Вы тут

Уладзімір Мішчанчук: Марым аб брыльянтавым вяселлі


«Вечна тваім застанецца толькі тое, што ты аддаў» — так казаў Уладзімір Караткевіч. Гэтай думкі, гэтага выказвання прытрымліваецца ў жыцці і творчасці мой суразмоўца — заслужаны артыст БССР, дэкан тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прафесар Уладзімір МІШЧАНЧУК. Яго творчае і асабістае жыццё цесна перапляліся. У шлюбе ён ужо больш за паўстагоддзя, сотні разоў выходзіў на сцэну разам са сваёй жонкай Людмілай Кучарэнкай. Цяпер яны — таксама разам — гадуюць новае пакаленне беларускіх тэатральных артыстаў.


— Уладзімір Андрэевіч, якім для вас быў мінулы год і як для дэкана тэатральнага факультэта БДАМ і вядучага майстра сцэны Тэатра-студыі кінаакцёра пры кінастудыі «Беларусьфільм», і як для мужа, бацькі, дзядулі і прадзядулі?

— Спачатку хачу падзякаваць вам і рэдакцыі газеты «Звязда» за ўвагу да маёй персоны! Мінулы год? Вы ведаеце, тры рэчы ў нашым жыцці ніколі не вяртаюцца: выпушчаная страла, сказанае слова і пражытыя гады. Наша жыццё — не тыя дні тыдня, месяцы, што мы пражылі, а тыя, што запомніліся. Як для дэкана тэатральнага факультэта, або «бацькі вялікай сям'і», як мяне называюць, гэта быў год плённы ў навучальным, творчым, пазнавальным і духоўным плане, нягледзячы на пандэмічныя і іншыя катаклізмы. Няхай у рэжыме анлайн, але мы працягнулі ўдасканальваць нашы міжнародныя сувязі з тэатральнымі школамі Расіі, Малдовы, Украіны. Набор новых абітурыентаў і выпуск маладых спецыялістаў прайшлі на высокім узроўні пры стапрацэнтным размеркаванні. Гэта дастаткова важныя дзяржаўныя справы. Што датычыцца майго творчага жыцця і дзейнасці ў Тэатры-студыі кінаакцёра, таксама хацелася б выказаць падзяку кіраўніцтву тэатра за магчымасць творча рэалізоўваць сябе, дырэктару Але Сцебаковай і, вядома ж, мастацкаму кіраўніку тэатра народнаму артысту Беларусі Аляксандру Яфрэмаву, калектыву тэатра. У мяне ў рэпертуары на сёння 10 назваў розных спектакляў, і практычна ў кожным галоўныя ролі. Гэта «Пігмаліён», «Хто смяецца апошнім», «Механічны чалавек», «Безыменная зорка», «На ўсякага мудраца даволі прастаты», «Забыцца Герастрата», «Фальшывая нота» і іншыя. У Акадэміі мастацтваў, дзе я працую ўжо 35 гадоў, мяне называюць «трэнер, які іграе». Я чалавек не супакоены. Мусіць, таму так доўга жыву... Яшчэ не ўсё паспеў, не ўсё зрабіў... Хоць зроблена нямала, сыграна больш за сотню роляў у тэатры, кіно, на тэлебачанні і радыё. Скажу шчыра, для мяне наша Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў і Тэатр-студыя кінаакцёра непадзельныя, гэта мой другі дом. Тэатру служу больш за 55 гадоў. Ніколі яму не здраджваў і не здраджу, пакуль буду жыць! Для акцёра галоўнае — быць запатрабаваным. Я ўдзячны Богу і лёсу за гэты бясцэнны падарунак!

— Вы нарадзіліся ў простай сялянскай шматдзетнай сям'і на Палессі. А якая ў вас сям'я цяпер?

