Вы тут

Што ў Беларусі вядома пра літаратуру Бангладэш?


У апошні час судакрануўся з тэмай літаратуры на бенгалі, літаратурай Бангладэш (хаця яна ствараецца і на іншых мовах, як, дарэчы, і на англійскай). Прычына звычайная — выдавецкая цікаўнасць: рыхтуецца перавыданне кнігі перакладаў аднаго верша Рабіндраната Тагора «Мая залатая Бенгалія». Верша, які стаў гімнам Бангладэш, калі гэты куточак зямлі атрымаў незалежнасць. Прызнаюся, што вельмі мала ведаў і ведаю пра нацыянальную літаратуру гэтай краіны. Ды і зараз нават у Інтэрнэце не так і шмат знайшоў звестак пра пісьменнікаў гэтай краіны. Як і папяровых выданняў на рускай мове не так шмат існуе па тэме літаратуры Бангладэш. Тых выданняў, якія б пазнаёмілі з іншым, невядомым дагэтуль мастацкім светам. 


Фота: eksmo.ru

Праўда, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі знайшоў невялікага памеру зборнічак вершаў Казіма Назруло Іслама, выдадзены ў 1962 годзе. Як вынік — напісаў для Інтэрнэт-партала «Созвучие: литература и публицистика стран Содружества» невялікі тэкст пра паэзію гэтага няўрымслівага барацьбіта за народныя інтарэсы. А што да выдавецкай цікаўнасці, да збірання кнігі аднаго верша Рабіндраната Тагора, які жыў у Індыі, вядомы як індыйскі паэт, індыйскі філосаф, а пісаў на бенгалі, то першае выданне пабачыла свет у 2018 годзе. Ужо сабраныя пераклады гэтага твора на беларускую мову, а таксама — на нагайскую, азербайджанскую, грэчаскую, сербскую, чарнагорскую, казахскую, уйгурскую, татарскую, чувашскую, рускую, чачэнскую і іншыя мовы сведчаць, што лаўрэат Нобелеўскай прэміі Рабіндранат Тагор і яго втор і зараз цікавыя ў шырокім свеце. 

Чаму раптам у Беларусі ўзнікла тэма выдання такой кнігі? Зусім выпадкова. Паспрыяў гэтаму Музахідул Іслам, малады чалавек, які некаторы час назад прыехаў у Беларусь, працуе ў Мінску ў замежнай (кітайскай) тэлекамунікацыйнай кампаніі. І вельмі цікавіцца беларускай культурай, беларускай літаратурай, а таксама па меры сіл і магчымасцяў расказвае пра сваю нацыянальную культуру, літаратуру. Музахідул, дарэчы, расказаў мне і пра Казіма Назруло Іслама, пра тое, наколькі яго, паэта складанага лёсу, паважалі і паважаюць у Бангладэш. Дарэчы, зусім нядаўна завершаны пераклад на беларускую мову аднаго з галоўных твораў Казіма Назруло Іслама — верша «Мяцежнік». Бангладэш — тая старонка, дзе заўсёды змагаліся за прыярытэты суверэннага, нацыянальнага развіцця. І таксама — праз сцвярджэнне ідэалаў роднай мовы. 

... У 1952 годзе, калі краіна Бангладэш (Усходні Пакістан) знаходзілася ў складзе Пакістана, у чарговы раз узнікла пытанне пра мову бенгалі, на якой гаварылі дзясяткі мільёнаў чалавек. Але ўлады настойвалі на тым, каб адзінай дзяржаўнай мовай, мовай СМІ і адукацыі была толькі урду. Гэта выклікала мноства масавых пратэстаў. Усплеск быў і ў 1947 годзе — тады асабліва абураліся студэнты Дакскага універсітэта. Быў нават складзены заканапраект за наданне бенгалі статуса нацыянальнай мовы. Але прэм’ер-міністр Пакістана і Мусульманская ліга дэнансіравалі праект, разгледзеўшы ў ім спробу раздзяліць пакістанскі народ.

