Вы тут

Навошта глядзець спектакль паводле Дастаеўскага ў тэатры імя Горкага?


Пра Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага ведаем: знаўца чалавечых душ. І гэтым для многіх адносіны з яго раманамі абмяжоўваюцца. А як жа тады зразумець (а не засвоіць паводле падручнікаў), што ж такога асаблівага ён ведаў пра людзей? Адказ зразумелы да банальнасці: чытаць. Глыбока, удумліва. Гэта, вядома, самы найлепшы варыянт даведацца думкі пісьменніка. І, быў час, такімі раманамі зачытваліся, іх нават «глыталі», імкнучыся зразумець Карамазавых ці князя Мышкіна, праводзілі ночы з кнігамі Дастаеўскага, каб зразумець яго бачанне свету і культуру, сутнасць якой пісьменнік адлюстраваў. А яго бачанне каштоўнае дагэтуль. Бо ён адзін з тых творцаў, што сфарміравалі рамантычны арэол вакол паняцця «загадкавая руская душа» — і яно пайшло ў свет, дзе яго імкнуцца спасцігнуць не адно стагоддзе. Па сутнасці, архетыпы, якія паказаў пісьменнік, працягваюць існаваць, яны нясуць сваю карціну свету, маюць асаблівае ўяўленне пра каштоўнасці і вартасць чалавечага жыцця.


Сям'я Дастаеўскiх, нашчадкаў рускага класiка Фёдара Дастаеўскага, з арыгiналам выдання Фёдара Дастаеўскага падчас прыезду ў Беларусь у лютым 2023 года.

Чытаць трэба, але... У наш час нават многія з тых, хто гэтага шчыра хоча, пабачыўшы кнігі з вялікай колькасцю старонак (гэта чытанне ці не больш, чым на тыдзень), пачынаюць шукаць іншыя спосабы пазнаёміцца са зместам. Тут на дапамогу можа прыйсці кіно — балазе, паводле Дастаеўскага знялі шмат фільмаў і нават серыялы (праўда, апошнія таксама патрабуюць часу як мінімум у некалькі вечароў). Тады тэатр у дапамогу — за адзін вечар перад вачыма праходзіць цэлы раман, героі якога матэрыялізуюцца ды існуюць у пэўных абставінах, і глядач сам непасрэдна паглыбляецца ў атмасферу сцэнічнага мікрасвету. Вось гэтаму спрыяе пастаноўка паводле рамана «Ідыёт», якую ажыццявіла Івана Жыган з Сербіі ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага.

Бо ў яе Дастаеўскі — як Дастаеўскі. Аповед ідзе па сюжэце, без моднага цяпер рэжысёрскага прачытання. І ніякага асучаснівання — усё як напісана, без кроку ўбок, без аніякай мудрагелістасці, згодна з Дастаеўскім. Зроблены перанос рамана на тэатральную сцэну, што, вядома, не проста, улічваючы аб'ём тэксту. Гэта яшчэ напрыканцы мінулага стагоддзя ажыццявіў сербскі рэжысёр Стэва Жыган, які, відаць, меў піетэт да Дастаеўскага, бо вучыўся ў Санкт-Пецярбургу. Дачка рэжысёра Івана калісьці выконвала адну з галоўных роляў у пастаноўцы, што ішла ў Бялградзе, а цяпер рэалізавала яе ў Мінску. Сама выступіла рэжысёрам-пастаноўшчыкам спектакля паводле Дастаеўскага, раман якога лічыць вельмі актуальным. Пытання «Навошта?» для яе не існавала з некалькіх прычын. Першая — асабістая: справа бацькі працягваецца ўжо на іншым узроўні. Другая — грамадска-міжнародная: гэта праект у Рэспубліцы Беларусь, дзе Івану Жыган паважаюць і з задавальненнем вітаюць кожны яе прыезд сюды: пад уражаннем ад нашай краіны яна зняла нават дакументальны фільм, наскрозь прасякнуты захапленнем сінявокай зямлёй і людзьмі, якія тут жывуць і гаспадараць. Яна гэта рабіла шчыра, паводле свайго разумення свету і ролі ў ім розных славянскіх народаў. З гэтымі думкамі і працавала над сумесным тэатральным праектам, які ёй даверылі ажыццявіць у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Горкага. Ну і сам Дастаеўскі — гэта трэцяя прычына, якая вынікае з дзвюх першых. Для Іваны як старшыні Таварыства сербска-расійскай дружбы зварот да гэтага пісьменніка цікавы, а яшчэ і сімвалічны — менавіта з-за яго няхай і далёкіх, але роднасных сувязяў з Беларуссю.