— Так, маё дзяцінства прайшло ў Драгічынскім раёне ў вёсцы Валавель. Нас было шасцёра. Мама і тата, простыя малаадукаваныя сяляне, рабілі ўсё, каб мы выраслі найперш людзьмі. Тата прайшоў вайну, ваяваў пад камандаваннем Канстанціна Ракасоўскага, потым Георгія Жукава, пасля вайны быў конюхам у калгасе. Ніколі не забуду, як вучыў нас з братам Мікалаем касіць, заграбаць сена, араць зямлю, капаць торф, ездзіць вярхом на конях. Аднойчы ён сказаў: «Хлопцы мае, хачу, каб па гэтым жыцці вы да сваёй мэты ехалі на трох конях, якіх клічуць Сумленне, Міласэрнасць і Сорам!» Гэтага пастулата прытрымліваюся ўсё сваё жыццё. І яшчэ памятаю, як мама пашыла мне торбачку цераз плячо для школьных сшыткаў і буквара, калі я ішоў у першы клас... Каб не разгубіў сшыткі, каб сумачка не раскрывалася, яна папрасіла ў таты гузік ад шыняля, які вісеў у сенцах хаты, якім на зіму мама накрывала дзежы з салам, саленнямі. І прышыла яго да гэтай сумкі. Калі я ішоў па вуліцы, мне здавалася, што ўсе людзі глядзяць на гэты «залаты» гузік з зоркай. Яна асвятляе мой жыццёвы шлях да сённяшняга дня.

Мая сям'я таксама не маленькая. У нас з маёй жонкай Людмілай Кучарэнка двое дзяцей: Андрэй і Кацярына, двое ўнукаў і двое праўнукаў, але яшчэ, як кажуць, не вечар. Калі нам было на дваіх 100 гадоў, мы абвянчаліся ў царкве. Мы Львы, нарадзіліся 3 і 5 жніўня ў адзін год — 1946-ы.

Дзецям сваім мы далі вышэйшую адукацыю. Сын Андрэй скончыў нашу Акадэмію мастацтваў, мае спецыяльнасць «Рэжысёр тэлебачання». У яго зараз свой бізнес, ён ужо дзядуля, а мы, адпаведна, сталі прадзедам і прабабуляй.

Дачка Кацярына пачала вучыцца музыцы тут, у каледжы пры Акадэміі музыкі, але потым яе запрасілі ў школу пры Маскоўскай кансерваторыі па класе скрыпкі. Там жа яна атрымала вышэйшую музычную адукацыю, працавала ў Вівальдзі-аркестры пад кіраўніцтвам народнай артысткі Расіі Святланы Бязроднай, потым прайшла конкурс у аркестр «Новая Расія» пад кіраўніцтвам народнага артыста СССР Юрыя Башмета. Аб'ездзіла ўвесь свет, зараз воляй лёсу вярнулася дадому, у Мінск, працуе ў Дзяржаўным камерным аркестры Беларусі, займаецца педагагічнай дзейнасцю, выхоўвае сына. Нікан пайшоў па мамінай сцежцы. Ужо, як і маці, лаўрэат міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, пераможца Рэспубліканскага тэлевізійнага конкурсу «Талент краіны», нядаўна стаў лаўрэатам Дэльфійскіх гульняў, якія праходзілі ў Маскве. Ганаруся тым, што ён іграе са мной у тэатры ў спектаклі па п'есе французскага драматурга Дзідзье Карона «Фальшывая нота», дзе з намі на адной сцэне мой вучань, выдатны акцёр Сяргей Лапаніцын. Памятны мінулы год будзе тым, што на VІ Рэспубліканскім тэатральным конкурсе «Нацыянальная тэатральная прэмія» гэтая пастаноўка перамагла ў намінацыі «Найлепшы спектакль для вялікай сцэны», а я асабіста ўдастоены дыплома «За найлепшую мужчынскую ролю». Гэтую прэмію я называю беларускі Оскар! На XІX Міжнародным тэатральным форуме ў Маскве «Залаты Віцязь» гэты ж спектакль атрымаў найвышэйшую ўзнагароду Міжнароднага журы — «Залаты дыплом» у намінацыі «За найлепшы акцёрскі дуэт».

З дач­кой Ка­ця­ры­най і ўну­кам Ні­ка­нам.

— Мы далучаемся да віншаванняў і рады гэтай высокая адзнацы вашай творчасці! Але зноў хачу вярнуцца да спраў сямейных.

— Сям'я ў маім разуменні — вялікая будаўнічая пляцоўка, дзе ёсць свае архітэктары, інжынеры, будаўнікі і проста працоўныя. Хто і як тут выконвае сваю ролю, залежыць ад абставін, умоў і магчымасцяў. Кожны чалавек гаспадар свайго лёсу... Мы з Людмілай будуем нашу сям'ю да сённяшняга дня вось ужо 52 гады, у сакавіку 2022 года будзе 53! Марым аб брыльянтавым вяселлі... Жартую!

