Вы тут

Прысвячаецца першай сусветнай


У майстэрні вядомага беларускага скульптара, народнага мастака Уладзіміра Слабодчыкава маю ўвагу спыніла адна незвычайная работа. Гэта быў даволі вялікага памеру шар, на якім віднелася шмат чалавечых постацяў.


— Уладзімір Іванавіч, упершыню бачу скульптуру такой формы, — здзівіўся я.

— Гэта адзін з маіх праектаў, які, на жаль, так і не быў ажыццёўлены, — растлумачыў скульптар. І распавёў такую гісторыю.

У 2010 годзе Уладзімір Слабодчыкаў разам з архітэктарам Ігарам Марозавым задумалі стварыць мемарыял, прысвечаны 100-годдзю Першай сусветнай вайны. А дакладней кажучы, мемарыял, прысвечаны ахвярам і героям гэтай вайны. Аналагічных помнікаў у нас мала, а канкрэтна — усяго адзін, у Смаргоні, ды і той у стадыі незавершанасці. І гэта з'яўляецца відавочнай гістарычнай несправядлівасцю.

Як вядома, на тэрыторыі цяперашняй Беларусі праходзіў Заходні фронт — галоўны «шчыт» Расіі, на якім было сканцэнтравана больш за паўтара мільёна чалавек. Каля 900 тысяч складалі мабілізаваныя жыхары беларускіх губерняў. За гады вайны Беларусь панесла незаменныя страты: каля 70 тысяч салдат аддалі свае жыцці ў баях з акупантамі, каля 60 тысяч мірных жыхароў загінула і яшчэ 50 тысяч чалавек былі гвалтоўна вывезены ў Германію.

Хіба гэтыя факты, гэтыя агромністыя ахвяры не заслугоўваюць манументальнага ўвекавечання? Пасля доўгіх роздумаў і пошукаў аўтарам удалося знайсці нетрывіяльнае рашэнне для задуманага. Скульптурную кампазіцыю складае мемарыяльны курган, які разразаюць з поўначы на поўдзень і з захаду на ўсход франтавыя акопы і ствараюць такім чынам крыж — сімвал смутку па загінулых. У нішах акопаў высечаныя на камянях дакументальныя сведчанні аб удзельніках тых падзей, артэфакты стагадовай даўнасці — канкрэтныя даты, лічбы, прозвішчы герояў.

На вяршыні кургана — зямны шар. Ён трывожна завіс над смяротным прадоннем акопаў. Паверхня шара — суцэльны шматфігурны гарэльеф. Тут можна ўбачыць, як каля храма салдаты прымаюць воінскую прысягу, як вайскоўцы розных нацыянальнасцяў і ўзросту ідуць у штыкавую атаку, як легендарны «жаночы батальён смерці» выходзіць на баявы рубеж. А ў цэнтры шара — міласэрная сястра са смяротна параненым воінам на руках. Сюжэты зліваюцца, пераходзяць адзін у другі, ствараючы своеасаблівую панараму сусветнай трагедыі.

Калі зайсці ў сярэдзіну шара (а ён мусіць быць дыяметрам каля дзесяці метраў), то можна ўбачыць таксама серыю шматфігурных сюжэтаў. Мірную працу хлебаробаў. Яркія старадаўнія народныя і хрысціянскія святы, дзе людзі выяўляюць радасць мірнага жыцця на роднай зямлі. Вясельны абрад як сімвал стварэння новай сям'і. І ключавая постаць — маці з немаўлём на руках. Так шматпланавы мемарыял становіцца гімнам воінскай славы і свяшчэннай памяці, увасабленнем сапраўднай велічы Чалавека.

— А з улікам таго, што ўсе сюжэты і персанажы тут дакументальна дакладныя, — завяршае свой аповед Уладзімір Слабодчыкаў, — нашу скульптурную кампазіцыю можна ўспрымаць як своеасаблівы музей-сферу. Я нават ведаю месца, дзе можна было б размясціць такі мемарыял. Гэта раён Нарачы. Менавіта там амаль цэлы год стаяў фронт, а ў сакавіку 1916 года па просьбе французскіх саюзнікаў была праведзена адна з найбуйнейшых ваенных аперацый — спроба выбіць акупантаў з беларускай зямлі.

— Уладзімір Іванавіч, чаму ж гэты выдатны праект застаўся незапатрабаваным?

— Усё нібыта складвалася станоўча. Мы правялі маштабную прэзентацыю праекта ў Нацыянальнай бібліятэцы. Цікавасць праявілі прадстаўнікі Саюзнай дзяржавы, пасольстваў ФРГ і Францыі. Пэўную падтрымку абяцала Расійскае ваенна-гістарычнае таварыства. Але ці то мы не праявілі належнай актыўнасці, ці аб'ектыўна так склаліся абставіны, але спрыяльны час быў упушчаны. Ёсць, праўда, спадзяванне, што сёлета, у Год гістарычнай памяці, нашаму праекту будзе нарэшце дадзены ход.

Зіновій ПРЫГОДЗІЧ, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Каму, калі, што, дзе і як можа давяраць пра сябе сучасны чалавек.

Грамадства

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела.

Эканоміка

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

З пачатку года ўступілі ў сілу змены ў Падатковы кодэкс.