Усе тры прычыны сышліся, дазволіўшы ў выніку прадставіць тэатральную версію рамана «Ідыёт», якая доўжыцца, паводле задумы, тры з паловай гадзіны (кніжку за гэты час, вядома, не адолець).Працягласць спектакля зразумелая: раман жа не маленькі. Але інсцэніроўка адштурхоўваецца ад сюжэта, з адным нюансам: напачатку нам прадстаўляюць гісторыю Настассі Піліпаўны, якую дзяўчынкай пасля смерці таты ўзяў на выхаванне, але ператварыў ва ўтрыманку заможны памешчык Афанасій Тоцкі. Пачатак, які насамрэч адкрывае шлях да раскрыцця сутнасці твора пад назвай «Ідыёт», дзе ў цэнтры павінен быць вобраз князя Льва Мікалаевіча Мышкіна.

І раман Дастаеўскага пачынаецца з таго, што ў Расію прыязджае малады чалавек, які доўгі час выхоўваўся і жыў у Швейцарыі, ён вельмі наіўны па натуры (напэўна, не толькі з-за хваробы), але з добрай інтуіцыяй, якая дазваляе яму адчуваць матывы ўчынкаў іншых людзей. Не сапсаваны светам, у якім валадараць жарсці, грошы, інтрыгі. Чалавек з чыстай душой не надта ўпісваецца ў мясцовы асяродак: ну, як ёсць, «ідыёт» — гэта слова як кляймо для таго, хто мысліць і жыве інакш, не як усе навокал. Але самае дзіўнае — ён і не імкнецца «выправіцца» — не прыстасоўваецца пад існуючыя норавы, захоўвае сваё сумленне і душу.

Але адчуванне асобы князя Мышкіна ў рамане адбываецца праз вобраз Настассі Піліпаўны. Бо як жа мы зразумеем галоўнага героя без дакладнага ўяўлення пра тое, чаму ён за яе гатовы аддаць душу — шкадуе, кахае ці любіць па-чалавечы? Таму драматургічны пралог, у прынцыпе, слушны для тэатра: гісторыя гэтай жанчыны разгортвалася задоўга да іх сустрэчы з князем, і зразумела пасля, чаму яе крыўда вымушае мітусіцца паміж мужчынамі —Тоцкім, Івалгіным, Рагозіным ды Мышкіным. Няшчасная, зняслаўленая жанчына (якая насамрэч паненка па паходжанні), як можа, чапляецца за жыццё, але адусюль адчувае прыніжэнне. І толькі аднаму князю можа верыць: ён не асуджае... На сцэне мы бачым і адчуваем Настассю Піліпаўну як крохкую жанчыну з параненай душой, бездапаможную перад ганьбай, але яна (таму што сама жыве ў брудзе) як ніхто іншы адчувае святло і імкнецца да чысціні, якую бачыць у князі. Такую Настассю Піліпаўну пераканаўча ўвасобіла актрыса Вераніка Пляшкевіч — тонка, на нюансах. Дакладна так, каб было поўнае разуменне прычын яе экзальтаваных паводзін. Яна не наталяецца пачуццёвасцю, а пакутуе ад яе. Пабачыўшы не адну Настассю Піліпаўну на тэатральнай сцэне і ў кіно, няма жадання параўноўваць з імі тую, што бачыш у тэатры імя Горкага, — у яе верыш. Але што больш істотна — шкадуеш разам з князем.

