Вы тут

Як ствараліся абеліск «Мінск — горад-герой», помнікі ў Хатыні і Брэсцкай крэпасці


Мінск быў акупаваны на сёмы дзень Вялікай Айчыннай вайны. На доўгія тры гады — з 28 чэрвеня 1941 года да 3 ліпеня 1944 года — беларуская сталіца апынулася ў эпіцэнтры фашысцкага тэрору супраць мірнага насельніцтва. У перыяд акупацыі на тэрыторыі горада дзейнічала звыш 20 месцаў масавага знішчэння людзей — Мінскае гета, канцлагеры і іх філіялы. У адным толькі лагеры смерці «Трасцянец» было знішчана 206,5 тысячы чалавек (па інфармацыі Генеральнай пракуратуры, колькасць загінулых можа быць значна большай). Гісторыкі сцвярджаюць: Мінск з яго навакольнымі населенымі пунктамі стаў самым вялікім у былым Савецкім Саюзе і найбуйнейшым у Еўропе месцам масавага знішчэння людзей — за тры гады акупацыі гітлераўцы і іх памагатыя пазбавілі жыцця звыш 500 тысяч савецкіх грамадзян, а таксама больш як 27 тысяч яўрэяў, дэпартаваных у Беларусь жыхароў Германіі і іншых еўрапейскіх краін.


З першых дзён акупацыі мінчане аказвалі супраціўленне ворагу. З кожным днём шэрагі патрыётаў папаўняліся — Мінскае падполле змагалася з фашыстамі і са зброяй у руках, і на інфармацыйным фронце. На баявым рахунку мінскіх падпольшчыкаў — звыш паўтары тысячы дыверсій. Найбольш рэзананснай з'яўляецца знішчэнне гаўляйтара Беларусі Кубэ. Нават нягледзячы на правалы, арышт і гібель сотні патрыётаў, Мінскае падполле працягвала барацьбу з акупантамі.

Аднак адразу пасля Перамогі дзеянні падпольшчыкаў па абароне Айчыны не былі ацэнены кіраўніцтвам тагачаснай краіны. І калі ва ўсенародным супраціўленні партызан і ролі партызанскага руху ў барацьбе з ворагам сумненняў не ўзнікала, то падпольшчыкам прыйшлося дабівацца аднаўлення гістарычнай праўды — на працягу многіх гадоў на ўдзельніках Мінскага падполля ляжала абвінавачванне ў супрацоўніцтве з гітлераўцамі. Даказаць адваротнае і, нарэшце, устанавіць гістарычную справядлівасць удалося толькі ў верасні 1959 года, калі па выніках работы камісіі бюро ЦК КПБ абвінавачванне з Мінскага падпольнага гаркама было поўнасцю знята.

Вялікі ўклад у рэабілітацыю мінскіх падпольшчыкаў унёс першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў. У выніку да 20-годдзя Вялікай Перамогі першыя пяць мінскіх падпольшчыкаў, сярод якіх і рэдактар першага нумара нелегальнай газеты «Звязда» Уладзімір Амельянюк, пасмяротна былі ўдастоены найвышэйшага звання — Героя Савецкага Саюза. У гонар мінскіх падпольшчыкаў сталі называць вуліцы, ім прысвячалі кнігі і фільмы. Канчаткова і бясспрэчна ролю Мінскага падполля ў супраціўленні ворагу прызналі праз 30 гадоў пасля вызвалення беларускай сталіцы — 26 чэрвеня 1974 года быў падпісаны Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб прысваенні Мінску ганаровага звання «Горад-герой» з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка».

У гонар гэтай памятнай падзеі, увогуле подзвігу мінчан у гады Вялікай Айчыннай вайны 8 мая 1985 года ў беларускай сталіцы быў адкрыты абеліск «Мінск — горад-герой». Сімвалічна, што побач з ім у красавіку 2010 года пачалося ўзвядзенне новага будынка Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Напярэдадні найгалоўнейшага свята краіны — Дня Незалежнасці — карэспандэнты «Звязды» сустрэліся з вядомым архітэктарам і скульптарам, заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі Валянцінам ЗАНКОВІЧАМ, які ў складзе творчай каманды працаваў над узвядзеннем абеліска «Мінск — горад-герой». Лаўрэат Ленінскай прэміі, прэміі Ленінскага камсамола расказаў не толькі пра тое, як ствараўся мемарыял. Згадаў ён і гісторыю ўзнікнення такіх сімвалаў нашай краіны, як мемарыяльныя комплексы «Хатынь» і «Брэсцкая крэпасць — герой», над якімі працаваў у суаўтарстве з не менш вядомымі майстрамі. Падзяліўся суразмоўца і старонкамі свайго пазатворчага жыцця, за якімі — станаўленне таленавітай асобы.

