Вы тут

Нязгасная сіла жыцця


Нацыянальны мастацкі музей прадставіў чарговую рэтраспектыўную выстаўку. Прысвечаны памяці і 65-годдзю з дня нараджэння славутага беларускага мастака праект носіць назву «Валерый Шкаруба. In Memoriam». Творца, які сышоў з жыцця ў 2020 годзе, працаваў у жанры пейзажнага жывапісу і развіваў традыцыі рэалістычнага мастацтва. Талент Валерыя Шкарубы, які сёння могуць ацаніць наведвальнікі Мастацкага, уславіў яго яшчэ пры жыцці ў Беларусі і за яе межамі. У экспазіцыі прадстаўлена больш як 50 твораў са збораў Нацыянальнага мастацкага музея, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, Музея гісторыі горада Мінска, ААТ «Приорбанк», а таксама сям’і мастака. Куратар выстаўкі — Аляксей Мацюшонак, навуковы супрацоўнік выставачнага аддзела НММ.


Жывапісец апяваў прыродную прыгажосць Беларусі, але гэта толькі адзін слой сэнсавага палатна мастака. Валерый Шкаруба праз звыклыя дэталі выяўляў вечныя сімвалы, зразумелыя кожнаму. Для гледача, які звык да актыўнага дзеяння, выключных персанажаў ці лірычнага краявіду, здольнага парадаваць вока рэалістычнасцю карцінкі ці адмысловым прадстаўленнем прыроды, яго работы могуць падацца занадта стрыманымі і нават песімістычнымі. Ужо толькі назвы некаторых («Змрок», «Трывожнае чаканне», «Сумны шлях», «Халодны вецер», «Самотная зіма», «Сон зямлі») настройваюць на мажорны лад. Здаецца, з іншым настроем да карцін мастака падыходзіць і не варта — легкадумнасць і дураслівасць такое мастацтва не вітае. Мо таму на выстаўцы, пра якую ідзе гаворка, так шмат адкрыта маркотных юнакоў і дзяўчат, так шмат незацікаўленых асоб. 

«Старая школа», 1988 г.

Назвы работ у любога мастака насамрэч маюць істотнае значэнне, як і, дарэчы, іх адсутнасць. У Валерыя Шкарубы найменне і сюжэт складаюць сапраўдны паэтычны твор, які хочацца чытаць і перачытваць. Пахмурыя і някідкія, змрочныя і невясёлыя, няяркія і нешматслоўныя — усё гэта пра пейзажы аўтара. Што ж можа ў іх зачапіць? Магчыма, роздум аб пастаянным і недаўгавечным, які прасочваецца ў вобразах дарогі, шматлікіх сцяжынак-пуцявінак, што дзесьці пачынаюцца і недзе заканчваюцца (ці праўда?), а можа — асэнсаванне сілы жыцця, нязгаснай і стваральнай... Вядома, што жывапісец наўмысна спрашчаў кампазіцыю і ў яе цэнтр ставіў тое, што зразумела яго сучасніку, неўранадушнаму да сціплай беларускай прыроды. Ён вельмі любіў выяўляць познюю восень і раннюю вясну —пераходныя перыяды, якія лёгка перадаюць тугу, смутак, жаль, хоць гэта далёка не вычарпальныя характарыстыкі вобразаў майстра. 

«Да невядомага», 2006 г.

Святло карцін Валерыя Шкарубы нерэальнае, нават магічнае. Сонца на некаторых ледзь угадваецца, а на большасці ўвогуле адсутнічае, аднак менавіта яно ў пэўнай ступені загадкава асвятляе зямлю і ваду, лес і поле. Акрамя пералічанага, майстра, здаецца, нішто не цікавіла. Хіба яшчэ толькі неба, у адлюстраванні якога неабходна было перасягнуць самога сябе — каб сказаць нешта новае, каб не адштурхнуць гледача, якому заўжды так складана дагадзіць, да якога бывае так цяжка дастукацца. 

«Ціхая затока», 2014 г

Заўсёды цікава, якую работу таго ці іншага мастака вылучаць у якасці цэнтральнай куратары праекта. У прасторы, дзе змешчана выстаўка «Валерый Шкаруба. In Memoriam», зрабіць гэта асабліва лёгка — звычайна такі твор экспануецца на своеасаблівай лесвічнай клетцы каля ўвахода ў галоўны корпус. Гэтым разам асноўным стала палатно «Сон зямлі» (2017) са збору сям’і жывапісца — пераасэнсаванне аднаго з ключавых сюжэтаў айчыннага мастацтва. Гэта своеасаблівая версія не толькі знакамітага сюжэта, але і рэальнага краявіду, які б ён ні быў. Характарыстыкі творчасці аўтара — імкненне да парадку, адасобленасць ад мітуслівага свету — уласцівы і гэтай рабоце. Прастора палатна, абмежаваная наўмыснай фрагментарнасцю, становіцца месцам для паглыблення ў свет думак і пачуццяў. Ніхто не перашкодзіць: стваральнік пазбавіў кампазіцыю ад выпадковай прысутнасці іншых. 

Выстаўка будзе працаваць да 26 сакавіка. Для аматараў творчасці Валерыя Шкарубы: нядаўна ў выдавецтве «Беларусь» у серыі, якая прадстаўляе славутых мастакоў Беларусі, выйшаў невялічкі альбом —прысвячэнне майстру. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.