Вы тут

Фестываль «Спораўскія сенакосы» сабраў умельцаў ручнога кашэння на балоце


Пятнаццаты раз сабраліся ў мінулую суботу на спораўскіх балотах аматары традыцыйнай касьбы. Аграэкафестываль «Спораўскія сенакосы» склікаў каманды ўмельцаў ручнога кашэння на балоце. Падцягваліся гледачы. Яно і зразумела: касьба ўручную становіцца экзотыкай нават у сельскай мясцовасці — у эпоху суцэльнай камп'ютарызацыі жывёлагадоўлі і магутнай тэхнікі на палях.


Але якая б сучасная тэхніка ні прыходзіла на падмогу чалавеку, ёсць мясціны ў балотах, падтрымліваць у парадку якія можна толькі з дапамогай дзедавай касы. Пра гэта заўсёды нагадваюць спецыялісты заказніка «Спораўскі», створанага менавіта для захавання аднаго з нашых галоўных багаццяў — балота.

Разгаварыліся са сталымі вясковымі пенсіянеркамі. «Хто б мог падумаць, — разважаюць жанчыны, — што наша балота стане сапраўднай славутасцю! Мы яго некалі ледзь не пракліналі, калі даводзілася сена вывозіць на лодцы альбо ставіць у стажкі і чакаць марозу». Адна з іх успомніла, як у 1960-я гады выдалася дажджлівае лета і па балоце разлілася вада. Тады кожны свае копы вывозіў на лодцы, а на падворку сена сушылі яшчэ раз. Касьба на балоце была адзіным спосабам назапасіць корм для ўласнай каровы. Цяпер, паводле іх слоў, людзі гора не знаюць — з кармамі дапаможа гаспадарка, толькі вось ахвотных трымаць скаціну амаль не застаецца.

Дырэктар рэспубліканскага біялагічнага заказніка «Спораўскі» Вадзім ПРАТАСЕВІЧ зноў нагадвае, што абкошванне балот — гэта неабходная ўмова падтрымання іх у тонусе. Калі людзі касілі іх некалі штогод, балоты сябе добра пачувалі. А як гадоў 30 таму вяскоўцы пакінулі гэтую справу, балоты паступова пачалі хварэць, зарастаць, сталі знікаць іх традыцыйныя насельнікі — птушкі і жывёлы. Вунь і маленькая вяртлявая чаротаўка, адна з галоўных гераінь кожнага фэсту, на мяжы знікнення. Таму фестываль некалі быў задуманы як спроба прыцягнуць увагу да праблемы захаванасці беларускіх балот, адной з галоўных крыніц кіслароду. Некаторыя вучоныя лічаць, што балота і ёсць той пажыўны асяродак, у якім зараджаецца ўсё жывое.

І сапраўды, складваецца ўражанне, што ўсе ўдзельнікі спаборніцтва з сімпатыяй ставяцца да балота. Яму ўдзяляецца асаблівая ўвага, бо ўмовы на ўчастку, дзе праводзіцца пакос, надзвычай складаныя. Гэта вам не на лузе пракладваць пракосы, трывала адчуваючы пад нагамі зямлю. Тут даводзіцца махаць касой, стоячы ледзь не па калена ў вадзе, пры гэтым прыкладаць сілу, бо «трава» — цяжкая асака з чаротам. Удзельнікі пра асаблівасці дзялянкі ведаюць і рыхтуюцца да фестывалю цэлы год. І на гэты раз дзевятнаццаць каманд удзельнікаў атрымалі па паласе, якая складае 100 метраў у даўжыню і 3 метры ў шырыню. Вышыня пакосу пры гэтым не павінна быць больш за 7,5 сантыметра. Ацэньваецца хуткасць касьбы, пры любых парушэннях налічваюцца штрафныя секунды.

...Прыгожа ідуць касцы, асабліва хораша назіраць за працэсам паводдаль, з дарогі, тады здаецца, што ім зусім не цяжка: размахваешся і зразаеш высокую траву. Насамрэч, гэта работа патрабуе спрыту і ўмення, якое некалі выпрацоўвалася гадамі. Ды і цяпер удзельнікі спаборніцтваў, як правіла, не навічкі. Падобна на тое, што традыцыяй становіцца ўдзел у чэмпіянаце жаночых каманд. Летась на пакосы выходзілі два жаночыя дуэты, і цяпер дзяўчаты не адсталі, удзельнічала жаночая каманда.

Многімі майстрамі можна было палюбавацца. Калі хто прыгожа і па-майстэрску косіць, заўсёды згадваю формулу Пятра Маліка. Гэта адзін з самых сталых удзельнікаў першага фестывалю. Ён гаварыў аўтару гэтых радкоў так: «Калі косіш і душа радуецца — вось гэта касьба! А калі робіш гэта нават пад асабістым унутраным прымусам — значыць, займаешся нарыхтоўкай кармоў альбо проста скошваннем травы». Вось гэта пра іх, касцоў, якім аддаў належннае Якуб Колас у «Новай зямлі». Памятаеце? «Другі хутчэй бы выбраў жонку, чым дзядзька добрую касу»!

Хто сказаў, што справа майстэрскага ручнога кашэння загінула на Палессі?! Апошняе цалкам абвяргаюць тыя, хто ў мінулую суботу атрымліваў прызы за перамогу і прызнанне гледачоў. У камандным спаборніцтве перамогу атрымалі «Какорыцкія асілкі» (Аляксандр Шыкула і Віктар Дашкевіч) — 1 месца, «Землякі» (Віктар Здановіч і Мікалай Зуянаў) — 2 месца, «Волаты Палесся» (Андрэй Шыкула і Генадзь Дашкевіч) — 3 месца. У асабістым першынстве перамогу заваявалі Віктар Здановіч, Аляксандр Шыкула і Віктар Дашкевіч.

Нельга не сказаць пра яшчэ адну фішку фестывалю — футбол на балоце. Гэта спаборніцтва таксама збірае шмат гледачоў. Пабегаць па балоце з мячом — не лёгкая задача. Але амтараў такога не зусім звычайнага віду спорту менш не становіцца. У футбол гэтым разам згулялі дзевяць дружын з Бярозаўскага, Кобрынскага, Івацэвіцкага раёнаў і Брэста. Усе яны былі адзначаны граматамі і каштоўнымі прызамі.

Ну і вакол пляцовак спаборніцтваў разгарннуўся сапраўдны фестываль. Праходзілі выстаўкі-кірмашы рамесніцкіх вырабаў і сувеніраў, гандлёвыя палаткі прапаноўвалі розныя пачастункі. Самадзейныя артысты стваралі настрой. Ахвотныя ўдзельнічалі ў майстар-класах па сплаве на байдарках, па маляванні. Працавала студыя настольных гульняў. Забаўлянак хапала на ўсе густы.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Бярозаўскі раён.

Загаловак у газеце: Калі косіш, і душа радуецца

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.