— Валянцін Паўлавіч, калі і ў якой сям'і з'явіўся на свет аўтар вядомых у Беларусі і па-за яе межамі помнікаў Вялікай Айчыннай вайны (і не толькі)?

— Я ў мамы пытаўся: «Скажы, дзе ты мяне нарадзіла?» Яна адказвала, што ў першай клінічнай бальніцы горада Мінска. А мы ў той час жылі ў Прылуках (недалёка ад сталіцы. — «Зв.»). І мама, і бацька былі настаўнікамі. Дагэтуль яны жылі ў Заходняй Беларусі. Прапаганда была пастаўлена грунтоўна, таму бацькі перайшлі граніцу і апынуліся ва Усходняй. Іх прынялі і далі школу ў Прылуках. Сям'я ў нас была невялікая: бацька, маці, старэйшы брат, сястра і я. Бацьку майго ў 1937 годзе (мне было 8 месяцаў) арыштавалі як чалавека, які перайшоў граніцу, — абвінавацілі ў шпіянажы. У свой час пытаўся ў Савіцкага (Міхаіл Андрэевіч, народны мастак БССР, Герой Беларусі. — «Зв.»), як ён думае, куды трапіў мой бацька. Ён лічыў, што пахавалі яго ў Курапатах. Туды ўвесь час і насіў кветкі.

— З Міхаілам Савіцкім вас звязвала сяброўства?

— Так, мы з ім сябравалі. Часта заседжваліся то ў яго майстэрні, то ў маёй. Ён нават сваёй сям'і сказаў: «Калі я сыду, наконт увекавечання звяртайцеся да Валькі Занковіча». Аднак атрымалася зрабіць толькі мемарыяльную шыльду на доме, у якім ён жыў. Затым жонка і сын Савіцкага папрасілі, каб я і надмагілле зрабіў. Вядома, пагадзіўся. Ад гэтага проста нельга было адмовіцца. Зрабіў макет і паказаў сям'і. Аказалася, што дакладна такі ж макет Міхаіл Андрэевіч спраектаваў для надмагілля сваіх бацькоў. Паехаў на радзіму Савіцкага — у вёску Звянячы Талачынскага раёна — і паглядзеў: праўда, дакладна такое ж надмагілле атрымалася. На жаль, так выйшла, што над увекавечаннем памяці мастака на месцы яго пахавання працавалі іншыя людзі...

— Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, вам было чатыры гады. Ці памятаеце тыя падзеі?

— Вайну памятаю. У гэты час мы жылі ў Вілейцы. Там была ўся мая радня. Жылі недалёка ад вакзала. Калі ўсё пачалося, дзядзька Саша сказаў жанчынам сям'і звальваць усё самае неабходнае ў посцілкі і з'язджаць адсюль. Сам пайшоў на вакзал, каб даведацца, калі цягнік на ўсход ідзе. Прыходзіць (а ў гэты час жанчыны ўсё сабралі) і кажа, каб развязвалі клункі: немцы ўжо разбамбілі чыгуначныя шляхі. Прыйшлося сустракаць вайну ў Вілейцы. Памятаю немцаў на матацыклах з каляскамі (на кожным — кулямёт), на грузавіках, крытых брызентам. Жылі мы ў падвале, бо ўвесь час былі бамбёжкі — у агародзе пяць бомбаў упала...

— Калі вы ўпершыню зразумелі, што хочаце звязаць сваё жыццё з мастацтвам?

— Побач у дзяцінстве жыў Віцька Цішуцін, мы з ім сябравалі. Абодва захапляліся маляваннем. Змалёўвалі ўсялякія карцінкі. Калі вучыўся ў школе, на маіх плячах была сценгазета. Калі падышоў час паступаць у вышэйшую навучальную ўстанову, выбраў для сябе Беларускі політэхнічны інстытут імя Сталіна. Туды трэба было здаваць экзамены па малюнку, геаметрыі і чарчэнні. Гэтымі дысцыплінамі я добра валодаў у школе. І калі паступіў у політэхнічны інстытут і шэсць гадоў там займаўся, высветлілася, што адным з асноўных прадметаў на працягу шасці гадоў быў малюнак. Вучыўся я на архітэктара.

