Вы тут

Жанчыны на варце мірнага неба


Ва Узброеных Сілах Беларусі служыць нямала жанчын. Нароўні з мужчынамі яны нясуць воінскі абавязак, з гонарам выконваючы пастаўленыя перад імі задачы. Жанчыны рэалізоўваюць сябе ў ваеннай медыцыне, журналістыцы, паказваюць высокія дасягненні ў дыпламатычнай службе і радуюць сваімі поспехамі на спартыўных пляцоўках. Нясуць прыгажуні ў форме і баявое дзяжурства па супрацьпаветранай абароне.


Вераніка ЖЫГАЛКА атрымлівае падзяку з рук камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Андрэя ЛУК'ЯНОВІЧА.

Напярэдадні Дня войскаў супрацьпаветранай абароны (сёлета гэта 9 красавіка) карэспандэнты «Звязды» сустрэліся з ваеннаслужачымі-жанчынамі, якія служаць у розных злучэннях Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны краіны. Ці жаночая гэта справа — Айчыну абараняць — і чаму вернасць службе не залежыць ад полу, даведаліся з першых вуснаў.

«Сумаваць не даводзіцца»

Прапаршчык Вераніка Жыгалка служыць у вайсковай часці ў Гродне. Яна сувязістка. Сёлета споўніцца дзесяць гадоў, як Вераніка вырашыла звязаць сваё жыццё з Узброенымі Сіламі. Прапаршчык прызнаецца, што служыць у арміі хацела даўно. Першапачаткова планавала паступаць у Ваенную акадэмію, але, як сама лічыць, крыху не хапіла ведаў. Аднак ад сваёй мэты адступаць не збіралася. Так атрымалася, што ў армію яе прывёў малады чалавек, які служыў у воінскім злучэнні.

— У той час, калі я прыйшла на службу, жанчын у арміі было няшмат, — заўважае Вераніка Жыгалка. — Цяпер такая тэндэнцыя, што на некаторыя спецыяльнасці з задавальненнем набіраюць дзяўчат. Мы больш пунктуальныя, цярпліва і больш уважліва працуем з дакументамі. Зразумела, з тэхнікай жанчыны не вельмі сябруюць, але ёсць сярод нас і такія. Калі нешта не атрымліваецца, мужчыны нас заўсёды падтрымаюць і дапамогуць.

Як адзначае сувязістка, працаваць у мужчынскім калектыве за гэты час ужо прызвычаілася. Сярод калег ёсць той, на каго можна разлічваць не толькі ў службовай дзейнасці, але і дома. У палку Вераніка сустрэла мужа, які стаў надзейнай падтрымкай і апорай. «Сям'я на чамаданах, — менавіта так коратка і зразумела прапаршчык характарызуе шлюб дваіх ваеннаслужачых. — Планаваць нешта наперад складана. Трэба быць гатовым да ўсяго: да пераезду на новае месца службы, да выканання прафесійных абавязкаў у выхадныя і святочныя дні. Гэта толькі загартоўвае, мацуе нашу сям'ю».

Некаторыя думаюць, што ў арміі кожны дзень падобны на папярэдні. Вераніка з гэтым катэгарычна не пагаджаецца. «Кожны дзень у нас праходзяць заняткі, але яны заўсёды будуць адрознівацца, — тлумачыць сувязістка. — Немалаважная ўвага ўдзяляецца фізічнай падрыхтоўцы вайскоўцаў. Таму сумаваць не даводзіцца».

Прыходзіцца чуць і такое, што служыць у арміі не жаночая справа. У Веранікі Жыгалкі і на гэтае меркаванне ёсць адказ. «У нас многія прафесіі не жаночыя, але паглядзіце, як выдатна там сябе рэалізоўваюць жанчыны, — звяртае ўвагу яна. — Нашы жанчыны ўсё могуць! І ў гады вайны яны нароўні з мужчынамі змагаліся з ворагам, здзяйснялі подзвігі. Жанчыны ўсюды патрэбныя».

«Абараняць Радзіму — вялікая адказнасць»

Таццяна КАВАЛЕНКА.

