Вы тут

Як унучка Рагнеды Ганна Яраслаўна французаў у свет выводзіла


Цяжка паверыць, але гэта факт. Калі ў Кіеўскай Русі ў гарадах існавалі лазні яшчэ ў ХІ стагоддзі, то ў Францыі не было ніводнай. Мала таго, увогуле не знаходзілася ахвотных памыцца, бо меркавалася, што ад вады розныя беды. Простыя людзі не ўмелі ні чытаць, ні пісаць і на Русі. Але каб пры французскім каралеўскім двары не было ніводнага чалавека, які б валодаў граматай?! Дзіўна тое, што за сталом, нават у час урачыстых прыёмаў, ніякіх лыжах-відэльцаў не ляжала. Што рукамі ўхапіў, тое ў рот і паклаў. Ды шмат чаго іншага не было. І невядома, калі б яно з’явілася, каб французскі кароль Генрых І не ўзяў у жонкі дачку вялікага князя кіеўскага Яраслава Уладзіміравіча Ганну, празваную за колер валасоў Агнесай Рыжай.


Ганна Яраслаўна.

Паглядзі на сваё вока

Гэтая высокаадукаваная жанчына, якой папа рымскі асабіста напісаў чатыры лісты, што для такой высокапастаўленай асобы не характэрна, на жаль, у старажытнарускіх крыніцах не згадваецца. Гісторыкам, каб удакладніць асобныя моманты з яе біяграфіі, даводзіцца карыстацца французскімі сярэдневяковымі хронікамі і дакументамі. У іх яна чамусьці называецца малодшай дачкой Яраслава Мудрага, хоць у сапраўднасці ёю была Лізавета.

Французскаму каралю Генрыху І нагадалі аб ёй не ад добрага жыцця. Ён успрыняў Русію, ці Рабасцію, дзікай. Па прынцыпе: у чужым воку і стрэмку бачу. Пра якую каралеву-дзікунку можна марыць з такой краіны?! Сама Ганна Яраслаўна, толькі пазнаёміўшыся з французскай «цывілізацыяй», з горыччу пісала бацьку: «У якую варварскую краіну ты паслаў мяне? Тут жытло змрочнае, цэрквы выродлівыя».

Кароль-удавец навучыўся чытаць і пісаць толькі тады, калі ўсе пры двары ўжо авалодалі граматай. Трывожыла, што памерлая жонка не пакінула яму сына. Аднак жаніцца ні на адной дзяўчыне са знакамітых еўрапейскіх родаў не мог. За дзесяцігоддзі і стагоддзі ўсе яны парадніліся і знаходзіліся ў рознай ступені сваяцтва. З-за гэтага дзеці звычайна нара-
джаліся хворымі.

Тады яму падказалі, што ў Русіі ў мясцовага караля ёсць дачка, якую час замуж выдаваць. У Кіеў было накіравана пасольства. Паразуменне з Яраславам Уладзіміравічам знайшлі хутка. З Ганнай — таксама.

Сыну радаваўся нядоўга

Вянчанне праходзіла ў абацтве Сен-Рэмі, у царкве святога Крыжа. Загадзя сказалі, што прысягаць будзе, паклаўшы сваю руку на лацінскую Біблію.

— На лацінскай? — адразу праявіла характар. — Буду прысягаць толькі на славянскім Евангеллі.

Так пачалося для яе новае, французскае, жыццё. Генрых І з нецярпеннем чакаў спадчынніка. Аднак прайшоў год, другі… Лекары разводзілі рукамі. Каралева здаровая, ні на што не скардзіцца, але зацяжарыць не можа. Параілі да Усявышняга звярнуцца. Яна і сама аб гэтым думала. Бог пачуў яе мальбу, і ў вызначаны час на свет з’явіўся хлопчык. Сама назвала яго Філіпам. У гонар бацькі Аляксандра Македонскага, які стаў пачынальнікам дынастыі візантыйскіх імператараў. Яе ж дзед кіеўскі князь Уладзімір Святаславіч парадніўся з ім, узяўшы з Візантыі сабе жонку.

Каранаваў сына Генрых І, калі таму было сем гадоў — 23 мая 1059 года. Апярэдзіў намер сваіх праціўнікаў, каб не паставілі на прастол свайго чалавека. Ганна Яраслаўна настаяла на тым, каб сын, як некалі яна, прыносіў прысягу на стараславянскім Евангеллі. Ахвотных запярэчыць ёй не знайшлося. Паспела ўжо сябе паказаць так, што ці не кожнае яе слова з’яўлялася законам. Праз некаторы час знайшла яшчэ і іншы спосаб нагадаць, адкуль родам. Паводле каралеўскага пратакола, пад важнымі дакументамі ставіліся два подпісы — каралевы і караля. Генрых І, паколькі грамату не асіліў, абмяжоўваўся лацінскай літарай «S», перакрэсленай наўскасяк. Гэты знак называлі сігнум. Ім карысталася некаторы час і яна. Але аднойчы напісала па-руску: «Анна реина». Мужу патлумачыла:

— Па-нашаму, гэта гучыць як Ганна каралева.

