Вы тут

Вольга Мурашка: Мы з бацькам працавалі побач, натхняючы адзін аднаго


Чвэрць стагоддзя Вольга Мурашка працуе ў майстэрні свайго бацькі — скульптара Віктара Мурашова. 


— Тата атрымаў майстэрню ў 1977 годзе, калі прыехаў у Мінск, і не пакідаў яе да самай смерці ў 2009-м, — расказвае Вольга Віктараўна. — 15 год мы працавалі побач, крытыкуючы і натхняючы адзін аднаго. Бацька ніколі не прымушаў ні мяне, ні старэйшага брата Аляксея займацца скульптурай. Усё адбывалася натуральна. Мы з дзяцінства прыходзілі да яго ў майстэрню, тут заўсёды было цікава. Самі нешта рабілі…

Не дзіва, што Аляксей і Вольга займаліся ў студыі выяўленчага мастацтва, дзе адзначалі іх здольнасці, а творы адпраўлялі на выставы. Аляксей захапіўся ў старэйшых класах спортам, потым скончыў ваеннае вучылішча. А вось Вольгу «вірус» мастацтва захапіў:

— Пасля гімназіі-каледжа мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка паступіла ў Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна ў Санкт-Пецярбургу. Не з першага разу. У свой час тут, у Ленінградскай сярэдняй мастацкай школе пры гэтым інстытуце, вучыўся мой бацька. Гэта ён пазнаёміў мяне з горадам на Няве ў 1984-м, які мяне ашаламіў: назаўжды закахалася ў яго набярэжныя, саборы і белыя ночы. Усе гады вучобы напітвалася асаблівай атмасферай гэтага горада. Калі прыязджаў тата, разам хадзілі на канцэрты і ў музеі.

Яшчэ дзяўчынкай ў адным з альбомаў Вольга ўбачыла скульптуру М. К. Анікушына. «Вось бы вучыцца ў такога майстра!» — гэта была нават не мара, толькі думка. Але менавіта да Міхася Канстанцінавіча дзяўчына і патрапіла, калі стала студэнткай. Прафесар Анікушын быў ужо тады вельмі сталым, але яго ўрокі не прайшлі дарма. Пазней на Вольгу Віктараўну паўплываў і народны мастак Міхаіл Савіцкі. Але галоўным сваім настаўнікам яна ўсё ж лічыць бацьку:

— Два скульптары ў адной майстэрні — гэта няпроста. Вядома, я засмучалася з-за татавых крытычных заўваг.

Але заўсёды шанавала яго майстэрства і дагэтуль памятаю яго парады. Ён увесь час паўтараў пра сутнасць, якая не ёсць знешняя прывабнасць: «Ніколі не ахвяруй зместам дзеля формы». А яшчэ вучыў бачыць уласныя дасягненні, прагрэс у працах. У маладосці лёгка развітваешся з тым, што не падабаецца. Сляпіў, не задавальняе нешта — зламаў, выкінуў. Бацька лічыў: трэба беражліва ставіцца да ўласных, няхай нават прахадных, твораў, пакідаць і ўдасканальваць іх.

Віктару Мікалаевічу хацелася, каб Вольга працягнула яго справу. Чым мог, дапамагаў ёй. Былі ў бацькі і дачкі сумесныя працы, напрыклад мемарыяльная дошка пісьменніку У. Б. Карпаву.

— У бацькі ёсць скульптуры вядомых асоб (вучонага Івана Мічурына, казачніка Пятра Яршова, генерала Дзмітрыя Карбышава, пісьменніка і паэта Максіма Лужаніна, спевака Зіновія Бабія), але шмат і скульптур звычайных працаўнікоў, — працягвае мая суразмоўца. — Адкрыты, добразычлівы, ён шчыра цікавіўся навакольнымі, мог загаварыць з любым, нават з незнаёмым, чалавекам. Вось яго «Падсобніца» — простая дзяўчынка, якая дапамае на будоўлі. Відавочна не салонны вобраз. Але такія сапраўдныя, натуральныя людзі яго і натхнялі. Ляпіў ён родных бабуль — Алену і Веру, дзядулю Мікалая, сваю маму, якая рана засталася ўдавой, працавала да глыбокай старасці. Мне вельмі падабаецца яго няскончаная праца «Яблычны Спас»: басаногі хлапчук нарваў яблыкаў у падол майкі і, задаволены, з апетытам жуе адно з іх. Работы захоўваюцца ў Траццякоўскай галерэі, фондах Міністэрства культуры РСФСР, ёсць у розных музеях расійскіх гарадоў, Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

— У 1984-м маці пайшла на пенсію, і бацька адзін забяспечваў сям’ю, — адзначае Вольга Мурашка. — Гэта была яго пазіцыя: мужчына павінен адказваць за сям’ю, за сваякоў. Мама заўсёды прасіла бацьку больш увагі ўдзяляць свайму здароўю. Але яго як магнітам цягнула ў майстэрню. Сёння сюды гэтак жа цягне мяне. Калі тата памёр, жыццё для мяне на нейкі час спынілася. 

Мацярынства як від творчасці

— Вам самой не здаецца дзіўным, што Мурашова ў дзявоцтве пасля замужжа стала... Мурашкай? — цікаўлюся ў сваёй суразмоўніцы.

— Мусіць, такі лёс. У мяне была спакуса ўзяць прозвішча Мурашка-Мурашова. Але палічыла гэта нясціплым — усё ж я не Бялыніцкі-Біруля, — смяецца Вольга Віктараўна.

Вольга і Ігар Мурашка не планавалі чацвярых, хоць адно дзіця здавалася замала для паўнавартаснай сям’і.

