Вы тут

Якія існуюць праекты бясплатнага абмена кнігамі і раслінамі?


З кожным годам я ўсё часцей задумваюся над тым, які след, у тым ліку і экалагічны, пакіну пасля сябе. Таму дзень за днём культывую ў сабе свядомае спажыванне і набываю ўсё менш і менш новых рэчаў. Практычна ўсё, што неабходна для дзіцяці, я знаходжу ў суполцы на «Фэйсбуку» «Otdam_darom_by». Ды і сама там рэгулярна раздаю ўсім ахвотным рэчы, якімі з той ці іншай прычыны не карыстаюся. А не так даўно адкрыла для сябе яшчэ дзве цікавыя ініцыятывы — па бясплатным абмене кнігамі і раслінамі.


Заснавальніца «Бібліятэкі раслін» Марыс Мар са сваёй любімай аўкубай Музай Іванаўнай.

Праект «Мне Не Шкада» — для тых, хто любіць чытаць. Але пры гэтым разумее, што кожная кніга — прыродны рэсурс, захаваць які ў нашых сілах. На старонцы праекта ў «Інстаграме» можна даць пачытаць сваю любімую кнігу, а таксама ўзяць чыюсьці, але потым вярнуць. Сярод мноства вокладак маю ўвагу прыцягнуў «Курыны булён для душы», які стаіць у маім чытацкім плане на гэты год. Таму адразу ж напісала «бібліятэкару» Ілоне, і мы дамовіліся пра сустрэчу.

У нашым уяўленні слова «бібліятэка» звязана выключна з кнігамі. Як аказалася, існуе і «Бібліятэка раслін». Гэта яшчэ адна інстаграм-пляцоўка, дзе людзі бясплатна абменьваюцца пакуль што ў асноўным пакаёвымі кветкамі. Ідэя належыць Марыс Мар, заснавальніцы азеляняльнага праекта «Гарадская ферма», якая папулярызуе тэму гарадскіх і пакаёвых агародаў.

Пра «Гарадскую ферму Марыс Мар» я даведалася дзякуючы душэўнай акцыі #расток_дабрыні. Яна праходзіла амаль два гады таму, калі толькі пачалася пандэмія. Каб падтрымаць тых, хто знаходзіўся ў самаізаляцыі, каманда «Гарадской фермы» дасылала па пошце цёплыя лісты, напісаныя ад рукі, з насеннем кветак. Прычым, каб даведацца, якіх менавіта, трэба было іх пасадзіць. Мне тым разам дасталася далікатная гадэцыя. Такіх кветак у нашай вёсцы дагэтуль ні ў кога не было, таму мясцовыя бабулі праяўлялі да ружовай прыгажуні павышаную цікавасць. Дарэчы, падумалася, што кожны можа адправіць такі ж ліст з насеннем — тым самым нават на адлегласці праявіць клопат пра дарагога чалавека.

Дык вось пачынаючы з 2018 года каманда «Гарадской фермы» перыядычна ладзіла «жывыя абмены раслінамі». Людзі прыходзілі ў вызначаныя месца і час, каб перадаць свае кветкі ці іх чаранкі ў добрыя рукі, знаёміліся, дзяліліся сваімі гісторыямі, вопытам і слухалі адукацыйныя лекцыі. Калі пачалася пандэмія, дзеля бяспекі пра «жывыя сустрэчы» на нейкі час прыйшлося забыцца. Таму і ўзнікла ідэя стварыць асобны партал, старонку, якая б аб'яднала тых, хто аддае, і тых, хто прымае расліны. Так у красавіку 2020 года нарадзілася «Бібліятэка», і абмен перайшоў у анлайн-фармат. Гэта вельмі зручна: цяпер аддаць ці забраць расліну можна ў любы час без прывязкі да нейкай даты. Людзі пры дапамозе старонкі ў «Інстаграм» bіblіo.plant напрамую дамаўляюцца паміж сабой пра сустрэчу і абменьваюцца. Аддаваць сваю расліну ў адказ неабавязкова. Але калі захочаце падзяліцца, вам будуць рады.

Фота з аднаго з апошніх  «жывых абменаў раслінамі».

Дрэва кахання, фікус, пакаёвы клён, дэкаратыўны перац, фуксія... Гэтыя і многія іншыя пакаёвыя расліны акурат цяпер шукаюць новы дом. У «Бібліятэцы» можна выбраць любую кветку, якая спадабалася. Тут жа пад фотаздымкам можна пачытаць, як яе даглядаць, і пераканацца, ці падыходзяць умовы вашай кватэры для вырошчвання.

— Як можна далучыцца да праекта? Ці абавязкова для гэтага жыць у Мінску? — пацікавілася я ў валанцёркі праекта «Бібліятэка раслін» Кацярыны Чэхавай-Дасько.

— Падзяліцца чаранкамі вельмі проста: у цябе адпачкавалася расліна — ты можаш зрабіць камусьці прыемны падарунак. Каб стаць захавальнікам (так мы называем людзей, якія гатовыя бясплатна дзяліцца прыгажосцю), дастаткова даслаць фота і назву мацярынскай расліны ў асабістыя паведамленні акаўнта «Бібліятэка раслін». Жыць у Мінску зусім не абавязкова, можна мяняцца ў любых гарадах: проста дасылаеце запыт, і мы друкуем.

