Вы тут

Генсек Беларускага Чырвонага Крыжа: Беларусы — вельмі добрыя людзі, якія заўсёды гатовы дапамагчы


Дзмітрый Шаўцоў — пра галоўныя прынцыпы работы Чырвонага Крыжа, гуманнасць, а таксама пра няпростыя і прыемныя моманты ў працы.

Дапамога ніколі не бывае лішняй. Асабліва калі размова ідзе пра пажылых і адзінокіх, інвалідаў, дзяцей, якія засталіся без бацькоў. Нягледзячы на самую пільную ўвагу дзяржавы да гэтых людзей, заўсёды застаецца месца для работы такой арганізацыі, як Чырвоны Крыж. Мігранцкі крызіс на граніцы, надзвычайныя здарэнні, пошук людзей, якія пайшлі з дома і зніклі, ці тых, пра каго няма звестак яшчэ з часоў Вялікай Айчыннай, — усё гэта і з'яўляецца работай супрацоўнікаў і валанцёраў арганізацыі. Генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў распавёў пра асаблівасці яе дзейнасці.


— Адным з самых маштабных выклікаў на пасадзе кіраўніка Чырвонага Крыжа для вас стаў міграцыйны крызіс — на беларуска-польскай граніцы ўвосень мінулага года, а цяпер — і на беларуска-ўкраінскай. Ацаніце, як справілася ваша арганізацыя?

— Сапраўды, крызіс закрануў і нашу арганізацыю, і непасрэдна мяне, бо здарыўся літаральна праз месяц пасля майго ўступлення на пасаду генеральнага сакратара. Ніхто не чакаў, што ён будзе настолькі маштабны. У другой палове кастрычніка на граніцы знаходзілася каля трох дзясяткаў чалавек. Мы пра іх клапаціліся, прывозілі прадуктовыя наборы, сродкі гігіены і лічылі, што іх дастаткова вялікая колькасць — роўна да той пары, пакуль на граніцы не з'явілася каля дзвюх з паловай тысячы мігрантаў. Потым падыходзілі яшчэ, у выніку на беларуска-польскай граніцы на працягу пяцісот метраў утварыўся стыхійны лагер, дзе пражывала каля трох з паловай тысячы чалавек. Умовы, канешне, былі цяжкія: імправізаваны лагер з сасновага галля, турыстычных палатак, усюды антысанітарыя...

Пасля, як вядома, людзей удалося перамясціць у ТЛЦ «Брузгі». Тут асаблівая роля Чырвонага Крыжа як каардынатара ўсёй гуманітарнай місіі, але гэта была вялікая калектыўная работа. Пару тыдняў таму мы падводзілі вынікі дзейнасці падчас міграцыйнага крызісу з удзелам губернатара Гродзенскай вобласці Уладзіміра Караніка і памочніка Прэзідэнта па гэтым рэгіёне Юрыя Караева з усімі зацікаўленымі. Якія нашы моцныя бакі? Самае галоўнае — тое, што мы справіліся і не дапусцілі ніводнай чалавечай смерці. Былі розныя выпадкі: знаходзілі малых з пераахаладжэннем, было дзіця з тэмпературай цела 34 градусы — гэта крайняя ступень пераахаладжэння, але яго ўдалося выратаваць. Быў мужчына з СОVІD-інфекцыяй і 75-працэнтным паражэннем лёгкіх, ён знаходзіўся на ШВЛ у адной з клінік, і яго таксама ўдалося выратаваць. Былі цяжарныя жанчыны з пагрозай перарывання цяжарнасці, былі інваліды. Усім гэтым людзям была забяспечана псіхасацыяльная, гуманітарная і медыцынская дапамога.