— Сябры і знаёмыя называюць вашу сям'ю італьянскай. Чаму?

— Мусіць, таму, што сярод творчых сем'яў жыць і тварыць столькі гадоў — рэдкасць і таму, што мы эмацыянальныя, не супакоеныя. Разам працуем у акадэміі, выпусцілі не адзін курс у нашай творчай майстэрні. Людміла — цудоўны педагог, дацэнт, шмат здымаецца і здымалася ў кіно, працавала ў тэатры. Многія пытанні вырашаем часам бурна, разводзімся, потым, натуральна, сыходзімся, адыходзім, прызнаючы сваю гарачнасць або памылку. Я не веру, што ёсць сем'і, у якіх усё гладка, усё складна, суцэльная ідылія. Гэта хутчэй паказуха!

— З Людмілай Пятроўнай вы пазнаёміліся ў 60-я гады тут, у Мінску, потым быў Гродзенскі тэатр, потым вас перавялі на работу ў БДТМІ — цяперашнюю Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў?

— Гэта асаблівая старонка ў нашым жыцці. Я паступаў у тэатральны інстытут двойчы. Першы раз прыехаў паступаць, а іспыты ў ліпені, мне яшчэ не было 16 гадоў. Потым яшчэ раз паступаў, і вось тут, пры чытанні загада аб залічэнні я, як кажуць, нос у нос сутыкнуўся з Людмілай каля дошкі аб'яў, дзе і ўбачылі свае прозвішчы. Вось тут адбыўся вокамгненны разрад, мы кінуліся адзін да аднаго, крычалі, абдымаліся, цалаваліся, лаяліся нецэнзурнымі словамі... І вось ужо 52 гады гэты вокамгненны разрад рэхам адгукаецца ў нашым паўсядзённым жыцці. Студэнцкія гады — гэта сон, казка, пакуты творчасці, пошук сапраўднага я, сумненні і расчараванні, радасць ад першых поспехаў. Усё дзялілі з ёй разам, гора і радасці. Мяне пакідалі працаваць у Мінску ў Тэатры юнага гледача, я ўжо рэпеціраваў там галоўную ролю. Рэжысёр Барыс Ганага сказаў, маўляў, толькі да нас, Барыс Луцэнка з Рускага тэатра імя М. Горкага сказаў тое ж самае. Я ў Барыса Іванавіча іграў у ягоным спектаклі... У Людмілы таксама быў выбар... Ехаць на Поўнач у ваенны тэатр ці ў Гродзенскі абласны драматычны тэатр. Рэктар адгаварыў яе ад Сібіры, і яна падпісала размеркаванне ў Гродна. Натуральна, я адмовіўся ад размеркавання ў Мінску і папрасіў размеркаваць мяне ў Гродзенскі абласны драматычны тэатр, куды ехалі чатыры нашы выпускнікі і Людміла ў тым ліку. Галоўны рэжысёр Гродзенскага тэатра, заслужаны дзеяч мастацтваў РСФСР Аляксандр Пятровіч Струнін сказаў, што ў яго няма больш месцаў. Я маліў: «Вазьміце хоць кім-небудзь!», і ён узяў — рабочым сцэны. Я пагадзіўся і амаль два месяцы быў на гэтай стаўцы, а потым з'явілася магчымасць перайсці ў акцёрскую трупу.

— У Гродна вы, 27-гадовы, былі самым маладым дырэктарам тэатра ў Савецкім Саюзе. Да таго часу ўжо ажаніліся?

— Так. Мы былі вельмі занятыя ў рэпертуары, ігралі шмат роляў практычна кожны вечар. Таму вяселле адгулялі ў адзіны выхадны дзень — панядзелак. Тэатр падарыў нам тахту, таршэр і касетны прыёмнік. Тое, што мы вельмі хацелі! Госці, якія прыйшлі на вяселле, сваякі, знаёмыя таксама былі з падарункамі. Мы адзначалі вяселле ў кафэ «Бярозка», што на вуліцы Горкага ў Гродне, і падарункі складалі ў гардэробе. Пасля вяселля іх не знайшлі. На жаль, а можа, на шчасце.

З уну­кам у спек­так­лі «Фаль­шы­вая но­та».

