Вы тут

Прэзідэнт — мытнікам: На вас ускладзена самая асноўная функцыя на пярэднім рубяжы


Прэзідэнт прыняў з дакладам Старшыню Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзіміра Арлоўскага. У цэнтры ўвагі — пытанні функцыянавання мытных органаў — ад выканання задачы па напаўненні бюджэту да супрацьдзеяння санкцыйнаму ціску Захаду.


«З Вашага пункту гледжання, якая сітуацыя на граніцы? Натуральна, пад вуглом эканомікі перш за ўсё. Як вы выконваеце асноўныя свае абавязкі па фарміраванні дзяржаўнага бюджэту ў той сферы, за якую вы адказныя?» — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы Ён нагадаў, што нядаўна адбылося пераразмеркаванне функцый і паўнамоцтваў паміж дзяржаўнымі пагранічным і мытным камітэтамі. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка спытаў, як ідуць справы.

«Я хацеў бы, каб Вы далі ацэнку нашым дзеянням, як вы дзейнічаеце па напрамку супрацьдзеяння санкцыйным мерам з боку Захаду. Захад увёў супраць нас санкцыі. Мы адказалі. На вас ускладзена самая асноўная функцыя на пярэднім рубяжы, у эканоміцы — па кантролі за выкананнем мерапрыемстваў антысанкцыйнага характару, гэта значыць нашы меры ў адказ. Як яны сёння ў нас выглядаюць? Што адбываецца ў сувязі з гэтым?» — паставіў пытанні Прэзідэнт. 

Кіраўнік дзяржавы асобна звярнуў увагу на ўдасканаленне інфраструктуры на пунктах мытнага пропуску і мытных тэхналогій. «Еўрапейскі саюз у свой час фінансаваў некаторыя сумесныя праграмы ў сферы мытні на нашай граніцы. У свой час яны перасталі нам дапамагаць, нас падтрымліваць у гэтым плане, адмовіліся ад выканання праграм. Гэта свінства поўнае: паабяцалі, дамовіліся, а потым на гэта ўсё плюнулі. Што ж, яны, відаць, маюць на гэта права». «Мы змаглі замясціць іх адсутнасць сваімі мерамі? Мы не страцілі гэтыя праграмы, працягваем удасканальваць інфраструктуру мытных органаў?», — спытаў ён. 

Сустрэча Прэзідэнта са старшынёй Дзяржаўнага мытнага камітэта прайшла ў прафесійнае свята мытнікаў. Прэзідэнт павіншаваў усіх, хто працуе на мытні. «Перадайце ім самыя добрыя пажаданні ад майго імя. Яны выконваюць вельмі важныя функцыі. Дай бог, каб гэта заўсёды было дастойна, не так, як у першыя гады майго прэзідэнцтва», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Уладзімір Арлоўскі падзякаваў за віншаванне і далажыў аб сітуацыі на мяжы. «Вядома, з-за беспрэцэдэнтных санкцый Еўрасаюза наша работа моцна змянілася. Тое, што забаранілі ўезд нашым грузавікам, і беларускім і расійскім, наклала сур’ёзны адбітак на нашу працу. Але мы на працягу тыдня арганізаваліся, у нас для гэтага ўжо былі лагістычныя цэнтры ўздоўж мяжы. Мы дадалі, абсталявалі яшчэ шэраг пляцовак, перавялі асабовы склад у кругласутачны рэжым і працу па перачэпцы, перагрузцы наладзілі літаральна за тыдзень», — сказаў ён. 

«Гэта значыць, заехала фура — адчапляй або перагружай тавар і выязджай у Еўрасаюз, далей працуем мы і расіяне?» — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. «Абсалютна дакладна. Задзейнічаем нашых перавозчыкаў. І ў адваротны бок дакладна гэтаксама», — пацвердзіў Уладзімір Арлоўскі. 

У тэму

Журналістам Уладзімір Арлоўскі расказаў, як зараз працуе Дзяржаўны мытны камітэт. Ён нагадаў, што ў Беларусі ўстаноўленая забарона на перамяшчэнне па яе тэрыторыі грузавых аўтамабіляў краін Еўрасаюза (гэта мера прынята ў адказ на ўведзеныя з боку ЕС санкцыі ў дачыненні да беларускіх і расійскіх транспартных кампаній). Для перамяшчэння тавараў у недружалюбныя краіны або з іх магчыма перачэпка або перагрузка грузаў у 18 спецыяльна ўстаноўленых месцах, дзе могуць адначасова знаходзіцца амаль 2,2 тысячы грузавых аўтамабіляў. Штосутачна праходзіць каля 1 тысячы перачэпак і 400 перагрузак.

Паводле інфармацыі ДМК, за 2022 год у рэспубліканскі бюджэт паступіла Br5,8 млрд. мытных плацяжоў. Праз мытную граніцу ЕАЭС у Беларусь праехала больш за 951 тысяча грузавых аўтатранспартных сродкаў, аб’ём перамешчаных тавараў склаў 12 мільёнаў тон. Больш як у тры разы павялічылася колькасць перамешчанага легкавога транспарту — з 321 тысячы адзінак да 1,2 млн. адзінак. Сёлета плануецца завяршыць рэканструкцыю сямі аўтадарожных пунктаў пропуску: «Брэст», «Макраны», «Беняконі», «Катлоўка», «Відзы», «Грыгараўшчына» і «Новая Рудня». 

«Мы ствараем камфортныя ўмовы для асоб, якія перасякаюць межы: будуем навесы, паляпшаем размяшчэнне ў месцах чакання. Усё, што мы намецілі на гэты год, нягледзячы на санкцыі, мы выканаем», — канстатаваў Уладізмір Арлоўскі. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.