Якія якасці, што характарызуюць індывідуальнасць настаўніка, вы лічыце найбольш значнымі: дабрыню, высокі інтэлект, акуратнасць, адказнасць, агульную культуру, маральнасць, арганізаванасць, самастойнасць, энергічнасць ці эмацыянальнасць? А якія якасці найбольш важныя для стасункаў з навучэнцамі? Любоў да дзяцей, спагадлівасць, шчырасць, тактоўнасць, цярплівасць, знешняя прывабнасць, назіральнасць, артыстычнасць... І, нарэшце, якія якасці дазваляюць педагогу ў найбольшай ступені ўплываць на іншых людзей, змяняць іх свядомасць? Мэтанакіраванасць, аўтарытэтнасць, гарманічнасць характару, прафкампетэнтнасць, добрасумленнасць, праніклівасць, самабытнасць, імкненне да творчасці... Паразважаць над гэтымі пытаннямі прапанавалі ўдзельнікам ток-шоу «Дыялог пакаленняў», які арганізавалі для навучэнцаў педкласаў адзінаццацікласніцы гімназіі Белаазёрска Ангеліна Зайцава, Вольга Кулак і намеснік дырэктара гімназіі па выхаваўчай рабоце Алена Кавалевіч.
Стала ўжо добрай традыцыяй збірацца кожны год у сценах Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, каб падзяліцца адно з адным сваім досведам функцыянавання педкласаў і абмеркаваць перспектывы гэтай формы прафарыентацыйнай работы.
Сёлета ў міжнароднай канферэнцыі прынялі вочны ўдзел больш за 300 чалавек: педагогі і навучэнцы педагагічных класаў, спецыялісты аддзелаў і ўпраўленняў адукацыі, якія курыруюць арганізацыю профільнай педагагічнай падрыхтоўкі, навукоўцы, вядучыя спецыялісты і практыкі ў галіне профільнай і прафесійнай педагагічнай адукацыі, у тым ліку з краін блізкага замежжа: розных рэгіёнаў Расіі, Арменіі і Казахстана. Трэба заўважыць, што беларускі вопыт функцыянавання педагагічных класаў цікавіць і натхняе сёння многіх. Так, у Расійскай Федэрацыі міністрам асветы было даручана адкрыць пяць тысяч такіх класаў.
У Беларусі калісьці пачыналі са 100 педагагічных класаў, а цяпер у нас іх па краіне ўжо 556. У педагагічным профілі навучаюцца 5100 чалавек, і 30 працэнтаў з іх паступаюць пасля заканчэння школы на педагагічныя спецыяльнасці. Намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай назваў стварэнне профільных педагагічных класаў праектам з даказанай эфектыўнасцю. Менавіта ўвядзенне педагагічнага профілю ў старшых класах істотна змяніла сітуацыю з кантынгентам тых, хто паступае на педагагічныя спецыяльнасці ў ВНУ: колькасць выпадковых людзей значна зменшылася, а колькасць матываваных студэнтаў, наадварот, узрасла.
У БДПУ імя Максіма Танка атрымліваюць сёння адукацыю 744 выпускнікі профільных класаў — гэта кожны пяты студэнт дзённай формы навучання. Летась універсітэт выпусціў 110 маладых спецыялістаў, якія навучаліся ў педкласах, а сёлета дыпломы атрымаюць удвая больш былых педкласаўцаў — 220 чалавек.
Адзінаццацікласніца сталічнай гімназіі № 20 Дар'я Сакалоўская таксама два апошнія гады навучалася ў педкласе.
— Мая маці — настаўніца пачатковых класаў, бацька — выкладчык па класе духавых інструментаў у музычнай школе. Бабуля і прабабуля таксама былі педагогамі, а агульны педагагічны стаж маёй сям'і складае ўжо больш за 100 гадоў, — расказвае дзяўчына. — Таму, калі я рабіла свой выбар, родныя мяне падтрымалі. Лічу, што мая педагагічная дзейнасць распачалася яшчэ ў сёмым класе, калі мне прапанавалі стаць важатай у пяцікласнікаў. Падрыхтоўка маіх падапечных да Дня гімназіста, сумесныя паходы, экскурсіі, рэпетыцыі дазволілі не толькі адчуць сябе памочнікам класнага кіраўніка, але і спазнаць сябе.