Потым Людміла зацяжарыла, а мяне і майго аднакурсніка Уладзіміра Шмакава забралі на год служыць у войска, у Ордэна Леніна Ленінградскую ваенную акругу ў мястэчка Наваселіцы, што пад Ноўгарадам. Палову года правялі ў вучэбцы, а потым ужо служылі па спецыяльнасці радыст. І яшчэ нас прызначылі ў салдацкі клуб, дзе мы ўзнялі самадзейнасць на высокі ўзровень. Успамінаю, што да стагоддзя У. І. Леніна выступалі ў Доме афіцэраў Ленінграда так удала, што нам прапанавалі застацца там служыць з прысваеннем лейтэнанцкага звання. Аднак мы з Уладзімірам пасля службы адправіліся ў родны тэатр.

У мяне была і чыста сямейная прычына вярнуцца ў Гродна. Людміла, як дзекабрыстка, прыязджала да мяне ў частць незадоўга да родаў перад Новым годам, а ў студзені з'явіўся наш сын Андрэй!

Мы былі маладымі бацькамі, калі абкам партыі, упраўленне культуры вобласці на агульным сходзе прапанавалі маю кандыдатуру на пасаду дырэктара тэатра. Гэта як гром з яснага неба.... Калектыў тэатра аднагалосна прагаласаваў «за». Адразу ж прынялі кандыдатам у партыю. Усяму прыйшлося вучыцца самому, прапанаваў запрасіць новага галоўнага рэжысёра тэатра. Тады бліскуча працавалі ў Мінску Валерый Раеўскі і Барыс Луцэнка, а ў Магілёве — Уладзімір Караткевіч. На шчасце, Уладзімір Аляксандравіч пагадзіўся. Пачаўся перыяд рэнесансу ў Гродзенскім тэатры: мянялі рэпертуар, работу з гледачом, з моладдзю, удзялілі ўвагу матэрыяльна-тэхнічнай базе і сталі адным з найлепшых абласных тэатраў у БССР. Усе пераходныя Чырвоныя сцягі былі ў нас! Удзячны лёсу за гэтае выпрабаванне! Больш за 15 гадоў прапрацавалі там, паспелі пабудаваць новы будынак тэатра, які з'яўляецца зараз візіткай Гродна, абнавілі трупу, гастрольныя маршруты і шмат іншага.

У Гродне нарадзілася наша дачушка Кацярына. Калі ёй было 11 гадоў, паступіла прапанова пераехаць у Мінск у БДТМІ на пасаду загадчыка кафедры майстэрства акцёра і рэжысуры. Выклікалі мяне некалькі разоў у Міністэрства культуры для перагавораў і ў ЦК Кампартыі БССР для вырашэння гэтага пытання. Усё гэта было няпроста, але ў 1985 годзе мы развіталіся з тэатрам і горадам Гродна і пераехалі ў Мінск.

І зноў усё спачатку. Новыя абавязкі, новыя ўмовы, зноў інтэрнат пасля чатырохпакаёвай кватэры, новыя праблемы, новыя задачы. Удзячны Богу і сваёй жонцы, дзецям, сябрам, якія словам і справай падтрымлівалі і давалі Надзею і Веру. І вось ужо 35 гадоў мы тут! З іх пяць гадоў быў загадчыкам кафедры майстэрства акцёра і рэжысуры, а калі кафедру падзялілі на дзве, мяне абралі дэканам тэатральнага факультэта, дзе служу, дзякуй богу, па сёння. Бязмерна ўдзячны кіраўніцтву акадэміі, якое было і якое ёсць зараз, асабіста Міхаілу Рыгоравічу Баразне, якія давалі і даюць мне магчымасць творча рэалізаваць сябе ў тэатры, кіно, на радыё і тэлебачанні.

— Уладзімір Андрэевіч, летась вы былі шчыльна занятыя ў новых тэлевізійных праектах, такіх знакавых, як хранікальна-дакументальныя серыялы «Крылы перамогі» і «Партызанскі рубеж». Вы шмат здымаліся ў ігравым кіно. Перыядычна мы бачым вас у расійскіх серыялах, нядаўна прайшлі па розных каналах «Экспрапрыятар», «Тонкі лёд», «У цеснаце, ды не ў крыўдзе», «Безыменная вышыня», «У чэрвені 41-га». Як зараз справы з тэле- і кіназдымкамі?

