Вы тут

«Пішу аб прыродзе, уплятаючы ў кантэкст чалавека ў ёй»


Цікавасць да людзей і прыгожых краявідаў для гераіні сённяшняга выпуску — творчы занятак: уніклівасць і дапытлівасць дапамагаюць ёй у любімай справе. Знаёмцеся, наша госця — паэтэса, пісьменніца і мастачка Ната Алейнікава.


— Я нарадзілася на Палессі, і мая першая кніга па сутнасці — аб прыгажосці чароўнай прыроды гэтага найперш краю. Жыла да васьмі гадоў у Брагіне, пасля бацькі адвезлі мяне да бабулі ў Віцебск. Калі споўнілася 12 гадоў, мы з сям'ёй пераехалі ў Мінск. Што датычыцца Палесся — гэта радзіма маці: вёска Даўгалессе знаходзіцца каля Гомеля, і кожнае лета ў дзяцінстве бацькі прывозілі мяне разам з малодшым братам туды на канікулы.

Гэта самае цудоўнае месца з неверагоднай прыродай... У маленстве менавіта там я атрымала асаблівае задавальненне, натхніўшыся пяшчотнай прыгажосцю лясоў і сакавітасцю лугоў. У мяне быў незвычайны дзядуля, ён вельмі шмат расказваў казак і нас, дзяцей, вазіў на матацыкле на Дняпро — яго шырокае рэчышча ізумрудна-аліўкавага колеру з вялікімі белымі ды пясчанымі берагамі зачароўвала. Мы хадзілі за ягадамі ў незвычайны лес, слухаючы мілагучнасць звонкіх птушыных песень... Гэта было захапляльна! Таму ў сваіх кнігах я паказала прыроду, якой наталілася яшчэ ў дзяцінстве.

Некалькі гадоў таму мяне запрасілі на юбілей мясцовай Даўгалескай бібліятэкі, на радзіму маёй мамы. Потым адбылася сустрэча з чытачамі Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У. Леніна. У першы дзень было святочнае адкрыццё, а на працягу ўсяго месяца выстаўляліся мае карціны. Падчас мерапрыемства я чытала свае вершы, атрымала ад гэтага каласальнае задавальненне. Мяне назвалі жамчужынай Палесся і пасля афіцыйнай часткі сустрэчы прасілі яшчэ і яшчэ чытаць вершы. Натхніўшыся спрыяльнай атмасферай, я даверылася і заспявала акадэмічным вакалам, што дагэтуль рабіла толькі для блізкіх сяброў! Гэта быў першы незвычайны цікавы дыялог з жыхарамі малой радзімы...

Дзяўчына ўдзячна лёсу і Сусвету, што захапленні, якія былі з дзяцінства, сталі справай яе жыцця. Па ўспамінах маці, маленькая Ната ўзяла пэндзаль у рукі, як толькі пачала хадзіць, — гэта былі малюнкі на шпалерах, а далей — на альбомных аркушах. Нават у школьных сшытках яна заўсёды старанна малявала прынца з прынцэсай ці пейзажы і побач пазначала сваё ўяўленне Сусвету філасофскімі думкамі.

— Я памятаю сябе з трох гадоў. З ранняга дзяцінства пісала афарызмы і малявала, а з юнацтва пачала пісаць вершы. Марыла стаць шмат кім, бо ў мяне ёсць таленты і ў іншых сферах, але менавіта маляванне і вершаскладанне — тое, што было заўсёды са мной.

Ната лічыць, што ёй пашанцавала з першай публікацыяй твораў.

— Калі аднесла свае першыя творы ў рэдакцыю, адбылося маё знаёмства з Анатолем Аўруціным, беларускім паэтам, перакладчыкам, публіцыстам, рэдактарам, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Ён падтрымаў мяне, сказаўшы, што я вялікая малайчына, бо ўмею слухаць і чуць... Праз два гады мае вершы з'явіліся на старонках легендарнага выдання «Нёман», гэта было для мяне вельмі знакавай падзеяй! Пасля дзякуючы прапанове Міхася Башлакова пашанцавала ўбачыць свае вершы ў кнізе «Мы — Маладыя», дзе былі апублікаваны творы маладых аўтараў.

Потым пачаліся знаёмствы з цудоўнымі людзьмі — Інай Фраловай і Уладзімірам Тулінавым, Георгіем Марчуком і Іванам Юркіным, членамі Саюза пісьменнікаў, якім Ната вельмі ўдзячная.

— У наступных сваіх кнігах я хачу пісаць толькі пра тое, што дорыць людзям радасць, свята жыцця, і як быць шчаслівым.

