Вы тут

Галава сям’і


Нярэдка ад дарослых можна пачуць пра пэўны інфантылізм маладога пакалення, пра іх непрактычнасць, непадрыхтаванасць да жыцця. І мне не раз у асяродку равеснікаў даводзілася ўздыхаць: «Мы іх цяпер да трыццаці гадоў няньчым». Ёсць праблема. Цяпер яны пазней пачынаюць усведамляць неабходнасць таго, што трэба браць на сябе адказнасць за ўчынкі, здароўе, матэрыяльны дабрабыт. На тое ёсць шэраг прычын. Тут — не пра іх.


Не так даўно ў камандзіроўцы давялося пазнаёміцца з дзяўчынай, якая здольная перавярнуць уяўленне пра сучасную моладзь. Вользе 22 гады, а ў 19 яна стала галавой сям’і, узваліла на сябе клопат не толькі пра меншых братоў, але і пра будоўлю, добраўпарадкаванне, абсталяванне дома. Дзевятнаццаць гадоў, паводле цяперашніх мерак, — дзіця горкае, а тут такі груз адказнасці і праблем, такая цяжкая штодзённая работа!

Як яна цяпер разважае, у яе не было выбару. Закон палічыў яе дарослай — яна адпавядала. У яе не было часу на роздум. Яе дзяцінства, бесклапотнае юнацтва, дзявочыя забаўкі — разам вынеслі на клады восенню 2020 года.

...У вёсцы жыла шматдзетная сям’я. Муж з жонкай заўсёды былі добрымі працаўнікамі, гадавалі пяцярых дзяцей. Бацьку сямейства цанілі ў гаспадарцы як умелага механізатара. У сезон ён сядаў на камбайн, прыносіў у сям’ю добрыя грошы, каб жонка адчувала сябе камфортна нават у дэкрэтным водпуску. Яна і была з меншым сынам у дэкрэце. Жыла сям’я ў так званым прэзідэнцкім доме, які атрымала яшчэ з нараджэннем першынца. За год-два да пазначаных падзей муж з жонкай вырашылі ўзяць крэдыт і правесці рэканструкцыю, чытай, поўную перабудову, каб дом стаў прасторным і зручным для вялікай сям’і. Для іх, бацькоў пяці дзяцей, крэдыт — справа вельмі выгадная, яго пагашае дзяржава.

Адным словам, крэдыт быў аформлены, работа пакрысе распачыналася. У ходзе рэканструкцыі, як вядома, нешта зносіцца, нешта разбураецца... 

Такім быў іх дом вясной 20-га, калі раптоўна памірае гаспадар ва ўзросце 42 гадоў…

Для жонкі гэта стала ўдарам у прамым і пераносным сэнсе. Яна літаральна звалілася, некалькі месяцаў з бальніцы не выходзіла, да ўсяго падхапіла ковід і не справілася. Воліну маму пахавалі ў кастрычніку, ёй было толькі сорак.

Вось тады Вольга і стала дарослай. Яна працавала на той час бухгалтарам у канторы гаспадаркі. Найперш дзяўчына аформіла апякунства на трох малодшых братоў. Чацвёрты, старэйшы за яе на год, ужо працаваў дальнабойшчыкам. Адразу на яе плечы зваліліся аграмадныя клопаты гаспадыні: кожны дзень прыгатаваць сняданак, абед, вячэру, прыбраць, памыць бялізну, адправіць у школу, садок — яе зразумее хіба шматдзетная маці-адзіночка. Клопатаў хапала з галавой, увечары ледзьве да ложка даходзіла. А яшчэ трэба было нешта рабіць з домам. Пачаліся блуканні па пакутах з пераафармленнем крэдыту, давялося ўзяць яшчэ адзін. Прынамсі, з гэтым ёй дапамагалі. Але ж хто будаваўся, ведае, што такое будоўля наогул, часам нават банальны 

рамонт вымагае вялікіх арганізацыйных, фізічных ды іншых намаганняў гаспадароў. А тут зялёнае дзяўчо!

«А што мне заставалася?» — задае рытарычнае пытанне Вольга. Усяму навучылася: што не ведала, у людзей пытала. Адным словам, сёння іх вялікі дом амаль поўнасцю даведзены да ладу, застаецца толькі добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі. Вялікая прыгожая кухня ў светлых адценнях — цяпер яе галоўны пакой. Летась Вольга выйшла замуж, цяпер чакае дзіця. Муж на рабоце, а ёй трэба паспець прыгатаваць сняданак-вячэру, выправіць-сустрэць малых — адным словам, на ёй усе клопаты шматдзетнай маці. Старэйшы з тых, хто пад апекай, вучыцца ў каледжы ў Пінску. Кожныя выхадныя ён прыязджае дадому, брату трэба нагатаваць з сабой ежы на тыдзень — яна ўсё робіць так, як рабіла мама.

— Спачатку было крыху страшна, думала, ці спраўлюся. Але ж да ўсяго прывыкаеш, уцягваешся, — разважае Вольга. — Вось і цяпер у маім становішчы нялёгка: хата вялікая, прыбіраць шмат, гатаваць кожны дзень нямала. Але ж адпачну крыху і зноў паціху бяруся за работу.

...Не так даўно на адным з сайтаў вокам зачапілася за інфармацыю пра ўрок у вясковай школе ў рамках праекта «Школа актыўнага грамадзяніна». Дзеці разважалі пра тое, кім можа ганарыцца краіна. Вучні называлі спартсменаў, артыстаў, пісьменнікаў, палітыкаў, знакамітых працаўнікоў. Усё правільна. Каб давялося прысутнічаць на тым уроку, я ім пра Вольгу расказала б. Бывае, што прыклад можна знайсці і ў сваім асяродку, амаль сярод равеснікаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.