Вы тут

Народны пісьменнік Беларусі прэзентаваў свае мемуары ў Нацыянальнай бібліятэцы


Народны пісьменнік Беларусі Мікалай Чаргінец прэзентаваў свае мемуары ў Нацыянальнай бібліятэцы. Гэта чатыры кнігі з цыкла аўтабіяграфічных раманаў «Цяжкія дарогі жыцця», у якіх аўтар дзеліцца сваім багатым жыццёвым досведам. Тут і дзіцячыя ўспаміны аб Вялікай Айчыннай вайне, і спартыўная кар’ера, і работа ў органах унутраных спраў, і афганскі перыяд.


— Кнігі напісаны як аўтабіяграфічны раман. Але чытаюцца займальна, як трылер ці дэтэктыў. Там цудоўна выбудаваны дыялогі, сцэны. Яны вельмі кінематаграфічныя, — так падчас прэзентацыі падзяліўся сваімі ўражаннямі ад «Цяжкіх дарог жыцця» дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Іван Саверчанка, — Мы ведаем розныя навуковыя працы, нейкія акадэмічныя выданні. Але калі чытаеш гэту кнігу, ты літаральна «ўваходзіш» у тую атмасферу. Талент пісьменніка выдатна перадае той час, пачуцці людзей, іх чаканні, іх памкненні і страхі.

Сам жа Мікалай Іванавіч на мерапрыемстве заявіў, што цвёрда перакананы ў тым, што абавязак кожнага пісьменніка, які бачыў на свае вочы Вялікую Айчынную вайну, расказаць пра гэта. Уяўна вяртацца ў некаторыя эпізоды жыцця — вельмі цяжка.

— Прыходзіцца часам ледзь не са слязьмі, успамінаючы, пісаць, — прызнаецца аўтар.

Мікалай Чаргінец не толькі таленавіты пісьменнік, але і палітык, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, ганаровы грамадзянін Мінска, уладальнік міжнародных прэмій, дзяржаўных узнагарод. Яго чытаюць па ўсім свеце, агульны тыраж выдадзеных твораў складае больш за сем мільёнаў экзэмпляраў.

Паводле слоў генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Вадзіма Гігіна, Мікалай Чаргінец — яскравы прыклад паспяховага беларускага чалавека.

— Таленавіты, прыгожы, сябраваў з маці Юрыя Гагарына і ўсёй яго сям’ёй, некалькі жыццяў пражыў, — распавядае Вадзім Гігін. — Пасля вайны з футбольнай камандай трапіў у паўразбураны яшчэ Пхеньян, бачыў Кім Ір Сена — у той час, у 1950-я гады, гэта было як на іншую планету трапіць. Пасля перайшоў на працу ў крымінальны вышук, тройчы датэрмінова прысвойвалася яму званне. Гэта менавіта той міліцыянер, які першым прыехаў на месца трагічнай гібелі Пятра Міронавіча Машэрава. І я асабіста ад «афганцаў» чуў гісторыі пра Чаргінца, у тым ліку пра тое, як ён людзям выратаваў жыццё.

Працяг абавязкова будзе. Ужо сёлета новая частка мемуараў выйдзе ў свет. Мікалай Чаргінец прыадчыніў заслону таямніцы і падзяліўся тым, што чакае чытачоў у новай кнізе:

— У ёй я пішу пра перыяд развалу Савецкага Саюза: цяжкі час, найбяднейшы стан краіны, развал эканомікі, людзі на вуліцах абураюцца, патрабуючы заробку і працы, заводы стаяць... Тады мы і пазнаёміліся з Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам. Я на той момант не верыў, што малады хлопец з вёскі зможа дапамагчы беларусам. Я памыліўся. З яго энергіяй і выключным талентам удалося гэта зрабіць. І я буду пра гэта пісаць.

Падчас мерапрыемства ўсе госці маглі задаць любое пытанне пісьменніку (нават самае правакацыйнае) і атрымаць аўтограф. Больш за тое, кожны ахвотны мог азнаёміцца з тэматычнай выставай, у якой сабраны матэрыялы з фондаў бібліятэкі аб жыццёвым і творчым шляху Мікалая Чаргінца, таксама там былі рэдкія экзэмпляры кніг з асабістага архіва аўтара.

Лізавета ГОЛАД

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.