петрасян-шоу», здымаўся ў Рэгіны Дубавіцкай, выступаў у дуэце са Святаславам Ешчанкам. Дома, у Беларусі, дуэт сям'і Варанішчаў запрашаюць у музычныя школы, каб паказаць сваё майстэрства, стаць прыкладам для маладых творцаў, сваёй творчасцю дуэт упрыгожвае гарадскія і рэспубліканскія святы.

Галоўнае, чаго жадаюць Аляксандр і Святлана, каб у душах людзей пасля іх канцэртаў заставалася адчуванне радасці і пазітыву. «Хочацца, каб людзі прыходзілі на канцэрты, а пасля неслі дамоў добрыя думкі, хочацца дарыць усмешкі, для гэтага творчасць і існуе», — гаворыць Святлана.

Цікава, а колькі патрэбна балалаек для віртуознай ігры і сапраўднага шоу? «У мяне іх шэсць, — адказвае музыкант, — дзве электрабалалайкі, яны зручныя для эстрадных канцэртаў, і тры акустычныя — на іх я іграю класіку пад раяль і выкарыстоўваю ў студыі гуказапісу. Чацвёртая імянная — што тата тады прынёс з крамы, яна была ўсюды са мной, нават падчас службы ў арміі. Памятаю, — расказвае Аляксандр, — у нас там яшчэ і баяніст быў, спявалі ваенныя песні. Так што са мной у пяхоце быў не толькі кулямёт, але і балалайка. — Цяпер яна адрэстаўрыраваная і знаходзіцца на нашай «фазэндзе». Вісіць на сценачцы, на ёй напісана «Аляксандр Варанішча». Напэўна, пасля маёй смерці яна будзе дорага каштаваць», — смяецца віртуоз.

Напрыканцы нашай размовы пытаюся ў суразмоўнікаў наконт піяру і рэкламы. Аказваецца, нядаўна ў іх з'явіўся свой канцэртны дырэктар — Алеся Кузняцова з Мінска. Раней прыходзілася займацца прасоўваннем адно аднаго самім.

У Варанішчаў шмат планаў, у 2019-м яны многа працавалі, быў шчыльны графік, аднак разагнацца як след не дала пандэмія. Але, як кажуць самі артысты, не сумуюць. Цяпер музыканты думаюць наконт выпуску першага сумеснага дыска, шмат над гэтым працуюць, мараць адкрыць сваю студыю.

Надзея ЗУЕВА

Фота з архіва герояў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.