Вы тут

Адзначылі ваеннаслужачых тэрміновай ваеннай службы


У Цэнтральным Доме афіцэраў адзначылі ваеннаслужачых тэрміновай ваеннай службы, якія дабіліся найлепшых вынікаў у службовай дзейнасці.


Фота прэс-службы Міністэрства абароны.

60 салдат і сяржантаў з розных воінскіх часцей і падраздзяленняў Узброеных Сіл атрымалі з рук міністра абароны каштоўныя падарункі, а іх маці, якія таксама былі запрошаны на цырымонію, — падзякі і кветкі. 

Як адзначыў міністр абароны генерал-лейтэнант Віктар ХРЭНІН, арганізуючы падобныя сустрэчы, абароннае ведамства рэгулярна сутыкаецца са складаным выбарам: ва Узброеных Сілах няма дрэнных салдат, а вызначыць найлепшых вельмі цяжка. «Вы — найлепшыя з найлепшых, — звярнуўся міністр абароны да ваеннаслужачых. — Сярод тысяч беларускіх хлопцаў з розных куткоў нашай цудоўнай Радзімы менавіта вы здолелі дабіцца самых высокіх вынікаў у ратнай працы. За час службы вы зарэкамендавалі сябе пісьменнымі спецыялістамі, выканаўчымі і адказнымі вайскоўцамі, надзейнымі абаронцамі сваёй Айчыны, сваёй сям’і, сваёй хаты. Гледзячы на кожнага з вас, мяне перапаўняе гонар за нашых маладых людзей. Карпатлівай штодзённай працай вы прадэманстравалі, што цяперашняя моладзь — пакаленне сапраўдных абаронцаў і патрыётаў сваёй Айчыны. Дзякуючы вам народ Беларусі можа мірна працаваць на зямлі, будаваць планы на будучыню, гадаваць дзяцей у незалежнай краіне. Моцныя і адважныя, вы сапраўдныя героі нашага часу, сапраўдны прыклад для наступных пакаленняў моладзі».

Як расказаў пасля ўрачыстасці камандзір аддзялення 115-га зенітнага ракетнага палка малодшы сяржант Аляксандр Канавалаў, ад арміі ў яго засталося шмат станоўчых уражанняў. Ганарыцца, што прадстаўляў Узброеныя Сілы Беларусі на Міжнародных армейскіх гульнях. «Армія навучыла мяне падтрымліваць таварышаў, не кідаць іх у бядзе, — прызнаўся малады чалавек. — Думаю, з многімі аднапалчанамі мы працягнем зносіны і ў грамадзянскім жыцці». 

Маці вайскоўца, Таццяна Канавалава, з нецярпеннем чакае сына дахаты. Яна падзялілася, што навіну аб прызыве сына ў армію ў свой час успрыняла добра. «Страху не было, бо Саша выхоўваўся ў ваеннай сям’і — у нас тата з’яўляецца афіцэрам, — заўважыла жанчына. — У сям’і заўсёды была дысцыпліна».

Сваім сынам-дэсантнікам ганарыцца і Валянціна Сауць. Жыхарка Мёрскага раёна не хавае: калі праводзіла сына ў армію, хвалявалася. «Хоць разумела, што справіцца: хлопец ён вясковы, фізічна падрыхтаваны, моцны, — заўважыла яна. — Ды і па характары Саша адкрыты, камунікабельны. Калі размаўлялі па тэлефоне, чула ў трубцы вясёлы голас сына, радавалася за яго. Упэўнена, што пасля арміі жыццёвыя цяжкасці пераадольваць яму будзе лягчэй».

Падчас цырымоніі ўшаноўвання сяржант Сяргей Дзянісаў зрабіў сваёй дзяўчыне прапанову рукі і сэрца. Дзяўчына пагадзілася — недарэмна ж з арміі хлопца чакала. 

Пасля афіцыйнай цырымоніі ваеннаслужачыя і іх мамы сабраліся за чаяваннем. Памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны генерал-маёр Леанід Касінскі яшчэ раз падзякаваў жанчынам за выхаванне сапраўдных патрыётаў і павіншаваў салдат з заслужанымі ўзнагародамі. 

Вераніка КАНЮТА

 

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.