Я стала больш чуллівай, уважлівай, упэўненай, таму што даводзілася вырашаць праблемы — і чужыя, і свае, — я адчула радасць ад прыналежнасці да вучнёўскай супольнасці. А першы ўрок, які праводзіла як сапраўдны настаўнік, — руская мова ў шостым класе. Прызнаюся, я вельмі хвалявалася, хваляваўся і педагог, з якім рыхтавалася да ўрока, але веды, якія мы атрымліваем у рамках факультатыўнага курса «Уводзіны ў педагагічную прафесію», мне вельмі дапамаглі. Праз пару хвілін хваляванне знікла. Маім поспехам радавалася сям'я, педагогі, а я ўсё больш пераконвалася ў тым, што здзейсніла правільны прафесійны выбар.
Яшчэ больш я ўмацавалася ў гэтай думцы, калі ў адзінаццатым класе стала ўдзельніцай агульнагімназічнага праекта «Навучэнец профільнага класа — студэнт профільнай ВНУ — настаўнік профільнага прадмета». Супрацоўніцтва са студэнтамі БДПУ, сумесная распрацоўка з імі ўрокаў і ўдзел у іх дазволілі пераканацца, што мая падрыхтоўка ў профільным пед-
класе часам не саступае ведам студэнтам у галінах псіхалогіі, педагогікі і метадычных аспектаў выкладання прадмета. А яшчэ хацелася б падзякаваць нашым настаўнікам профільных прадметаў, якія не толькі цярпліва дапамагаюць нам у напісанні плана-канспекта ўрока, але і кантактуюць з намі як з будучымі калегамі без перавагі, што дазваляе выяўляць праблемныя моманты ў арганізацыі ўрока без страху дапусціць памылку. Канешне, усе мы дапускаем памылкі, але пры гэтым упэўнены, што нам дадуць магчымасць іх выправіць.
Па словах дзяўчыны, падчас навучання ў педкласе яна зразумела, што прафесія настаўніка не дазваляе стаяць на месцы, а патрабуе творчасці, самаадданасці, пастаяннага ўдасканалення прафесійных уменняў. І гэта выдатна! «Я ўпэўнена, што пройдзе зусім няшмат часу, і для мяне адчыніць свае дзверы адна з самых прэстыжных беларускіх ВНУ — Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, які будзе спрыяць прафесійнаму станаўленню, дапамагаць мне і маім равеснікам стаць сапраўднымі майстрамі ў настаўніцкай прафесіі, — кажа Дар'я Сакалоўская. — І калі я бачу, як працуюць педагогі маёй гімназіі, хочацца падхапіць і несці запалены імі факел прафесіяналізму далей...»
— А для мяне дзверы БДПУ расчыніліся два гады таму, — расказвае студэнт другога курса факультэта прыродазнаўства Андрэй Роскач, старшыня студэнцкага клуба выпускнікоў профільных класаў «ПРОФіль+». — Я таксама навучаўся ў педагагічным класе сярэдняй школы № 3 у Любані. Навучанне ў педкласе дало мне першы прафесійны вопыт і, галоўнае, магчымасць прыняць свядомае рашэнне аб паступленні на педагагічную спецыяльнасць. Цяпер я дакладна разумею, што менавіта ў педкласе былі закладзены асновы маёй паспяховай вучобы ва ўніверсітэце. Паколькі мы вывучалі факультатыўны курс «Уводзіны ў педагагічную прафесію», мне прасцей, чым іншым, асвойваць педагогіку і псіхалогію. Яшчэ школьнікам я праходзіў першыя педагагічныя пробы, таму цяпер мне лягчэй выконваць заданні па педпрактыцы. У школе ў мяне быў вопыт праектнай і даследчай работы, мы стваралі сваё партфоліа «Я — педагог». Увогуле, лічу, што выпускнікі педкласаў больш ініцыятыўныя, камунікабельныя і адказныя студэнты. З іншага боку, падчас навучання ў педкласе ў мяне было шмат сумненняў і пытанняў, напэўна, як і ва ўсіх, напрыклад, па запаўненні партфоліа, па выбары спецыяльнасці, розных нюансаў паступлення ва ўніверсітэт і вучобы ў ім. І вось тады я задумаўся, як было б здорава, калі б я мог задаць свае пытанні равесніку, які ўжо прайшоў шлях ад выпускніка педкласа да студэнта.