Яшчэ адзін аспект — усе структуры змаглі скаардынаваць свае дзеянні, і тут вядучай скрыпкай былі Гродзенскі аблвыканкам і Савет Рэспублікі. Без іх не справіўся б ні Чырвоны Крыж, ні іншая арганізацыя. Крызіс наступіў тут і цяпер, імгненна, і людзі, якія знаходзіліся на граніцы, на працягу некалькіх апошніх сутак адчувалі нягоды і не мелі ежы. А там былі дзеці, цяжарныя жанчыны, інваліды, старыя. Таму аблвыканкам і Савет Рэспублікі адразу арганізавалі дастаўку Чырвонаму Крыжу прадуктаў харчавання і пітной вады, бо ў нас не было такога вялікага запасу. Дапамагалі і іншыя арганізацыі: Беларускі саюз жанчын, БРСМ, федэрацыя прафсаюзаў, «Белая Русь». А таксама і нашы міжнародныя партнёры: Міжнародная Федэрацыя Чырвонага Крыжа, Міжнародны камітэт Чырвонага крыжа, нацыянальныя таварыствы — дацкае, швейцарскае, нямецкае і турэцкае — адгукнуліся і пералічылі сродкі, на якія мы змаглі закупіць неабходныя для мігрантаў рэчы. Пазней падключыліся міжнародныя партнёры па лініі ААН. У выніку ўсімі дзеяннямі і іх каардынацыяй кіраваў штаб, які ўзначальваў памочнік прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў. Гэта дапамагло нам дакладна спрацаваць. Вельмі актыўна адгукнуліся людзі, грамадскасць, прадпрыемствы, якія пералічвалі грошы, арганізоўвалі прадуктовыя наборы.

У студзені шэсць жанчын, якія былі цяжарныя, нарадзілі. Яны са сваімі нованароджанымі знаходзіліся ў крызісным пакоі Гродзенскага аддзялення Чырвонага Крыжа. Калі ў іх былі яшчэ дзеці, мы дастаўлялі іх з ТЛЦ да мам. Мы забяспечылі камфортнае пражыванне — у памяшканнях кватэрнага тыпу, з кухняй, прадуктамі харчавання.

Што датычыцца мігрантаў з Украіны, то першы міграцыйны крызіс нам дапамог. Мы дакладна разумелі, што трэба рабіць. Праўда, калі ў першым выпадку людзі больш мелі патрэбу ў прадуктах харчавання і сродках гігіены, то ўкраінскім бежанцам была патрэбна найперш псіхаэмацыянальная дапамога. Пасля крызісу на беларуска-польскай граніцы мы зрабілі некаторы апгрэйд. Мы зразумелі, што нам неабходная дадатковая тэхніка, каб дастаўляць прадукты і сродкі гігіены. Таксама нам неабходныя былі модулі — камфартабельныя вялікія палаткі, якія маюцца ў МНС, дзе людзі камфортна адчуваюць сябе і зімой, і летам, бо яны ацяпляюцца і кандыцыянуюцца. Мы купілі чатыры вялікія модулі, якія могуць аднамомантна змясціць 50 чалавек, і два маленькія на 20—25 чалавек. Для іх разгортвання патрабуецца не больш за гадзіну.

На беларуска-ўкраінскай граніцы мы першапачаткова асталёўваліся ў Брагінскім раёне — на пагранпераходзе, дзе няма ніякіх камунікацый. Устанавілі два вялікія модулі, і ўкраінцы прыходзілі самі, некаторых дастаўлялі расійскія ваенныя, хтосьці выязджаў на сваім транспарце. Яны ішлі да нашых модуляў, дзе маглі паесці і адпачыць, атрымаць медыцынскую дапамогу. Мы працавалі кругласутачна. Праводзілі апытанне, у чым людзі маюць патрэбу: ці гэта адзенне, медыкаменты, ці нейкія рэчы. Пасля іх забіралі аўтобусы і размяшчалі ў санаторыях Гомельскай вобласці. А на наступны дзень мы прывозілі ўсё тое, што яны замаўлялі.

Тут таксама варта адзначыць сувязь з Гомельскім аблвыканкамам, у нас працаваў штаб, неаднаразова прыязджалі губернатар і памочнік Прэзідэнта, мы супрацоўнічалі з мясцовымі органамі ўлады.

На сёння з боку ўкраінска-беларускай граніцы людзі не ідуць, але мы ўсё роўна працуем, бо ўкраінцы, якія выйшлі праз Заходнюю Украіну, ідуць да нас транзітам праз Польшчу. Па даных пагранічнага камітэта — ад 130 да 260 чалавек штодзень. Не ўсім патрэбна дапамога, але некаторыя звяртаюцца ў Чырвоны Крыж з просьбай у набыцці адзення ці па прадуктовыя наборы. Пакуль яны не працаўладкаваны, мы бяром над імі апеку.

— 14 чэрвеня адзначаецца дзень донара. Якім будзе ўдзел Чырвонага Крыжа?

