Вы тут

Жыццё працягваецца ў творах


У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя ўнікальнага музычнага выдання «Алег Молчан. Песні для голасу і фартэпіяна» ў сямі сшытках, у якія ўвайшлі 77 песень.


— Калі сышоў з жыцця Алег Молчан, у мяне адразу з’явілася шмат ідэй, што рабіць, каб захаваць памяць аб ім, — кажа ўдава кампазітара, спявачка Ірына Відава. — Выданне музычных матэрыялаў было адным з прыярытэтаў. Зрабіць гэта было не так проста хаця б таму, што ў Беларусі няма выдавецтва, якое спецыялізуецца на нотным матэрыяле. Таму я звярнуўся ў найстарэйшае выдавецтва гэтага профілю — «Кампазітар» у Санкт-Пецярбургу, якое працуе з 30-х гадоў мінулага стагоддзя.

Ірына Відава-Молчан

 

Аксана Кніжнікава і Ірына Відава-Молчан

Работа над зборнікам доўжылася амаль два гады, самым складаным было выбраць песні, бо кожная з іх — музычны шэдэўр.

— Больш за 70 песень кампазітара, піяніста і прадзюсера Алега Молчана — адна з найважнейшых каштоўнасцей беларускай культуры, — адзначыла музыказнаўца Надзея Тулінава, якая брала ўдзел у рабоце над зборнікам. — Перад намі стаяла маштабная задача — захаваць вялікую музыку сучаснага кампазітара на доўгія гады.

Заслужаны артыст Беларусі Уладзімір Ткачэнка зрабіў шэраг клавіраў па аўтарскіх аранжыроўках Алега Молчана. Ткачэнка і Молчан працавалі ў «Песнярах» у розны час, але пры гэтым паважалі адзін аднаго як калегі.

Алег Молчан валодаў бездакорным музычным і паэтычным густам. Свае творы ён пісаў на вершы класікаў беларускай і рускай паэзіі і сучасных паэтаў. Адмысловае месца ў творчасці Алега Молчана займаюць песні, напісаныя на словы Ірыны Відавай — любімай артысткі і жонкі кампазітара. Дарэчы, палова песень у зборніку напісана для Ірыны, яшчэ 20% — з рэпертуару «Пясняроў», астатнія 30% — для выканаўцаў беларускай эстрады. Амаль усе яны прыйшлі ў Нацыянальную бібліятэку ў дзень нараджэння кампазітара: Андрэй Усанаў, Уладзімір Марусіч, гурт «Бай Сіці», Вадзім Касенка, Акім Тышко і Валерый Прыгун з вакальнай групы «Чысты голас», народны артыст Беларусі Мікалай Скорыкаў. Усе атрымалі ў падарунак сшыткі з песнямі Алега Молчана са свайго рэпертуару.

Афіцыйна музычнае выданне «Алег Молчан. Песні для голасу і фартэпіяна» Ірынай Відавай перададзены ў дар Нацыянальнай бібліятэцы, а таксама ўсім абласным. Як расказалі ў музычнай зале Нацыянальнай бібліятэкі, такі падарунак яны атрымалі ўпершыню. Гэтае ўнікальнае выданне таксама з’явіцца ў бібліятэках творчых ВНУ і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, дзе вывучаюцца музычныя дысцыпліны.

У прэзентацыі прынялі ўдзел тыя, каго прынята называць «звычайнымі прыхільнікамі», сябры Алега Молчана і дзеячы культуры: скульптар Аляксандр Каструкоў, мастак па метале Марыя Тарлецкая, музыказнаўца Вольга Брылон, мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн, выдавец Уладзімір Кузьмін, намеснік старшыні Саюза кампазітараў Беларусі Віктар Кісцень, тэлевядучая Марына Грыцук, дырэктар Прадстаўніцтва у Беларусі кампаніі Gedeon Richter Наталля Прыгун. Аляксей Снітко, дырэктар Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Глінкі, першым апублікаваў харавыя партытуры Алега Молчана на сваім партале hor.by пасля сыходу кампазітара. Алег Молчан заўсёды з цеплынёй успамінаў вучобу ў сярэдняй спецыяльнай музычнай школе пры Белдзяржкансерваторыі. Цяпер гэта Рэспубліканская гімназія-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дырэктар якой Аляксандр Палякоў вельмі ўважліва ставіцца да памяці аднаго з самых вядомых выпускнікоў.

Мікалай Скорыкаў

Марына Грыцук і Акім Тышко

Віктар Кісцень

У свой час Алег Молчан ладзіў майстар-клас для студэнтаў Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Намеснік дырэктара каледжа Вольга Палітыка адзначыла, што Алега Молчана і Ірыну Відаву з каледжам звязвае даўняе творчае сяброўства. 

У наш час цяжка кагосьці здзівіць мультымедыйнымі тэхналогіямі. Але калі на вялікім экране з’явіўся Алег Молчан і калі ён прадстаўляў кожнага артыста, у некаторых нават слёзы наварочваліся на вочы. Здавалася, што Молчан — вось ён, тут, побач.

— Я часта адчуваю яго нябачную прысутнасць. Заўсёды думаю: як бы паступіў Алег. І дакладна ведаю, як, — кажа Ірына Відава. — Як праваўладальнік, а Алег Молчан перадаў мне свае выключныя правы, ён дэпаніраваў усё піяніна ў сучасным лічбавым сэрвісе N’Ris і такім чынам абараніў іх ад пірацкіх выданняў. Таксама хачу нагадаць, што наяўнасць нот і тэкстаў на фізічных носьбітах не вызваляе выканаўцаў ад заключэння дамоваў з праваўладальнікамі.

Нагадаем, што Алега Молчана па праве называюць змагаром за аўтарскія правы стваральнікаў музычных твораў. У гэтым амплуа ён быў вядомы не толькі ў Беларусі, але і быў абраны прэзідэнтам Еўразійскай Канфедэрацыі Таварыстваў Праваўладальнікаў. Сёння Ірына Відава працягвае справу мужа, яна з’яўляецца старшынёй аўтарскага савета НЦІУ і сябрам прэзідыума ЕАКТП.

Варта адзначыць, што сем нотных сшыткаў з песнямі Алега Молчана — гэта і паліграфічны шэдэўр. Вельмі стыльнае, элегантнае афармленне вокладак — менавіта так заўсёды выглядаў Маэстра.

Асноўныя выдаткі па друку нотных матэрыялаў Ірына Відава ўзяла на сябе, а два сшыткі дабрачынна прафінансаваў Нацыянальны фонд падтрымкі праваўладальнікаў (Расія).
Алег Молчан працаваў у розных жанрах. І з часам будуць пакладзены на паперу ноты яго харавых твораў і інструментальных п’ес. Так і павінна быць: жыццё кампазітара працягваецца ў ягоных творах.

Маргарыта ДРАЗДОВА
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.