Вы тут

Фільм «Старажытны беларускі народны тэатр» пераданы Белдзяржархіву


Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Удзельнікі ўрачыстай сустрэчы выказалі ўпэўненасць, што яно дасць штуршок для развіцця даследаванняў і папулярызацыі дакументальнай спадчыны, якая да гэтага часу застаецца не ў поўнай меры ацэненай і даступнай шырокай грамадскасці.


Навукоўцы перадалі архіву лічбавую копію навукова-даследчага фільма «Старажытны беларускі народны тэатр». Унікальны экранны артэфакт быў створаны ў 1962 годзе не сіламі работнікаў тэлебачання ці кінастудыі, а выключна намаганнямі навукоўцаў па ініцыятыве вядучых спецыялістаў у галіне гуманітарных даследаванняў Гурыя Барышава, Алега Саннікава і Уладзіміра Няфёда. Гэтыя вучоныя працавалі, калі тэатразнаўства, фалькларыстыка знаходзіліся на этапе станаўлення. Яны зрабілі вялікі ўклад у развіццё айчыннай навукі.

Ужо ў той час вучоныя расцэньвалі здымкі як інструмент навуковага разгляду і як выдатную магчымасць зафіксаваць тэатральныя традыцыі. Работа стала магчымая ў тым ліку і дзякуючы магутнай падтрымцы тагачаснага дырэктара Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Пятра Глебкі.

— Уражвае, наколькі грунтоўны быў падыход да стварэння дадзенай стужкі. Інтэнсіўная падрыхтоўка заняла паўтара года. Мне ўдалося ўзняць дакументы ў цэнтральным навуковым архіве акадэміі, убачыць загады і распараджэнні, якія тое пацвярджаюць, паказваюць, як узнікла задума, каго пасылалі на сустрэчы з носьбітамі тэатральнай традыцыі, — падзяліўся кандыдат мастацтвазнаўства Канстанцін Рэмішэўскі.

Сёння падобныя артэфакты надзвычай запатрабаваныя. Супрацоўнікі вядучых кінаархіваў розных краін свету збіваюць абутак у пошуку стужак, знятых у 1920—1940 гады, якія знаходзяцца ў прыватных калекцыях. Часам нашчадкі тых, хто праводзіў такія здымкі, нават не ўсведамляюць гісторыка-культурную каштоўнасць падобнага матэрыялу.

Загадчык аддзела тэатральнага мастацтва, доктар мастацтвазнаўства Вераніка Ермалінская заўважыла, што кінадакументы з'яўляюцца важнай крыніцай для навуковых даследаванняў у гуманітарнай навуцы:

— Дакументальнае кіно — люстэрка эпохі, а людзі, якія зберагаюць такія дакументы, — захавальнікі часу.

Бясспрэчна, цеснае супрацоўніцтва вучоных з Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў дазволіць не толькі знаходзіць і папулярызаваць новую інфармацыю, але і прывіваць пэўную культуру, звязаную з выкарыстаннем падобных крыніц. На жаль, сучасныя медыя- і інтэрнэт-рэсурсы часта падаюць скрыншоты, зробленыя з такіх дакументаў, без спасылак на праваўладальнікаў, установы, што адказваюць за іх захаванне, аператараў, якімі былі зроблены пэўныя кадры. Менавіта ўся гэтая інфармацыя ўплывае на ўспрыманне сапраўднасці такіх дакументаў.

У навукова-даследчым фільме «Старажытны беларускі народны тэатр» зафіксаваны тэатральныя імпрэзы, якія захаваліся яшчэ з даваеннага часу. Адна яго частка паказвае батлейку, у другой вяскоўцы задзейнічаны ў народнай драме «Цар Максіміліян». Кадры, знятыя ў 1962 годзе ў вёсцы Бялевічы Слуцкага раёна, могуць быць цікавыя даследчыкам як тэатральнай народнай культуры, так і фальклорных традыцый.

Выкананая жыхарамі Бялевіч народная драма пераклікаецца з абрадам «Калядныя цары» з вёскі Семежава, які ўнесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Па стужцы 1962 года можна вывучаць касцюмы, сцэнаграфію, узнавіць народную пастаноўку ў тым варыянце, пра які паведамілі тутэйшыя носьбіты. Кінастужка дэманстравалася ў Бялевіцкім сельскім Доме культуры, і мясцовыя школьнікі натхніліся аднавіць драму.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.