Вы тут

Анатоль Машкоўскі: «Пра Беларусь памятаю шмат...»


У савецкай дзіцячай літаратуры доўгія дзесяцігоддзі працаваў наш зямляк з Магілёва Анатоль МАШКОЎСКІ (1925 — 2008)


Фота: pexels.com

Шукаючы звесткі пра ўраджэнцаў Беларусі, якія здзейсніліся як асобы ў рускай і савецкай літаратуры, я неяк выпадкова даведаўся, што ў Магілёве нарадзіўся рускі дзіцячы пісьменнік Анатоль Іванавіч МАШКОЎСКІ (1925 — 2008). Было гэта пятнаццаць гадоў назад, у 2008-м... Не спадзеючыся знайсці літаратара па старому адрасу (яго я знайшоў у адрасным даведніку членаў Саюза пісьменнікаў СССР, які быў выдадзены за некалькі дзесяцігоддзяў раней; ды і ўзрост літаратара, у пошукі якога я выправіўся...), усё ж напісаў у Маскву. Напісаў недзе на пачатку 2008 года. Адказу доўгі час не было. Разважаючы пра розныя складанасці паштовага ліставання пасля развалу Савецкага Саюза, падрыхтаваў яшчэ адзін ліст... А раптам другі раз пошта не падвядзе?!.

І ў выніку высветлілася, што пісьменнік жывы і здаровы. Ліст яго знайшоў па тым самым старым маскоўскім адрасе ў кватэры на вуліцы Чырванаармейская, у доме нумар 25... І вось зараз я дастаю з папкі канверт, выцягваю пажоўклы лісток паперы... Адказ датаваны 4 чэрвеня 2008 года: «, якПаважаны А. М. Карлюкевіч, — прабачце, не ведаю Вашага імя і імя па бацьку, — днямі (28 мая) атрымаў Ваш ліст, які быў напісаны 6 красавіка. Атрымліваецца, што ён дабіраўся да маёй паштовай скрыні амаль два месяцы ... Дзіўна. Ліст, адасланы Вамі раней, не атрымаў...» І пісьменнік, якому ўжо засталося жыць меней паўгода, нібыта спяшаючыся, стараецца напоўніцу, хаця і досыць лаканічна, праз даты і самыя галоўныя факты, расказаць пра сябе і пра повязь з радзімай, якая яго нарадзіла і выпеставала... «Нарадзіўся я 10 сакавіка 1925 года, — піша Анатоль Машкоўскі, — у кватэры пры Магілёўскім педтэхнікуме, які заснаваў і быў першым яго дырэктарам мой бацька Іван Барысавіч Машкоўскі (1887 — 1971), сын селяніна з вёскі Малыя Амхінічы Магілёўскай губерні. У Магілёве пражыў 5 гадоў, два гады ў г. Мазыры і 7 гадоў у Віцебску. Летам 1940 года сям’я пераехала ў Маскву...» І вельмі важнае наступнае сведчанне: «У Беларусі пражыў усяго 15 гадоў, але гэта былі галоўныя (слова „галоўныя“ падкрэслена пісьменнікам — А.К.) незабыўныя, дзіўныя гады ў маім жыцці. Хаця ў болей сталым узросце вельмі шмат ездзіў па Саюзу і пабываў у 16 краінах Еўропы і Паўночнай Афрыкі і шмат што пабачыў...» І напрыканцы жыцця Беларусь, Магілёўшчына, Віцебшчына, Гомельшчына даражэй яму, чым такія экзатычныя Англія, Аўстрыя, Турцыя, Францыя, Шатландыя, Балгарыя, Польшча, Туніс, Лівія, Кіпр, Грэцыя, Югаславія...

У Вялікай Айчыннай вайне Анатоль Машкоўскі не ўдзельнічаў. Падлеткам, па неасцярожнасці, цяжка параніў кісць правай рукі, пазбавіўшыся некалькіх пальцаў. Пра гэтую гісторыю з няўдалым выбухам дэтанатара старой гранаты Анатоль раскажа ў апавяданні «Грымучая сумесь»... У 1941 — 1943 гг. быў у эвакуацыі. Вучыўся ў маленькай сельскай школе ў паселішчы Дуван (Башкартастан). І ўжо тады актыўна пісаў паэтычныя і празаічныя творы, выпускаў школьны часопіс... Творчы багаж школьніка склаў болей 100 вершаў і апавяданняў. А ў 1943 годзе юнак паступіў у Літаратурны інстытут імя М. Горкага. Займаўся на семінары паэзіі... Першая кніга вершаў — зборнік «Самае дарагое» — выйшла ў 1952 годзе ў выдавецтве «Молодая гвардия». На старонках гэтай кнігі — вялікі цыкл вершаў пра Беларусь «Бакены на Дзвіне». «С Двины, струясь, плыла прохлада,/ Костры качались на плотах./ Как пристань — Витебска громада/ Огнями пламенела рядом — / И звезды меркли в небесах!..»

