Вы тут

Шокавая тэрапія


У Літве працягваецца шакавальны рост цэн. У параўнанні з сакавіком у красавіку кошык самых танных тавараў падаражэў на 7,1 працэнта, паведаміў аналітычны партал RuBaltіc.ru. А ў суадносінах з красавіком мінулага года цэны за адпаведны мінімальны набор узраслі амаль на чвэрць. Мацней за ўсё ў Літве падаражэлі сланечнікавы алей, бульба, смятана, памідоры, аўсяныя шматкі. Калі Літва ў красавіку, паводле інфармацыі Eurostat, вызначылася самай імклівай гадавой інфляцыяй у ЕС (15,7 працэнта), многія ў краіне спадзяваліся, што рост цэн дасягнуў піка. Але пасля адбыўся не спад, а чарговае падаражэнне. У красавіку інфляцыя дасягнула 16,6 працэнта, сведчыць папярэдні падлік Статыстычнага ўпраўлення Літвы. Такімі антырэкордамі краіна адзначыла сваё паўналецце ў якасці члена Еўрасаюза. Відавочна, што дагнаць па ўзроўні развіцця дзяржавы заходняй і паўночнай Еўропы ёй так і не ўдалося. Як вынік — змяншэнне дабрабыту людзей і масавая эміграцыя. Чаму літоўскія ўлады ладзяць «эксперыменты» над уласным насельніцтвам?


Цуду не здарылася

Літва адзначыла паўналецце ў складзе ЕС сумнымі вынікамі. Краіна стала афіцыйным членам Еўрасаюза 1 мая 2004-га. Мясцовыя палітыкі радаваліся, паколькі здарылася тое, пра што яны марылі доўгія гады, — заяўка на ўступленне ў ЕС была пададзена яшчэ 8 снежня 1995-га. За некалькі гадоў да ўступлення Літвы ў ЕС шматлікія балтыйскія і міжнародныя эксперты абяцалі самыя аптымістычныя перспектывы для мясцовых жыхароў пад крылом у Бруселя. Рост эканомікі, валавога ўнутранага прадукту, усеагульны росквіт і еўрапейскі ўзровень жыцця — гэта толькі малая частка «прынадаў». «Цуду не здарылася, і еўрапейскі росквіт за 18 гадоў у Літву так і не прыйшоў. Гэтая краіна застаецца адной з самых найбяднейшых у Еўрасаюзе і замыкае амаль усе спісы эканамічнага або сацыяльнага развіцця», — адзначыў Baltnews.

Датацыі Еўрасаюза, безумоўна, дазваляюць падтрымліваць эканоміку Літвы, аднак ва ўсяго ёсць адваротны бок. Еўрапейская інтэграцыя абярнулася згортваннем цэлых галін эканомікі краіны, прычым грошы, якія выдзяляюцца з фондаў ЕС, дазваляюць толькі часткова кампенсаваць страты. Менавіта ўступленне Літвы ў Еўрасаюз завяршыла працэс дэіндустрыялізацыі Прыбалтыкі. Брусель прымусіў закрыць Ігналінскую АЭС, якая на момант пабудовы лічылася самай буйной у рэгіёне. Пасля гэтага Літва, а заадно і суседнія рэспублікі, сталі энергадэфіцытнымі.

Літва вымушана імпартаваць электрычнасць, прычым ва ўмовах паслядоўнага разрыву эканамічных сувязей з Расіяй і Беларуссю купляць яе ў краінах ЕС, з-за чаго тарыфы ўсё вышэйшыя. Сёлета ў сакавіку кошт электраэнергіі ў гэтай краіне склаў 170,16 еўра за МВт/гадзіну, што на 62 працэнты вышэй, чым у лютым. Еўрапейскія квоты на рыбалоўства і абмежаванне рыбалоўчай здабычы ў Балтыйскім моры прывялі да таго, што рыбалоўны флот у краінах Балтыі практычна распілаваны на металалом. Большасць заводаў і фабрык у Літве, якія выжылі пасля так званых рыначных рэформ 1990-х, закрыліся пасля 2004 года, бо не маглі канкурыраваць з танным еўрапейскім імпартам.

