Вы тут

Ад праваднікоў да кантралёраў. Дзе студэнты могуць знайсці работу на лета?


Каля 35 тысяч рабочых месцаў будзе створана сёлета для ўдзельнікаў студэнцкіх атрадаў. З сакавіка ў краіне запушчаны промапраект «Выбіраем студатрад»: у кожнай установе адукацыі і ў кожным раённым камітэце БРСМ ідзе набор хлопцаў і дзяўчат, якія жадаюць папоўніць іх шэрагі.


— На сённяшні момант у студатрады запісалася ўжо каля 14 тысяч чалавек, — паведаміла камандзір Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў Надзея ШАХОЎСКАЯ. — Не забываючыся на ранейшыя, сёлета плануем рэалізаваць і шмат новых працоўных праектаў. Сярод іх вытворчы праект «Трактарабудаўнік-22» на базе Мінскага трактарнага завода, «Аўтазаводзец-22» — на базе Мінскага аўтамабільнага завода. У Нацыянальным дзіцячым цэнтры «Зубраня» запрацуе педагагічны праект «Важаты». Таксама будуць рэалізаваны два зусім новыя напрамкі, звязаныя з Беларускай чыгункай: праект для праваднікоў «Дарога магчымасцяў» і будаўнічы праект «Пуцейцы». Акрамя таго, студатрады будуць працаваць на будаўніцтве новага будынка музея ў Хатыні і рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу. Прадоўжыць работу вытворчы працоўны праект на «Атланце», дзе ў складзе рэспубліканскага студэнцкага атрада плануецца задзейнічаць каля 300 чалавек, а таксама Усебеларуская маладзёжная будоўля «Горад маладосці».

Як адзначыла Надзея Шахоўская, сёлета плануецца выезд за межы краіны значна большай колькасці студэнцкіх атрадаў. Хлопцы і дзяўчаты праходзяць у такія атрады конкурсны адбор. Атрад «Эўрыка» накіруецца на міжнародную студэнцкую будоўлю «Кузбас», таксама плануецца выезд атрада «Дойліды» — на Усерасійскую студэнцкую будоўлю «Поўнач». Атрад «Тытан» Беларуска-Расійскага ўніверсітэта чакаюць на нафтагазакандэнсатным радовішчы ў Баваненкаве. Студэнты-медыкі возьмуць удзел у міжнародным медыцынскім студэнцкім атрадзе ў Кемераўскай вобласці.

У БНТУ летась у складзе студатрадаў былі працаўладкаваныя 1026 чалавек.

— Сёлета мы паставілі мэту выйсці на 1,5 тысячы працаўладкаваных студэнтаў, — расказаў сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ БНТУ Ягор НІКІЦІН. — Наш універсітэт — флагман тэхнічнай адукацыі, ён вельмі шматпрфоільны. Таму і студатрады ў нас разнайстайныя: і будаўнічыя, і вытворчыя, і сэрвісныя, ёсць нават педагагічны атрад, таму што ва ўніверсітэце функцыянуе інжынерна-педагагічны факультэт. Але трапіць у педатрад пры жаданні могуць таксама і студэнты з іншых факультэтаў, калі пройдуць адпаведную падрыхтоўку. Яна, дарэчы, займае два месяцы. Каля 200 нашых студэнтаў гэтым летам будзе працаваць з дзецьмі ў санаторыі-прафілакторыі БНТУ.

Летась у некаторых байцоў студатрадаў заробкі даходзілі да 1,5 тысячы рублёў, але сярэдні заробак вагаўся ад 800 да 900 рублёў. Конкурс са студэнтаў утвараўся ў тыя будаўнічыя арганізацыі, якія прапаноўвалі для студатрадаўцаў найлепшыя ўмовы для працы і больш высокія заробкі.

А вось у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт нядаўна звярнулася з цікавай прапановай дзяржаўнае прадпрыемства «Мінсктранс» — яны запрашаюць студэнтаў у летні час папрацаваць кантралёрамі грамадскага транспарту. Прычым заробкі абяцаюць вельмі прыстойныя: ад тысячы да дзвюх тысяч рублёў.

Кансультант упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Наталля ЛАБАЧОВА паведаміла, што арганізацыі Беларусі гатовыя прадаставіць для навучэнскай моладзі каля 5 тысяч вакансій.

«Цяпер аб такой магчымасці праінфармавала больш як 400 арганізацый. Сярод вакансій пераважна прадаўцы, памочнікі прадаўцоў, кур'еры, дапаможныя рабочыя, рабочыя зялёнага будаўніцтва. З маладымі грамадзянамі, накіраванымі органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне для часовага працаўладкавання, наймальнікі заключаюць тэрміновыя працоўныя дагаворы. Такім чынам на іх распаўсюджваюцца нормы Працоўнага кодэкса і заканадаўства аб ахове працы», — адзначыла Наталля Лабачова.

Часовая занятасць моладзі ў вольны ад вучобы час арганізавана службай занятасці ва ўсіх рэгіёнах краіны круглы год. Прыярытэтнае права на часовае працаўладкаванне даецца маладым людзям з няпоўных, шматдзетных, малазабяспечаных сем'яў, непаўналетнім, якія знаходзяцца на ўліку ў камісіях і інспекцыях па справах непаўналетніх. «З мэтай арганізацыі часовай працоўнай занятасці моладзі службай занятасці ўжо заключана каля 500 дагавораў з наймальнікамі з выкарыстаннем на гэтыя мэты фінансавых рэсурсаў з дзяржпраграмы. На часовыя рабочыя месцы з фінансавай падтрымкай дзяржавы ў вольны ад вучобы час працаўладкавана больш за 3 тысячы навучэнцаў. Школьнікам прапануецца ўзяць удзел у работах па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторый навучальных устаноў, рамонце вучэбнай мэблі, рэстаўрацыі кніжнага фонду бібліятэк, вырабе сувенірнай прадукцыі», — праінфармавала кансультант.

Паводле заканадаўства, да працы дапускаюцца падлеткі ва ўзросце ад 14 гадоў па згодзе бацькоў, а вось шаснаццацігадовым дазвол бацькоў ужо не патрабуецца. Ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў дзеці могуць працаваць 4 гадзіны 36 хвілін у дзень, у 16-18 гадоў — 7 гадзін. Акрамя таго, забараняецца прыцягненне асоб, маладзейшых за 18 гадоў, да працы на цяжкіх работах і на работах са шкоднымі або небяспечнымі ўмовамі працы, да начных і звышурочных работ, да работ у дзяржаўныя святы і святочныя дні, да работ у выхадныя дні.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. У першай палове тыдня будзеце актыўна вучыцца новаму і размаўляць з людзьмі. У сярэдзіне тыдня можа змяніцца настрой, з'явіцца дакладнае разуменне сваіх мэт.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.