Вы тут

Якія кніжныя навінкі пабачаць свет у найбліжэйшы час у ВД «Звязда»?


Якія кніжныя навінкі пабачаць свет у найбліжэйшы час у Выдавецкім доме «Звязда»? Адказ на гэтае пытанне, відавочна, важны для чытача і пакупніка, як, дарэчы, і для саміх аўтараў. А сёння, калі параўноўваць з савецкім часам, у кнігарнях не знойдзеш тэматычных перспектыўных планаў ніводнага выдавецтва. Таму важны характар носіць анансаваная інфармацыя пра кніжныя навінкі.


Фота: pixabay.com

У лютым — на пачатку сакавіка 2023 года «Звязда» прапануе некалькі выданняў, работа над падрыхтоўкай якіх ідзе ў кніжнай групе выдавецтва. Будзе завершана выданне серыі кніг доктара біялагічных навук Анатоля Федарука «Старинные усадьбы Гродненщины». У апошнім томе — расповед пра сядзібы Смаргонскага і Шчучынскага раёнаў. Параўнальна нядаўна ў «Звяздзе» выйшаў том, прысвечаны Свіслацкаму і Слонімскаму раёнам. Ён ужо займеў увагу чытачоў. Амаль палова тыражу за некалькі месяцаў рэалізавана. Выданне можна набыць у кнігарнях ААТ «Белкніга» і мінскай краме «Акадэмкніга». Хацелася б параіць кнігі дасведчанага спецыяліста ў галіне сядзібна-паркавага мастацтва настаўнікам гісторыі, геаграфіі, біялогіі і краязнаўцам. 

Юнаму чытачу прапануе зборнік апавяданняў «Чудогода» вядомы пісьменнік Валерый Кастручын. Творы вопытнага мастака слова вылучаюцца назіральнасцю, у асноўным прысвечаны прыродзе. Піша Валерый Кастручын з любоўю да навакольнага асяроддзя, з трывогай за лёс прыроды. Чытаеш яго апавяданні — і згадваеш кнігі Уладзіміра Дубоўкі, Янкі Маўра, Віталія Біянкі, Віталя Вольскага, Георгія Скрабіцкага, Міхаіла Прышвіна, іншых рускіх і беларускіх пісьменнікаўпрыродазнаўцаў. 

Ірыну Карнаухаву юны чытач таксама палюбіў. У апошнія гады выйшла некалькі яе кніг, дзе рэчаіснасць спалучаецца з казачнымі прыгодамі юных герояў. Так яно адбываецца і ў творы «Дверной дом», напісаным у жанры фэнтэзі. Выданне ў хуткім часе пабачыць свет. Зборнік казак «Суп з чарапахі» прапануе самым маленькім вядомы беларускі пісьменнік Сяргей Давідовіч. 

Падрыхтавана да друку і кніга казак Генадзя Аўласенкі «Як сем сыноў лесніка чорта перахітрылі». Празаік з Чэрвеня фактычна адкрыў жанр — тапанімічная казка. І новы зборнік не першая яго кніга ў гэтым кірунку. 

Па просьбе бібліятэкараў і школьнага настаўніцтва ў «Звяздзе» вырашылі перавыдаць добра вядомую кнігу Леаніда Прокшы — «Незвычайныя прыгоды хлопчыка Бульбінкі». Гэтая аповесць-казка добра вядома розным пакаленням беларускіх хлопчыкаў і дзяўчынак. 

У найбліжэйшых кнігавыдавецкіх планах — новыя кнігі Таццяны Дземідовіч, Валянціны Быстрымовіч, Марыны Помаз-Лайковай, Міхася Пазнякова. 

Пабачыць свет у лютым і раман Людмілы Рублеўскай «Авантуры Пранціша Вырвіча, маршалка менскага», якім пісьменніца завяршае свой гістарычны цыкл. Раней у «Звяздзе» пабачылі свет шэсць кніг з серыі твораў пра Пранціша Вырвіча. 

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.