Вы тут

Асэнсаванае чытанне — аснова адукаванасці


На Пленуме Саюза пісьменнікаў Беларусі па пытаннях дзіцячай літаратуры прагучала шмат цікавых думак і прапаноў. Чытачы нашай газеты ўжо мелі магчымасць пазнаёміцца з двума пленарнымі дакладамі. Аднак былі і іншыя паведамленні, што прыцягнулі ўвагу прысутных і выклікалі шырокі розгалас. Сярод іх — выступленне начальніка ўпраўлення маніторынгу якасці адукацыі, старшага навуковага супрацоўніка лабараторыі гуманітарнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Вячаслава КАРАТКЕВІЧА.


Вячаслаў Караткевіч

Цяжка ўявіць адукаванага чалавека, які не прывучаны чытаць. Без чытання няма адукацыі, фарміравання светапогляду, прафесійнага станаўлення, эмацыянальнага і інтэлектуальнага развіцця. Яно ахоплівае ўсе сферы і этапы сацыялізацыі асобы і ў многім вызначае жыццёвую паспяховасць. 

Разам з тым як часта ад настаўнікаў і бацькоў можна пачуць, што падлеткі не жадаюць чытаць! Сапраўды, сёння ва ўсім свеце назіраецца крызіс чытання. У справаздачы арганізацыі Worldreader за 2019 год адзначаецца, што больш за 250 млн дзяцей ва ўсім свеце не маюць базавых навыкаў пісьменнасці і рызыкуюць назаўсёды застацца на гэтым узроўні; больш за палову дзяцей, якія жывуць у краінах з нізкім і сярэднім узроўнем даходаў, да 10 гадоў не ўмеюць чытаць; 115 млн маладых людзей ва ўсім свеце і больш за 50 % моладзі ў краінах Афрыкі і на поўдзень ад Сахары непісьменныя. Там жа адзначаецца, што цяжка пераацаніць сёння патэнцыяльныя магчымасці чытання: «Гэта як турбанагнятальнік для ўсяго астатняга развіцця чалавецтва: адукацыі, роўнасці ў адносінах да здароўя, сацыяльнай справядлівасці, росквіту, самастойнасці, нават спачування. <...> Чытачы будуюць лепшы свет».

Нягледзячы на гэта, цікавасць да чытання ў свеце няўхільна зніжаецца. Паводле даследавання World Culture Score Index, праведзенага ў 2014 годзе ў 30 краінах свету, чытанне не з’яўляецца самым папулярным відам баўлення часу. Больш за астатнія краіны чытаюць у Індыі (10 гадзін 42 хвіліны на тыдзень), потым у Тайландзе (9 гадзін 24 хвіліны), Кітаі (8 гадзін). Наша найбліжэйшая суседка з тых 30 краін, што ўдзельнічалі ў даследаванні, — Расія — займае сёмую пазіцыю (7 гадзін 6 хвілін). Замыкаюць рэйтынг такія высокаразвітыя краіны, як Японія (4 гадзіны 6 хвілін) і Карэя (3 гадзіны 6 хвілін). Ускосна пра змяншэнне папулярнасці чытання ў нашай краіне сведчыць колькасць выдачы кніг і часопісаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі за апошнія пяць гадоў: у 2015 годзе гэтая лічба была 2545,9 тыс., а ў 2020 — 1642 тыс. 