На жаль, праз нейкі год і тры месяцы — 4 жніўня 1060 года — Генрых І памёр. Хавалі яго ў абацтве Сен-Дэні. Такое месца для яго вечнага спачыну выбралі невыпадкова. Яно доўгі час належала каралеўскай сям’і.

Так ці не так, а было

Ганна Яраслаўна стала апекуном Філіпа разам з братам графам Генрыхам І Фландрыі Анры Бадуэнам — так завяшчаў незадоўга да сваёй смерці муж. Такое рашэнне ёй было на руку. Усё ж не старая яшчэ, хочацца і для сябе пажыць. Нельга забываць і абяцанне, дадзенае Усявышняму, калі прасіла дапамагчы, каб у іх сям’і з’явіўся чаканы сын. Ажно трох нарадзіла. Як жа пасля гэтага не аддзячыць?! Збіралася не проста абацтва пабудаваць, а такое, каб іншым уладальнікам зямель на зайздрасць было.

Сабралася жыць у замку Санліс, даўно любым сэрцу, дзе яе ўсе добра ведалі і паважалі. Толькі не па сабе станавілася, што пасля смерці мужа кожную раніцу, устаючы з ложка, трэба апранаць белую сукенку, а валасы на галаве хаваць пад белым пакрывалам. Паводле французскіх звычаяў, колерам жалобы з’яўляўся не чорны, як у іншых краінах, а менавіта белы. Каралева-ўдава мусіла прытрымлівацца такой жалобы да самай сваёй смерці.

Ды пра гэта забывалася, калі падымалася на самую высокую вежу замка. Не так і далёка ад Санліса знаходзіўся яшчэ адзін — Мандзідзье. Пра яго ўладальніка рознае расказвалі. Адны пры гэтым не праміналі згадаць яго фанабэрыстасць, пыху, бо іначай ён сам сябе Раулем ІІІ Вялікім не называў бы, тым самым падкрэсліваючы, што быццам бы свой радавод вядзе ад самога Карла Вялікага, хоць быў графам Раулем дэ Валуа.

На сваім веку столькі крыві праліў. Шырокі розгалас, напрыклад, мела, як цалкам спаліў горад Вердэн. Пайшоў жа на падобны крок з-за таго, што мясцовы епіскап своечасова не заплаціў яму даніну, якая складала ўсяго дваццаць ліўраў. Пагаворвалі таксама, што ў сваім замку падвяргаў катаванню ўсіх, каго вераломна захапіў у палон, а таксама сваіх падданых, якія перад ім правініліся. На шыю бедалагу надзявалі цесны ашыйнік, а рукі і ногі закоўвалі ў гэтакія ж цесныя калодкі. Так граф правучваў, каб былі больш пакорлівымі, а тых, хто трапіў у палон, катаваў да таго часу, пакуль не атрымліваў выкуп. У іншым выпадку чалавек гінуў. У той жа час граф Рауль з’яўляўся вельмі смелым чалавекам
і роўным яму ў баі не было.

Ёсць звесткі, што з ім Ганна Яраслаўна пазнаёміліся, яшчэ будучы замужам. У некаторых крыніцах паведамляецца, што яе сыны былі не ад Генрыха І. Праўдзівей, аднак, што яны зблізіліся, калі яна пачала жыць непадалёку ад яго замка.

«Маладая»… але не па ўзросце

Праз некалькі месяцаў зразумела, што са становішча, якое склалася, неабходна шукаць выйсце — яе жывот з кожным днём усё больш акругляўся. Рауль прапанаваў пажаніцца.

— Але ж у цябе ёсць жонка, — здзівілася яна. — Ды як да ўсяго паставіцца папа рымскі?

— Што мне папа рымскі? — граф выйшаў з сябе. — Пляваць я хацеў на яго! — вочы Рауля напоўніліся гневам: — Я ў яго справы не ўмешваюся. А якое ён мае права ўмешвацца ў мае справы?!

Аднак у абодвух былі дзеці. Тым больш што Ганна з’яўлялася не проста каралевай, а апекуном малалетняга караля. Хоць усё вырашылася даволі проста. Філіп, сур’ёзны не па гадах, паставіўся да таго, што маці выйшла замуж, спакойна. Не супраць гэтага быў і другі апякун караля — брат памерлага Генрыха І Анры Бадуэн. Разлічваў (і не быў далёкі ад ісціны), што каралева пасля гэтага зусім адыдзе ад дзяржаўных спраў. Значыць, будзе прасцей уплываць на Філіпа.

У Рауля, аднак, усё вырашылася скандалам. Яго дзеці былі ўжо дарослыя. Баяліся, што, калі з’явіцца яшчэ адзін сын, зможа ў далейшым прэтэндаваць на частку графства. Суцяшала тое, што маці ўсё ж з’яўляецца законнай жонкай «маладога». Таму спадзяваліся на рашэнне папы рымскага, які пад пагрозай адлучэння ад царквы прымусіць іх бацьку стаць на праведны шлях, а вянчанне будзе прызнана незаконным. Але, не чакаючы, як будзе далей, зненавідзелі мачыху і далі сабе слова не мець з ёй ніякіх сувязей. Дарэчы, гэтага яны ў далейшым прытрымліваліся няўхільна. Самі ж параілі сваёй маці ехаць скардзіцца на Рауля да папы рымскага.

