Вы тут

Палівайце кветачкі, а не пустазелле


Майму сыну пашанцавала. У яго, акрамя бабуль ды дзядуль, ёсць яшчэ і цудоўная прабабуля. Калі Таццяна Віктараўна гасціла ў нас у вёсцы, яны вельмі шмат гулялі з Сымонам: будавалі замкі і дарогі з лега ды кубікаў, збівалі шчалчкамі з дошкі шашкі, раскладалі даміно... Вядома, малы не мог доўга ўседзець за адной справай, стаміўшыся, праз хвілін 10—15 пачынаў раскідваць фігуркі ці карткі з малюнкамі па падлозе.


Прабабуля ж, якая прызвычаілася даводзіць кожную справу да канца, штораз уздыхала і паўтарала адну і тую ж фразу: «Сымонка, у цябе зусім няма цярпення». І вось калі Таццяна Віктараўна з'ехала і я, як звычайна, папрасіла сына прыбраць за сабой цацкі, ён адмахнуўся і, як пад капірку, паўтарыў прабабулін вердыкт: «У мяне няма церпення». Давялося тлумачыць малому, што, калі я была ў яго ўзросце, у мяне таксама яго не хапала. І гэта нармальна. Але гэтую якасць можна і трэба развіваць, бо яна вельмі спатрэбіцца ў жыцці. З прабабуляй я таксама паразмаўляла: далікатна папрасіла пастарацца не казаць гэтую фразу непаседліваму праўнуку.

Цалкам згодна з педагогамі, якія практыкуюць мяккую школу выхавання. Апошнія раяць: «Калі нейкае дзіця паводзіць сябе нясціпла, адштурхоўвае іншых — ігнаруй у гэты момант яго паводзіны і як быццам выпадкова скажы яму, што ўсе будуць вадзіць у гульні, але спакойныя і вытрыманыя — часцей. Калі праявіцца агрэсія — строга спыні. Калі дзіця ў нейкі момант паводзіць сябе адэкватна сітуацыі — заўваж гэта і пахвалі, абазначыўшы яго добрую якасць, якая праявілася ў дадзены момант. Палівай кветачкі, а не пустазелле». Гэта значыць, жаданыя якасці ці навыкі мы заўважаем, накіроўваем на іх увагу. А тое, што нам не падабаецца, проста ігнаруем (калі гэта не небяспечна для жыцця, канешне). Мне здаецца, такое правіла можна прымяняць не толькі для дзяцей, але і да ўсіх без выключэння.

Калі я была на працы, муж даслаў мне відэа. На ім Сымон еў боршч, прычым кавалачкі морквы з супу былі ў яго і на твары, і на валасах. Маіх хлопчыкаў гэта весяліла, яны смяяліся. «Малы не пераапрануўся пасля садка, — маланкай пранеслася думка ў маёй галаве. — Я ж прасіла...» Пальцы на аўтамаце пачалі набіраць заўвагу мужу. Але ў нейкі момант я ў думках паставіла сябе на яго месца і... адаслала вясёлы смайл з подпісам: «Я так рада, што вам весела і што Сымону спадабаўся мой суп». Пасля абмяркоўвалі гэтую сітуацыю з мужам: і ён пагадзіўся, што, калі б я пачала крытыкаваць, жаданне старацца і ў далейшым заставацца з Сымонам (ну ці як мінімум дзяліцца нейкімі відэапавемленнямі) значна зменшылася б.

Трэба быць вельмі асцярожнымі са словамі, колкімі ацэнкамі. Старацца заўважаць больш станоўчага і акцэнтаваць на гэтым увагу — і здарыцца цуд... У чалавека вырастуць крылы, з'вяцца сілы і жаданне радаваць і здзіўляць яшчэ больш. Пастаянная ж крытыка па дробязях ні да чога добрага не прывядзе. Таму, перш чым чарговы раз абурыцца, што паўсюль раскіданы брудныя шкарпэткі ці недасолены суп, лепш моўчкі закінуць іх у пралку і скарыстацца сальнічкай. Пры гэтым усміхнуцца і падумаць, якая ж гэта дробязь і ці варта з-за яе псаваць чалавеку настрой!

«Маёй свекрыві ўсё не падабаецца, — кажа знаёмая. — Вось нядаўна даслала ёй сямейнае фота. Адмыслова доўга выбірала ідэальнае: здаецца, усе прыгожыя, шчаслівыя, усмешлівыя, няма да чаго прычапіцца. Не! Праз хвіліну прыходзіць паведамленне: «Што за жудасная прычоска ў Сяргея!!!». Гэта пры тым, што апошнія пяць гадоў стрыгу Сяргея я, і яму гэта прычоска даспадобы». Не падабаецца маці, і як сын апранаецца, як бавіць час. Лічыць, што толькі яна ведае, як яму лепш. І нават не дапускае думкі, што ў кожнага чалавека можа быць сваё ўяўленне пра «лепш». І кожны з нас мае на гэта права, якое, каб захаваць добрыя адносіны, трэба паважаць.

Мой муж, напрыклад, калі яму спадабалася, як яго пракансультавалі ў будаўнічых крамах (дзе апошнія чатыры гады бывае вельмі часта), не шкадуе часу і просіць кнігу скаргаў і прапаноў. Не, не для таго, каб паскардзіцца, а каб напісаць штосьці добрае ў адрас чалавека. Як правіла, гэта выклікае здзіўленне! Бо, сапраўды, заўважце, дрэнныя каментарыі мы пішам тут жа, а добрае кажам рэдка...

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.