— Якія расліны ў асноўным прапаноўваюць?

— Да нас часцей за ўсё трапляюць звычайныя расліны (напрыклад, усім знаёмыя фіялкі), з якіх, як правіла, і пачынаецца захапленне пакаёвымі кветкамі. Праўда, часам сустракаюцца рэдкія сукуленты і іншыя цікавыя экзэмпляры. У Марыс, напрыклад, ёсць расліна аўкуба па імені Муза Іванаўна (менавіта так звалі жанчыну, з якой дзяўчына пазнаёмілася проста на вуліцы і ад якой ёй гэтая кветка дасталася). Сярод нашых захавальнікаў чаранкі гэтай кветкі раздае толькі яна. Калекцыянеры «палююць» на рэдкія экзэмпляры. Для гэтага ў нас ёсць рубрыка «Хацелкі». Кожны можа даслаць фота расліны сваёй мары — як правіла, іх цяжка знайсці ці яны дорага каштуюць у крамах. Некаторым шанцуе. Бывае так, што ў кагосьці знаходзіцца чаранок такой расліны і ён гатовы ім падзяліцца.

— Мне вельмі спадабалася, што на «жывых абменах» да некаторых кветак прымацоўвалася кранальнае пасланне да будучага гаспадара. Ці практыкуецца такое ў «Бібліятэцы»?

— На жаль, не, бо мы толькі пасрэднікі, і было б не вельмі зручна кожнага, хто аддае расліну, прасіць пісаць пасланне. Ды і не заўсёды людзі аддаюць менавіта ўласныя расліны. Часам гэта кветкі, знойдзеныя на сметніках. Але калі захавальнік захоча прымацаваць да расліны, якую аддае, нейкае пасланне, мы толькі за.

Праект «Бібліятэка раслін» гуртуе абсалютна розных людзей: і па ўзросце, і па прафесіі. Усіх іх аб'ядноўвае любоў да кветак. Што цікава, сама заснавальніца праекта Марыс па адукацыі эканаміст і з батанікай ці біялогіяй ніяк не звязана. Проста вельмі любіць расліны і лічыць, што менавіта яны выратуюць свет. Марыс неяк сказала, што яе захапляе сама думка: з адной расліны можна начаранкаваць шмат маленькіх і тым самым пасяліць яшчэ крыху ўтульнасці ў іншых дамах.

— Аднойчы я прыйшла на «жывы абмен» і... засталася, мяне вельмі захапіла гэтая тэма, — кажа Кацярына Чэхава-Дасько. — «Бібліятэка» для мяне — класнае месца, дзе сустракаюцца людзі з падобнымі інтарэсамі, абменьваюцца раслінамі і вопытам у іх вырошчванні. Гэта натхняе даведвацца больш, дзяліцца, дапамагаць. Лічу, што кожны можа паспяхова даглядаць расліны. Галоўнае — знайсці свае. Пакаёвыя кветкі дома — гэта цудоўна. Гэта перш за ўсё азеляненне прасторы. Каб дома было чыстае паветра, каб вока радавала прыгажосць. Дарэчы, дзякуючы «Бібліятэцы» можна знайсці расліны, якія не купіш у краме. Да таго, як далучыцца да праекта, я марыла пра пеларгонію духмяную, якую ў дзяцінстве бачыла ў бабулі на падаконніку. У выніку знайшла яе ў «Бібліятэцы раслін». Акрамя таго, расліны, якія людзі аддаюць праз «Бібліятэку», маюць добрую энергетыку, бо вырашчаны з любоўю. У іх не дадаюць угнаенні для продажу, таму яны значна больш моцныя, здаровыя.

Аіхрызон — гэтую расліну называюць яшчэ «дрэвам кахання», бо яе лісцікі сваёй формай нагадваюць сэрцайкі.

«Бібліятэка раслін», як і ініцыятыва па абмене кнігамі, — праект экалагічны. Прымаючы і аддаючы мясцовыя чаранкі, вы падтрымліваеце адаптаваныя для вашага рэгіёна расліны. Тым самым змяншаеце вугляродны след і колькасць выкарыстаных хімічных паскаральнікаў росту.

Дарэчы, у «Бібліятэцы» можна дзяліцца не толькі пакаёвымі кветкамі, але і расадай, парасткамі траў, а таксама лішкамі гародніны ды садавіны са сваіх агародаў і садоў.

— У нас ёсць рубрыка «Сезоннае», — кажа Кацярына Чэхава-Дасько. — Ёй пакуль нячаста карыстаюцца, але опцыя працуе. Ужо аддавалі клубні тапінамбуру і расаду клубніцы. Хацелася б пашырыць асартымент такіх раслін у «Бібліятэцы», бо далёка не ўсе гараджане ведаюць, што дома на падаконніку рэальна вырасціць цэлы агарод — памідоры, агуркі, зеляніну. Таксама цудоўна растуць у гаршках мята, меліса і кацямятка.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.