Вы тут

Як не праваліцца пад лёд і што рабіць, калі вы ўсё-такі апынуліся ў вадзе?


Ну, пра што, прабачце, думаюць дарослыя людзі, калі выходзяць на лёд пры плюсавай тэмпературы паветра?! Няўжо радасць ад выцягнутай з лункі рыбіны вартая таго, каб так рызыкаваць уласным жыццём?! Быццам і не дзеці ўжо, а пра элементарныя правілы бяспекі некаторыя аматары зімовай рыбалкі, на жаль, забываюць. Ці можа, не ведаюць?


А ўжо, між іншым, вясна пачалася, прынамсі, каляндарная. Шчыра кажучы, і зімы добрай не было — такой, каб з моцным марозам, са снежнымі сумётамі па калена. Адным словам, надвор'е ў гэтым сезоне мала калі спрыяла бяспечнай рыбалцы. Аднак ці шмат хто пра гэта думаў?!

Дапамога падаспела

21 лютага ратавальнікам паступіла паведамленне аб тым, што пад лёд на рацэ Гайна ў Лагойску праваліўся чалавек.

— Да месца здарэння прыбылі два аддзяленні нашай часці, — расказаў начальнік варты пажарнай аварыйна-ратавальнай часці № 1 Лагойскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Алешка. — На адлегласці 30 метраў ад берага ў вадзе знаходзіўся чалавек: на паверхні заставалася толькі галава мужчыны.

Супрацоўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, доўга не думаючы, узяў ратавальны круг і кінуў яго пацярпеламу. «Мужчына быў у прытомнасці, аднак самастойна выбрацца з палонкі не мог, — згадвае ратавальнік. — Я наблізіўся да яго яшчэ бліжэй і, схапіўшы за куртку, зацягнуў мужчыну на круг».

Тым часам яго калега, Максім Рамашка, падбег з лесвіцай. Ратавальнікі паспяхова выцягнулі грамадзяніна на бераг. Як потым высветлілася, мужчына, жыццё якога магло так раптоўна абарвацца, спрабаваў праз раку скараціць шлях. Пацярпелага перадалі медыкам. З папярэднім дыягназам «агульнае пераахаладжэнне» ён быў шпіталізаваны.

Паспяхова скончылася ратавальная аперацыя і ў Добрушы. Дапамога супрацоўнікаў МНС спатрэбілася мужчыне і жанчыне, якія, займаючыся скандынаўскай хадой, вырашылі скараціць дарогу па тонкім лёдзе. Добра, што побач аказаліся неабыякавыя людзі, якія выклікалі ратавальнікаў.

На дно возера Спораўскае ў Бярозаўскім раёне маглі пайсці і два рыбакі. Калі супрацоўнікі МНС прыбылі на месца здарэння, пацярпелыя знаходзіліся ў вадзе на адлегласці 300 метраў ад берага.

— Апрануўшы касцюм сухога тыпу і прывязаўшы вяроўку да ратавальнай дошкі, я накіраваўся рыбакам на дапамогу, — расказвае камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-ратавальнага паста № 14 аграгарадка Спорава Аляксандр Вакульчык. — Дабраўшыся да мужчын, адразу спытаў аб іх самаадчуванні. Першым на ратавальную дошку выцягнуў старэйшага мужчыну. Вырашыў кінуць ратавальную вяроўку другому пацярпеламу, які знаходзіўся на адлегласці каля 10 метраў ад першага, але той не змог схапіцца за яе, бо моцна замерзлі рукі. Лёд быў вельмі тонкі і друзлы. Я пачаў ламаць яго ў напрамку другога пацярпелага. Наблізіўшыся да яго, схапіў за вопратку і падвёў у зваротным напрамку да ратавальнай дошкі, дапамог на яе падняцца.

Іншыя супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях дапамаглі рыбакам дабрацца да берага. Адзін з іх, пенсіянер, быў дастаўлены ва ўстанову аховы здароўя. Другому, маладзейшаму, медыцынская дапамога не спатрэбілася.

Каб не трапіць у палонку

Гэта добра, калі побач з тым, хто тоне, знаходзяцца людзі. На жаль, так бывае не заўсёды. Часта, ідучы на рыбалку, грамадзяне нават не паведамляюць аб сваіх планах, а тым больш аб месцазнаходжанні, родным ці знаёмым.

У першы дзень вясны ратавальнікам паступіла паведамленне аб мужчыне, які патануў у возеры ў Глыбоцкім раёне. Выцягвалі з вады патанулага і днямі раней у Пухавіцкім раёне. Амаль кожны дзень стужкі навін расказваюць аб новых ахвярах вады. У большасці выпадках прычына іх гібелі — выхад на тонкі лёд.

— Не рызыкуйце сваім жыццём, пагаварыце з дзецьмі аб сур'ёзнасці наступстваў гульняў на лёдзе і вадаёмах, — адзначае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анастасія Швайбовіч. — У выпадку, калі вы сталі відавочцам здарэння, неадкладна паведаміце аб гэтым па тэлефоне «101» або «112». Ацаніце абстаноўку, калі ёсць магчымасць дапамагчы, працягніце таму, хто тоне, палку або вяроўку і выцягніце яго на бераг. Не кідайцеся на злом галавы да таго, хто праваліўся ў палонку, — вы таксама можаце апынуцца ў пастцы.

Каторы раз ратавальнікі папярэджваюць аб тым, наколькі небяспечна выходзіць на лёд. Аднак ці кожны прыслухоўваецца да гэтых рэкамендацый?! Вопытныя рыбакі павінны ведаць (а нявопытныя — назаўсёды запомніць!), што трываласць лёду лёгка вызначаецца па яго колеры. Самы моцны лёд мае празрысты сіні колер, слабы — непразрысты белы, найбольш далікатны — серы і серы «ў крапінку»: пры знаходжанні на такім пакрыцці шанц зладзіць сабе экстрэмальную лоўлю вельмі вялікі. Акрамя таго, трэба ведаць, што пры нулявой тэмпературы, якая захоўваецца на працягу трох дзён, трываласць лёду зніжаецца на 25 %. Забараняецца выходзіць на лёд у перыяды яго замярзання і раставання. Небяспечна правяраць трываласць лёду ўдарам нагі. Лепш за ўсё рыбачыць там, дзе ёсць станцыі Таварыства ратавання на водах — там заўсёды дзяжураць ратавальнікі.

Калі вы ўсё ж такі праваліліся пад лёд, варта прытрымлівацца наступных правілаў:

  • не панікуйце;
  • клічце на дапамогу;
  • імкніцеся не паглыбляцца ў ваду з галавой;
  • павярніцеся ў той бок, з якога прыйшлі;
  • раскіньце рукі і напаўзайце на лёд грудзьмі;
  • закіньце на лёд нагу і адкаціцеся ад палонкі;
  • выбраўшыся з вады, не спяшайцеся ўставаць (каб не праваліцца зноў), паўзіце да берага па сваіх слядах.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы МНС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.