Падобнае становішча тлумачыцца тым, што чытанне прайграе іншым відам адпачынку: тэлебачанню, інтэрнэт-гульням, сацыяльным сеткам і інш. Літаратура ў сучасным свеце апынулася ў новых незвычайных абставінах. Людзі сталага ўзросту прызвычаіліся ставіцца да кнігі як да чагосьці абавязковага і непазбежнага, бо гэта асноўная крыніца інфармацыі (культурнай, прыродазнаўчай, гістарычнай, псіхалагічнай, сацыяльнай), а таксама трыгер эмацыянальных перажыванняў. Пры гэтым чытанне аднолькавага набору абавязковых тэкстаў фарміравала ў цэлых пакаленняў аднолькавы культурны код. У цяперашні ж час назіраецца іншая сітуацыя: літаратура страчвае статус асноўнай крыніцы інфармацыі, саступаючы месца аўдыявізуальным сродкам перадачы ведаў. Гэта вядзе да збяднення эмацыянальнага інтэлекту і запавольвання развіцця разумовых здольнасцей, што адмоўна адбіваецца на сацыяльнай адаптацыі падлеткаў, няўстойлівасці развіцця, фрагментарнасці ведаў. Даследаванне фарміравання і развіцця сацыяльнага інтэлекту беларускіх вучняў ІХ і ХІ класаў, праведзенае ў 2020/2021 навучальным годзе, паказала: толькі 48,1 % рэспандэнтаў добра разумее і кіруе сваімі эмоцыямі, а разумее і кіруе эмоцыямі іншых людзей усяго 12,2 % (Жоголь-Лабзеева, И. П. Рекомендации по результатам изучения личностного развития учащихся (2020/2021 учебный год) / И. П. Жоголь-Лабзеева // Веснік адукацыі. — 2021. — № 7. — С. 9–23).

Сёння нельга сцвярджаць, што працэс чытання з’яўляецца самакаштоўным. Толькі асэнсаванае чытанне можа прынесці сапраўдную карысць асобе, бо праз такі від чытання дасягаецца разуменне інфармацыйнага, сэнсавага і ідэйнага бакоў мастацкага твора. Мэта асэнсаванага чытання — максімальна дакладна спасцігнуць каштоўнасна-сэнсавыя аспекты тэксту, г. зн. ажыццявіць яго інтэрпрэтацыю. Рэгулярнае спасціжэнне мастацкіх твораў поўнасцю перабудоўвае работу галаўнога мозгу. Псіхолагі адзначаюць, што глыбокае асэнсаванае чытанне («deep reading») на працягу доўгага часу дазваляе чалавеку канцэнтраваць увагу на праблеме, больш паспяхова засвойваць складаную інфармацыю. Але чытанне пры гэтым павінна быць рэгулярным, адмова ж ад чытання прыводзіць да змарнення гэтых навыкаў (Henrich, J. (2010). The weirdest people in the world? / J. Henrich, S. Heine, A. Norenzayan // Behavioral and Brain Sciences. 2010. — V.33(2-3). — P. 61–83). 

Праз спасціжэнне сэнсу мастацкага твора ўдасканальваецца маўленне (думка заўсёды абцяжарана словам) і пашыраецца актыўны слоўнікавы запас, што пазітыўна адбіваецца на разумовым развіцці. Вядомы псіха- і нейралінгвіст Таццяна Чарнігаўская сцвярджае, што актыўнасць глыбінных структур шэрага рэчыва павышаюць менавіта кнігі, у працэсе чытання задзейнічана каля 17 зон мозгу. 

У 2018 годзе Беларусь упершыню ўзяла ўдзел у міжнародным параўнальным даследаванні якасці адукацыі PISA, якое праводзіцца Арганізацыяй эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця. У гэтым даследаванні найважнейшае месца адводзілася вывучэнню чытацкай адукаванасці 15-гадовых падлеткаў. Было выяўлена, што «найбольш высокія вынікі беларускія навучэнцы дэманстравалі ў заданнях, якія прадугледжвалі пошук інфармацыі (справіліся 64,65 %), а найбольшую складанасць у іх выклікалі заданні, якія патрабуюць прымянення навыкаў ацэнкі і асэнсавання тэкстаў (справіліся 53,04 %). Да ліку цяжкіх для беларускіх навучэнцаў (справіліся менш за палову тых, каго тэставалі) адносяцца заданні, скіраваныя на вымярэнне кагнітыўных уменняў інтэграваць і інтэрпрэтаваць інфармацыю (разуменне сэнсу), а таксама навыкаў крытычнай ацэнкі і аналітычнага асэнсавання тэкстаў» (Позняк, А. В. PISA-2018 в Республике Беларусь. Читательская грамотность / А. В. Позняк ; под науч. ред. Г. С. Ковалевой. — Минск : Медисонт, 2021. — 68 с.).