І літаральна з самага пачатку творчай працы свае сілы Анатоль Іванавіч аддае дзіцячай літаратуры. Гэтаму, відаць, спрыяў і сам характар асобы. Хлопчыкам ён рос ціхім, непрыкметным, засяроджаным у сабе. Захоплена любіў літаратуру, марыў пра падарожжы ў далёкія краіны.

Закончыўшы ў 1948 годзе Літаратурны інстытут, Машкоўскі працуе як прафесійны пісьменнік. Шмат ездзіць у творчыя камандзіроўкі, імкнецца выкарыстаць любую магчымасць, каб пабачыць новы куточак, пазнаёміцца з запаведнікамі, рознымі новабудоўлямі, невядомымі дагэтуль рэкамі і азёрамі. Шмат піша нарысаў, дакументальных апавяданняў для часопіса «Дружные ребята». Супрацоўнічае з часопісам «Пионер» як член рэдакцыйнай калегіі. Пэўна, у падсвядомасці пісьменніка спрацавала тое, што крыху раней запісаў у сваім дзённіку, разумеючы ўсю складанасць літаратурнага працэса пасляваенных гадоў, яго заідэалагаізаванасць. Міхаіл Прышвін: «... Саюз Савецкіх Пісьменнікаў ёсць фабрыка для перапрацоўкі свабоднага слова ў карысную для дзяржавы справу. Значыць, варта пакончыць з гэтым пастаянным раздражненнем у адносінах да пісьменніцкай грамадскасці. Трэба памятаваць, што асоба пісьменніцкая ранейшага часу нічога не мае агульнага з „інжынерам душ“ нашага часу: вось Сіманаў — гэта тыповы інжынер. Зараз час літаратуры для дзяцей, і я думаю, што тут можна рабіць і нешта карыснае. Дык будзем жа пісаць дзённікі для сябе і кнігі для дзяцей»,

У 1958 годзе маладога літаратара прымаюць у члены Саюза пісьменнікаў СССР.

Паездкі на Ангару і да возера Байкал дапамагаюць нарадзіцца такім кнігам, як «Твая Антарктыда», «Скала і людзі», «Рака мая Ангара»... Але не дае спакою і повязь з Беларуссю. З ліста Анатоля Машкоўскага: «... У 1965 годзе выходзіць кніга апавяданняў „Выклік на дуэль“, якая была цалкам прысвечана беларускім гадам — дзяцінству, падлеткаваму сталенню. Мой старэйшы брат Валодзя, якога прызвалі ў шэрагі Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі яшчэ ў 1938 годзе, удзельнічаў у гераічнай абароне Магілёва. Як і многія тысячы байцоў, патрапіў у палон, але праз чатыры дні ўцёк і стаў партызанам у брыгадзе Дзямідава, якая дзейнічала ў лясах Магілёўшчыны. Мая стрыечная сястра Нона была партызанскай медсястрою ў партызанскім атрадзе і загінула ад рук карнікаў. Уся сям’я майго дзядзькі Захара разам з другімі жыхарамі была спалена ў хлеве...»

Адна за другой да чытача прыходзілі кнігі Анатоля Машкоўскага: «Трава і сонца», «Парламенцёр», «Лавіна», «Лебядзінае крыло», «Тры беласнежных алені», «Востраў, які кліча да сябе»... У 1987 годзе выдавецтва «Детская литература» выпусціла ў свет «Выбраныя творы» Анатоля Машкоўскага ў двух тамах.