— Да згаданых дакументальных серыялаў дадам знятыя на АНТ фільмы «Рана на целе Беларусі» і «Тры дні свабоды». Гэтыя карціны мне дарагія тым, што заснаваны на дакладных звестках, якія доўгі час належалі выключна архівам. Гэта частка нашай гістарычнай праўды пра Вялікую Айчынную вайну, пра нашых лётчыкаў і партызанскі рух у гады ліхалецця. Усе гэтыя работы атрымалі добрую адзнаку гледачоў. Людзі пазнавалі і пазнаюць мяне на вуліцы, у метро, трамваі і дзякуюць за тое, што гэтыя карціны адкрылі для нас новыя факты пра вайну, кажуць, што іх можна паказваць на ўроках гісторыі.

Люд­мі­ла Ку­ча­рэн­ка і Ула­дзі­мір Мі­шчан­чук у роз­ныя га­ды.

Што да кіно... Дзякуй, што памятаеце фільмы з маім удзелам, але гэта ўжо гісторыя... Цяпер, на жаль, усё складана. Здымак мала, ды і эпідэміялагічная сітуацыя нагадвае аб сабе. Веру, што ўсё стабілізуецца з часам. Трэба ўмець чакаць. Вяртаючыся да пачатку нашай гутаркі, хачу сказаць, што мінулы год паказаў, што кінематограф жывы. У гэтым я пераканаўся, калі праходзіў XXVІІ Мінскі Міжнародны кінафестываль «Лістапад», дзе я ўпершыню меў гонар прадстаўляць нашу краіну ў Міжнародным журы ігравога кіно побач з Іванай Жыгон (Сербія), Лю Чжунчжэ (Кітай), Рэнатам Даўлецьяравым (Расія) і іншымі. Хачу сказаць, што ўзровень прадстаўленага на фэсце матэрыялу досыць высокі ў плане духоўным, эксперыментальным, мастацка-выразным. Ёсць надзея!

— Як вы ўсё паспяваеце? Як знаходзіце час для адпачынку?

— Скажу адно: калі чалавек апантаны ідэяй, задачамі, праблемамі, калі ўсё будзе рабіць адказна і з задавальненнем, то паспее зрабіць намечанае. Я яшчэ ўмудраюся пісаць вершы на беларускай і рускай мовах, у вольны час калі-нікалі займаюся мастацкай фатаграфіяй, пішу карціны, выразаю з дрэва, малюю на бяросце.

— Калі ў вас спытаць пра сэнс жыцця?

— Сэнс жыцця бачу ў самаўдасканаленні і, пакуль жывы, веру ў Бога, прытрымліваюся яго запаведзяў. На памылках мы вучымся, на поспехах расцём.

— Ведаю, што вы — чытач «Звязды» са стажам. Напярэдадні Новага года па ўсходнім календары што б вы пажадалі нашым чытачам?

— Пажаданне маё —— усім здароўя, берагчы тое, што маем, любіць і паважаць адно аднаго, не на пустых словах, а на справе любіць сваю зямлю, сваю малую і вялікую Радзіму, нашу гісторыю, а гісторыя належыць таму, хто ахоўвае і шануе мінулае, хто з вернасцю і любоўю звяртае свой позірк туды, адкуль ён з'явіўся, дзе ён стаў тым, хто ёсць!

Маргарыта ДРАЗДОВА

Фота з асабістага архіва Уладзіміра Мішчанчука

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Калі крэдыт патрэбен як паветра. У гэтым пытанні шмат падводных камянёў

Калі крэдыт патрэбен як паветра. У гэтым пытанні шмат падводных камянёў

Зрабіць тэрміновы рамонт, купіць добры халадзільнік замест старога, набыць новую мэблю — планы, знаёмыя многім.

Культура

Уладзімір Мазго: «Маладзечанскі фестываль натхніў мяне на стварэнне новых песень»

Уладзімір Мазго: «Маладзечанскі фестываль натхніў мяне на стварэнне новых песень»

Калі проза — невычэрпная велічная рака, то паэзія — бурлівы неўтаймоўны вадаспад з безліччу гуллівых пырскаў-эмоцый.

Грамадства

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі амаль стагоддзе займаецца папулярызацыяй духоўных і культурных здабыткаў.