Вы тут

Каранкевіч расказаў, калі пачне працаваць другі блок БелАЭС


Міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» расказаў, калі другі блок Беларускай атамнай электрастанцыі выдасць першую энергію, паведамляе БелТА.


Як было адзначана ў эфіры, будаўніцтва БелАЭС — на завяршальнай стадыі: да канца года плануецца запусціць другі энергаблок. Гаворачы пра ключавыя задачы рэалізацыі намечанага, міністр падкрэсліў: на першым месцы — пытанне бяспекі. «Усе тыя работы і мерапрыемствы, якія неабходна правесці, павінны пацвердзіць і бяспеку, і надзейнасць работы ўсяго абсталявання, тэхналагічных сістэм», — акцэнтаваў увагу ён.

«На завяршальнай стадыі знаходзіцца падрыхтоўка да пачатку ланцуговай рэакцыі і вываду рэактарнай устаноўкі на мінімальны кантралюемы ўзровень. Гэта работа праводзіцца ў рамках этапу „фізічны пуск“. Будуць праведзены даследаванні нейтронна-фізічных характарыстык актыўнай зоны рэактарнай устаноўкі», — расказаў Віктар Каранкевіч.

Паводле яго слоў, паспяховае правядзенне гэтых работ і даследаванняў дасць магчымасць перайсці да наступнага этапу на другім энергаблоку. «Гэта этап энергетычнага пуску, дзе будзе паслядоўнае асваенне магутнасці ад 1 працэнта да 50 працэнтаў рэактарнай устаноўкі і на 40 працэнтаў будзе забяспечана пробнае ўключэнне турбагенератара ў сетку і выдача першых кілават-гадзін у энергасістэму», — адзначыў міністр.

Далей — асваенне магутнасці да намінальнай. «Гэта ўжо будзе праходзіць у рамках этапу доследна-прамысловай эксплуатацыі. Будуць праводзіцца даследаванні на розных рэжымах работы і рэактарнай устаноўкі, і турбагенератара аж да поўнага адключэння турбагенератара з сеткі і яго планавага спынення», — растлумачыў Віктар Каранкевіч.

Таксама сярод першачарговых задач міністр назваў праверку работы як асноўнага, так і дапаможнага абсталявання, пацвярджэнне ўсіх планавых і праектных параметраў. «На завяршэнне ўсёй гэтай работы будзе праведзена комплекснае выпрабаванне абсталявання на намінальнай магутнасці на працягу 15 сутак. І гэта работа будзе праводзіцца да прыёмкі другога энергаблока і станцыі ў цэлым у эксплуатацыю», — рэзюмаваў кіраўнік ведамства.

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.