Вы тут

Табліцы з QR-кодамі пра герояў-падпольшчыкаў устанавілі ў Скідзелі


У рамках праекта «Памяць. Адзінства. Перамога» ў Скідзелі ўсталявалі табліцы з QR-кодамі. Цяпер з біяграфіяй кожнага з васьмі скідзельскіх камсамольцаў-падпольшчыкаў можна пазнаёміцца ў цэнтры горада, каля помніка, устаноўленага ў гонар герояў. А роўна 80 гадоў таму, 13 верасня 1942 года, на гэтым самым месцы яны загінулі. Маладым змагарам акупацыйнага рэжыму фашысты зладзілі публічнае пакаранне.


У горадзе-спадарожніку Гродна 13 верасня аб'яўлены Днём памяці скідзельскіх камсамольцаў падпольшчыкаў. У гэты дзень да помніка заўсёды прыходзяць і мясцовыя ўлады, і моладзь, і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, і простыя гараджане. Найлепшых школьнікаў тут урачыста прымаюць у піянеры, старшакласнікі атрымліваюць пасведчанне членаў БРСМ. Так адбылося і гэтым разам. Але з'явіліся і новыя рысы Дня памяці.

Самым, бадай, знакавым момантам можна назваць адкрыццё васьмі металічных табліц з QR-кодамі, кожная з якіх прысвечана аднаму з герояў-падпольшчыкаў. Трэба сказаць, што ў горадзе-спадарожніку імёны герояў-землякоў ведае амаль кожны месціч. І нездарма: яны ўсе на слыху. Камсамольскія актывісты ўвекавечаны ў назвах вуліц. Усе яны пазначаны і на абеліску: Мікалай Дзелянкоўскі, Фёдар Макарчук, Уладзімір Кізевіч, Аляксей Ролік, Іван Шчасны, Іван Сініца, Іван Сяўрук, Анатоль Зелянкоўскі.

Ёсць сярод іх імя, якое асабліва дарагое Дзянісу Папову з Санкт-Пецярбурга. Гэта яго дзядзька — Аляксей Ролік. На той час яму было толькі 15 гадоў. У сям'і пецярбуржца захоўваецца фотаздымак бабулі з трыма сваімі сынамі, лёс якіх склаўся трагічна.

— Я штогод прыязджаю сюды, гэта мая другая радзіма. Вядома, ганаруся гераічным сваяком. Думаю пра яго лёс, пра тое, як маладыя хлопцы рызыкнулі стварыць падпольную арганізацыю і загінулі. Часта слухаў расповеды сваёй бабулі аб тых страшных гадах, аб горы, жудасных стратах. Думаю, што ахвяра маладых хлопцаў была недарэмнай. Гэтыя гісторыі перадаюцца з пакалення ў пакаленне, так будзе і надалей.

Старшыня ветэранскай арганізацыі Скідзеля Васіль Казак можа доўга расказваць аб подзвігу маладых землякоў. А падрабязнасці іх бязлітаснага пакарання наўрад ці пакінуць каго-небудзь раўнадушным.

— Мы зараз стаім якраз на тым месцы, дзе загінулі камсамольцы, — кажа Васіль Казак. — Вось тут, у гарадскім парку, дзе стаіць гэты помнік, роўна 80 гадоў таму акупанты ўладкавалі шыбеніцы, сагналі насельніцтва Скідзеля і наваколля, каб усе бачылі, як яны распраўляюцца з тымі, хто вядзе супраць іх барацьбу.

Сваю Маладзёжную падпольную арганізацыю мясцовыя камсамольцы стварылі ў першыя дні акупацыі. Актывістаў было восем. Самы старэйшы — Уладзімір Кізевіч — ужо прымаў удзел у ваенных дзеяннях падчас вызвалення Беларусі ў 1939 годзе. Чыгуначная будка, дзе ён жыў, стала явачнай кватэрай падпольшчыкаў.

Некаторыя хлопцы толькі пачалі вучыцца: адны — у вучылішчы, іншыя — у фабрычна-заводскай школе. Вайна парушыла іх планы. Пачаўся новы этап жыцця — барацьба. Яны ў першую чаргу збіралі зброю і перадавалі партызанам. Сабралі радыёпрыёмнік і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі з фронту. Перадавалі партызанам адзенне, адзін з хлопцаў нават шыў для іх абутак. Прымалі ўдзел у партызанскіх аперацыях.

Падчас такой аперацыі па даносе сваяка аднаго з актывістаў іх арыштавалі і змясцілі ў паліцэйскі ўчастак. На пачатку верасня павезлі ў гродзенскую турму. Катаванні не зламалі маладых патрыётаў, і акупанты вырашылі правесці публічнае пакаранне. Шыбеніцы ўсталявалі на цэнтральнай плошчы Скідзеля.

— На дахах і скрыжаваннях дарог стаялі кулямёты, плошча была ачэплена, гітлераўцы праехалі на дзвюх машынах. Прывезлі і васьмярых хлопцаў, змучаных і збітых. Жанчыны закрывалі дзецям вочы, каб тыя не глядзелі. Ніхто з падпольшчыкаў не ўпаў на калені і не прасіў літасці. Немцы сталі выбіваць дошкі з-пад ног. У дваіх — Макарчука і Зелянкоўскага — абарваліся вяроўкі. Іх адвезлі за горад і расстралялі. Там яны і пахаваныя, а на тым месцы пастаўлены абеліск. Усе яны пасмяротна ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені, — расказаў Васіль Казак.

Дарэчы, упершыню аб подзвігу юнакоў стала вядома з нарыса ў «Комсомольской правде», які выйшаў у канцы мая 1944 года. Але яго аўтар Клаўдзія Чычкова, сакратар Скідзельскай камсамольскай арганізацыі, так яго і не ўбачыла. Літаральна за тыдзень да гэтага яна загінула падчас партызанскай аперацыі.

— За тры гады акупацыі загінулі звыш 36 тысяч жыхароў Гродзенскага раёна, яшчэ больш за тры тысячы не вярнуліся з фронту. Мы працягваем работу па ўвекавечанні іх памяці. У населеных пунктах вядзецца ўстаноўка візуальных формаў камунікацый з QR-кодамі. Усяго з'явілася больш за 20 такіх табліц. Магчыма, будзе арганізаваны патрыятычны маршрут па гэтых месцах. Работа па ўстаноўцы яшчэ не завершана, працягваецца, — паведаміў намеснік старшыні Гродзенскага райвыканкама Валерый Балашоў.

Дарэчы, партрэты маладых патрыётаў адлюстраваны і на інтэрактыўным маніторы, які ўстаноўлены каля плошчы. Лічбавыя тэхналогіі робяць гэтыя вобразы больш даступнымі і зразумелымі для сучаснікаў — з тае ваеннай пары да нашых дзён.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Мікалая ЛАПІНА

Загаловак у газеце: Гісторыя з QR-кодам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.