Таму сама дзяўчына стараецца чытаць тую літаратуру, дзе багата пазітыву. Любімыя жанры — паэзія, афарызмы і дзіцячыя казкі. Яркія для яе аўтары, творчасць якіх даспадобы, — беларускі паэт Міхась Башлакоў, і вельмі ёй падабаюцца казкі італьянскага дзіцячага пісьменніка Джані Радары.

— Я пішу аб прыродзе і, як кажуць мне, цудоўна ўплятаю ў кантэкст прысутнасць чалавека ў ёй.

Ната згадвае, як падчас навучання ва ўніверсітэце выкладчык па філасофіі ставіў ёй «дзясяткі» і маляваў дзесяць зорачак!

— Гэта быў найвышэйшы пілатаж, — прызнаецца яна. — У мяне заўсёды, яшчэ з дзяцінства, філасофскі склад розуму.

Сёння творца стараецца пра сябе гучна заявіць, напрыклад, праз Іnstagram aleіnіkavanata і Facebook Aleіnіkava Natallіa, а таксама сустрэчы з чытачамі на розных пляцоўках. І ўсё таму, што аднойчы на службе ў храме Ната пачула прамову бацюшкі, які казаў пра творчых людзей, што яны не маюць права трымаць свой дар у сабе — яго трэба паказваць людзям.

— У сваёй кнізе афарызмаў «Мысли вслух» пішу аб высакародных чалавечых якасцях. Я вельмі назіральная і люблю вывучаць людзей. Люблю «чытаць» суразмоўніка, які знаходзіцца насупраць мяне. Лічу, што ў кожным чалавеку ёсць добрыя якасці і стараюся іх заўважыць, а потым складаю пра гэта афарызмы. Мяне вельмі хвалюе ўладкаванне нашага Сусвету, чалавецтва, цікавяць геніі.

У яе вершах хапае філасофіі пра светаўладкаванне і каханне, але большая частка кнігі паэзіі «Ажыццяўляюся табою», што выйшла ў серыі «Мінскія маладыя галасы» Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, — аб прыгажосці нашага беларускага краю, яго прыродзе.

Сярод конкурсаў, у якіх выпадала ўдзельнічаць, Ната згадвае перамогу ў V Міжнародным маладзёжным фестывалі-конкурсе паэзіі і паэтычных перакладаў «Берагі дружбы».

— Мне ўручылі дыплом лаўрэата першай ступені за перакладзеныя на беларускую мову вершы чатырох рускамоўных паэтаў. Былі апублікаваныя два зборнікі, куды ўвайшлі мае пераклады і вершы, перакладзеныя на рускую іншымі паэтамі-ўдзельнікамі конкурсу.

Маладая паэтэса і пісьменніца таксама мае публікацыі ў штотыднёвіку «ЛіМ», часопісах «Нёман», «Маладосць», «Берега», «Александръ», газетах «Маяк Палесся», «Маяк», «Гомельская праўда» і паэтычных зборніках.

Акрамя пісьменніцтва, у Наты ёсць іншыя творчыя захапленні, напрыклад, фатаграфія, мода і дабрачыннасць.

— З дзяцінства ў мяне было адчуванне стылю. Я любіла ствараць вобразы на паперы, апранала лялькі, а ў 12 гадоў у мяне была нават свая дызайнерская калекцыя сукенак. Вопыту ў шыцці не было, стварала без мерак, але атрымліваліся сапраўды цудоўныя строі. Яшчэ я пачала займацца дабрачыннасцю. У найбліжэйшую бібліятэку мы з мамай аддалі свой вялізны хатні збор кніг. Таксама з добрымі намерамі на дабрачыннасць падарыла каштоўныя прадметы і адзенне.

Цяпер Ната настроена друкаваць новую кнігу. Дзве папярэднія можна набыць у крамах «Белкніга» ў гарадах краіны і ў сталічнай «Акадэмкнізе». Таксама набыць карціны жывапісу з кнігамі таленавітай цікавай творцы магчыма ў «Галерэі нацыянальнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва» ў Мінску. За перыяд каранціну яна правяла дзве сустрэчы — у «Акадэмкнізе» і прыняла ўдзел у XXІX Міжнароднай кніжнай выставе на «БелЭкспа». А да пандэміі пасля выдання дзвюх кніг у творцы адбылося дзесяць цудоўных прэзентацый у Галерэі жывапісу ўніверсітэта культуры ў Палацы Рэспублікі, «Доме кнігі «Светач», іншых кнігарнях і ў бібліятэках.

Дзякуючы сацсеткам у Наты ёсць магчымасць размяшчаць інфармацыю аб сваіх кнігах, а таксама чытаць вершы ў прамым эфіры. Творца бачыць у вачах людзей вялікі водгук і ўжо падрыхтавала для чытачоў сваё кардынальна новае выданне, багатае на жыццярадаснасць…

Надзея ЗУЕВА

Фота з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.