Завод па вытворчасці кінескопаў Ekranas пачаў працэдуру банкруцтва ў 2006-м. Цэхі зраўнялі з зямлёй, а тысячы чалавек засталіся без працоўных месцаў. Тэкстыльная фабрыка «Алітус», якая некалі была вядучым прадпрыемствам лёгкай прамысловасці краіны, таксама перастала існаваць. Фармальна працягнуў работу электратэхнічны завод «Эльфа», але істотна зменшыў аб'ёмы і быў прададзены замежнікам. Сёння ён знаходзіцца пад кіраваннем нямецкай сеткі Hannіng.

Працэс дэіндустрыялізацыі працягваецца і дагэтуль, але ўжо не з ініцыятывы ўлад. Прадпрыемствы закрываюцца па самых розных падставах. Напрыклад, сёлета месяц таму спыніў работу насамрэч стратэгічны літоўскі завод Lіfosa (уваходзіць у групу «Еўрахім») па вытворчасці фосфарных угнаенняў. Гэтым разам прычынай сталі антырасійскія санкцыі, якія ўвёў Еўрасаюз.

Нікому не патрэбныя

Праблемы і з транзітам, хоць гэтая галіна калісьці прыносіла значныя адлічэнні ў бюджэт краіны і па праве лічылася адной з ключавых. Выгаднае геаграфічнае становішча магло б зрабіць з Літвы «транзітнага гіганта». Відавочна, што датацыі ЕС не змаглі кампенсаваць разрыў сувязяў з найбліжэйшымі суседзямі. Нават порт у Клайпедзе — самы ўніверсальны, глыбакаводны і незамярзальны на ўсходнім узбярэжжы Балтыйскага мора — неўзабаве можа апынуцца нікому не патрэбным. Так, пачынаючы з 2010 года гэтая марская гавань выйшла на стабільны грузаабарот звыш 30 млн тон, а з 2016-га — больш за 40 млн т. Аднак развіццё транзітнай інфраструктуры ва Усць-Лузе (Ленінградская вобласць) і курс літоўскіх улад, з-за якога рвуцца адносіны нават з выгаднымі партнёрамі, калі яны належаць да «непажаданых» краін, зрабілі сваю справу.

Па выніках мінулага года грузаабарот порта ў Клайпедзе знізіўся на 5 працэнтаў. Але гэта толькі пачатак. За першы квартал грузаабарот зменшыўся на 14 працэнтаў. Больш за ўсё пацярпела перавозка сыпкіх грузаў — у параўнанні з красавіком мінулага года аб'ёмы зменшыліся на 73 працэнты. Асноўны мінус утварыўся з-за спынення транзіту калійных угнаенняў і нафтапрадуктаў з Беларусі. Пакутуюць і людзі. Адзін з самых буйных у свеце тэрміналаў для перавалкі мінеральных угнаенняў звольніў амаль усіх супрацоўнікаў. Эксперты прагназуюць пагаршэнне сітуацыі. Як паведаміў тэлеканат АНТ, у найбліжэйшы час Клайпеда пазбавіцца яшчэ дзвюх катэгорый грузаў — металапрадукцыі і драўніны.

Згодна з прагнозамі прэзідэнта асацыяцыі стывідорных кампаній Літвы Вайдотаса Шылейкі, сёлета грузаабарот павінен зменшыцца на трэць з-за скасавання кантракта «Літоўскай чыгункі» з «Беларуськаліем». На справе заняпад можа быць у некалькі разоў мацнейшы, бо зараз санкцыі ўведзены не толькі супраць беларускіх кампаній, але і супраць расійскіх. Гэта таксама вынік уваходжання балтыйскай рэспублікі ў ЕС, бо не падтрымаць агульнаеўрапейскія санкцыі Літва не можа.

У выніку ў балтыйскай краіне на дадзены момант функцыянуюць у асноўным карлікавыя прадпрыемствы, а буйныя заводы і парты працягваюць прыходзіць у заняпад, адзначыў Baltnews. Не трэба ашуквацца і ростам ВУП, які можна занесці ў дасягненне краіны за 18 гадоў членства ў ЕС. Так, узровень унутранага валавога прадукту вырас, але дзярждоўг Літвы ў працэнтных суадносінах да ВУП павысіўся з 18,7 працэнта ў 2004 годзе да 43 працэнтаў летась. Эканамічна праект еўрапейскай інтэграцыі праваліўся. Балтыйская рэспубліка ператварылася ў залежную краіну, якая жыве выключна за кошт датацый з фондаў ЕС.