Нарадзілася Маша, праз паўтара гады двайняты — Ілья і Алег. Калі старэйшыя падраслі, сям’я папоўнілася Віктарам.

— Старэйшых унукаў тата паспеў далучыць да лепкі, — заўважае Вольга Мурашка. — У дзяцінстве і Маша, і Ілья з Алегам ахвотна прыходзілі ў майстэрню, пілі з дзядулем гарбату, з задавальненнем важдаліся з глінай. Але з траіх толькі Ілья па-сапраўднаму захапіўся скульптурай і не выключаю, што звяжа з ёй жыццё. Маша вучыцца на вакальным аддзяленні БДАМ. Да таго як паступіць у акадэмію, скончыла музычную школу і Мінскі дзяржаўны музычны каледж ім. М. І. Глінкі. Алег — студэнт Універсітэта фізкультуры і спорту, шмат гадоў займаецца грэка-рымскай барацьбой. 10-гадовы Віця, гледзячы на брата, таксама абраў гэты від спорту.
Дзеці пасільна дапамагаюць маці, але з-за іх загружанасці менавіта Вольга Віктараўна па-ранейшаму сочыць за тым, каб уся сям’я былі накормленая, а ў хаце былі парадак і ўтульнасць. Ігар Алегавіч адказвае галоўным чынам за фінансавы дабрабыт. 

— Мой тата яшчэ да жаніцьбы тлумачыў Ігару: «Разумееш, мастак можа доўга выношваць сваю задуму, пакутаваць, а потым дзень і ноч яе ўвасабляць. І вельмі важна, каб спадарожнік жыцця не псаваў нервы мастаку! — дзеліцца Вольга Мурашка. — Не ведаю, запомніў муж гэтыя словы ці не, але імкнецца ўлічваць характар маёй працы.

Дома Вольга Мурашка — маці і жонка. У ДМШ № 1 Мінска — педагог. А ў майстэрні — творчая асоба.

— Ёсць людзі, настолькі нацэленыя на самарэалізацыю і свае дасягненні ў мастацтве, што яны свядома абмяжоўваюцца адным дзіцем, а часам і наогул не абцяжарваюць сябе нашчадкамі. У мяне здараліся перыяды, калі сямейныя клопаты паглыналі з галавой і часу на творчасць зусім не заставалася. Але калі пасля вымушанага перапынку вярталася да гліны, ішоў творчы ўздым. На мой погляд, мацярынства, сямейнае жыццё вельмі ўзбагачаюць чалавека, — лічыць Вольга Мурашка. — Калі б не мела мужа і дзяцей, мае працы, магчыма, не былі б эмацыйна афарбаваныя. 

Мая гераіня пераканана: скульптура — узроставы від мастацтва. Каб стварыць твор, які па-сапраўднаму кранае, трэба шмат што ў жыцці разумець, самому быць глыбокай, шматграннай асобай. Сама яна толькі недзе бліжэй да свайго саракагоддзя адчула: у яе — свая сцежка ў мастацтве, ёй ёсць што сказаць свету.

Здавалася б, такая няпростая (доўгія гады была пераважна мужчынскай) прафесія, чацвёра дзяцей. Але за ўсю размову Вольга Мурашка ні разу не паскардзілася на тое, як жа цяжка ёй даводзіцца. Можа, таму што яе заўсёды падтрымлівалі муж, свякроў, бацькі. 

— На жаль, шмат гадоў запар водпуск праводжу дома, — прызнаецца Вольга Мурашка. — лецішча ў нас няма. Адпачынак для мяне — гэта змена заняткаў: побыт, праца ў мастацкай школе, творчасць у майстэрні. Але затое і на засмучэнне, дэпрэсіі часу не застаецца. Калі стамляюся ад хатніх клопатаў, адпраўляюся ў майстэрню.

Тут, у майстэрні, думкі Вольгі Мурашка накіроўваюцца ад зямнога да ўзвышанага. Тут яна адчувае сябе сапраўдным творцам, якому (у гэтым яна згодна з бацькам) нельга дарма псаваць нервы. 

«Спроба раўнавагі», «Шляхам жыцця», «Малітва», «Надзеі», «Роздум», «Зямля», «Жывая вада», «Успаміны пра лета». Назвы работ абазначаюць вектар творчасці скульптара. У цэнтры ўвагі Вольгі Мурашкі — тэма каранёў, лёсу, Веры, Надзеі, Кахання, якія служаць чалавеку апорай на яго жыццёвым шляху.

Вольга Віктараўна ляпіла ўсіх членаў сваёй сям’і: бацькоў, мужа, дзяцей. Цэлы шэраг прац («Мае дарагія», «Разам з мамай», «Заснуў», «Душа мая») прысвечаны мацярынству. 

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота аўтара і з сямейнага архіва Вольгі МУРАШКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

4 простыя спосабы зрабіць добрае ўражанне на мужчыну. Адказвае псіхолаг

4 простыя спосабы зрабіць добрае ўражанне на мужчыну. Адказвае псіхолаг

Дзе б вы ні працавалі і чым бы ні займаліся, уменне мець зносіны і зрабіць добрае ўражанне – адзін з самых галоўных навыкаў.

Культура

Аб гумары і сатыры ў жыцці Купалы і Коласа распавядае сумесны музейны праект

Аб гумары і сатыры ў жыцці Купалы і Коласа распавядае сумесны музейны праект

Сёлета адзначаецца 140-годдзе з дня нараджэння класікаў.

Грамадства

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Паведаміла Людміла Аляксееўна, якая загадвае фельчарска-акушэрскім пунктам і з'яўляецца фельчарам, акушэркай, медсястрой у адной асобе.