Вы тут

Выстава БСМ «Скульптура — гораду» расказвае пра гісторыю і сучаснасць Мінска


Выставачны праект Беларускага саюза мастакоў «Скульптура — гораду» працуе ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі «Палац мастацтва». Ініцыятыва прысвечана скульптуры сталіцы: расказваецца пра тое, якой яна была ў мінулыя дзесяцігоддзі і якой паўстае перад намі сёння. Бясспрэчна, скульптура вызначае культуру горада і, па меркаванні знаўцаў, надае форму помнікаў і манументаў яго «культурным слаям».


Леў Гумілеўскі «Уладзімір Караткевіч» (праект помніка), 2015 г.

«Скульптура — гораду» прадстаўляе творы, якія з’явіліся на вуліцах і плошчах сталіцы ў апошнія дзесяцігоддзі. У іх ліку — помнікі і мемарыялы, прысвечаныя жыхарам горада і знакавым асобам краіны, яе галоўным падзеям. Многія з вызначальных для Мінска кампазіцый прадстаўлены на планшэтах і ў мадэлях. Між тым праект створаны на аснове матэрыялу, які ўжо прадстаўляўся публіцы. Вялікая частка экспазіцыі — творы, якія зараз праектуюцца і прапануюцца аўтарамі для экспанавання ў той ці іншай грамадскай прасторы. Галоўным для стваральнікаў праекта было падкрэсліць, што беларуская скульптура змяняецца разам з часам, прапаноўваючы сучаснаму гораду свае варыянты мастацкага напаўнення яго прасторы.

На выстаўцы дэманструюцца работы як вядомых айчынных скульптараў, так і маладых аўтараў. Іх тэматычныя, ідэйныя, стылістычныя зацікаўленні даволі розныя, таму вельмі цікава назіраць, як той ці іншы аб’ект упісаны ці будзе ўпісаны ў канкрэтную звыклую мясцовасць. Шмат у чым дапамагаюць у падарожжы па скульптурным асяроддзі Мінска карты — «Мінск скульптурны — учора» і «Мінск скульптурны — сёння»: дзякуючы ім магчыма зрабіць высновы аб тым, які раён Мінска па зразумелых ці не зусім прычынах абдзелены ўвагай, а які стракаціць творамі мастацтва, якія тэмы пераважалі ў творчасці скульптараў мінулага веку і да якіх яны звяртаюцца апошнім часам, якія перспектывы ў горада…

Кірыл Крохалеў «Гарызантальны матыў», 2021 г.

Цікавым падаецца мяжа ад «учора» да «сёння», праведзеная стваральнікамі праекта. Так, калі звяртацца да храналогіі, то найбольш познія творы мінулага перыяду — ландшафтна-паркавыя скульптуры па выніках пленэраў у Парку імя Янкі Купалы: кампазіцыі Уладзіміра Слабодчыкава, Аляксандра Фінскага, Эдуарда Астаф’ева і іншых творцаў датуюцца перыядам ад 1988 да 1989 года. Да гэтага часу ў Мінску ўжо красаваліся фантан «Юнацтва» (1972; скульптар Анатоль Анікечык, архітэктар Сяргей Мусінскі), барэльеф «Салідарнасць» (1979; скульпт. Анатоль Арцімовіч, арх. Васіль Герашчанка), помнік Максіму Горкаму (1981; скульпт.

Антон Шыпіца «Зюзя»  (з серыі «Беларуская міфалогія»), 2017 г.

Андрэй Заспіцкі, Іван Міско, Мікалай Рыжанкоў, арх. Алег Трафімчук)… Вынікае, што далёка не ўмоўная, а цалкам канкрэтная мяжа паміж перыядамі была абсалютна відавочнай — распад Савецкага Саюза (непрынцыпова, але хацелася б, каб размежаванне будавалася па іншых крытэрыях). «Мінск скульптурны — сёння» — гэта помнік Язэпу Драздовічу (1993; скульпт. Ігар Голубеў, арх. Вячаслаў Марухін), кампазіцыя, прысвечаная Міколу Гусоўскаму (1999; Уладзімір Панцялееў), памятны знак «Мінск-4» (2014; скульпт. Яўген Колчаў), і скульптура «Беларусам — героям космасу» (2018; скульпт. Іван Міско, арх. Валерый Мітрафанаў)…

Валерыя Бірала «Дотык», 2018 г.

Убачыць выявы мноства скульптурных аб’ектаў Мінска, палічыць і штосьці параўнаць на картах — займальная справа, якую можна скарыстаць і ў адукацыйных мэтах (хоць тут ёсць неабходнасць папракнуць арганізатараў выстаўкі за пэўныя недарэчнасці і недакладнасці ў падачы інфармацыі). Між тым не меней цікава разважаць пра перспектывы ў гэтай сферы — праекты айчынных скульптараў дазваляюць гэта зрабіць. Сучасным майстрам цікавыя стылістычныя эксперыменты, выкарыстанне і сумяшчэнне розных матэрыялаў, пошук новых тэхнік і зварот да колеру. Апошні крок пакуль яшчэ не вельмі ўпэўнены, відаць, што хапае сумненняў у яго неабходнасці, аднак асцярожна мастакі дадаюць фарбаў у такі сціплы і часта шэры Мінск. Так ці інакш, горад мае патрэбу ў спробах маладых мастакоў. Нават мінулае падказвае: некаторыя помнікі, якія так палюбіліся мінчанам, ствараліся ў свой час як дыпломныя работы.

Аляксандр Фінскі «Саламон Міхоэлс —  кароль Лір» (мемарыяльны знак), 2016 г.

У ліку прапаноў сталых і пачынаючых творцаў — абстрактныя арт-аб’екты і жанравыя работы, прысвечаныя культуры краіны. Меней сацыяльнага, болей аўтарскага. Унутраныя і знешнія абмежаванні нарэшце губляюць сваю моц. Хоць, натуральна, ад той жа традыцыі ў скульптуры ніхто не збіраецца адмаўляцца — сталіца, нягледзячы на пэўнае пашырэнне, абнаўленне новымі кварталамі, усё ж неахвотна змяняе сваё аблічча. Так, мастакі і скульптары, відавочна, баяцца нашкодзіць прасторы. У той жа час запэўніць горад у важнасці і неабходнасці той ці іншай скульптуры надзвычай цяжка (хоць і, магчыма, вынікі работы над новымі станцыямі метрапалітэна сцвярджаюць паспяховасць сучаснай скульптуры і яе бачання творцамі). Тут і фармат конкурсаў не заўсёды бывае ўдалы. Таму аўтары чакаюць водгукаў — найперш ад гледачоў. Выстаўка «Скульптура — гораду» працягнецца да 19 сакавіка.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.