— Нарыхтоўкай крыві і яе кампанентаў займаецца Міністэрства аховы здароўя. У прыватнасці, РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій, гарадскі цэнтр у Мінску і абласцях. Але мне як медыку не варта тлумачыць, што такое донарства, я быў донарам яшчэ ў студэнцкія гады. Наша арганізацыя актыўна дапамагае, і мы папулярызуем бязвыплатнае донарства. Гэта візітоўка любой цывілізаванай краіны. Кроў і яе кампаненты жыццёва неабходныя для пэўных катэгорый людзей, якія трапілі ў розныя сітуацыі, і іх наяўнасць вырашае, будуць яны жыць ці не.

Мне падабаецца падыход Вялікабрытаніі, дзе кожны грамадзянін краіны хоць бы раз у жыцці мусіць быць бязвыплатным донарам — дзеля таго, каб здаць гэту кроў для сябе. У жыцці можа здарыцца ўсё, што заўгодна, і кроў можа спатрэбіцца і табе. З адной данацыі мы можам выратаваць чатыры чалавечыя жыцці. Выпадкі бываюць розныя: інфекцыйныя хваробы, захворванні, калі адбываецца разбурэнне эрытрацытаў і іх трэба пастаянна папаўняць, захворванні, звязаныя са згусальнасцю крыві, траўмы — патрабуецца пераліванне вялікай колькасці кампанентаў крыві. Мы мусім разумець, што гэта гуманна, і калі мы лічым сябе развітым цывілізаваным грамадствам, то павінны клапаціцца пра жыцці іншых людзей. Асабіста я, калі бачу бязвыплатнага донара, разумею, што перада мной чалавек вельмі глыбокай, гуманнай і правільнай фармацыі, і гэта заўсёды настройвае на пазітыў.

Канешне, у дзень донара мы запрашаем розных людзей: вышэйшых дзяржаўных асоб, вучоных, медыкаў, людзей са сферы адукацыі і СМІ. Бязвыплатнае донарства ў нас нядрэнна развіта, але мы папулярызуем яго яшчэ шырэй.

— У сталічным метрапалітэне нядаўна з'явіўся брэндзіраваны вагон, прысвечаны медыка-сацыяльнай службе Чырвонага Крыжа «Дапамога». Напэўна, гэта адна з самах значных праграм...

— Мы вырашылі запусціць такі цягнік, каб яшчэ раз нагадаць пра сябе. Пазіцыя, што дабро робіцца ціха, з майго пункту погляду няправільная. Пра дабро трэба гаварыць. У нашым жыцці хапае напружанага парадку дня, негатыўных навін па ўсім свеце: стыхійныя бедствы, хваробы, канфлікты. Мы мусім гаварыць, што мы добрыя людзі, і тады будзем адчуваць сябе імі ў поўным сэнсе слова. Чырвоны Крыж у любой краіне з'яўляецца візітоўкай дабрыні. «Дапамога» — гэта тое, чым займаемся мы і нашы валанцёры. Усё, пра што мы казалі, — мігранты, донарства крыві — толькі асобныя напрамкі дзейнасці.

А наша медыка-сацыяльная служба «Дапамога» на пастаяннай аснове працуе з пажылымі людзьмі, інвалідамі, дзеткамі, якія засталіся без бацькоў і знаходзяцца ў інтэрнатах, — у нас ёсць праграма «Няня замест мамы». Нашы валанцёры прыходзяць, каб пабыць з малымі, якія знаходзяцца ў бальніцы і атрымліваюць лячэнне.

Мы працуем з людзі з хранічнымі псіхічнымі захворваннямі. У Мінску ёсць выдатны сэрвіс «Адкрыты дом», куды яны штодзённа прыходзяць і займаюцца з нашымі псіхолагамі і валанцёрамі, супрацоўнікамі РНПЦ псіхічнага здароўя. Гэтыя людзі разумеюць, што яны запатрабаваныя, гэта дапамога і іх сем'ям. У нас ёсць сэрвісы для сем'яў, якія выхоўваюць дзетак з хранічнымі псіхічнымі захворваннямі. Адзін з іх знаходзіцца ў Гродне і аб'ядноўвае каля 50 сем'яў, якія прыязджаюць туды штодзённа. Праводзяцца заняткі, аказваецца псіхалагічная дапамога дзеткам і іх бацькам. Жыць заўсёды лягчэй, калі побач людзі з такімі, як у цябе, праблемамі.

Праграма «Дапамога» накіравана ў першую чаргу на пажылых людзей, адзінокіх, але аб'ядноўвае і іншыя катэгорыі, у тым ліку дзяцей, інвалідаў. І такі вагон дапаможа зразумець мінчанам, што такое «Дапамога», навошта яна і каму дапамагае.

— Якія перспектыўныя напрамкі дзейнасці «Чырвонага Крыжа»?