Так, чытанне сёння — найважнейшы сродак адпаведнасці жорсткім патрабаванням часу. Пры гэтым хуткасць і ўзровень асэнсавання прачытанага неабходна ўвесь час павышаць. Асабліва гэта важна ў падлеткавым і юнацкім узросце, калі назапашваецца база для далейшага прафесійнага і сацыяльнага развіцця. У структуры чытання падлеткаў павінны быць і «сур’ёзная» літаратура, якая фарміруе прымальную мадэль паводзін чалавека, сістэму маральна-этычных каштоўнасцей, і паэтычныя творы, якія развіваюць эмацыянальную сферу асобы, і высокамастацкая «літаратура для адпачынку», якая фарміруе стыль баўлення часу, дае магчымасць працуючы адпачываць.

Працэс асэнсавання твораў мастацкай літаратуры дапамагае набываць і метапрадметныя навыкі. Вучні авалодваюць уменнямі арыентавацца ў кнізе, абагульняць, вылучаць галоўнае і другаснае. Чытанне ў дыялогавым рэжыме сам-насам з’яўляецца своеасаблівай формай самапазнання паўнавартаснай асобы.

Чытацкая мода фарміруецца грамадствам, але і грамадства змяняецца пад пісьменніцкім ціскам, бо захоўваецца высокі аўтарытэт працы пісьменніка. 

Яшчэ адным важным выклікам айчыннаму соцыуму з’яўляецца заахвочванне чытача беларускамоўнай літаратуры, каб захаваць носьбітаў мовы тытульнай нацыі краіны. Чытанне пэўных мастацкіх тэкстаў заўсёды было найгалоўнейшым фактарам фарміравання тыпу асобы. Так, цяжка сабе ўявіць сярэднявечнага еўрапейца, на свядомасць якога не паўплывала Біблія. У пазнейшыя часы, калі рэзка ўзрасла роля нацыянальных дзяржаў, пачалі фарміравацца нацыянальныя эліты пад уплывам класічных узораў нацыянальнай літаратуры. Адной з найважнейшых прыкмет дзяржавы і яе нацыі з’яўляюцца родная мова і літаратура. Узровень іх развіцця ў сваю чаргу вызначае ўзровень духоўнага і культурнага развіцця нацыі. Немагчыма ўявіць рускага, які не ведае твораў Пушкіна, паляк не існуе без Міцкевіча, украінец — без Шаўчэнкі. Класіка захоўвае свой статус, бо далучае чытача да жыццёвых універсалій, якія не толькі былі актуальнымі падчас напісання, але ўяўляюцца значнымі ў будучым, фарміруе адметныя для пэўнай нацыянальнасці светапоглядныя ўстаноўкі і выконвае ролю таго ланцуга, які звязвае мінулае, сучаснае і будучыню. Адмаўленне ад вывучэння класічнай літаратуры — шлях вельмі небяспечны, бо размываецца ідэнтычнасць, губляюцца арыенціры і ідэалы. Ні ў якім разе гэты тэзіс не адмаўляе неабходнасці засваення сучаснай літаратуры, асабліва калі яна матывуе на спасціжэнне новага, на развіццё і станаўленне асобы.

Для таго, каб прывучыць дзяцей любіць кнігі, бацькам і настаўнікам трэба зрабіць некалькі важных крокаў. 

Па-першае, прыклад дарослых ніхто не адмяняў. Даследаванне PISA паказала, што наяўнасць хатняй бібліятэкі (з мастацкімі і навукова-папулярнымі выданнямі) павышае паказчыкі беларускіх вучняў па матэматычнай, прыродазнаўчай і чытацкай адукаванасці на 30 і больш балаў (Титовец, Т. Е. PISA-2018 в Республике Беларусь. Общая характеристика исследования. Социокультурный контекст / Т. Е. Титовец, М. Б. Горбунова, О. В. Бурак; под науч. ред. Г. С. Ковалевой. — Минск : Медисонт, 2021. — 111 с.). 