Пісьменнік, вандруючы па Савецкаму Саюзу і іншых краінах свету, шукаў уражанні, вобразы, стараўся паказаць сваіх юных герояў у працэсе маральнага выбару. Вось і ў лісце да мяне Анатоль Іванавіч піша: «...у сваіх аповесцях і апавяданнях стараўся пісаць толькі праўду, шукаў сюжэты і тэмы, дзе не трэба было скажаць і лакіраваць рэчаіснасць...» Пяць лепшых апавяданняў са зборніка «Выклік на дуэль» — спроба адлюстраваць тое, як паўплываў на свядомасць і юных грамадзян Савецкай краіны 1937 год, пра тое, што з рэпрэсіямі надыйшоў час развітання з многімі ілюзіямі. А ў сям’і Машкоўскіх пад жорнавы рэпрэсіўнай машыны патрапіў і любімы дзядзька — Аляксандр Барысавіч Машкоўскі, ваенны лётчык... Хаця і быў час адлігі, калі пісьменнік прынёс у выдавецтва той, «беларускі», зборнік «Выклік на дуэль», згаданых «пяць лепшых апавяданняў» з кнігі «вылецелі» — па волі выдавецкіх рэдактараў і цэнзуры.

...Пісьменніка, які нарадзіўся ў Магілёве, ведаюць чытачы і зараз. Болей — па яго фантастычных творах. У 1975 годзе была надрукавана аповесць А. Машкоўскага «Пяцёрка ў зоркалёце». Яшчэ раней Анатоль Іванавіч напісаў фантастычную казку «Сем дзівосаў свету» — пра хлопчыка, у якога быў дзівосны ліхтарык «Хітрае вока», які здольны быў кіраваць эмоцыямі людзей навокал.

Памёр пісьменнік ў Маскве 2 снежня 2008 года... 4 чэрвеня 2008 года Анатоль Іванавіч пісаў мне і вось пра што: «...Гадоў 15 назад вырашыў напісаць вялікую кнігу пра сваё дзяцінства, пра падлеткавы ўзрост — Магілёў, Мазыр, Віцебск. Напісаў чарнавік на 170 старонак, але вельмі хутка зразумеў, што ў Маскве, у эпоху дзікага капіталізма і прыватных камерсантаў, такую кнігу не выдадуць. Шкада. Трэба было напісаць такую кнігу гадоў 20 назад. Выдалі б. Пра сваё жыццё ў Беларусі я памятаю шмат, а выдаў кропельку... Цяпер ужо позна: гады, сотні хвароб. Праца ў літаратуры патрабуе напружання ўсіх, якіх, на жаль, засталося не так шмат...»

Да 1991 года кнігі нашага земляка Анатоля Машкоўскага выходзілі і ў перакладзе на іншыя мовы народаў Савецкага Саюза і краін свету. Толькі ў СССР — на комі ў Сыктыўкары, на адыгейскай мове ў Майкопе, на кыргызскай у Фрунзе (сённяшні Бішкек — сталіца Кыргызстана)... А яшчэ — у ГДР, Югаславіі, Польшчы, Балгарыі, Чэхаславакіі... Агульны наклад кніг Анатоля Машкоўскага — болей як чатыры мільёны экзэмпляраў.

Некалькі слоў пра бацьку пісьменніка — Івана Барысавіча Машкоўскага... Ураджэнец Чавускага раёна, ён у 1906 годзе закончыў Полацкае педагагічнае вучылішча. Працаваў настаўнікам у сельскай мясцовасці. У 1913 годзе закончыў Маскоўскі педагагічны інстытут. Выкладаў у 1913 — 1915 гг. у Вязьме. У 1917 годзе закончыў Аляксандраўскае ваеннай вучылішча. Паспеў паўдзельнічаць у баях Першай сусветнай... У 1919 — 1921 — у Чырвонай Арміі. Затым вярнуўся ў Магілёў. Працаваў інспектарам упраўлення адукацыі. У 1924 — 1930 гг. — выкладчык і дырэктар тэхнікума ў Магілёве. У 1930 — 1932 гг. — выкладчык Мазырскага педтэхнікума. У 1932 — 1937 гг. — выкладчык і намеснік дырэктара Віцебскага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава... У Вялікую Айчынную — дырэктар сельскай школы ў Башкартастане. З 1944 года — намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ў розных маскоўскіх школах. Пасля — на працы ў Міністэрстве народнай адукацыі РСФСР. За педагагічную працу быў адзначаны званнем заслужанага настаўніка РСФСР, у 1950 годзе ўзнагароджаны ордэнам Леніна.

... Перш чым паставіць кропку ў гэтым расповядзе пра рускага дзіцячага пісьменніка, хацелася б зазначыць такую ідэю...У нас ёсць бібліятэкі, якія носяць імёны Аркадзя Гайдара, Максіма Горкага, Фёдара Панфёрава, іншых рускіх пісьменнікаў. Чаму б у Магілёве ці Віцебску не назваць адну з дзіцячых бібліятэк імем нашага земляка — Анатоля Машкоўскага..?

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.