— А калі захапіліся скульптурай?

— Мне давялося вучыцца з Алегам Стаховічам. Мы з ім пасябравалі і сышліся на тым, што і яго, і мяне прыцягвала не толькі архітэктура, але і скульптура. Мы з ім пачалі прасочваць конкурсы, якіх у той час было аб'яўлена нямерана. Прычым паступала на конкурс не пяць-дзесяць праектаў, як сёння, а сотні. Пасля заканчэння інстытута я працаваў у «Мінскпраекце», Алег — у «Ваенпраекце». Пасля работы, паколькі энергіі ў юнацтве было шмат, з усімі беларускімі скульптарамі рабілі праекты і набілі руку грунтоўна. Калі быў аб'яўлены чарговы конкурс на ўвекавечанне памяці абаронцаў Брэсцкай крэпасці, мы зразумелі, што ў Беларусі няма скульптара, які падыме гэтую тэму, і пайшлі да Уладзіміра Караля, які па тым часе быў старшынёй Дзяржбуда. Мы да яго штодзённа на працягу дзесяці дзён, напэўна, хадзілі. Ён не прымаў, казаў, што сам знойдзе нас, калі мы яму спатрэбімся. Тады на некалькі радкоў напісалі ліст на імя Машэрава. Пётр Міронавіч прыняў нас на наступны дзень. Ён сказаў, што ўсе конкурсныя праекты ўжо бачыў, і наш праект, па яго словах, бліжэй за ўсіх падыходзіць да вырашэння брэсцкай тэмы. Працавалі мы ў крэпасці разам з вядомымі скульптарамі Аляксандрам Кібальнікавым і Андрэем Бембелем.

— Як ствараўся вядомы на ўвесь свет мемарыял у Брэсцкай крэпасці?

— На працягу пяці гадоў мы працавалі над ім: і ў Маскве, і ў Мінску. Мала хто ведае: тое, што адкрыта і пабудавана, — толькі палова ад першапачатковай задумкі. Планавалася не толькі архітэктурна-будаўнічая частка, але і ўвекавечанне канкрэтных герояў на канкрэтных месцах. Аднойчы Машэраў нам сказаў, што часу прайшло нямала, архітэктурная частка ўжо зроблена, а ветэраны старэюць і дата падыходзячая (мемарыял у крэпасці адкрывалі восенню 1971 года, у 30-ю гадавіну з пачатку Вялікай Айчыннай вайны. — «Зв.») — намякаў на тое, што прыйшоў час закругляцца. Мы дамовіліся адкрыць тое, што паспелі зрабіць, а потым займацца рэалізацыяй другой часткі задумкі. Вярнуцца да мемарыялізацыі подзвігу герояў Брэсцкай крэпасці не атрымалася. Па ўсёй краіне ўвекавечвалі памятныя месцы. У архітэктараў і скульптараў было работы вышэй даху. На свой страх і рызыку я зрабіў пяць ці шэсць кампазіцый і адвёз іх у Брэсцкую крэпасць. Усе яны былі адобраны. Але пачалася «перабудова», і ўсё загубілі. Толькі адну кампазіцыю (помнік героям-пагранічнікам), дзякуючы генералу-пагранічніку Рачкоўскаму, у 2011 годзе ўдалося ўстанавіць на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці.

— Яшчэ адзін сімвал нашай краіны — мемарыяльны комплекс «Хатынь» — узнік дзякуючы ў тым ліку і вам. На мемарыял таксама быў конкурс?

— Так, яго аб'яўляў Мінскі аблвыканкам. Было пададзена 10 праектаў. Сярод іх — і той, які выйграў. Калі мы працавалі ў «Мінскпраекце», сакратаром камсамольскай арганізацыі быў Леанід Левін. Ён ведаў, што я працую па тэме вайны. Спачатку мы з ім увекавечылі на беларускай зямлі подзвігі камсамольцаў — з'явіліся дзесяць помнікаў. Потым нас папрасілі ўвекавечыць спаленую вёску Велле, што на Віцебшчыне. Мы з Левіным паехалі туды. Там тырчалі пячныя каміны, засталіся падмуркі хат, вішні раслі, грушы... Пасля стварылі праект мемарыяла, але ажыццявіць яго не ўдалося. А ў гэты час быў аб'яўлены конкурс на «Хатынь», і ўсе гэтыя задумы ўвасобіліся ў рашэнне хатынскай тэмы.