Эфектыўнай з’яўляецца стратэгія сумеснага чытання кнігі дарослым і падлеткам. Гэта дае магчымасць своечасова высветліць незразумелыя словы ці абставіны, якія апісваюцца, а таксама скіраваць увагу на важныя сэнсаўтваральныя элементы тэксту.

Можна паспрабаваць выразнае чытанне ўголас. Пачынаць павінен дарослы, тым самым ён адчыняе дзверы для дзіцяці ў свет мастацкага твора. Інтанацыя — праява багацця вуснага маўлення, здольная нават самы сумны тэкст зрабіць яркім і эмацыянальным. Сумесная дзейнасць, звязаная з выразным чытаннем, дапамагае развіваць маўленне, спасцігаць ідэйны змест, а таксама разумець сутнасць знакаў прыпынку.

Гісторыя знаёмства з той або іншай кнігай ад бацькоў ці настаўнікаў часам можа стаць добрым матыватарам для таго, каб прачытаць гэтую кнігу.

Па-другое, важна адшукаць кнігу, якая б была цікавай для дзіцяці. У кожнага чалавека ёсць індывідуальныя захапленні, у адпаведнасці з імі можна знайсці твор сучаснай літаратуры. 

Па-трэцяе, добрую справу ў далучэнні да чытання можа зрабіць рэклама (кароткі пераказ да самага напружанага моманту), самастойнае стварэнне буктрэйлера або прагляд ужо гатовых, прагляд уступнага роліка (яркім узорам з’яўляецца ролік, да якога можна перайсці па QR-кодзе, змешчаным у кнізе Кацярыны Хадасевіч-Лісавой «Ключ ад Вялікай Каштоўнасці»).

Па-чацвёртае, неабходна прызнаць, што сучасны вучань па-іншаму ставіцца да літаратуры. Сёння мастацкі твор ужо не сакралізуецца, таму «ўваходжанне» ў мастацкі свет і яго ўспрыманне адбываюцца інакш. Настаўнік павінен улічваць гэтыя абставіны пры падрыхтоўцы да ўрокаў літаратуры. Неабходна падтрымліваць розныя практыкі чытання для развіцця і замацавання чытацкіх інтарэсаў. Напрыклад, урок па вывучэнні класічных твораў павінен арганізоўвацца з улікам сучасных абставін: творчасць пісьменніка варта разглядаць праз кантэкст надзённых праблем і гістарычнай рухомасці мастацкага твора (Макарэвіч, А. М. Беларуская дзіцячая літаратура ў тэрмінах і паняццях: дапаможнік / А. М. Макарэвіч, В.І. Караткевіч; пад агул. рэд. А. М. Макарэвіча. — Магілёў: МДУ імя А. А. Куляшова, 2014. — 140 с.). І тут можа дапамагчы сувязь вучэбнага прадмета «Беларуская літаратура» з сумежнымі дысцыплінамі — «Беларуская мова», «Гісторыя Беларусі», «Сусветная гісторыя», «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)» і інш., а таксама сумежнымі навуковымі галінамі — псіхалогіяй, сацыялогіяй, філасофіяй, тэатразнаўствам і інш.

Такім чынам, адраджэнне і развіццё масавага чытання, стварэнне моды на такое баўленне часу, на наш погляд, з’яўляецца адной з прыярытэтных задач беларускага грамадства. Гэта не толькі павінна павысіць паспяховасць нашых дзяцей у будучым, але і даць магчымасць захаваць і развіваць традыцыйныя духоўныя каштоўнасці: мову і культуру беларускага народа. Без выканання гэтай умовы цяжка ўявіць будучыню.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.