І акцёр Андрэй Сенькін — князь Мышкін, няма сумневу. Сумленны, сарамлівы, далікатны. Ідэал сярод людзей (праўда, складана гэта зразумець тым, хто існуе па іншых правілах). А яшчэ ён любіць людзей — кожнага імкнецца зразумець глыбока. Нібыта прыйшоў з нейкага іншага свету. У адрозненне ад гучнага Рагозіна (артыст Аляксей Качан), які кахае так, што забіць гатовы, князь ціхмяны, здаецца, што нясмелы. І вось так ціха, без навязвання, ён вядзе сваю лінію, пры тым, што сам знаходзіцца ў сітуацыі выбару. У супрацьлегласць Настассі Піліпаўне ёсць, напрыклад, Аглая Епанчына (актрыса Вольга Здзярская), задзірлівая і не сапсаваная жыццём. А ён нібыта адчувае і хоча адвесці бяду... Зноў-такі, хто глядзеў серыял, зняты Уладзімірам Борткам, то міжволі будзе згадваць Яўгена Міронава ў гэтай ролі. Але ў такім выпадку трэба быць гатовым да таго, каб запісацца ў кола фанатаў нашага Андрэя Сенькіна — гэта яго роля.

Той выпадак, калі можна ісці ў тэатр «на выканаўцаў». У псіхалагічным тэатры ўсё залежыць ад майстэрства акцёраў, на якое абапіраецца праца рэжысёра. А «Ідыёт» — твор, які заснаваны на псіхалогіі герояў, праз якую Дастаеўскі імкнуўся разважаць пра чалавечыя заганы і мажлівасць выйсці з цемры. І вось ён, сам... Толькі не здзіўляйцеся — да традыцыйнай рэжысёрскай падачы матэрыялу ў спектакль уведзены дзіўны ход. Мы ж прыйшлі ў тэатр на Дастаеўскага, ці не так? Сустрэча з ім адбываецца нават літаральна: сам Фёдар Міхайлавіч са сцэны звяртаецца да публікі. Звычайна гледачы ў тэатральнай зале выводзяць мараль гісторыі праз дзеянні герояў. Бываюць спектаклі, дзе ўсё гучыць і гаворыцца прама. А ў нас да таго ж Дастаеўскі, а значыць, што маралі зашмат не бывае — і яе са сцэны даносіць артыст Руслан Чарнецкі, які ўвасобіў аўтара. Цікава, як успрынялі гэты вобраз нашчадкі Дастаеўскага, якія былі запрошаны на прэм'еру ў Мінск?.. А, зрэшты, кожны зможа такім чынам мець уласны дыялог з пісьменнікам, у думках адказваючы яму, наколькі і як змяніліся людзі пасля напісання і магчымасці не адно стагоддзе чытаць раман? І ў чым ён можа быць яшчэ актуальны?

Спектакль, які з'явіўся ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Максіма Горкага, заяўлены як «і драма, і камедыя» — такая зачэпка ці «інтрыга» для патэнцыяльных гледачоў. Але калі бачыш персанажаў, якія з'яўляюцца на сцэне ў касцюмах, што ўвасабляюць эпоху Дастаеўскага (над імі папрацавалі мастакі Бажана Ёванавіч і наша Ала Сарокіна), калі бачыш сцэнаграфічнае рашэнне з ухілам у эпоху, але часам яно звяртае да ўмоўнасці (аўтар Барыс Максімавіч, пры ўдзеле Алы Сарокінай), калі ў цёмнай прасторы святлом пазначаны некаторыя героі, то адразу зразумела: гэта драма. А ў чым жа тады камедыя? Князь Мышкін — дзівак? Тое, як ён сябе паводзіць, выклікае смех? (Тут, канешне, можна апеляваць да нашага часу з яго прагматызмам.) Але тады гэта трагедыя. Кожны глядач, што праўда, сам вызначыць, дзе журыцца, а дзе радавацца, калі скончыцца спектакль. Чамусьці няма сумневу, што наша публіка ўсё зразумее правільна.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.