Калі Ганне Яраслаўне станавілася сумна ў Мандзідзье, выязджала ў Парыж. Але ў сталіцы доўга не затрымліваліся, бо хоць Філіп і любіў маці, аднак колішніх адносін не было. Крыху пагасцяваўшы, спяшалася ў замак, які ўжо стаў родным домам. Непрыкметна пражыла з Раулем больш як дзесяць гадоў.

І сама пастарэла, а што казаць пра Рауля. Ён ніколі не адмаўляўся добра паесці, штодня шмат выпіваў. Пачаў здаваць на вачах: хутка паўнеў, з’явілася задышка. Скардзіўся на болі ў сэрцы. Раманы яго ўжо не цікавілі, а застоллі ладзіў з ранку да позняга вечара. Угаворы лекара адмовіцца ад тлустай ежы, звесці да мінімуму ўжыванне віна нічога не давалі.

Непрыкаянка

Памёр Рауль у 1074 годзе. Нягледзячы на тое, што меў шмат грахоў, адышоў у іншы свет у сне. З яго смерцю зразумела, як моцна кахала гэтага грубага, жорсткага, але ў дачыненні да яе такога пяшчотнага чалавека. Пасля пахавання доўгі час не магла апамятацца, амаль не выходзіла са сваёй спачывальні. Нішто не радавала. Аднак не толькі смерць блізкага і любага чалавека была прычынай гнятлівага настрою.

Са смерцю яго заканчвалася спакойнае жыццё, калі не задумваешся пра заўтрашні дзень, бо няма ніякага сумнення, што ён не будзе горшым, чым сённяшні. Наперадзе — адна няпэўнасць. Адчула гэта ўжо тады, калі дамавіну з целам Рауля апускалі ў зямлю. Разумела, што ў Мандзідзье яна чужая. Не заставалася сумнення, што пасынкі прыбяруць да рук і гэты замак. Як раней сталі ўладальнікам некаторых іншых — Рауль пастараўся, каб яны адчувалі сябе ў дастатку.

Заставалася адно — ехаць да Філіпа. Не сумнявалася, што не толькі не пакіне ў бядзе, але і паклапоціцца, каб яе далейшае жыццё было прыстойным. У сваіх спадзяваннях не памылілася. Аднак было і тое, чаго ён пры ўсіх сваіх намаганнях выправіць не мог. Другі раз удавой стала ў 52 гады. Старасць імкліва набліжалася. Ёй здавалася, што магла б набрацца сілы, калі б пабывала ў родных мясцінах.

І раней разумела ілюзорнасць такіх памкненняў, а цяпер — тым больш. З кім можна адправіцца ў такі няблізкі шлях? Адкуль узяцца сілам, якія дазволілі б вытрымаць такое доўгае выпрабаванне дарогай? Але і ў Парыжы не хацелася заставацца. Не жадала быць абузай, хоць Філіп і неаднаразова нагадваў, што яна пры двары свой чалавек і ніколі чужым не стане. Паколькі яна каралева, то і ўсім, хто верна служыць яму, каралю Францыі, такой застанецца.

Дзе апошні шлях —  невядома

Праз нейкі год з Парыжам развіталася. Куды паехала, невядома. Ёсць меркаванні, што ў Санліс, дзе яе добра ведалі і дзе былі ўдзячны за пабудаванае абацтва. Аднак некаторыя лічаць, што падобнае немагчыма, бо Рауль са згоды Ганны перадаў абацтва сваім сынам. Таму яна не магла там жыць, а тым больш быць пахаванай. Аднак, паводле некаторых меркаванняў, яе зямны шлях усё ж завяршыўся менавіта ў Санлісе.

Сустракаецца ў гістарычнай літаратуры яшчэ адна версія. Сама па сабе нават больш цікавая. Нібыта Ганна Яраслаўна знайшла свой вечны спачын у храме абацтва Віліер. Гэтая версія ўзнікла пасля таго, як у ХVІІ стагоддзі ўстанавілі, што ў родавым склепе адна з трун належыць другой жонцы Генрыха І. Праўда, доўгі час сумненне выклікала тое, што на ёй было выбіта не «Anna», а «Agna». Але пазней знайшлі прычыну такой неадпаведнасці яе сапраўднаму імені. Сярод дакументаў з яе подпісамі знайшліся і такія, на якіх напісала «Agna». Магчыма, памылкова, а магло стацца і так, што зрабіла гэта свядома, на замежны манер.

Як бы там ні было, але Францыя без Агнесы Рыжай наўрад ці стала б такой, якой стала. Наша зямлячка стаіць каля вытокаў роду 11 каралёў дынастыі Капетаў, 13 — Валуа, 7 — Бурбонаў.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.