— Наш важны напрамак — служба пошуку. Першапачаткова мы шукалі людзей, якія загінулі ці зніклі без вестак падчас Вялікай Айчыннай вайны. Каля 8—10 % такіх нам удаецца знайсці дагэтуль, нягледзячы на тое, што прайшло восемдзесят гадоў. Мы звязваемся з архівамі ў Беларусі і Расіі, іншых краінах. Гэта няхуткі працэс, часам праходзіць год ці нават некалькі, але нам удаецца знайсці, дзе загінулі людзі, і расказаць іх сваякам. Цяпер наша служба вышуку пачала працаваць яшчэ і з мігрантамі — з Блізкага Усходу па ўз'яднанні сем'яў, і па Украіне, бо хтосьці застаўся там, хтосьці выехаў у Беларусь, Еўропу ці Расію. У нас ужо каля 200 заявак, над імі працуюць. Каля 35 пошукавых спраў мы паспяхова змаглі закрыць.

У нас ёсць аддзел па надзвычайных сітуацыях, і валанцёры, якія абучаны па гэтай праграме. Гэта дапамога ў розных надзвычайных сітуацыях: падтапленні, якія здараюцца на Палессі, экстрэмальна нізкія і высокія тэмпературы. Мы ідзём на дапамогу ДАІ і МНС зімой, працуем на трасах і дапамагаем людзям. У спякотнае надвор'е мы таксама даём ваду, выстаўляем модулі для прафілактыкі цеплавога і сонечнага ўдараў. Пры падтапленнях, пажарах на тарфяніках дапамагаем МНС. Разам з ратавальнікамі праводзім сумесныя вучэнні па пошуку людзей і таксама ім дапамагаем у такіх сітуацыях. Цяпер рыхтуемся да міжнародных вучэнняў сумесна з МНС, яны будуць праходзіць на Брэстчыне ў ліпені. Запросім нашых партнёраў з расійскага Чырвонага Крыжа, яны жадаюць пераняць наш вопыт па выратаванні падчас стыхійных бедстваў, аварый і сумесных дзеянняў з МНС.

Таксама мы навучаем людзей аказваць першую дапамогу. Гэта работа на бязвыплатнай і платнай аснове. У нас ёсць міжнародныя інструктары, якіх запрашаюць праводзіць навучальныя трэнінгі ў розных краінах. Мы навучаем насельніцтва, людзей, якія працуюць сядзелкамі, у школах, дашкольных установах, на прадпрыемствах. Гэта важна, бо калі ты не разгубіўся, значыць, што ты выратаваў чалавечае жыццё.

— Вы ўзначальваеце Беларускі Чырвоны Крыж ужо восем месяцаў. Чым гэта работа адрозніваецца ад кіраўніцтва паліклінікай, бальніцай?

— Работу на пасадзе генеральнага сакратара Чырвонага Крыжа можна назваць у пэўным сэнсе абагульняльнай. Найперш тут спатрэбіўся ўвесь мой медыцынскі вопыт, як і ўрача, так і арганізатара аховы здароўя. Што ў медыцыне, што ў Чырвоным Крыжы прынцыпы выратавання чалавечага жыцця, гуманнасці і міласэрнасці аднолькавыя. Гэты вопыт мне вельмі дапамог. Праца і адукацыя ў галіне сацыяльнай сферы (я скончыў Акадэмію кіравання па спецыяльнасці «Дзяржаўнае кіраўніцтва і ўпраўленне сацыяльнай сферай») таксама дапамаглі, бо працаваць даводзіцца з міністэрствамі па працы і сацыяльнай абароне, адукацыі, МНС, МУС, МЗС, Дзяржпагранкамітэтам. Важным аказаўся і мой вопыт работы ў парламенце. Гэта і заканатворчая дзейнасць, і досвед працы намеснікам старшыні камісіі па міжнародных справах. Мне вельмі дарэчы прыйшоўся вопыт міжнароднай камунікацыі. Гэта вядзенне перагавораў, міжнародныя сустрэчы, бо ў залежнасці ад таго, як ты пазіцыянуеш работу Чырвонага Крыжа, будуецца стаўленне і да нашай арганізацыі, і да краіны ў цэлым. Візітоўка любой краіны — не толькі работа эканомікі і валавы ўнутраны прадукт, але і дзейнасць Чырвонага Крыжа. Візітоўка нашай краіны — гэта найперш міласэрнасць, бо нашы людзі вельмі добрыя і гатовы дапамагаць.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.