Паступіўшы ва ўніверсітэт, зразумеў, што так думаю не толькі я. Адным з тых, хто прапанаваў ідэю стварэння клуба, была студэнтка другога курса філалагічнага факультэта Дар'я Астапчук. Як ужо казалі раней, сёння кожны пяты студэнт нашага ўніверсітэта — выпускнік педкласа. Таму мы вырашылі аб'яднацца і стварыць студэнцкую супольнасць, якая будзе карысная цяперашнім навучэнцам і выпускнікам педкласаў. Так сфарміраваўся клуб «ПРОФіль+» Адкуль такая назва? «Профіль» мае шмат значэнняў: профільны, прафесія, прафесіянал... Мы з вамі з'яўляемся ўдзельнікамі ўнікальнага рэспубліканскага праекта па функцыянаванні профільных педагагічных класаў. А «плюс» — гэта дабаўленне новых магчымасцяў і перспектыў.
Нашаму клубу ўжо два гады. На першай сустрэчы абмеркавалі, чым можам быць карысныя для педкласаўцаў, і вызначылі чатыры напрамкі: можам кансультаваць, навучаць натхняць і распрацоўваць. Напрыклад, адукацыйная група займаецца распрацоўкай і правядзеннем самых розных адукацыйных актыўнасцяў: прэзентацый, мітапаў, вэбінараў, семінараў і гэтак далей. Хлопцы і дзяўчаты з валанцёрскай групы арганізоўваюць для навучэнцаў педкласаў нефармальныя сустрэчы і натхняюць іх сваім прыкладам, гатовы расказваць не толькі пра радасці і складанасці студэнцкіх будняў і экзаменацыйных сесій, але і адказваць на сур'ёзныя пытанні аб прыёмнай кампаніі, падзяліцца сваей гісторыяй паступлення. Атрымліваецца прафарыентацыйная падзея «з падвойным плюсам».
Група прасоўвання займаецца інфармацыйнай і творчай падтрымкай, нашай прысутнасцю ў сацыяльных сетках і гэтак далей.
Летась мы вырашылі падтрымаць выпускнікоў педкласаў, якія паступаюць па сумоўі без экзаменаў, і арганізавалі для іх «Зону «ПРОФільнай» падтрымкі» — месца, дзе абітурыенты могуць пагутарыць з нашымі валанцёрамі, пракансультавацца наконт праходжання такой гутаркі і прэзентацыі свайго партфоліа. Спадзяёмся, што гэта дапамагло ім адчуць сябе больш упэўнена. У перыяд уступнай кампаніі бягучага года члены клуба вырашылі зноў забяспечыць маральную і кансультацыйную падтрымку выпускнікам педкласаў, якія паступаюць у наш універсітэт.
Для нас, студэнтаў БДПУ, удзел у клубе — гэта новы, ужо прафесійны вопыт, магчымасць прапампаваць свае камунікатыўныя навыкі, уменні выбудоўваць адносіны, супрацоўнічаць, узаемадзейнічаць, працаваць у камандзе.
У клуба «ПРОФіль+» ёсць свой мерч: календары, блакноты, ручкі, цішоткі, кепкі з лагатыпам клуба. У гэтым годзе сумесна з Цэнтрам неперарыўнай педагагічнай адукацыі быў аб'яўлены конкурс на маскот (талісман клуба) і слоган. Усяго было даслана 113 распрацовак. Пераможцай у намінацыі «Найлепшы слоган» стала Дар'я Буйко, дзесяцікласніца сярэдняй школы № 1 з гарадскога пасёлка Шаркаўшчына, са слоганам «ПРОФіль+: Навучым! Падтрымаем! Натхнім!». А ў намінацыі «Найлепшы маскот» перамагла вучаніца 10 класа івацэвіцкай сярэдняй школы № 1 Паліна Радзюк.