— Ці памятаеце сваю першую паездку ў Хатынь?

— Калі на запарожцы Левіна прыехалі ў Хатынь, мяне ўразіла шалёная цішыня. Зусім ні гуку. Нікога, нідзе, нічога... Цішыня такая трагічная. Потым я пачаў думаць, як зрабіць на гэтым месцы годны мемарыял, каб прыцягнуць туды народ. Вырашыў арыентавацца на царкву, якая згуртоўвае вакол сябе людзей. Так у Хатыні з'явіліся званы. Як я кажу ў такіх выпадках: элементарна, Ватсан.

— Якім у вашай памяці застаўся Іосіф Камінскі, жыхар Хатыні, які выжыў і стаў прататыпам «Няскоранага чалавека»?

— Калі сустракаліся з Камінскім, ён падрабязна расказваў усё, як было: і як немцы акружылі, сагналі, стралялі, і як гарэў хлеў, і як вырваліся з гэтага полымя (вароты знеслі), і як расстрэльвалі ўсіх жыхароў Хатыні, і як потым хадзілі прыкладам дабівалі тых, хто яшчэ рухаўся... У гэты час Іосіф даставаў свае сківіцы і паказваў, што і яму дасталася. Калі ўсе сышлі, ён пачуў стогн і голас, які клікаў: «Тата, тата, тата...» Ён успамінаў: «Я зразумеў, што гэта мой сынок». Камінскі расказваў, як раскопваў яго сярод іншых цел, як узяў на рукі. Хлопчык яшчэ дыхаў. Жывот яго быў распораны, кішкі па зямлі цягнуліся... Словам, ён памёр у яго на руках. І калі стала пытанне, якой павінна быць скульптурная кампазіцыя, усё было элементарна. Ніякіх іншых варыянтаў больш не было.

— А што за гісторыя з аўтарствам знакамітай на ўвесь свет хатынскай скульптуры? У адных крыніцах указваецца, што «Няскоранага чалавека» вылепілі вы, у іншых — народны мастак Беларусі Сяргей Селіханаў...

— На той час, калі мы працавалі ў Хатыні, дыплома скульптара ў мяне не было. Я архітэктар. «Хатынь» ужо была пабудавана (два гады яе ўзводзілі), і паўстала пытанне аб скульптуры. Колькі прыходзілася хадзіць па кабінетах... Скульптуру павінен быў зляпіць скульптар. Я прапанаваў кандыдатуру Селіханава. У Мінкульце падтрымалі: народны мастак, ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Я па бутэльку — і да Селіханава. «Сяргей Іванавіч, ёсць прапанова сумесна зрабіць скульптуру ў Хатыні. Грошы і славу — напалову», — кажу я яму. У выніку грошы падзялілі (я адразу «Жыгулі» набыў), а слава засталася за ім. Усё хіба раскажаш…

— А ці былі ў Хатыні пасля рэканструкцыі?

— Я з такіх: пабудавалі — і няма мяне там. І год, і два, і пяць, і дзесяць гадоў... Творчасць мастака перашкаджае яму адцягвацца на нейкія староннія справы. Ноччу прачынаешся — у цябе ідэя, над якой потым працуеш. Лёс такі ў мастака. Увесь час быў заняты: адначасова мог працаваць над дванаццаццю праектамі. Праўда, гадоў сем таму прыязджаю ў Хатынь — дзве машыны легкавыя стаяць. Раней машыну не было куды ўтыркнуць. Тры разы стаянку павялічвалі. З усяго свету прыязджалі спецыяльна ў Хатынь. Думаю, што гэта за справы такія?! Няўжо астыла цікавасць да Хатыні? Думаю, нешта трэба рабіць, каб мемарыял здрыгануўся. Так узнікла ідэя стварыць на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу Музей зверстваў фашызму, пачаў яго праектаваць. Потым чытаю ў газеце: Зюганаў лічыць, што ў Маскве павінен з'явіцца Музей зверстваў фашызму. Думаю, вось супадзенне якое. Маю ідэю не падтрымалі.

— Аднак музей у Хатыні ўсё ж з'явіўся — людзей там цяпер шмат...

— Гэта не можа не радаваць.

