Вы тут

Крупко: У лёсе ўкраінцаў, якія прыбываюць, прымае ўдзел кожны наш жыхар


Гомельскі, Мазырскі і Брагінскі раёны паўднёвага ўсходу краіны — рэгіёны, дзе прымаюць, аказваюць усю неабходную гуманітарную дапамогу і даюць часовае жыллё вымушаным мігрантам з Украіны. Шукаюць ратавання на Гомельшчыне бежанцы цэлымі сем'ямі, з дзецьмі і старымі.


Дзвесце дваццаць кіламетраў, што аддзяляе родны ўкраінскі Гастомель ад беларускага Мазыра, пераадолела сям'я Пячонкіных. Адразу пасля пачатку ваенных дзеянняў у іх вобласці бацькі з васьмімесячным дзіцем на руках вырашылі, што нічога больш не застаецца, як прарывацца на тэрыторыю Беларусі. Аб тым, як далася гэта жудасная «дарога з дому», журналістам расказаў малады бацька і муж Міхаіл Пячонкін:

— Мы на машынах наляпілі надпісы «Дзеці». Белыя анучы — у вокны, на антэнах, усюды, — узгадвае ён. — Дарога была доўгая, ехалі павольна, таму што глядзелі па баках: маглі трапіць куды заўгодна. На Мазыршчыне, на найбліжэйшай запраўцы, нам ужо дапамаглі. Толькі ўбачылі ўкраінскія нумары на машыне, падышлі і адразу: «Чым дапамагчы?»

Сёння ў сям'і асобны пакой у адным з інтэрнатаў Мазыра. Побач, у суседніх «кватэрах», — такія ж вымушаныя ўцекачы з Украіны. Усе пакуль не бяруцца загадваць, што далей.

Між тым, як вядома, з 24 лютага на Гомельшчыну праз пагранічныя пункты пропуску прыбыло каля 680 вымушаных бежанцаў з Украіны. Забеспячэнне парадку, максімальна хуткае і камфортнае перасячэнне граніцы грамадзянамі суседняй краіны — заслуга высокапрафесійнай работы супрацоўнікаў Гомельскай пагранічнай групы. У сваю чаргу праваахоўнікі вобласці робяць усё магчымае, каб у прыгранічных раёнах забяспечыць спакойную абстаноўку і жыццё грамадзян у звыклым рытме.

На гэтым на апаратнай нарадзе ў Гомельскім аблвыканкаме засяродзіў увагу кіраўнік рэгіёна Іван Крупко. Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што пазіцыя ў адносінах да ўкраінцаў, якія прыбываюць, адназначная і яе дакладна акрэсліў Прэзідэнт нашай краіны: беларусы гатовы і ўжо аказваюць усямерную дапамогу кожнаму.

Гомельшчына, як падкрэсліў Іван Крупко, выпрацоўвае максімальна зручныя варыянты канкрэтных крокаў па рабоце з бежанцамі. Усе службы працуюць у строгім узаемадзеянні. Асобная падзяка кіраўніцтва рэгіёна — валанцёрам Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, якія гатовы ў любы час сутак прыйсці на дапамогу вымушаным мігрантам.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко наведаў пункт пропуску на беларуска-ўкраінскай граніцы і паназіраў за работай пункта абагрэву Беларускага Чырвонага Крыжа для грамадзян, якія прыбываюць з Украіны. Імправізаваны мабільны «гуманітарны лагер» размешчаны ў вёсцы Гдзень Брагінскага раёна. Губернатар пагутарыў з валанцёрамі і вымушанымі бежанцамі.

— Змена па 12 гадзін, але фактычна застаёмся на суткі. Ёсць і такія, хто з чацвярга на вахце, — расказалі аб сваёй рабоце на граніцы валанцёры Беларускага Чырвонага Крыжа. — Цяжкасцяў не баімся, а вось дапамога патрэбна.

Валанцёраць у пункце абагравання для ўкраінцаў Беларускага Чырвонага Крыжа ў Брагінскім раёне многія жыхары Гомеля. На асноўнай рабоце, тлумачаць, пішуць заявы на выхадны за свой кошт. Колькі яшчэ пункт дапамогі будзе працаваць, невядома, а валанцёры ад дзяжурстваў не адмовяцца.

Іван Крупко звярнуўся да кіраўнікоў прадпрыемстваў, чые работнікі заступаюць на вахту ў пунктах дапамогі Чырвонага Крыжа на пагранпераходах. Губернатар заклікаў падтрымаць валанцёраў у іх высакароднай справе і знайсці спосаб захаваць заробак па асноўным месцы працы, пакуль яны дапамагаюць бежанцам на граніцы.

— У лёсе ўкраінцаў, якія прыбываюць, прымае ўдзел кожны наш жыхар, — адзначыў Іван Крупко. — Людзі прыбываюць, мы іх сустракаем, вызначаем, ці ідуць яны далей, ці спыняюцца ў сваякоў. Тым, каму няма дзе спыніцца, даём часовае пражыванне. Вызначаны для гэтых мэт санаторыі, гасцініцы. Практычна сёння мы можам адначасова прыняць ад 600 да тысячы чалавек, — адзначыў кіраўнік рэгіёна.

Падчас наведвання пункта пропуску на беларуска-ўкраінскай граніцы губернатар выслухаў пытанні і прапановы жыхароў прыгранічнай тэрыторыі.

— У Славуцічы палова пасёлка — беларусы. Нашы сваякі там. Святла няма, есці няма чаго. Мост узарваны. Дапамажыце хоць як-небудзь: ці туды прадукты даставіць валанцёрамі, ці сюды ім вярнуцца, — падзяліліся перажываннямі за сваіх сваякоў жыхары прыгранічча.

Іван Крупко звярнуў увагу, што ва ўсе пункты пропуску, дзе толькі можна, неабыякавыя людзі прывозяць гуманітарную дапамогу: прадукты, ваду, гігіенічныя прылады. Перададзена ўжо каля 300 такіх грузаў.

— Сітуацыя нестандартная, таму па вазе (гуманітарную дапамогу. — Заўв.) не абмяжоўваем. Галоўнае, каб нехта з таго боку падышоў і забраў гэтую дапамогу. Бо дапамагчы на тэрыторыі Украіны мы не можам. Валанцёраў адправіць таксама не можам. Мы нясём адказнасць за жыццё нашых людзей. Што датычыцца вяртання ў Беларусь — толькі па гуманітарных калідорах, дзе бяспеку забяспечваюць расійскія вайскоўцы, — падкрэсліў кіраўнік рэгіёна.

Звярнуліся з пытаннямі да губернатара і грамадзяне Украіны, якія пасля перасячэння граніцы знаходзіліся ў пункце абагрэву Беларускага Чырвонага Крыжа, чакалі афармлення дакументаў. Многія просьбы датычыліся здароўя. Гэтыя пытанні Іван Крупко ўзяў на асабісты кантроль, даў даручэнні адпаведным службам.

— Напалоханыя фэйкавай інфармацыяй украінцы з асцярогай едуць у Беларусь, бо ў Беларусі, як вяшчаюць у іх СМІ, таксама страляюць. Таму купал Чырвонага Крыжа на граніцы для гэтых людзей — знак міру і гарантыя спакою, — асабліва падкрэсліла сенатар, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі БТЧК Ала Смаляк.

Між тым на Гомельшчыне адказныя органы па сацыяльнай абароне і працы вывучаюць запыты аб працаўладкаванні вымушаных мігрантаў. Улічваюцца іх прафесіі і кваліфікацыі. У абласным банку вакансій ужо ёсць 12 тысяч прапаноў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.