Вы тут

У Магілёве адбыўся Новы год у стылі PF


Ёсць тут такая традыцыя сярод фотамайстроў. Нагадаем, што PF—ка — гэта фота, часцей за ўсё памерам 10 на 15 з адпаведным значком і прозвішчам аўтара (калі хочацца захаваць інтрыгу, то і без).


Своеасаблівая віншаванка з наступаючым Новым годам. Невялічкі твор мастацтва, у які фотамастак укладвае ўсю сваю душу і фантазію. І тут няма ніякіх абмежаванняў — суцэльная творчасць. У пачатку мінулага стагоддзя так, дарэчы, віншавалі адзін аднаго не толькі фотамайстры. Потым традыцыя прызабылася. У Магілёве вырашылі яе адрадзіць і практыкуюць ужо не першы год. І ніякія абставіны, нават дождж пад Новы год, які сёлета сапсаваў у горадзе ўвесь зімовы пейзаж, не здольныя перашкодзіць прафесіяналам і аматарам сабрацца разам і правесці паядынак на лепшае фота году. І хаця арганізатары (члены народнага фотаклуба "Вясёлка" ) часам пагражаюць на наступны год атрэсці ад няўдзячнай справы рукі (гэта і арганізуй, і падрыхтуй, і ўсім паведамі), але ж традыцыя набірае папулярнасць. І ў цесным памяшканні народнага фотаклуба «Вясёлка», што ў Пажарным завулку, народу збіраецца з кожным годам ўсё больш і больш. А тыя, хто не маюць магчымасці асабіста прысутнічаць, шлюць свае PF-кі нават з-за акіяна.

— На гэты раз у конкурсе удзельнічалі 16 іншагародніх аўтараў, — паведаміла непасрэдны натхняльнік конкурсу фотамастачка Ірына Савосіна. — PF-кі прыляцелі да нас з Мінска, Асіповічаў, Масквы, Вільнюса, вострава Тасманіі, Філадэльфіі. Удзельнічалі ўсе чатыры народныя фотаклубы Беларусі, два з якіх у Магілёўскай вобласці — у Магілёве і Асіповічах. Яшчэ два ў Гродна і Мінску. Непасрэдна ўдзел брала 30 чалавек. 

Задача не простая з 90 здымкаў (ад кожнага па тры) выбраць лепшы. Цікава назіраць за працэсам збоку. Людзі, як заварожаныя, водзяць карагод вакол стала, дзе ляжаць PF—кі, выбіраючы, за каго аддаць свой голас. Калі лепшыя не вызначыліся з першай спробы, прадпрымаюцца наступная. И так — да перамогі. На гэты раз інтрыга вырашылася даволі хутка. Абсалютны пераможца конкурсу PF-23 Генадзь Карчэўскі. Дарэчы, у фінал выйшлі аж дзве яго PF-кі. Дзяўчына з паветраным празрыстым шалікам быццам дырыжыруе аблокамі — фотаімгненне са свята горада ў Магілёве. На вуліцы Ленінскай, дзе зроблены гэты здымак, у гэты дзень заўсёды феерычна і казачна. Дзяўчына вельмі добра перадае агульны настрой. Другая PF-гісторыя нарадзілася ў адной з загадкавых магілёўскіх арак, у якую заглядвае сонечнымі вокнамі любімы горад. 

— Заўсёды ўважліва адбіраю работы для конкурсу, — дзеліцца сакрэтам поспеху Генадзь. — Бывае сюжэт добры, але на PF-ку не цягне. Тут павінна быць нейкая канцэпцыя, разыначка, нешта незвычайнае. 

Уладальнік другога прызу — Ефім Чарнаглаз. На яго фота нядаўна пабудаваная ў Падміколлі Свята-Пакроўская царква. Здымак нагадвае графічны малюнак. Выразна акрэсленыя лініі, строгі сюжэт. Наперадзе храма — сямісвечнік.

— Наогул, фатаграфую з дзяцінства, — прызнаецца аўтар. — Конкурс дае магчымасць падзяліцца эмоцыямі. Зараз як раз праходзіць свята Ханука. Мой здымак атрымаўся ў тэму. 

Як заўсёды арыгінальны Аляксандр Ліцін. Майстар выбірае здымкі з падтэкстам. Яго фота з крэсламі тлумачу для сябе так. Год скончыўся, госці разышліся, крэслы паклалі адзін на адно, а зверху пакінулі паперку з надпісам — PF-23. Маўляў, мы ўжо там, у новым годзе, далучайцеся. Аўтар толькі ўсміхнуўся на маю здагадку, але пярэчаць не стаў. Тым фота і цікава, што выклікае асацыяцыі.

Сёлета ўпершыню ўсё было па сур’ёзнаму. Пераможца і два прызёры атрымалі дыпломы. Абсалютнаму лідару ўручылі яшчэ і кубак з эмблемай фотаклуба «Вясёлка». Раней лепшых толькі адзначалі добрым словам і паціскалі руку. Дыплом гэта, як не круці, узровень. Цяпер ёсць што ўкласці ў рамачку і размясціць на самым бачным месцы. Каб іншыя бачылі і таксама да зорак цягнуліся. Яшчэ той матыватар.

Калі месцы падзелены, пераможцы вызначаны, пачынаецца самае цікавае. Рытуал абмену фотаздымкамі. Тыя, хто калекцыяніруе PF-кі, не ўпускае магчымасці папоўніць свой альбом, астатнія проста перадаюць на памяць адзін аднаму кавалачак сваіх уражанняў і эмоцый, каб сагравалі і дарылі радасць увесь наступны год.

— На жаль, у такую слату не ўсе з жадаючых змаглі да нас дайсці, але нават з улікам гэтага конкурс пабіў усе рэкорды па колькасці ўдзельнікаў, — адзначыў кіраўнік народнага клуба «Вясёлка» Анатоль Талкачоў. — Радуе, што шмат аўтараў далучылася да нас віртуальна, прыслаўшы свае фота. Для нас гэта таксама гонар. Бо конкурс наш ужо даўно выйшаў за рамкі горада і нават краіны.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.