Масавая эвакуацыя

Поспехаў у сацыяльнай сферы пасля ўступлення ў Еўрасаюз Літва таксама не дабілася. У 2004 годзе насельніцтва краіны складала 3,37 мільёна чалавек, а летась скарацілася да 2,79 млн. Толькі за апошнія 10 гадоў Літва страціла 7,9 працэнта сваіх жыхароў. Так, летась нараджальнасць скарацілася на 10 працэнтаў, а смяротнасць вырасла амаль на чвэрць. Але, нягледзячы на такія жахлівыя паказчыкі, асноўную небяспеку для Літвы ўяўляе не натуральнае выміранне, а міграцыя.

Нават у пачатку 2000-х з краіны з'язджала ў сярэднім па 30 тысяч чалавек у год. У сярэдзіне дзесяцігоддзя — якраз пасля ўступлення ў ЕС — гэты паток крыху замарудзіўся, аднак пасля крызісу 2008-га пачалася ўжо не проста міграцыя, а «масавая эвакуацыя», заўважыў Baltnews. У 2011 годзе з Літвы з'ехалі 54 тысячы чалавек, у 2012-м — 41 тысяч, у 2013-м — 39 тысяч. Прычым эмігрыруюць людзі працаздольнага ўзросту. Згодна са звесткамі Цэнтра міграцыйнай інфармацыі Літвы, 70 працэнтаў эмігрантаў — грамадзяне ад 15 да 44 гадоў. Гэтае эканамічна актыўнае насельніцтва адпраўляецца ўздымаць эканоміку, але не балтыйскай рэспублікі, а іншых краін Еўрасаюза.

У плане пакупніцкай здольнасці еўра ў Літве і блізка не стаіць з тым узроўнем, які быў, калі ў балтыйскай дзяржаве была ўведзена адзіная валюта ЕС. У 2015 годзе ў трэцім па велічыні горадзе Літвы — Клайпедзе — білет на аўтобус каштаваў 60 цэнтаў, зараз жа — 1 еўра. Цяперашняя інфляцыя шакавала многіх жыхароў. «Цэны касмічныя, зверскія, вар'яцкія. Ты проста заходзіш у прадуктовую краму, глядзіш вакол і разумееш, што адчуваеш проста боль і цяжар у грудзях»», — падзялілася з парталам BNN 80-гадовая пенсіянерка з Клайпеды Вера Алеюніенэ.

Вільнюская асацыяцыя прамысловасці і бізнесу аб'ядноўвае звыш 350 прадпрыемстваў сталічнай акругі. Старшыня асацыяцыі Сігтас Бесагірскас у гутарцы з BNN адзначыў, што ў рэкордна высокай інфляцыі ў Літве вінаватыя не толькі геапалітыка і «энергетычныя войны». На яго думку, разарваныя сувязі Літвы з Кітаем сцерлі заўважную частку ВУП, павысіўшы і цэны. Літоўскі эксперт у сферы прадпрымальніцтва Эдыкас Ягелавічус падкрэсліў у эфіры тэлеканала СТВ: ёсць прагнозы, што можа пачацца голад. «Можа быць недахоп прадуктаў і ўсё такое. Бачу, што сярод прадпрымальнікаў поўная стагнацыя. Будаўнічыя фірмы згортваюць усе праекты, думаюць, як скончыць старыя, не пачынаюць новых», — адзначыў ён.

Не дзіўна, што жыхары суседняй краіны імкнуцца трапіць у Беларусь, каб на свае вочы пабачыць зусім іншую сістэму каардынат, якая разгорнута ў бок чалавека. Так, дэлегацыя з Літвы прыехала ў Дзень Перамогі ў Мінск. Сярод гасцей — блогеры і прадстаўнікі СМІ. Разам з беларусамі яны прынялі ўдзел у шэсці пакаленняў. Дэлегацыя наведала некалькі гістарычных мясцін, у тым ліку і Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Намеснік кіраўніка «Форуму добрасуседства» Казімірас Юрайціс выказаў задавальненне тым, што вялікая колькасць беларусаў зацікаўлена ў захаванні сваёй гістарычнай памяці. «Ёсць надзея, што, калі пройдзе вар'яцтва, якое зараз адбываецца ў Еўропе, у нас будзе адкуль чэрпаць гэтую памяць. Пакуль Беларусь будзе жыць, гісторыя нікуды не падзенецца», — заўважыў Казімірас Юрайціс.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.