— Наперадзе — важная для кожнага беларуса дата. 79 гадоў таму — 3 ліпеня 1944 года — быў вызвалены Мінск. Гэтую найважнейшую дату ў нашай гісторыі мы святкуем як Дзень Незалежнасці. Адным з сімвалаў незалежнасці беларускага народа з'яўляецца архітэктурна-скульптурны комплекс «Мінск — горад-герой», які з'явіўся ў тым ліку дзякуючы вашым намаганням...

— Працу над мемарыялам даручылі «Мінскпраекту». Архітэктар Віктар Крамарэнка і каманда праектавалі абеліск. Калі ён патэлефанаваў мне і прапанаваў далучыцца, я з задавальненнем пагадзіўся. У маёй майстэрні ўсё начальства перабывала: і гарадское, і абласное, і ЦК. Усе чакалі, калі з'явіцца абеліск «Мінск — горад-герой». Мне прыйшлося адкласці іншыя справы і вырашаць менавіта гэтую задачу. Потым я падумаў, што і скульптура там павінна з'явіцца. Ездзіла дэлегацыя ў Маскву, высвятляла, ці можна паставіць скульптуру каля абеліска «Мінск — горад-герой». Сказалі, што можна. Так я гэтую даму з фанфарамі і зляпіў. Потым у майстэрню прыехаў Мастацкі савет, начальнікі, я ім паказаў гэтае рашэнне. Адобрылі, але папрасілі прыбраць фанфары. Толькі яны за дзверы, як я ўсе гэтыя тры фанфары на месца. Так, як і было задумана першапачаткова, цяпер і выглядае бронзавая скульптура «Радзіма-маці», якая ўстаноўлена побач з абеліскам.

— Бронзавая фігура жанчыны — абагульнены вобраз Радзімы. Чаму менавіта такое творчае рашэнне?

— Зразумела чаму. Жанчына, маці, Радзіма — усё жаночага роду. Акрамя жанчыны, на першапачатковым этапе работы над мемарыяльным комплексам, былі прадугледжаны яшчэ тры скульптурныя кампазіцыі: салдаты, партызаны, падпольшчыкі. Не падтрымалі.

— У 2005 годзе, напярэдадні святкавання 60-годдзя Перамогі, на Партызанскім праспекце, каля станцыі метро «Магілёўская», з'явіўся помнік «Беларусь партызанская». Вядома, што, паводле першапачатковага праекта, вы планавалі зрабіць яго інакш...

— Гэта павінна была быць жанчына на зубры, але не ўсе зразумелі маю задумку. Жанчына — Белая Русь — сімвал нашай краіны. Зубр — яшчэ адзін з сімвалаў. Ніжэй — тэматычная барэльефная кампазіцыя, якая адлюстроўвае партызанскую сям'ю. Пакінулі толькі барэльеф. Мала хто ведае, што побач з гэтай кампазіцыяй павінен быў быць яшчэ помнік падпольшчыкам, якія, як і партызаны, унеслі важкі ўклад у агульную Перамогу. Скульптура падпольшчыка (у зменшаным выглядзе) засталася толькі ў маёй майстэрні. Дарэчы, у руках падпольшчык трымае некалькі экзэмпляраў газеты «Звязда», якая нелегальна выходзіла ў акупаваным Мінску.

— Вы з'яўляецеся аўтарам бюстаў Коласа і Купалы, скульптур на праспекце Пераможцаў, якія сімвалізуюць поры года, вядомай станковай скульптурнай кампазіцыі «Няміга», іншых работ. Аднак творчы почырк Валянціна Занковіча найперш пазнавальны ў тэме Вялікай Айчыннай вайны...

— Гэта самая важная тэма, якая патрабуе ўвекавечання — на ўсе вякі і на ўсе пакаленні. Для мяне гэта было абсалютна ясна і зразумела. Ніякія іншыя тэмы мяне так, як гэтая, не цікавілі.

— Над чым цяпер працуе майстар?

— Усё тыя ж тэмы. «Брэсцкая крэпасць» — другая ж палова не зроблена, а эскізы вось (паказвае. — «Зв.») стаяць. Гэта Пеця Васільеў — хлопец з музычнага ўзвода, юны абаронца крэпасці. Дагэтуль годна не ўвекавечаны Герой Савецкага Саюза Пётр Гаўрылаў. Такім чынам, працаваць яшчэ ёсць над чым.

Вераніка КАНЮТА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Днямі ўказам кіраўніка дзяржавы Валянціну Занковічу прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі. Віншуем!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.