Фота: tochka-mira.ru

А ў 1952 годзе падзеі набылі надзвычайны характар... Усходнепакістанскія студэнты-бенгальцы пачалі масавыя пратэсты супраць абвяшчэння урду дзяржаўнай мовай Пакістана. У час пратэстных акцый загінула некалькі студэнтаў. Спрэчкі ўзніклі з новай сілай пасля жорсткага выказвання новага генерал-губернатара Пакістана Хаваджа Назімуддзіна ў падтрымку «толькі урду». Адбылося гэта 27 студзеня 1952 года. 31 студзеня на сустрэчы ва Універсітэце Дакі быў сфарміраваны Цэнтральны камітэт па моўных пытаннях. Старшынёю абралі Абдулу Бхашані. Прапанову запісваць бенгальскую мову арабскім пісьмом, якую вылучыў урад, адштурхнулі. Камітэт прызначыў пратэстную акцыю на вуліцы на 21 лютага. Урад, разумеючы, да чаго гэта можа прывесці, забараніў несанкцыяніраваныя сходы ў складзе болей трох чалавек. І ўсё ж студэнты 21 лютага пачалі збірацца каля універсітэта насуперак усім забаронам.

Паліцыя ачапіла натоўп. А калі была здзейснена спроба прарваць кола паліцэйскіх, супраць студэнтаў выкарысталі ўдушлівы газ. Прарэктар папрасіў паліцэйскіх спыніць атаку, а студэнтаў — заклікаў пакінуць універсітэт. І ўсё ж паліцыя арыштавала некалькіх студэнтаў. Тады моладзь сабралася каля будынка Заканадаўчага сходу і зрабіла спробу ўварвацца ў само памяшканне. Паліцэйскія адкрылі агонь. Былі забітыя некалькі чалавек. Крамы пазачыняліся. Спыніў работу гарадскі транспарт. На сходзе заканадаўцаў некаторыя дэпутаты сталі патрабаваць закрыцця асамблеі і прасілі галоўнага міністра наведаць параненых студэнтаў у шпіталі. Некаторыя міністры падтрымалі гэтае патрабаванне. Але Нурул Амін адмовіўся ім падначальвацца. На наступны дзень у правінцыі пашырыліся пратэстныя настроі. Болей як 30 000 чалавек сабраліся ў дакскім Керзон-холе. Дзеянні паліцыі прывялі да смерці яшчэ чатырох чалавек. Гэта падштурхнула да забастоўкі служачых і работнікаў мноства арганізацый. Пратэстанты падпалілі офісы двух прадзяржаўных інфармацыйных агенцтваў... Адбылося яшчэ нямала падзей, якія паслядоўна вялі да незалежнасці Бангладэш і надання бенгальскай мове статуса дзяржаўнай. А дзень 21 лютага святкуецца як Дзень руху за бенгальскую мову. З 1999 года 21 лютага і ва ўсім свеце (на гэты конт ёсць рашэнне 3—й сесіі ЮНЭСКА) — Дзень роднай мовы. 

Мо з таго часу — з падзей 1952 года — і становіцца мастацкая літаратура асабліва пашанотным відам мастацтва і нацыянальнай культуры ў Бангладэш. На жаль, я не ведаю, ці выдавалася беларуская літаратура ў Бангладэш, але мне здаецца, што мець сярод такога народу сапраўдных, уважлівых чытачоў — гэта гонар для любой нацыянальнай літаратуры. Некалі на бенгальскай мове (але гэта было здзейснена ў Індыі, у Калькуце) выйшла аповесць Васіля Быкава «Альпійская балада». Вось, здаецца, і ўсё... А між тым у Бангладэш — болей як 160 мільёнаў жыхароў... І, дарэчы, бенгальскі чытач падрыхтаваны да знаёмства са славянскім літаратурным светам. Адзін з самых папулярных твораў з перакладзеных з рускай літаратуры — раман «Маці» Максіма Горкага. Пра гэта расказаў мне і мой новы знаёмы — згаданы Музахідул Іслам. І зроблена гэта было яшчэ ў 1920-ыя гады.

Як хацелася б, каб пачулі чытачы ў Бангладэш верш народнага песняра Беларусі Янкі Купалы «А хто там ідзе?»! А яшчэ — неўміручыя творы Аркадзя Куляшова, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа... Будзем жа жыць гэтымі спадзяваннямі! 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.