Для навучэнцаў і студэнтаў-выпускнікоў педагагічных класаў у рамках канферэнцыі былі арганізаваны разнастайныя крэатыўныя мерапрыемствы прафарыентацыйнай накіраванасці. Многія з іх правялі самі навучэнцы. Як, напрыклад, ток-шоу «Дыялог пакаленняў». Як заўважыла намеснік дырэктара гімназіі Белаазёрска Алена Кавалевіч, у школу часта запрашаюцца прадстаўнікі розных прафесій. Яны хочуць быць цікавымі і карыснымі, але не ведаюць, як гэта зрабіць, асабліва калі ад удзельнікаў сустрэчы не паступае пытанняў. Каб гасцей разняволіць, трэба сур'ёзна рыхтавацца. Такая форма работы, як ток-шоу, дазваляе прайсці на практыцы некаторыя тэмы факультатыва, што вывучаецца ў педкласах.
Гасцямі ток-шоу сталі «маладыя настаўнікі», роля якіх дасталася Дар'і Карповіч, вучаніцы дзясятага класа мінскай гімназіі № 174, і Вікторыі Бельцюковай, адзінаццацікласніцы сярэдняй школы № 2 г. п. Смілавічы Чэрвенскага раёна. Наваспечаным «маладым спецыялістам» прапанавалі прайсці па «зорнай дарожцы», паўдзельнічаць у бліц-апытанні, адказваючы на шэраг пытанняў. Напрыклад, што вас засмучае ў цяперашніх дзецях? Ці часта вы самі спазняліся на ўрокі, калі былі школьнікамі? Калі вам дрэнна, як вы спраўляецеся з гэтым станам? А як ставіцеся да шпаргалак і ЦТ? Прыгадайце самы смешны выпадак з вашага школьнага жыцця...
Потым усе разам спрабавалі апісаць тыповы дзень педагога, выкарыстоўваючы толькі назоўнікі, малявалі на паперы педагога, якога чакаюць школьнікі: абстрактнага ці рэальнага. Разбуралі міфы вакол настаўніцкай прафесіі. Складалі партрэт ідэальнага педагога. Вердыкт аўдыторыі: ідэальны педагог — добры, мэтанакіраваны і любіць дзяцей! Гэта чалавек, які заўсёды зможа дапамагчы, вырашыць любую праблему і стане для цябе сябрам! Вішанькай на торце стала заданне для «маладых спецыялістаў» скласці сінквейн наконт сутнасці прафесіі настаўніка. Сінквейн — гэта метадычны прыём, які ўяўляе сабой складанне верша з пяці радкоў. У яго ёсць свае законы. Першы радок верша — яго тэма. Яна павінна быць прадстаўлена ўсяго адным словам і абавязкова назоўнікам. Другі радок складаецца з двух слоў, якія раскрываюць асноўную тэму. Гэта павінны быць прыметнікі. Трэці — тры дзеясловы, якія характарызуюць дзеянні па дадзенай тэме. Чацвёрты радок — словы, пры дапамозе якіх выказваецца стаўленне да тэмы. І пяты радок — усяго адно слова, якое ўяўляе сабой нейкі вынік, рэзюмэ. У «маладых педагогаў» атрымаўся наступны сінквейн «Педагог. Адукаваны і добры. Любіць, вучыць, аддаваць. Адказны, мэтанакіраваны, цярплівы. Веды».
Да старту прыёмнай кампаніі застаюцца лічаныя дні. Вікторыя Бельцюкова марыць стаць настаўніцай пачатковых класаў. Яна проста абажае дзяцей. І вельмі хочацца, каб у яе ўсё атрымалася, а клуб «ПРОФіль+» займеў яшчэ аднаго крэатыўнага і ініцыятыўнага сябра.
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота аўтара і БДПУ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?