Сяржант Таццяна Каваленка праходзіць службу ў вайсковай часці ў Бабруйску. У полк прыйшла год таму. Усяго ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь служыць амаль два дзесяцігоддзі. І ўвесь гэты час — у ваеннай сувязі. Яна выдатна валодае азбукай Морзэ, ведае ўсе нюансы радыёсувязі.

Таццяна з сям'і ваеннаслужачых. Таму пытанне, якую прафесію выбраць, перад ёй ніколі не ўзнікала. Таццяну натхняў прыклад бацькоў, якія служылі ў шматлікіх злучэннях Савецкага Саюза. Безумоўна, яна ведала, што лёс ваеннаслужачага няпросты: даводзіцца шмат ездзіць, адчуваць іншыя нязручнасці, аднак гэта не спыніла. Не перадумала, нават нягледзячы на тое, што ў свой час давялося памяняць чатыры школы. «Мама ўвесь час знаходзілася на службе, бацька вельмі шмат працаваў, бачылі яго або позна ўвечары, або раніцай, — згадвае яна. — Я гэтага не баялася. Ні разу не пашкадавала, што пайшла служыць. Не ўяўляю сябе без арміі».

Ваеннаслужачая лічыць, што служба ў арміі — і жаночая справа, але пры ўмове, што ў жанчыны моцны характар. «Не кожны можа быць гатовы да таго, што цябе ў любы час дня і ночы выклічуць на службу, — удакладняе яна. — Дысцыпліна распаўсюджваецца як на мужчын, так і на жанчын. Увогуле, абараняць Радзіму — вялікая адказнасць».

Муж Таццяны Каваленкі таксама ваеннаслужачы — афіцэр. Як прызнаецца Таццяна, калі размаўляеш з сужэнцам на адной мове, лягчэй будаваць быт. На бацькоў раўняецца і іх сын: ён таксама хоча насіць пагоны. Каб лягчэй было паступіць у Ваенную акадэмію або на ваенны факультэт дзяржаўнай ВНУ, малады чалавек вучыцца ў ваенна-патрыятычным класе. І гэта, як прызнаецца Таццяна, толькі яго рашэнне, якое бацькі-ваеннаслужачыя абавязкова падтрымаюць.

«Я сябе знайшла ў арміі»

Іна КАТОВІЧ.

У старшага сяржанта Іны Катовіч за плячыма 23 гады службы. На працягу апошніх з іх яна працуе ў кадравай службе ў адной з воінскіх часцей Брэста. Прызнаецца, што ў армію трапіла выпадкова. Пажартавала са знаёмай, якая прыйшла да яе на працу ў ваеннай форме, што таксама хоча служыць. Тая сказала: «Прыходзь!» — і арганізавала сустрэчу з кіраўніцтвам ваеннай часці. Праз некалькі дзён Іна выйшла ўжо не на працу, а на службу, аб чым ніколі не пашкадавала.

«Ёсць пасады, дзе жанчына лепш справіцца, чым мужчына, у тым ліку калі размова ідзе пра ваенную службу, — пераканана Іна Катовіч. — Мы больш карпатлівыя, уважлівыя. Тая ж работа з дакументамі, напэўна, усё ж больш для жанчын».

— А ці служыў хтосьці з вашай сям'і? — цікаўлюся.

— Служыць. Калі прыйшла ў армію, то першага, каго ўбачыла, — будучага мужа.

Іна расказвае, што на працягу 20 гадоў разам з сужэнцам яны служылі ў адным падраздзяленні. «Нам было лёгка: дома — разам, на рабоце — разам», — заўважае яна. Увогуле, па словах Іны, армія — гэта стабільнасць. «Каб мне сёння давялося вызначацца з прафесіяй, я б зноў зрабіла такі ж выбар, як і больш за 20 гадоў таму, — прызнаецца ваеннаслужачая. — Я сябе знайшла ў арміі. Мяне ўсё задавальняе. Мне падабаецца пераадольваць пэўныя цяжкасці. Ні аднаго дня не пашкадавала, што прыйшла служыць».

Вераніка КАНЮТА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.