На працягу апошніх некалькіх тыдняў быў зарэгістраваны шэраг выпадкаў цяжкага гепатыту невядомага паходжання ў дзяцей. Выпадкі рэгістраваліся ў некалькіх краінах, у тым ліку ў Злучаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Іспаніі і ЗША. Вось як тлумачаць незвычайную ўспышку ў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.
Гэта тэрмін, які азначае вострае запаленне печані. Востры гепатыт можа быць выкліканы як інфекцыяй, так і не звязанымі з інфекцыяй фактарамі. Існуюць тры асноўныя віды вострага віруснага гепатыту: гепатыт A, B і C. Вірусныя гепатыты D і E сустракаюцца радзей, асабліва ў краінах з высокім узроўнем даходу.
Цяжкі востры гепатыт рэдка сустракаецца ў дзяцей ранняга ўзросту. Першыя паведамленні аб магчымым росце колькасці выпадкаў паступілі з Шатландыі. Пасля, па меры распаўсюджвання інфармацыі, трывожныя паведамленні сталі з'яўляцца і з іншых рэгіёнаў Злучанага Каралеўства, а таксама з іншых краін па ўсім свеце.
Вядома, што ў гэтых пацыентаў не былі выяўлены вірусы, якія звычайна становяцца прычынай вострага віруснага гепатыту. Па наяўнай на дадзены момант інфармацыі, міжнародныя паездкі або сувязь з іншымі краінамі таксама не ўказваюцца ў якасці фактараў, што маюць значэнне.
Указаныя выпадкі — хоць яны і досыць рэдкія — варта ўспрымаць з усёй сур'ёзнасцю. Патрабуюцца далейшыя меры па выяўленні іншых патэнцыяльных выпадкаў, прычым не толькі ва ўжо закранутых краінах. Першачарговая задача заключаецца ў вызначэнні прычыны захворвання — для далейшага ўдакладнення мер па прафілактыцы і кантролі.
Мы цесна супрацоўнічаем з краінамі і партнёрамі дзеля пошуку магчымых тлумачэнняў. Вывучаецца шырокае кола мажлівых прычын. Па адной з асноўных гіпотэз, прычынай захворвання з'яўляецца адэнавірус. Гэта група распаўсюджаных вірусаў, якія могуць перадавацца ад чалавека да чалавека, і выклікаць сімптомы рэспіраторных захворванняў, ваніты і дыярэю ў дзяцей.
Разам з тым такая гіпотэза не можа ў поўнай меры растлумачыць цяжкія клінічныя праявы захворвання. Вядомыя выпадкі гепатыту, выкліканага адэнавіруснай інфекцыяй, у дзяцей з аслабленай імуннай сістэмай, але пры гэтым раней адэнавірусная інфекцыя не станавілася прычынай гепатыту ў здаровых дзяцей.
Група спецыялістаў са Злучанага Каралеўства назвала ў якасці магчымых фактараў павышаную ўспрымальнасць дзяцей ранняга ўзросту да адэнавіруснай інфекцыі з прычыны нізкага ўзроўню цыркуляцыі адэнавірусаў падчас пандэміі COVІD-19 альбо патэнцыяльнае з'яўленне новага адэнавіруса, альбо спалучаную інфекцыю адэнавіруса і віруса SARS-CoV-2. Гэтыя гіпотэзы маюць патрэбу ў далейшым вывучэнні.
У некалькіх выпадках было выяўлена заражэнне вірусам SARS-CoV-2. У той жа час на дадзены момант у шматлікіх закранутых успышкай краінах назіраецца шырокая цыркуляцыя COVІD-19, і патэнцыяльная роля віруса SARS-CoV-2 у цяперашняй клінічнай карціне незразумелая.
Зараз няма фактычных даных, якія пацвярджалі б сувязь клінічнай карціны з вакцынацыяй, паколькі большасць хворых дзяцей не была вакцынавана супраць COVІD-19. Для ацэнкі і кантролю рызыкі неабходна дэталёва вывучыць шэраг іншых магчымых фактараў інфекцыйнага і неінфекцыйнага характару.
Паведамленні аб новых выпадках працягваюць паступаць, прымаюцца пашыраныя меры па выяўленні выпадкаў у іншых краінах. У сувязі з гэтым вельмі верагодным бачыцца выяўленне новых выпадкаў яшчэ да таго, як будзе ўстаноўлена прычына захворвання і будуць адпаведным чынам скарэктаваны меры па яго прафілактыцы і кантролі.
Найперш неабходна адзначыць, што дадзенае захворванне не з'яўляецца распаўсюджаным. Аднак бацькі павінны звяртаць увагу на сімптомы гепатыту — вострую дыярэю, ваніты, боль у жываце і жаўтуху (пажаўценне скуры і бялкоў вачэй) — у дзяцей. У большасці захварэлых не адзначалася павышэння тэмпературы. Пры ўзнікненні нагод для занепакоенасці бацькам рэкамендуецца звяртацца да медыцынскіх работнікаў.
Трэба праводзіць звычайныя меры па засцярозе ад вірусаў: забяспечыць правільнае мыццё рук і належную рэспіраторную гігіену (прыкрываць рот падчас кашлю і чхання і іншае).
Алена КРАВЕЦ
Прэв’ю:ТАСС
«Залатая падаплёка крылаў... »
АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.